Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як Марыюпаль дынамічна разьвіваўся да вайны і чаму ён так патрэбны расейцам


Марыюпаль да расейскага ўварваньня
Марыюпаль да расейскага ўварваньня

Да 24 лютага Марыюпаль быў адным з найважнейшых цэнтраў украінскай мэталюргіі, буйным марскім портам і адным з самых камфортных для пражываньня ва Ўкраіне гарадоў.

Гэтае места на Данбасе дынамічна разьвівалася на працягу апошніх шасьці гадоў. У 2021 годзе ў Марыюпалі сярэдні заробак быў утрая вышэйшы, чым у акупаваным Данецку. Цяпер Марыюпаль, паводле прэзыдэнта Зяленскага, «цалкам зьнішчаны, а сярод загінулых — дзясяткі тысяч мірных жыхароў».

Паспрабавалі разабрацца, як разьвіваўся Марыюпаль у розныя гады незалежнасьці Ўкраіны і чаму ён вельмі важны для расейцаў.

Горад Марыі: гісторыя, перайменаваньні, цікавыя факты

Марыюпаль — горад на беразе Азоўскага мора, буйны прамысловы цэнтар на ўсходзе Ўкраіны. Паселішча на месцы Марыюпалю вядомае з пачатку XVI стагодзьдзя, але сапраўдным горадам ён стаў у 1778–1780 гадах пасьля перасяленьня ў Прыазоўе крымскіх грэкаў, якія ратаваліся ад турэцкага прыгнёту. Пры канцы XIX — на пачатку XX стагодзьдзяў у сувязі з разьвіцьцём прамысловасьці ў горадзе зьявіліся консульствы 7 эўрапейскіх краінаў: Грэцыі, Італіі, Аўстра-Вугоршчыны, Турэччыны, Бэльгіі, Нямеччыны і Вялікай Брытаніі.

Горад у розныя часы меў розныя назвы: Адамаха (Дамаха), Кальміўская паланка, Паўлаўск, Марыюпаль, Жданаў і зноў Марыюпаль. Назва Марыюпаль азначае горад Марыі. За савецкім часам у 1948 годзе горад перайменавалі ў Жданаў. Андрэй Жданаў быў паплечнікам Сталіна, савецкім ідэолягам, адным з чальцоў Палітбюро, якія візавалі расстрэльныя сьпісы. Гістарычную назву вярнулі 13 студзеня 1989 на просьбу жыхароў гораду. Ад іншых савецкіх назваў у горадзе пазбавіліся пасьля 2014 году ў працэсе дэкамунізацыі. Плошчу Леніна перайменавалі ў плошчу Свабоды, а помнік Леніну зьнесьлі.

Марыюпаль
Марыюпаль

Да 24 лютага 2022 году Марыюпаль займаў 10 месца ва Ўкраіне паводле колькасьці насельніцтва (там жылі 450–460 тысяч чалавек).

Падчас Другой сусьветнай вайны ў горадзе бывалі Гітлер і Мусаліні. Невядома, ці наведваў Марыюпаль Уладзімір Пуцін.

У Марыюпалі здымалі шмат вядомых фільмаў, у тым ліку папулярныя савецкія стужкі «Пираты XX века» і «Маленькая Вера».

Дзякуючы чаму Марыюпаль хутка разьвіваўся апошнія шэсьць гадоў

Апошнія гады горад дынамічна разьвіваўся дзякуючы адной з найважнейшых рэформаў ва Ўкраіне, так званай дэцэнтралізацыі. Мясцовае самакіраваньне атрымала шмат паўнамоцтваў, мясцовыя бюджэты добра папаўняліся, бо Кіеў больш не забіраў вялікую долю заробленага. У горадзе зьявілася прафэсійная, празрыстая і эфэктыўная гарадзкая ўлада. У выніку прыйшлі інвэстыцыі Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця. Розныя фінансавыя інстытуцыі, у тым ліку эўрапейскія, давалі грошы на набыцьцё тралейбусаў, рамонт дарог, школаў.

Да пачатку вайны ў 2022 годзе была прынята стратэгія разьвіцьця Марыюпалю да 2030 году. Мясцовыя ўлады рабілі намаганьні, каб мэталюргія не дамінавала і каб у горадзе разьвіваўся малы і сярэдні бізнэс, каб паляпшалася экалягічная сытуацыя.

Марыюпаль
Марыюпаль

У горадзе бурліла культурнае жыцьцё — «Марыюпаль фотафэст», «Гогаль-фэст», маштабныя музычныя фэстывалі. Апошнія пяць гадоў Марыюпаль часта фігураваў у СМІ як горад ля мора, які стаў месцам рэалізацыі мноства прагрэсіўных урбаністычных праектаў. Зьнішчаны Марыюпальскі драматычны тэатар быў найстарэйшым у рэгіёне, яму больш за 140 гадоў.

Дзякуючы некалькім ВНУ і ўнівэрсытэту Марыюпаль пераўтвараўся ў студэнцкі горад. Узьнік кантраст з Данецкам — той быў абласным цэнтрам і па сваім патэнцыяле ў 2013–14 гадах перавышаў Марыюпаль.

Да вайны 2014 году людзі зьяжджалі вучыцца або працаваць з Марыюпалю ў Данецк, а апошнім часам рэгіянальным цэнтрам стаў Марыюпаль.

Чаму для расейцаў важна зьнішчыць Марыюпаль. Эканамічныя прычыны

Адна з мэтаў Крамля ва Ўкраіне — здушэньне ўкраінскай эканомікі. Марыюпаль быў ключавым цэнтрам экспарту ўкраінскай сталі, вугалю і кукурузы. Страта Марыюпалю стане сур’ёзным ударам па тым, што засталося ад украінскай эканомікі.

У даваенным Марыюпалі дзейнічалі 56 прамысловых прадпрыемстваў розных форм уласнасьці. Гэта адзін з цэнтраў украінскай мэталюргічнай прамысловасьці («Марыюпальскі мэталюргічны камбінат імя Ільіча» — другое па памерах мэталюргічнае прадпрыемства Ўкраіны, адзін з найбуйнейшых экспартэраў Украіны; «Азоўсталь» — мэталюргічны камбінат, манапаліст ва Ўкраіне па выпуску некаторых найменьняў мэталапракату).

Марыюпаль, красавіка 2022
Марыюпаль, красавіка 2022

Другое месца ў структуры прамысловай вытворчасьці гораду займала машынабудаваньне. Канцэрн «Азоўмаш» — найбуйнейшае машынабудаўнічае прадпрыемства Ўкраіны, спэцыялізуецца на выпуску абсталяваньня для горна-мэталюргічнага комплексу, цыстэрнаў-вагонаў, партовых кранаў, катлоў, палівазапраўшчыкаў.

У мірны час Марыюпаль быў адным з асноўных партоў, празь які на экспарт адпраўлялі прадукты харчаваньня і энэрганосьбіты. З закрыцьцём доступу да порта ўкраінская эканоміка атрымае сурʼёзны ўдар. Украіна ня зможа захаваць гандлёвыя адносіны з краінамі Блізкага Ўсходу.

Чаму для расейцаў важна зьнішчыць Марыюпаль. Ідэалягічныя прычыны

У Марыюпалі базуецца батальён «Азоў». І хоць ён складае невялікую частку ўзброеных сілаў Украіны, гэта адзін з аб’ектаў расейскай прапаганды. Напад на Марыюпаль дае прапагандыстам падставу казаць, што расейскія салдаты накіраваліся ваяваць ва Ўкраіну, каб пазбавіць яе ад «нэанацыстаў».

Паводле розных экспэртаў, атака на Марыюпаль можа выглядаць таксама як помста за тое, што расейскамоўны Марыюпаль не прызнаў «русский мир».

Марыюпаль
Марыюпаль

Ёсьць і іншы чыньнік — шантаж. Тысячы затрыманых марыюпальцаў расейцы могуць выкарыстаць у якасьці аргумэнту для шантажу, каб прымушаць Зяленскага падпісаць перамірʼе на крамлёўскіх умовах.

Марыюпаль як вітрына ўкраінскага Данбасу

Украінскія палітыкі называлі Марыюпаль вітрынай украінскага Данбасу.

Пасьля 2014 году падтрыманыя Расеяй сэпаратысты беспасьпяхова спрабавалі далучыць Марыюпаль да так званай «ДНР». Марыюпаль стаў адзіным горадам у рэгіёне, які не дапусьціў у сябе масавых «Бессмертных полков». Назіральнікі адзначаюць, што за гады ваенных дзеяньняў на Данбасе ў Марыюпалі нацыянальную сымболіку можна было пабачыць часьцей, чым у любым іншым горадзе Ўкраіны.

Марыюпаль — найбуйнейшы горад на Данбасе, які кантралююць улады Ўкраіны з 2014 году. Людзі, якія прыяжджалі туды з Данецку, бачылі розьніцу паміж так званым «русским миром» і незалежнай Украінай.

Марыюпаль
Марыюпаль

Як пісалі ўкраінскія СМІ, за гады, якія мінулі ад пачатку вайны на Данбасе, у Марыюпалі сфармавалася свайго роду практыка дэакупацыі і была гатовасьць прымяняць яе пазьней, калі Ўкраіна верне тэрыторыі, на якіх знаходзяцца так званыя «ЛНР» і «ДНР».

Лягістыка для агрэсара. Найбуйнейшы порт і магчымасьць сухапутнага калідора паміж акупаванымі тэрыторыямі

Калі Марыюпаль падзе, гэта дасьць Расеі кантроль над адным з найбуйнейшых партоў Украіны, а таксама створыць сухапутны калідор паміж Крымам і сэпаратысцкімі тэрыторыямі ў Данецку і Луганску. Гэта значна спросьціць дастаўку грузаў і людзей. Цяпер усё гэта адбываецца праз Керчанскі мост, які Расея пабудавала пасьля анэксіі Крыму.

Ёсьць і іншая стратэгічная мэта — у Марыюпалі найглыбейшы ў Азоўскім моры порт. У Расеі такога порта на Азоўскім моры няма. Таганрог — бухта, расейцы ня могуць паўнавартасна карыстацца гэтым портам і Азоўскім морам у цэлым. У выпадку ўзяцьця Марыюпалю гэта будуць марскія вароты для Расеі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG