Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На якія трафэі ва Ўкраіне разьлічвае Расея?


Пасяўная ў Харкаўскай вобласьці, красавік 2022 г.
Пасяўная ў Харкаўскай вобласьці, красавік 2022 г.

Пра гэта расказваецца ў артыкуле ў амэрыканскім выданьні Foreign Policy.

Матываў для ўварваньня ва Ўкраіну Расея мае шмат: ад страхаў стратэгічнай небясьпекі да рэвізіянісцкіх гістарычных сьцьвярджэньняў, што ўкраінскай нацыянальнай ідэнтычнасьці не існуе. Энэргетычная палітыка таксама мае вялікае значэньне — у прыватнасьці, рашучасьць прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна забясьпечыць сталы паток расейскай нафты і газу на эўрапейскія рынкі, у тым ліку праз трубаправоды Ўкраіны. Але нашмат большым здабыткам, якога чакае Расея, могуць стаць надзвычайныя рэсурсавыя багацьці Ўкраіны, у тым ліку некаторыя з найбуйнейшых энэргетычных, мінэральных і сельскагаспадарчых актываў у сьвеце.

За выключэньнем сельскай гаспадаркі і вугалю, многія рэсурсы Ўкраіны заставаліся нераспрацаванымі і недасьледаванымі ў савецкі час і большую частку постсавецкай эпохі. Зусім нядаўна Ўкраіна пачала рабіць высілкі, каб падвысіць сваю эканамічную і энэргетычную бясьпеку, распрацоўваючы гэтыя рэсурсы і дывэрсыфікуючы свой імпарт з Расеі. Але гэта было перапынена анэксіяй Крыму ў 2014 годзе і ваенным умяшаньнем на Данбасе.

Пасьля таго як у 2017 годзе запусьцілі новую энэргетычную стратэгію, а летась паскорылі ліцэнзаваньне здабычы карысных выкапняў, крокі Ўкраіны дзеля распрацоўкі сваіх рэсурсаў ізноў сарвала ўварваньне Расеі — не ў апошнюю чаргу таму, што многія рэсурсы Ўкраіны знаходзяцца ў яе ўсходніх рэгіёнах і ў акваторыі Чорнага мора, якія цяпер альбо пад кантролем Расеі, альбо пад яе атакай.

Сельскагаспадарчую вытворчасьць Украіны таксама спынілі наўмысныя атакі Расеі на склады, сельскагаспадарчую тэхніку і іншыя сельскагаспадарчыя актывы. Расея таксама акупавала шмат якія парты Ўкраіны, блякуе марскія шляхі і патапіла некалькі грузавых суднаў, на якіх зьбіраліся адпраўляць украінскае збожжа на сусьветныя рынкі.

Абвешчаная Расеяй ваенная мэта заваяваць усходнія і паўднёвыя рэгіёны наўрад ці выпадковая. На гэтыя рэгіёны — у тым ліку на ўкраінскі ўчастак Чорнага мора, які цяпер у асноўным кантралюецца Расеяй — прыпадае каля паловы ўкраінскай здабычы нафты, 72% здабычы прыроднага газу і амаль уся здабыча і запасы вугалю.

Асноўная частка крытычна важных карысных выкапняў для Ўкраіны, асабліва рэдказямельных мэталаў, якія цяпер карыстаюцца вялікім попытам, таксама знаходзіцца ў Данецкай вобласьці і іншых частках Украіны, альбо акупаваных, альбо тых, якім Расея пагражае нападам. На ўсходзе і паўднёвым усходзе Ўкраіны вырошчваюць шэраг найважнейшых сельскагаспадарчых культураў, якія забясьпечваюць глябальныя рынкі, у тым ліку пшаніцу, кукурузу, ячмень і сланечнік. Вайна ня толькі парушыла вытворчасьць гэтых рэсурсаў, але таксама спыніла пастаўкі жыцьцёва важных матэрыялаў, заблякавала экспартныя маршруты і зрабіла нявызначанымі будучыя інвэстыцыі.

Захоп Расеяй Крыму ў 2014 годзе і большай часткі чарнаморскага ўзьбярэжжа Ўкраіны сёлета азначае, што цяпер Масква кантралюе прыкладна 80% марскіх радовішчаў вуглевадародаў Украіны, у тым ліку больш за 37 мільярдаў кубамэтраў прыроднага газу. Здаецца, Расея плянуе інтэграваць гэтыя і іншыя рэсурсы ў расейскі ланцужок паставак энэргарэсурсаў, на які цяпер разьлічвае Эўропа.

Расейска-ўкраінскія адносіны ўжо даўно фармуюцца энэргетыкай, не ў апошнюю чаргу транзытам расейскага паліва ў Эўропу праз украінскія трубаправоды. Нават цяпер расейскі дзяржаўны вытворца прыроднага газу «Газпром» адпраўляе ў Эўропу дзясяткі мільёнаў кубамэтраў газу. Таксама сотні тысячаў барэляў расейскай нафты працягваюць перапампоўвацца праз Украіну па нафтаправодах «Дружба», «Памары-Ужгарад», «Саюз», «Урэнгой».

Усе гэтыя расейскія пастаўкі прыносяць Украіне мільярды даляраў транзытных збораў, якія Расея працягвае добрасумленна плаціць, нават калі яе вайскоўцы раўняюць зь зямлёй украінскія гарады. Асноўнай прычынай падтрымкі Расеяй спрэчнага, цяпер спыненага газаправоду «Паўночны паток-2» у Нямеччыну, быў, вядома, абыход Украіны. Нягледзячы на тое, што Ўкраіна сёньня моцна залежыць ад імпартных энэргарэсурсаў для задавальненьня ўнутраных патрэбаў, гэта можа зьмяніцца ў будучыні дзякуючы значным нераспрацаваным запасам газу і вугалю.

Да ўварваньня ў 2022 годзе Ўкраіна імпартавала прыкладна траціну прыроднага газу, больш за дзьве траціны нафты і амаль палову вугалю. Тым ня менш, Украіна можа мець другія па велічыні радовішчы прыроднага газу ў Эўропе пасьля Расеі — 1,1 трыльёна кубамэтраў даказаных запасаў і да 5,4 трыльёна кубамэтраў, калі ўлічыць верагодныя радовішчы. Украіна таксама мае 151 дзейную вугальную шахту і да 41 мільярда тонаў запасаў вугалю, адно з найбуйнейшых радовішчаў у сьвеце. Гэтыя багацьці — яшчэ адна прычына, чаму кантроль над Украінай настолькі прывабны для Крамля.

Украіна таксама патэнцыйная звышдзяржава ў вытворчасьці найважнейшых прамысловых мэталаў. Нягледзячы на тое, што ў мінулым годзе агульны абʼём вытворчасьці мэталаў склаў прыкладна 15 мільярдаў даляраў, агульны кошт запасаў, уключаючы тытан, жалеза, нэон, нікель, літый і іншыя ключавыя рэсурсы, можа дасягнуць ад 3 трлн да 11,5 трлн даляраў. Ня дзіва, што многія айчынныя і міжнародныя кампаніі запаволілі або спынілі здабычу руды і вытворчасьць мэталапракату ва Ўкраіне з пачатку вайны. Напрыклад, ArcelorMittal, найбуйнейшы гулец у сэктары вытворчасьці сталі, нядаўна спыніў вытворчасьць на фоне асьцярогі, што яго дзейнасьць цяпер пад пагрозай.

Расея таксама можа прыглядацца да ўкраінскіх рэдказямельных мэталаў. Мяркуецца, што Ўкраіна мае найбуйнейшыя запасы гэтых усё больш важных рэсурсаў у Эўропе. Верагодныя, але не пацьверджаныя запасы літыю — найважнейшага элемэнту вытворчасьці акумулятараў для электрычных транспартных сродкаў — таксама могуць быць самымі вялікімі ў Эўропе. Геаграфічна большасьць рэдказямельных радовішчаў — у тым ліку значныя радовішчы бэрылію, ніёбію і танталу — засяроджаная альбо ў акупаванай Расеяй зоне, альбо паблізу ад яе.

Але пакуль што расейска-ўкраінская вайна найбольш істотна ўплывае на вытворчасьць і экспарт прадуктаў харчаваньня. У 2021 годзе на Ўкраіну прыпадала 12% сусьветнага экспарту пшаніцы, 16% — кукурузы, 18% — ячменю і амаль палова сусьветных паставак сланечніку. Каля 55% украінскай пшаніцы экспартавалася ў Азію і 40% — у Афрыку.

Ёсьць розныя ацэнкі ўзьдзеяньня вайны на сельскагаспадарчую вытворчасьць Украіны. Відавочна, што многае залежыць ад таго, як доўга працягнецца вайна і якія раёны будуць закранутыя. Некаторыя культуры, верагодна, пацярпяць больш, чым іншыя. Амаль траціна ўраджаю кукурузы ва Ўкраіне, напрыклад, вырошчваецца ў акупаваных Расеяй раёнах. Каля 30% вытворчасьці пшаніцы Ўкраіны сканцэнтраваныя ў Данецкай, Запароскай, Херсонскай і Адэскай абласьцях — усе яны пацярпелі ад баёў. Міністар сельскай гаспадаркі Ўкраіны заявіў, што пасяўныя плошчы могуць скараціцца ўдвая з 15 мільёнаў гектараў у 2021 годзе да 7 мільёнаў гектараў у гэтым годзе.

Разбурэньні і пашкоджаньні з прычыны вайны распаўсюджваюцца на сельскагаспадарчае абсталяваньне, склады насеньня, кармоў, угнаеньняў і іншыя актывы. Фэрмэрам не хапае паліва, і значная колькасьць тэхнікі ў пацярпелых раёнах была пашкоджаная або зьнішчаная. Пастаўкі ўгнаеньняў скараціліся, а цэны рэзка ўзьляцелі, не ў апошнюю чаргу таму, што пастаўкі ўгнаеньняў ва Ўкраіну ў асноўным ажыцьцяўляліся з Расеі і Беларусі. Расея запаволіла або забараніла пастаўкі асноўных сыравінных матэрыялаў, у тым ліку насеньня сланечніку.

Расейскія вайскоўцы таксама мэтанакіравана зьнішчалі сховішчы і сельскагаспадарчую тэхніку ў раёнах, дзе вядуць баі. Большая частка ўкраінскага экспарту сельскагаспадарчай, мінэральнай і вуглевадароднай прадукцыі адпраўляецца праз буйныя партовыя гарады на Чорным і Азоўскім морах, у тым ліку праз Марыюпаль і Адэсу. Але гэтыя парты цяпер пад атакай альбо акупаваныя.

Сотні судоў былі заблякаваныя з пачатку вайны, і большасьць суднаходных і кантэйнэрных кампаніяў прыпынілі дзейнасьць, бо ня могуць забясьпечыць страхоўку. З закрытымі партамі тое, што засталося, адпраўляецца наземным шляхам у меншых абʼёмах і з большымі выдаткамі. Расея тым часам павялічыла за апошні месяц уласны экспарт пшаніцы на 60%.

Уварваньне Расеі паралізуе вялікія сэгмэнты ўкраінскай эканомікі з далёка ідучымі глябальнымі наступствамі. Дэстабілізуючы або акупуючы ключавыя вытворчыя раёны Ўкраіны, Расея можа займець вялікі ўплыў і кантроль над значнай доляй сусьветных тавараў, у тым ліку прадуктаў харчаваньня, энэрганосьбітаў і стратэгічных карысных выкапняў, адзначаецца ў артыкуле Foreign policy.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG