Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Хацеў паказаць, хто стаіць за жудаснымі навінамі», — фатограф, які склаў партрэт Пуціна з фота загінулых людзей і зруйнаваных гарадоў


Украінскі сьцяг. Фота Паўла Крычко
Украінскі сьцяг. Фота Паўла Крычко

Паразмаўлялі зь беларускім фатографам Паўлам Крычко, які асьвятляў пратэсты ў Беларусі, а цяпер здымае ўкраінскіх уцекачоў, расказвае іх гісторыі і стварыў партрэт Пуціна, сабраны з фатаздымкаў загінулых людзей і зруйнаваных гарадоў.

«Своеасаблівы люстэркавы адбітак Пуціна»

Партрэт Пуціна фатограф Павел Крычко сабраў з 1500 скрыншотаў зруйнаваных гарадоў і забойстваў ва Ўкраіне.

«Мне хацелася больш ёміста апісаць усё, што адбываецца, як я бачу яго, адчуваю, які гэты чалавек для мяне», — тлумачыць Павел.

Першапачаткова ў фатографа ўзьнікла ідэя стварыць партрэт са здымкаў забітых вайскоўцаў тэрміновай службы, якіх Пуцін адпраўляе на сьмерць і каб забіваць іншых людзей.

«Потым я зразумеў, што кожны дзень мы сочым за навінамі і бачым гэтыя здымкі разбурэньняў і забойстваў. Я хацеў паказаць, хто стаіць за гэтымі жудаснымі навінамі, такі своеасаблівы люстэркавы адбітак Пуціна. За тыдзень я адгледзеў 50 дзён вайны і сабраў вось такі партрэт».

Павел кажа, што працаваць над партрэтам было эмацыйна цяжка.

«Я раней быццам абараняў сябе, стараўся не ўглядацца ў кадры, а тут у такім інтэнсіве прыйшлося паглядзець, зноўку зазнаць эмоцыі. Яшчэ, каб стварыць гэты партрэт, патрэбна была фатаграфія самога Пуціна. І калі ты заходзіш на сайт Крамля, там ёсьць „фота Пуціна для прэсы“, і адчуваеш розны спэктар эмоцый, калі ён там усьміхаецца, на рыбалцы. Здымак, які я выкарыстаў, недзе чатырохгадовай даўнасьці, бо ён не абнаўляецца, не адпавядае таму, як ён цяпер выглядае».

Фармат скрыншотаў падаецца невялікім, але калі надрукаваць у памеры, напрыклад, сьцяны, то кожны здымак з руінамі гарадоў і забойствамі будзе вельмі выразны.

«У такім фармаце здымкі ня вельмі выразныя, але мы ўсе разумеем, што там, па каляровай гаме, мы ўсё гэта бачылі, і нам ня трэба гэта зноўку разглядаць у дэталях».

Вось як Павел апісвае тэхнічны працэс стварэньня партрэта.

«Гэта ўсё матэматыка. Ёсьць праграмы, сэрвісы, якія могуць у больш аўтаматычным рэжыме зьбіраць здымкі. Фатаграфія, якую мы хочам стварыць, разьбіваецца на квадраты і прастакутнікі. Кожны квадрат аналізуецца, раўняецца па колеры і яркасьці. Далей патрэбная база здымкаў, якія я хачу выкарыстаць. Потым здымкі зноў аналізуюцца, і праграма спрабуе знайсьці падабенствы з асноўным партрэтам. Ужо далей тэхнічна сабраць ня так і складана».

«Можна ня ехаць на вайну, а ўбачыць наступствы проста ў людзях, якія ад яе ўцякаюць»

У 2020 годзе Павел Крычко быў валянтэрам каманды Віктара Бабарыкі, здымаў падзеі, якія адбываліся ў Беларусі, пратэсты, суды над актывістамі, супрацоўнічаў з «Народнай воляй». Са жніўня 2021 году Павел жыве ў Польшчы і здымае беларусаў за мяжой.

«Цікава пабыць у некалькіх плоскасьцях. Калі ты здымаеш палітычныя гісторыі, зьвязаныя з выбарчай кампаніяй, то гэта, магчыма, адны людзі і падзеі. А ў той жа Польшчы ты здымаеш зусім простых людзей, якія вымушаныя ўцякаць, як яны тут сацыялізуюцца. Яны кажуць: „Мы ня можам сядзець на месцы, мы хочам дапамагаць іншым беларусам, якія зьяжджаюць“. У гэтых людзей фінансавыя цяжкасьці, часта нават няма пастаяннага жыльля, але яны ўсё адно знаходзяць сілы дапамагаць іншым».

Калі пачалася вайна, Павел здымаў украінскіх уцекачоў.

«Гэта было вельмі балюча, не хацелася ў гэта верыць да канца. Я быў тады ў Вільні, акурат быў вялікі пратэст 25 лютага, сабралася шмат беларусаў і адчувалася адзінства, што вельмі шмат людзей супраць вайны. А першае сутыкненьне з уцекачамі здарылася па вяртаньні ў Варшаву. На пачатку сакавіка я пабыў на трох чыгуначных вакзалах. Было вельмі балюча глядзець, падыходзіць, размаўляць. Можна ня ехаць на вайну, а ўбачыць усе наступствы ў людзях, якія ад яе ўцякаюць. Гэта нават цяжэй успрымалася, чым пратэсты ў Беларусі».

Павел кажа, што людзі, якіх ён здымаў на вакзале, рэагавалі па-рознаму.

«Некаторыя казалі: „Мы тут у такім стане, навошта нас фатаграфаваць? Тут цяплічныя ўмовы, а там на нас валіліся бомбы. Вось там трэба здымаць“. А хтосьці цалкам нармальна камунікаваў, камусьці нават хацелася паразмаўляць. Неяк я разгаварыўся з жанчынай з трыма дзецьмі і мужам. Адна дзяўчынка ў яе была з ДЦП, цалкам ляжачая. Гэтая сям’я выбіралася з Кіева. Жанчына вельмі эмацыйна расказвала пра тое, што ёй давялося перажыць, яна проста заклікала: „Мы гаворым па-расейску, навошта нас бамбіць? За што гэта ўсё?“ Мне самому было вельмі цяжка, мы абняліся, пастаялі так нейкі час, яна супакоілася, і я быццам апамятаўся. І вось нават так даводзіцца камунікаваць зь людзьмі».

«Праз мае фатаграфіі яны могуць данесьці сьвету той боль»

Павел кажа, бываюць цяжкія думкі, што любой дапамогі для гэтых людзей будзе недастаткова ў параўнаньні з тым, што ім даводзіцца перажываць.

«Зь іншага боку, я разумею, што я магу быць голасам тых людзей, якіх я здымаю. Празь мяне, мае фатаграфіі яны могуць данесьці сьвету ўвесь той боль, усе тыя пакуты, якія ім даводзіцца перажываць. І ўвогуле разумееш, што можаш дапамагчы проста як чалавек, здымаючы на тым жа вакзале, арыентаваць людзей, на якую плятформу пайсьці, калі будзе цягнік, проста пагаварыць, супакоіць. Можна ня проста быць фатографам, які дакумэнтуе, але можна ў розных сытуацыях пабыць проста чалавекам, які разумее і гатовы дапамагчы».

Фатограф дадае, што не зусім перажыў беларускія пратэсты акурат праз тое, што быў назіральнікам, а ня ўдзельнікам.

«Я па-добраму зайздрошчу тым людзям, якія маглі выказваць свае эмоцыі, нешта крычаць, выходзіць з плякатам, загарнуцца ў сьцяг. У мяне няма такога досьведу, і калісьці будзе цікава адчуць гэта. Увогуле я думаю, што фатаграфія можа дапамагчы больш, чым я адзін. Фатаграфія — гэта інструмэнт. Цяпер нават на вайне ва Ўкраіне — гэта своеасаблівая зброя, калі ты паказваеш праўду, гэта спосаб уплыву на сытуацыю».

«Хачу, каб максымальная колькасьць людзей перастала быць нэўтральнымі»

Фатограф кажа, што атрымлівае шмат водгукаў на здымкі з украінскімі ўцекачамі на вакзалах і зь беларускімі добраахвотнікамі, якія паедуць ваяваць ва Ўкраіну.

«Балюча было глядзець на ўцекачоў у будынку вакзала ў Пшэмысьлі. Там шмат людзей у ня самых лепшых умовах. Людзі сьпяць на валізках, спрабуюць знайсьці свабоднае месца. І гэта яшчэ была сярэдзіна сакавіка, калі частка людзей вярталася назад ва Ўкраіну, хоць на той момант ішлі актыўныя баявыя дзеяньні. Яшчэ было шмат водгукаў на здымкі беларускіх добраахвотнікаў, якія адпраўляюцца на вайну ва Ўкраіну. У Варшаве ёсьць месца, дзе яны арганізавана зьбіраюцца і адпраўляюцца ў батальён Каліноўскага. Я таксама рабіў невялікую гісторыю пра гэтых людзей».

Вельмі важна, каб людзі ведалі, што адбываецца, і трэба паказваць і расказваць праўду, кажа Павел.

«Хтосьці можа не чытаць навінаў, але можа выпадкова, карыстаючыся сацыяльнымі сеткамі, бачыць нейкія рэкамэндаваныя фатаздымкі, пасты і „натыкацца“ на тое, што адбываецца. Я лічу, што гэтая інфармацыя важная для разуменьня сытуацыі. Магчыма, у людзях прачнуцца чалавечыя каштоўнасьці, якія скажуць: „Стоп, так працягвацца не павінна, трэба спыніць вайну, людзі не павінны жыць у такіх умовах“. І я хачу, каб максымальная колькасьць людзей уключылася ў працэсы і перастала быць нэўтральнымі. Таму што ад кожнага з нас нешта залежыць, кожны можа зрабіць нешта карыснае, і гэта важна даносіць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG