Галоўнае на гэты момант
- У Мінабароны Расеі абвясьцілі мэту другога этапу вайны ва Ўкраіне — выхад у Крым і Прыднястроўе.
- ААН: з пачатку вайны ва Ўкраіне загінулі прынамсі 2345 мірных жыхароў, 2919 параненыя.
- Марыюпаль зьнішчаны на 95-98%, у горадзе больш за 400 параненых украінскіх вайскоўцаў, — Зяленскі. Расейскія войскі працягваюць бамбіць «Азоўсталь», нягледзячы на скасаваньне штурму Пуціным.
- У Кіеўскай вобласьці выявілі целы 1084 мірных жыхароў, большасьць забітыя стралковай зброяй. У Бучы знайшлі целы 412 загінулых.
- Расейцы захапілі 22 аб’яднаныя тэрытарыяльныя грамады ў Харкаўскай вобласьці з 56.
- Украінскія памежнікі выйшлі на ахову ўсёй лініі мяжы зь Беларусьсю.
- З пачатку вайны ва Ўкраіне загінулі сама меней 208 дзяцей, 387 параненыя.
- Уцекачоў ад вайны ва Ўкраіне ўжо больш за 5 млн чалавек.
- Расейцы вядуць інтэнсіўныя атакі на Данбасе.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.
Што адбываецца 22 і 23 красавіка
Зяленскі: як толькі ў нас будзе зброя — мы пойдзем наперад
Прэзыдэнт Украіны Уладзімер Зяленскі дае прэс-канфэрэнцыю на станцыі мэтрапалітэну ў Кіеве.
Паводле слоў прэзыдэнта Ўкраіны, нягледзячы на напад Расеі на Ўкраіну і забойствы мірных жыхароў, ён па-ранейшаму выступае за перамовы і гатовы сустрэцца з Уладзімірам Пуціным.
Па словах Зяленскага, у нядзелю ў Кіеў прыедуць міністар абароны і дзяржсакратар ЗША. Зь імі будуць абмяркоўвацца пытаньні далейшай пастаўкі ўзбраеньняў.
Загінулі 6 чалавек, 18 параненыя
У выніку ракетнага ўдару па Адэсе загінулі 5 чалавек, яшчэ 18 параненыя, паведаміў кіраўнік Офісу прэзыдэнта Ўкраіны Андрэй Ярмак.
«6 забітых і 18 параненых украінскіх грамадзянаў. Гэта толькі тыя, каго знайшлі. І хутчэй за ўсё будзе больш. Сярод забітых — трохмесячнае дзіця. Немаўляці, якое павінна было сустракаць з бацькамі свой першы Вялікдзень», — напісаў ён у тэлеграм-канале.
Ракетныя ўдары па Адэсе, ёсьць загінулыя
Украінскія СМІ паведамляюць пра выбухі ў Адэсе 23 красавіка. Паводле УНІАН, было чатыры выбухі. «Адна з ракет прыляцела ў жылы комплекс. У двары згарэла пара машына. Некалькі кватэр моцна разбураныя, у астатніх вылецелі вокны», — сьцьвярджае агенцтва.
Як паведамілі «Суспільне.Одеса» ва ўкраінскім апэратыўным камандаваньні «Поўдзень», па Адэсе быў нанесены ракетны ўдар, які трапіў па «аб’ектах інфраструктуры», не ўдакладняючы, колькі іх было.
Народны дэпутат Украіны Аляксей Ганчарэнка паведамляе, што ў выніку абстрэлу Адэсы загінулі сама меней тры чалавекі.
У Марыюпалі расейскія войскі аднавілі авіяўдары па «Азоўсталі»
Пра гэта паведаміў 23 красавіка дарадца кіраўніка Офіса прэзыдэнта Ўкраіны Аляксей Арастовіч.
«...Вораг спрабуе здушыць канчаткова супраціў абаронцаў Марыюпаля ў раёне „Азоўсталі“ і аднавіў авіяцыйныя ўдары па тэрыторыі завода, па раёне абароны нашых войскаў, і паспрабуе праводзіць штурмавыя дзеяньні», — сказаў Арастовіч.
Пазьней у народнай міліцыі так званай «ДНР» заявілі, што гуманітарны калідор з «Азоўсталі» нібыта абстралялі ўкраінскія нацыяналісты.
Чарнігаўскую вобласьць зноў абстралялі з тэрыторыі Расеі
Пра гэта заяўляюць у Дзяржаўнай памежнай службе Ўкраіны. Паводле ведамства, 10 гранат з аўтаматычнага гранатамёта разарваліся недалёка ад мяжы, якую ўжо ўзялі пад кантроль украінскія памежнікі. Ніхто не пацярпеў. Гэта ўжо чацьвёрты раз, калі памежнікі фіксуюць абстрэл Чарнігаўскай вобласьці пасьля таго, як украінскія вайскоўцы выцесьнілі расейскія войскі з рэгіёну.
Працягваюцца абстрэлы Данецкай і Луганскай абласьцей, ёсьць загінулыя
У Данецкай вобласьці расейскія войскі за дзень абстралялі 13 населеных пунктаў — Марыюпаль, Ліман, Славянск, Дружкоўку, Дабрапольле, Аўдзееўку, Аляксандраўку, Чаркаскае, Наўгародзкае, Багатыр, Прывольле, Багаяўленку, Нью-Йорк. Сярод мірных жыхароў ёсьць параненыя і загінулыя, паведамляе 23 красавіка Нацыянальная паліцыя Украіны.
Паводле ведамства, абстрэлы вяліся з авіяцыі, рэактыўных сыстэм залпавага агню «Град», танкаў, цяжкай артылерыі. Пашкоджаны як мінімум 51 цывільны аб’ект — жылыя дамы, школа, дзіцячы лягер, фэрма, адміністрацыйныя будынкі.
За 22 красавіка ў Данецкай вобласьці ў выніку абстрэлаў з боку расейскіх войскаў тры чалавекі загінулі, сямёра атрымалі раненьні, паведамляе кіраўнік Данецкай абласной адміністрацыі Павел Кірыленка.
У горадзе Папасная Луганскай вобласьці загінулі два чалавекі, яшчэ адзін атрымаў раненьні, расказаў кіраўнік Луганскай абласной адміністрацыі Сяргей Гайдай 23 красавіка.
Генеральны штаб Узброеных сіл Украіны ў ранішняй зводцы за 23 красавіка паведамляе, што на Данецкім напрамку вораг праводзіць наступ па ўсёй лініі сутыкненьня. Асноўныя намаганьні расейскія войскі засяроджваюць на наступальных дзеяньнях на Севераданецкім напрамку, спрабуючы стварыць умовы для разьвіцьця наступу на Славянск, штурмуюць Рубежнае, Папасную і Мар'інку.
Генштаб Узброеных сіл Украіны: Расейскія падразьдзяленьні, якія былі пад Кіевам, панесьлі страты каля Ізюму
Па словах Генштабу, падразьдзяленьні 64 -й асобнай мотастралковай брыгады РФ, якая прыняла «актыўны ўдзел у масавых забойствах, катаваньнях і згвалтаваньнях мірных жыхароў ва ўкраінскім горадзе Буча», цяпер дзейнічае ў раёне ў гэтым раёне паселішча Ізюм на Харкаўшчыне і ўжо панесла страты.
У Харкаўскай вобласьці Ўзброеныя сілы Ўкраіны зьдзейсьнілі пасьпяховы контрнаступ
Пра гэта заявіў 23 красавіка Харкаўскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі кіраўнік ОВА Алег Сінягубаў. Паводле яго, раніцай 22 красавіка падразьдзяленьні ўкраінскага войска пачалі наступ і выбілі расейскія войскі з населеных пунктаў Бязрукі, Слаціна і Прудзянка і замацаваліся на пазыцыях.
Паводле Сінягубава, за мінулыя суткі расейцы абстрэльвалі Харкаў з РСЗА, мінамётаў і артылерыі 56 разоў. У выніку абстрэлу загінулі два чалавекі, яшчэ 19 чалавек атрымалі раненьні.
Полк «Азоў» апублікаваў відэа, дзе паказаныя мірныя жыхары Марыюпалю, што хаваюцца на заводзе «Азоўсталь»
У Youtube-канале палка «Азоў», байцы якога заблякаваныя на тэрыторыі завода «Азоўсталь» у Марыюпалі, зьявілася відэа, на якім паказаныя мірныя жыхары, якія знаходзяцца ў падвалах «Азоўсталі». Устанавіць дату здымкі відэа Свабода ня можа.
Па зьвестках украінскага боку, на заводзе хаваюцца сотні мірных жыхароў. Раней у Расеі адмаўлялі тое, што на «Азаўсталі» хаваюцца мірныя жыхары. Украінскі бок патрабуе адкрыцьця гуманітарнага калідора для іх эвакуацыі.
23 красавіка чакаецца новая спроба эвакуацыі людзей з Марыюпаля
Эвакуацыю мірных жыхароў Марыюпаля плянуюць пачаць у суботу прыкладна ў 12:00, паведаміла віцэ-прэм'ер Ірына Верашчук.
