Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яны ня могуць не хлусіць. Калі мы перастанем пачувацца безь віны вінаватымі


Ілюстрацыя
Ілюстрацыя

Не перастаеш зьдзіўляцца, як за апошнія два гады хлусьня паглынула ўжо бадай увесь дзяржаўны апарат. Хлусьня ў вялікім і малым, тады нават, калі для гэтага няма ніякіх падставаў. Можна, вядома, ня слухаць БТ і галоўнага ньюсмэйкера.

Але вось яна ахапіла ўжо і суды, і міліцыю, і пракуратуру з арміяй, сыстэмы адукацыі і мэдыцыны, камуналку. Напэўна, апошняй падзе эканоміка. А ты ўсё зьдзіўляесься і зьдзіўляесься — як яны могуць так бессаромна хлусіць?

Былі ж часы, калі яны часам гаварылі праўду і іх можна было слухаць.
Зьдзіўленьне праходзіць, калі аднойчы ты пачынаеш разумець, што яны так думаюць і так жывуць, а хлусьня, якая атрымліваецца ў выніку — гэта прадукт іхнай жыцьцядзейнасьці.

Яны б, можа, і хацелі прадукаваць праўду, але выходзіць тое, што выходзіць.
Сорам, які ты адчуваеш, слухаючы пра патрэбу «дэнацыфікацыі ўсяго сьвету», — панятак этычны. І калі яны адкрыта гавораць пра ліквідацыю грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі як пра нешта рацыянальнае, ты разумееш, што гэта і ёсьць ліквідацыя этыкі, бо добра памятаеш, што этыка — станавы хрыбет грамадзтва. Няма грамадзтва — няма і этыкі. Ёсьць толькі не запэцканы ніякай этыкай «русский мир».

«Дэнацыфікацыя» — гэта з часоў Мураўёва ня што іншае, як русыфікацыя. І нішто ў гэтай палітыцы не зьмянілася. Трэба, каб украінцы перасталі быць украінцамі, нават калі для гэтага давядзецца фізычна забіць усіх украінскіх дзяцей. Але ёсьць тут і больш глыбокая зьява, якую рускамірцы нясуць усяму сьвету — гэта іх уласны комплекс «не за таго прынятых». Калі «зачыстка» грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі адбылася, на ключавых пазыцыях засталіся толькі тыя, каму гэты расейскі комплекс удалося прышчапіць, тады і запанавала паўсюль татальная хлусьня.

Булачка за 5 капеек

Асабіста я з гэтым комплексам сутыкнуўся яшчэ ў раньнім школьным дзяцінстве. На мяжы 1960-1970-х нашы «гастраномы» пачыналі працаваць паводле прынцыпу «унівэрсамаў». Гэта было вялікае дзіва і прадмет шырокага абмеркаваньня, бо такі неабсяжны давер да пакупніка выклікаў глыбокія сумневы. Пры тым у крамах не было сёньняшніх ахоўнікаў, а пагатоў камэр відэаназіраньня. Тэма «скрасьці булачку», звыклая ў размовах школьнікаў, перажывала кагнітыўны дысананс.

Але хутка ўсё ўстала на сваё месца. Булачкі па-ранейшаму краліся, а прадавачкі праводзілі пакупнікоў падазроным поглядам. Заходзячы ў краму, я кожнага разу адчуваў зьбянтэжанасьць ад таго, што прадавачкі будуць бачыць ува мне нават не патэнцыйнага, а быццам спраўджанага злодзея. Пры гэтым было крыўдна, бо я ні разу нічога ня скраў, але пачуваўся так, нібы рэальна «сьвіснуў» булачку за 5 капеек ці нешта яшчэ.

Гэтая няёмкасьць перапаўняла ўсю маю істоту і, як я пераканаўся пазьней, істоты ўсіх «выхаваных» дзяцей, але зусім не была ўласьцівая вісусам і задзірам.

Словам, толькі зайшоўшы ў самаабслугоўваньне, адразу ж хацелася чым хутчэй выскачыць адтуль.

Чаму ўлады ўвялі «ўнівэрсамы», адназначна сказаць нельга. Ці гэта было традыцыйнае для Расеі і СССР капіяваньне стандартаў заходняга сьвету, ці ішло ад падвышэньня даверу да народу, які да гэтага часу мусіў «папрыстайнець» (тады б сказалі — акультурыцца) з пары паваеннай нішчымніцы (у давер уладаў да сябе народ асабліва ня верыў), і тую самую нашу дзіцячую зьбянтэжанасьць і сарамлівасьць ва «ўнівэрсамах» адчувалі таксама і дарослыя, надзеленыя здольнасьцю бянтэжыцца і саромецца, а гэта значыць большасьць. Ня тое, каб людзі пачуваліся здольнымі на крадзеж, але сорам «падазраванага» адчувалі напоўніцу.

Пры гэтым мысьлілася абсалютнымі велічынямі. Скажам, пра малазначнасьць злачынства (булачка за 5 капеек) не магло быць гаворкі, бо насамрэч ніхто нічога красьці не зьбіраўся. Нехта назаве гэта рабскай псыхалёгіяй; магчыма, так яно і было і ёсьць, бо і сёньня я часта ўспамінаю тыя свае пачуцьці, апынуўшыся ў гандлёвай залі сам-насам з той маленькай булачкай. Прэзумпцыя вінаватасьці сёньня ад той колішняй прадавачкі перадалася цяпер усім прадстаўнікам улады, у тым ліку і ў дачыненьні да саміх сябе. Гэта і ёсьць страх быць не за таго прынятым. Ня быць прынятым за кагосьці іншага.

Хто мы насамрэч, мы ня ведаем

Гэтая рыса фатальная, бо ў аснове яе няведаньне таго, хто мы насамрэч ёсьць. Ня ведаем сябе і як беларусы прыходзім у сваю амаль цалкам русыфікаваную Беларусь амаль ніадкуль. Ёсьць базавае разуменьне, што ты беларус, а чаму беларус, базавага разуменьня няма.

Беларус ня ведае, хто ён, бо ён звычайны расейскамоўны чалавек, які невядома якім чынам аказаўся беларусам. Тут фокус у тым, што, ня ведаючы, хто ён, ён можа ня толькі баяцца або саромецца гэтага, але і карыстацца гэтым комплексам, прэтэндаваць на ўсялякія, нават самыя галоўныя ролі. І гэта другі бок нашага страху быць не за таго прынятым — неабмежаваная прастора для манэўру.

Важна, па-першае, мець страх, што цябе не за таго прымуць; па-другое, ня ведаць, хто ты такі, каго прынялі не за таго; па-трэцяе, разумець, што ў цябе, які ніхто, цалкам разьвязаныя рукі, каб рабіць усё, што ты пажадаеш.

Згадаўшы пра дарослых, мушу сказаць, што «сорам падазраванага» яны адчувалі ня толькі ў крамах, але і паўсюль, дзе прысутнічала начальства. Усе пачуваліся безь віны вінаватымі.

Дарэчы, на народных маршах у жніўні 2020 і пазьней я назіраў і проста фізычна адчуваў эўфарыю вызваленьня ад гэтага сораму, зьбянтэжанасьці і страху. Людзі пабачылі сябе народам, нацыяй, якая вызвалілася. І гэта былі маршы свабоды. Прычым я назіраў і адчуваў гэта ўпершыню, колькі сябе памятаю. У гэтым сэнсе 2020 год быў унікальны для ўсіх нас за ўвесь час.

Мы вызваляліся ад недаверу да саміх сябе, ад няведаньня саміх сябе і ад страху быць не за таго прынятым.

Ранейшыя грамадзкія ўзрушэньні гэтым і адрозьніваюцца ад 2020-га — бо тады было супрацьстаяньне людзей уладзе. А тут адбылося менавіта вызваленьне ад сарамлівасьці і зьбянтэжанасьці, ад рабскае псыхалёгіі, гэта быў трыюмф свабоднага чалавека, які нарэшце ў глыбіні душы перастаў быць савецкім калхозьнікам і адчуў сябе беларусам.

Адкуль ёсьць пайшоў гэты комплекс

Каб зразумець, як гэта працуе, вазьму, да прыкладу, звычайнага літоўца. Літовец ад нараджэньня ведае, што ён літовец: ён гаворыць па-літоўску, мае літоўскае імя і прозьвішча, мысьліць маштабам сваёй краіны, яе гісторыі. У ягонай асобе гэтыя межы становяцца этычнымі.

Ёсьць, вядома, выключэньні, як з савецкім тэрарыстам Ваўпшасавым, які быў літоўцам Ваўпшасам, а тады перарабіўся на расейца і дапісаў да прозьвішча канчатак -ов. Але такія выпадкі — выключэньне з правілаў.

Расеец ня можа аднесьці сябе да расейскай нацыі, бо такой нацыі (як культурнага фэномэну, адзінства лёсу, этычнага падзелу на свой-чужы) проста няма. Ён, вядома, гаворыць па-расейску, але ня можа мысьліць межамі сваёй краіны, бо такіх межаў таксама няма ў тым сэнсе, каб імі мысьліць. Расейцы могуць нешта ведаць пра сваю гісторыю, але гэтыя веды не становяцца супольным адчуваньнем агульнага лёсу, бо па-першае, яны ідэалягічныя, па-другое, не даюць перажываньня сувязі гісторыі з тваёй пэрсанальнай сучаснасьцю. І таму межы, якіх няма, ня могуць стаць этычнымі. А насельніцтва бяскрайняй тэрыторыі, дзе жыве мноства падбітых Масквой народаў (з тых, якім удалося выжыць), — грамадзтвам.

Літовец разумее, што ён адзін з шэрагу іншых народаў, ягоная мова — адна з многіх, але толькі ён адказны за яе. Ён, праўда, і дасягнуць у жыцьці можа толькі таго, чаго дасягне сваёй працай і талентам, ніякая звышсіла «разьвязаных рук» яму не дапаможа. Літовец не разумее, як можна яго прыняць не за таго. Беларус гэтага таксама не разумее, але адчувае, што можна, і найчасьцей гэта выклікае ў яго сорам. Расеец гэта разумее і напоўніцу карыстаецца гэтым. Калі ты не за таго прыняты, значыць, ты ня ведаеш, хто ты насамрэч, то бок у асяродзьдзі такіх самых ты можаш дасягнуць якога заўгодна становішча, хоць прэзыдэнтам стаць, хоць ніякіх падставаў у цябе для гэтага быццам бы і няма.

І расейская мова для расейца зусім не адна з многіх моваў, а вялікая і магутная, таксама не за тую прынятая.

Ня могучы паставіць свой народ у адзін шэраг зь іншымі, расеец прыдумляе для сябе нейкае асобнае, асаблівае месца. Дакладна як за Гітлерам немца пераканалі, што ён вышэйшы за іншых, выключны, а таму самы каштоўны.

Як стаць прынятым за таго, кім ты ёсьць

Вось жа ў беларуса гэты комплекс — расейскі. Бо дэнацыяналізаваны беларус у які бок? Толькі ў расейскі. Помніце апавяданьне Максіма Гарэцкага «Рускі»? Яно зусім караценькае, на пяць хвілін — знайдзіце ў сеціве, прачытайце.

Але беларус можа мысьліць маштабамі сваёй краіны і бясконца адкрываць яе для сябе, ды хоць бы аб’ехаць па мяжы за трое сутак. Памятаеце, Францішак Багушэвіч акурат з гэтага пачынаў фармуляваньне нацыянальнай ідэі: Дзе ж цяпер Беларусь? «Там, братцы, яна, гдзе наша мова жывець: яна ад Вільні да Мазыра, ад Вітэбска за малым не да Чарнігава, гдзе Гродна, Міньск, Магілёў, Вільня і шмат мястэчкаў і вёсак...» Гэта першае важнае — мысьліць маштабамі.

Далей: мы такія ж, як немцы ці французы, ня лепшыя і ня горшыя, то бок адныя сярод іншых. Гэта не для таго, каб сябе нейкім чынам «прынізіць», а каб зразумець, што і хто мы ёсьць.

Ну і трэцяе: «Не пакідайце ж мовы нашай, беларускай, каб ня ўмёрлі». І ніхто ў сьвеце за яе не нясе адказнасьці, апроч беларусаў. Як той казаў, ты можаш не любіць беларускую мову, але толькі яна можа палюбіць цябе.

Для расейца ці русыфікаванага беларуса першае немагчымае, другое непрымальнае, трэцяе незразумелае.

Калі твая краіна і твая выключнасьць ня маюць межаў, ня мае межаў і твая сьвядомасьць. Ты на кожным кроку «не за таго прыняты».

«А гэта ня я!» — абсалютна шчыра.

Бо я ж ня ведаю, хто я. «Рускі са знакам якасьці» — вяршыня нахабства для таго, хто і ня рускі, і ўвогуле невядома хто.

Здавалася б, навошта рабіць нешта, каб тут жа прызнаць, што гэта фэйк, што гэта ня ты, што гэта яны ва ўсім вінаватыя? «Маляваныя» флямастарам гематомы і Буча тут — з аднаго шэрагу. «Гэта яны! Самі! Бо я ж ня ведаю, хто я. Не за таго прыняты!»

«Ня ўсё так адназначна»

У адной нядаўняй дыскусіі пра «руский мир» прагучала думка, што ёсьць расейская агрэсія ў Беларусі і Ўкраіне, а ёсьць вялікая расейская літаратура. Трэба адрозьніваць, маўляў. Ня ўсё так адназначна. На што быў адказ: хіба не на вялікай расейскай літаратуры гадаваліся тыя, хто цяпер забівае, гвалтуе і марадэрыць ва Ўкраіне?

У нашым выпадку гэтая формула ўжо мае сваю, мясцовую варыяцыю: «Ня ўсё толькі дрэннае было ў Нямеччыне за Гітлерам». І вось тое лепшае, што было, мы будзем укараняць у Беларусі. Найперш жэстачайшую ўладу.

Як мы маглі праглынуць гэта? Прычына зноў жа — дэнацыяналізацыя, амаль кожны беларус жыве з комплексам «не за таго прынятага», нехта баіцца гэтага комплексу ў сабе, нехта саромеецца, а нехта карыстаецца ім.

«Што ты як нярускі? Разгаварывай па-рускі. Ты што, па-рускі не панімаеш?»

Але папраўдзе ўсё адназначна, калі вымяраць ня словам, а справай. Бо забойства ёсьць забойства, захоп улады — захоп улады. Не было і не магло быць нічога «харошага» ў Нямеччыне за Гітлерам. І агрэсія Расеі супраць Украіны — ніякае не вызваленьне.

Сёньня ўжо мала хто памятае, што Лукашэнка пішчом палез у дэпутаты, а пасьля ў прэзыдэнты адно дзеля недатыкальнасьці, бо як дырэктар саўгаса меў крымінальную справу за біцьцё падначаленых. «Вы мяне не за таго прымаеце, я дэпутат і прэзыдэнт». Калі на другі ці трэці дзень пасьля выбараў дэпутат і рэдактар самай папулярнай тады газэты Ігар Гермянчук спытаўся ў яго: «Ну што, Саша, закрыеш газэту?» Лукашэнка адказаў: «Плоха аба мне думаеш. Не за таго прымаеш».

Але газэту закрыў.

Зразумела, што ў галоўных пэрсанажаў нашай сёньняшняй гісторыі — назавем іх Лу і Пу — ёсьць і іншыя характэрныя рысы «незатагопрынятасьці». Напрыклад, ігнараваньне сужэнскіх сувязяў. І там, дзе звычайны дэнацыяналізаваны беларус, які адчувае сорам ці страх быць не за таго прынятым, чапляецца за іх ці, скажам, за царкоўную традыцыю, каб хоць гэтак захаваць сваю асобу і намацаць этычныя межы, Лу і Пу дзейнічаюць у адпаведнасьці з прынцыпам разьвязаных рук. А пры тым захоўваюць поўную таямнічасьць свайго жыцьця і прыняцьця рашэньняў.

Яны не ідуць на дэбаты; яны засакрэчваюць усё, што робяць, з той самай матывацыяй — быць ці ня быць не за таго прынятым. То бок я нешта зрабіў, але заўсёды магу сказаць, што гэта ня я вінаваты, а мае ахвяры. І ўвогуле, пры чым тут я?

У 2014 годзе Расея адабрала ва Ўкраіны Крым. Як кажуць, без адзінага стрэлу. Сёньня Ўкраіну нібы падмянілі, гэтак зацята яна бароніць свае землі. І гэта плён украінізацыі, калі нацыя даведалася, хто яна, дзе ейныя межы, які ў яе гістарычны лёс, і загаварыла па-ўкраінску. Стала нармальнай краінай, адной у шэрагу іншых. І прымаюць яе ўсе за тую, кім яна і ёсьць насамрэч. Бо пазбавілася гэтага накінутага ёй расейскага комплексу.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG