Арганізатар мерапрыемства, былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Валеры Драко заклікаў удзельнікаў прыносіць з сабой партрэты сваякоў, што загінулі на вайне, а таксама браць георгіеўскія стужачкі.
Чаму ў беларускіх уладаў няма адназначнага стаўленьня да гэтага мерапрыемства?
Як пачынаўся «Несьмяротны полк»
Упершыню падобную акцыю арганізавалі ў сібірскім горадзе Томску трое журналістаў. Яе мэтай было ўшанаваць памяць тых, хто загінуў падчас вайны. Ідэалягічнай афарбоўкі спачатку акцыя ня мела.
Вельмі хутка «Несьмяротны полк» перахапіў расейскі афіцыёз, а колішніх стваральнікаў адсунулі на задні плян. «Сапраўды, „Несьмяротны полк“ пачаўся як частка „Русского мира“, частка Расеі», — казаў дэпутат расейскай Дзяржаўнай Думы, сустаршыня руху «Несьмяротны полк» Мікалай Зямцоў.
Такія словы прамаўляліся ў самы разгар супрацьстаяньня на ўсходзе Ўкраіны, якое адбывалася пад лёзунгамі «русского мира».
Кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін асабіста выйшаў на «Несьмяротны полк» у 2015 годзе, несучы партрэт бацькі. Пасьля гэтага акцыя выходзіць ня толькі на агульнарасейскі, але і на міжнародны ўзровень. Штогод «Несьмяротны полк» спрабуюць арганізаваць ва ўсіх постсавецкіх краінах, а таксама ў некаторых дзяржавах Эўропы, Азіі, Афрыкі і Амэрыкі.
Хто арганізоўвае «Несьмяротны полк» у Беларусі
Галоўнай пэрсонай руху ў Беларусі стаў 75-гадовы былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Валеры Драко. У часы БССР ён працаваў на розных тэхнічных пасадах у Савеце міністраў. У незалежнай Беларусі ўваходзіў у Партыю камуністаў беларускую (ПКБ) Сяргея Калякіна, але падчас канстытуцыйнага крызісу 1996 году падтрымаў Лукашэнку. Дзякуючы гэтаму Драко атрымаў месца дэпутата ў першым скліканьні Палаты прадстаўнікоў.
У 2010 годзе быў даверанай асобай кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Цярэшчанкі. Драко — старшыня незарэгістраванага міжнароднага грамадзкага аб’яднаньня «За Родину! За Сталина!» Штогод на «Несьмяротны полк» ён прыходзіць з партрэтам Сталіна.
«Я сталініст! — прызнаваўся Драко ў інтэрвію Свабодзе. — Я гэтага тэрміна не саромеюся. За мной арганізацыя „За Родину! За Сталина!“. Але і яе не рэгіструюць. Ведаеце, якая прычына? Напісалі, што я не ўзгадніў са Сталіным і яго роднымі назву арганізацыі. Менгарвыканкам мне так адказаў. З кім я магу ўзгадніць гэта?»
У 2019 годзе Драко падаваў заяўку на правядзеньне акцыі ў падтрымку саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі на Кастрычніцкай плошчы. Не дазволілі.
Менавіта Драко разам са сваімі паплечнікамі Васілём Зелікавым і Леанідам Школьнікавым спрабавалі зарэгістраваць грамадзкае аб’яднаньне «Несьмяротны полк», але ўлады адмовілі ў гэтым. Зелікаў і Школьнікаў таксама прытрымліваюцца камуністычных поглядаў у сталінскай інтэрпрэтацыі.
Хто ўдзельнічае ў беларускім «Несьмяротным палку»
У 2018 годзе, калі акцыя была дазволеная гарадзкімі ўладамі, на яе выйшла, па розных падліках, каля 1500 чалавек. Прысутнічалі дзяржаўныя экспэрты Аляксандар Шпакоўскі і Аляксей Дзерман. А вось прадстаўнікоў афіцыйных дзяржаўных органаў не было.
У першых шэрагах «Несьмяротнага палку» прысутнічаў кіраўнік ужо зьліквідаванай арганізацыі «Русь маладая» Сяргей Лушч, у мінулым — прыхільнік нэапаганскай і нэанацысцкай сэкты. Было шмат іншых сяброў «Русі маладой».
На акцыі «Несьмяротнага палку» ў майцы з надпісам «ДНР» выходзіў Дзьмітры Лемяшонак, сын настаяцеля Сьвята-Елізавецінскага манастыра ў Навінках. Сёлета на сайце манастыра заклікаюць далучыцца да мерапрыемства.
Як да «Несьмяротнага палку» ставяцца беларускія ўлады
Аляксандар Лукашэнка ніколі ня ўдзельнічаў у такіх акцыях. Больш за тое, падчас адной з прэс-канфэрэнцый ён рэзка адказаў Аляксею Дзерману, што ён катэгарычна супраць такіх акцый, бо існуе афіцыйная акцыя «Беларусь памятае».
Валеры Драко кажа, што ўпершыню «Несьмяротны полк» прайшоў у Беларусі ў 2015 годзе, але нават расейскія СМІ, кшталту «Спутніка», заўжды пісалі, што першае падобнае мерапрыемства прайшло ў 2016 годзе ў Берасьці. Тады яны ўдзельнічалі ў адным сьвяткаваньні разам з асноўнай часткай удзельнікаў.
У 2017 годзе ўдзельнікам «Несьмяротнага палку» прапаноўвалі далучыцца да афіцыйнай акцыі «Беларусь памятае», асобнага шэсьця не было.
У 2018 годзе Менгарвыканкам спачатку забараніў «Несьмяротны полк», а потым даў дазвол 8 траўня, за дзень да мерапрыемства. Гэта быў адзін раз, калі ўдзельнікі прайшлі асобным шэсьцем ад Філярмоніі да плошчы Перамогі.
У 2019 годзе ўдзельнікам «Несьмяротнага палку» дазволілі сабрацца ля доміку РСДРП, але бяз шэсьцяў. У 2020-м акцыю забаранілі з прычыны каранавірусу. А ў 2021-м зноў прапанавалі далучыцца да афіцыйнага мерапрыемства.
Чаму то дазваляюць, то забараняюць
Акадэмічны дырэктар Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў (BISS) Пётра Рудкоўскі кажа, што пры ўсёй расплывістасьці тэрміну «русский мир» «Несьмяротны полк» — адзін з кампанэнтаў гэтай супольнасьці.
«Для беларускага рэжыму „Несьмяротны полк“ — гэта частка будаваньня расейскай палітыкі памяці. Пры гэтым беларускія ўлады заўжды лічылі важным элемэнтам культываваньне дзяржаўнай адрознасьці ад Расеі, бо існаваньне ў якасьці сувэрэннай дзяржавы дазваляла Лукашэнку быць поўным гаспадаром у Беларусі. Але за апошнія паўтара года шмат што зьмянілася ў формуле існаваньня беларускага рэжыму, які дазволіў правядзеньне сёлета „Несьмяротнага палку“ праз узмацненьне залежнасьці ад Крамля», — кажа Рудкоўскі.
Палітоляг адзначае, што, як ні парадаксальна, сёлета «Несьмяротны полк» становіцца фактарам рызыкі і ў Беларусі, і ў самой Расеі. Бо многія з арганізатараў ня хочуць уплятаць у правядзеньне «Несьмяротнага палку» цяперашнія падзеі ва Ўкраіне, але пад ціскам Крамля вымушаныя гэта рабіць. Рудкоўскі мяркуе, што гэта можа выклікаць незадаволенасьць у часткі ўдзельнікаў.