На працягу папярэдніх дзён эвакуацыя з Марыюпаля і разьмешчанага ў ім завода «Азоўсталь», за які працягваюць змагацца ўкраінскія вайскоўцы, зрывалася. Бакі вінавацілі адзін аднаго: расейскі бок казаў, што ўкраінскія вайскоўцы не дазваляюць мірным жыхарам скарыстацца гуманітарнымі калідорамі, ва Ўкраіне гэта адмаўляюць і кажуць, што расейцы працягваюць абстрэлы, не даючы жыхарам эвакуявацца.
У Бучы знайшлі целы 412 загінулых
У Бучы заканчваецца збор і эксгумацыя цел загінулых і памерлых, паведаміў 23 красавіка мэр горада Анатоль Федарук.
Паводле папярэдніх зьвестак, на тэрыторыі знойдзена 412 цел загінулых, але зьвесткі яшчэ будуць удакладняць на ўзроўні сьледчых і экспэртаў. Паводле мэра, гэта значыць, што кожны трэці пацярпелы ў Кіеўскай вобласьці — з Бучы. Працягваецца падлік параненых.
У асобную справу вылучылі брацкую магілу каля царквы Андрэя Першазванага, дзе знайшлі 117 целаў, сярод якіх 30 жанчын і 2 дзіцяці. Паводле інфармацыі мэра, там ёсьць застрэленыя, закатаваныя, абгарэлыя целы цывільных, а таксама пацыенты бальніцы, якіх не змаглі пахаваць пасьля 24 лютага, паколькі расейскія вайскоўцы не пускалі рытуальную службу на могілкі. Таксама ёсьць некалькі загінулых вайскоўцаў Узброеных сіл Украіны.
Місія ААН зафіксавала ў Бучы 50 наўмысных забойстваў
Місія ААН, якая працуе на тэрыторыі Ўкраіны, зафіксавала 50 наўмысных забойстваў цывільных жыхароў у Бучы, учыненых расейскімі вайскоўцамі.
Такія дзеяньні прыраўноўваюцца да ваенных злачынстваў, гаворыцца ў справаздачы місіі.
Спадарожнік зафіксаваў яшчэ адно масавае пахаваньне на ўсход ад Марыюпалю
Спадарожнік зафіксаваў яшчэ адно масавае пахаваньне каля Марыюпаля — побач з могілкамі акупаванай вёскі Вінаграднае, якая знаходзіцца ў 5-6 км ад горада. Згодна са спадарожнікавымі здымкамі, выкапаныя траншэі на тэрыторыі могілак акупаванай вёскі зьявіліся ў канцы сакавіка. На здымках 17 сакавіка гэтых раскопак яшчэ няма. На фота Maxar за 29 сакавіка ўжо відаць траншэі памерам 38 на 4 мэтры.
Згодна са спадарожнікавым здымкам Planet за 20 красавіка, памер месца масавага пахаваньня павялічыўся (45 на 25 мэтраў).
Мужчын з Марыюпаля прымусова мабілізуюць у «войска ДНР» — дарадца мэра
Дарадца мэра Марыюпаля Пётр Андрушчанка і кажа, што ўлады атрымалі першае пацьверджаньне прымусовай мабілізацыі ў «армію ДНР». Гаворка ідзе пераважна аб маладых мужчынах да 40 гадоў. «Іх накіроўваюць у напрамку Данецка. Цяпер інфармацыю дадаткова ўдакладняем адносна колькасьці і далейшага лёсу», — паведаміў Андрушчанка.
Украінская выведка: расейцы пачалі «мабілізацыю» украінцаў на акупаваных тэрыторыях трох абласьцей
Расейскія акупанты пачалі прымусовую мабілізацыю на захопленых тэрыторыях Херсонскай, Запароскай і Харкаўскай абласьцей, паведамляе 23 красавіка Галоўнае ўпраўленьне выведкі Мінабароны Ўкраіны.
У Ваўчанску Харкаўскай вобласьці пад пагрозай расстрэлу ў войска РФ «заклікаюць» у тым ліку мэдыкаў, каб адправіць іх на перадавую надаваць дапамогу параненым расейцам.
Украіна пацьвярджае інфармацыю пра абстрэлы з расейскіх падводных лодак
Як мінімум чатыры расейскія падводныя лодкі наносяць ракетныя ўдары па тэрыторыі Ўкраіны з Чорнага мора, заявіў прэс-сакратар апэратыўнага штабу Адэскай абласной ваеннай адміністрацыі Сяргей Братчук. «Гаворка ідзе пра расейскія падлодкі праекту 877 «Палтус». Пуск ракет ажыцьцяўляецца з глыбіні да 50 мэтраў, што не дазваляе радарам і спадарожнікам эфэктыўна іх фіксаваць», — цытуе Братчука агенцтва УНІАН.
Па дадзеных The Times, экспэрты адзначаюць, што падводныя лодкі клясы «Кіло» рэгулярна папаўняюць запас ракет вялікай далёкасьці і боегаловак у расейскіх партах і зноў сыходзяць пад ваду.
Генсакратар ААН наведае Расею і Ўкраіну, каб сустрэцца з Пуціным і Зяленскім
Генэральны сакратар Арганізацыі Аб’яднаных Нацый Антоніё Гютэрыш 28 красавіка плянуе прыехаць ва Ўкраіну на сустрэчу з прэзыдэнтам Уладзімірам Зяленскім. Таксама Гютэрыш сустрэнецца зь міністрам замежных спраў Дзьмітрыем і супрацоўнікамі агенцтваў ААН для абмеркаваньня пашырэньня гуманітарнай дапамогі Ўкраіне.
Раней стала вядома, што Гютэрыш наведае Маскву 26 красавіка, каб сустрэцца з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным.
У Мінабароны РФ заявілі пра атаку расейскіх вайскоўцаў «з ужываньнем таксычных рэчываў» і што ЗША «рыхтуюць правакацыі ва Ўкраіне»
У Мінабароны РФ заявілі 23 красавіка, што нібыта валодаюць зьвесткамі аб падрыхтоўцы ЗША правакацый з мэтай абвінавачаньня расейскіх вайскоўцаў у прымяненьні хімічнай, біялягічнай або тактычнай ядзернай зброі. «Гэты плян ужо распрацаваны і зьяўляецца рэакцыяй на посьпехі Расеі ў правядзеньні спэцыяльнай ваеннай апэрацыі», — сказалі ў ведамстве.
Таксама ў Мінабароны Расеі заявілі, што нібыта зафіксавалі атаку з ужываньнем таксычных рэчываў па расейскіх вайскоўцах ва Ўкраіне: «21 красавіка 2022 году на пазыцыю расейскіх войскаў з БПЛА была скінута ёмістасьць з ампуламі. Плянавалася, што пры іх разбурэньні адбудзецца хімічная рэакцыя, якая выкліча выбух і ўзгараньне з вылучэньнем таксычных рэчываў, якія не ўваходзяць у канвэнцыйныя сьпісы».
У Мінабароны Расеі абвясьцілі мэту другога этапу вайны ва Ўкраіне — выхад у Крым і Прыднястроўе
Намесьнік камандуючага Цэнтральнай вайсковай акругі Расеі Рустам Міньнекаеў назваў дзьве мэты, якіх расейскія войскі плянуюць дасягнуць у часе другога этапу вайны супраць Украіны. Як паведамляе расейскае выданьне «Коммерсант», гаворка ідзе аб забесьпячэньні сухапутнага выхаду ў Крым і Прыднястроўе.
«З пачатку другой фазы спэцапэрацыі, яна ўжо пачалася літаральна два дні таму, адной з задач расейскай арміі зьяўляецца ўсталяваньне поўнага кантролю над Данбасам і Паўднёвай Украінай. Гэта дазволіць забясьпечыць сухапутны калідор у Крым, а таксама ўзьдзейнічаць на жыцьцёва важныя аб’екты ўкраінскай эканомікі», — сказаў Рустам Міньнекаеў на гадавым зборы Саюзу прадпрыемстваў абаронных галінаў прамысловасьці Сьвярдлоўскай вобласьці 22 красавіка.
Славянск, імаверна, абстралялі касэтнымі боепрыпасамі — мэр гораду
«Ноч была трывожная, горад трапіў пад абстрэл, паводле папярэдніх зьвестак, з ужываньнем касэтных боепрыпасаў. На шчасьце, абышлося без ахвяраў», — сказаў у відэазвароце кіраўнік вайсковай адміністрацыі гораду Вадзім Лях і заклікаў людзей эвакуавацца.
Гэта ня першы выпадак, калі расейскія вайскоўцы выкарыстоўваюць касэтныя боепрыпасы. У ААН паведамілі, што на 30 сакавіка сьледчыя расьсьледуюць 24 выпадкі ўжываньня расейскіх касэтных боепрыпасаў ва Ўкраіне. Расея, нягледзячы на шматлікія сьведчаньні, заяўляе, што не абстрэльвае мірных жыхароў Украіны.
У Кіеўскай вобласьці выявілі целы 1084 мірных жыхароў, большасьць забітыя стралковай зброяй
«Хачу сказаць, што цяпер колькасьць целаў загінулых, якія агледзелі сьледчыя і вывезьлі ў судова-мэдычныя ўстановы, складае ўжо 1084 чалавекі. Гэта мірныя людзі, якія ня мелі дачыненьня ні да тэрытарыяльнай абароны, ні да іншых вайсковых фармаваньняў. Ад 50 да 75% — гэта людзі, забітыя са стралковай зброі. Гэта кулямёт, або снайпэрская вінтоўка, або аўтамат, у залежнасьці ад населенага пункта», — сказаў Андрэй Небытаў у эфіры нацыянальнага тэлемаратону.
Паводле яго зьвестак, да гэтага часу неідэнтыфікаванымі застаюцца больш як 300 целаў загінулых. У Барадзянцы, дзе да гэтага часу ідзе разбор завалаў, знойдзена больш за 80 цел загінулых, паведаміў Андрэй Небытаў.
З падкантрольнай Украіне часткі Данецкай вобласьці зьехалі тры чвэрці насельніцтва, — мясцовыя ўлады
Паводле кіраўніка Данецкай абласной адміністрацыі Паўла Кірыленкі, да пачатку вайны на падкантрольнай Украіне тэрыторыі вобласьці жылі 1 мільён 670 тысяч чалавек, а цяпер засталіся каля 430 тысяч.
У другім найбуйнейшым горадзе вобласьці пасьля Марыюпалю — Краматорску, з словаў Кірыленкі, засталася прыкладна пятая частка насельніцтва: 40 тысяч з даваенных 200 тысяч.
Найбуйнейшым горадам украінскай часткі Данецкай вобласьці быў амаль пяцісоттысячны Марыюпаль. Колькі жыхароў засталося там, Кірыленка не назваў. Мэр Марыюпалю Вадзім Бойчанка ўчора заявіў, што цяпер у горадзе застаюцца каля 100 тысяч мірных жыхароў, з пачатку вайны больш за 20 тысяч загінулі ад варожай артылерыі. Тым часам прызначаны ўладамі так званай «ДНР» кіраўнік адміністрацыі гораду Канстанцін Івашчанка сьцьвярджае, што цяпер у горадзе знаходзяцца каля 250 тысяч чалавек.
СБУ папярэдзіла аб магчымых правакацыях Расеі на Вялікдзень
Служба бясьпекі Ўкраіны заклікала вернікаў быць асабліва пільнымі ў Вялікдзень, бо магчымыя правакацыі Расеі супраць мірных жыхароў у час сьвятаў і богаслужэньняў. Паводле СБУ, расейскія СМІ ўжо пачалі рыхтаваць глебу для правакацый расейскай арміі. «І загадзя перакладаюць адказнасьць за іх на прадстаўнікоў «нацыяналістычных аб’яднаньняў».
У грамадзян Украіны, вывезеных у Расею, адбіраюць украінскія пашпарты, а ўзамен выдаюць даведку аб міграцыі
Пра гэта заявіла ўпаўнаважаная Вярхоўнай Рады Ўкраіны ў правах чалавека Людміла Дзянісава ў эфіры тэлеканалу «Настоящее время».
«Напрыклад, у нас ёсьць сям’я, перавезеная ў Суздаль Уладзімірскай вобласьці. А далей ім даюць, калі да іх прыйдуць нейкія службы, міграцыйную даведку. І яны вось з гэтай міграцыйнай даведкай далей і езьдзяць», — заявіла Дзянісава.
Паводле яе, цяпер вядзецца работа над тым, каб грамадзяне Ўкраіны, у якіх адабралі пашпарты, змаглі выехаць з Расеі ў краіны Эўразьвязу па гэтай даведцы.
ААН: з пачатку вайны ва Ўкраіне загінулі прынамсі 2345 мірных жыхароў
Паводле зьвестак на поўнач 20 красавіка, ва Ўкраіне зафіксаваныя 5264 ахвяры сярод мірнага насельніцтва: 2345 забітых і 2919 параненых, — гаворыцца ў паведамленьні ААН. Загінулі 703 мужчыны, 429 жанчын, 44 дзяўчынкі і 63 хлопчыкі, а таксама 70 дзяцей і 1036 дарослых, пол якіх пакуль невядомы. Раненьні атрымалі 339 мужчын, 271 жанчына, 61 дзяўчынка і 66 хлопчыкаў, а таксама 158 дзяцей і 2024 дарослых, пол якіх пакуль невядомы.
У ААН падкрэсьліваюць, што рэальныя лічбы могуць быць нашмат большыя, бо інфармацыя зь месцаў, дзе ідуць баі, даходзіць са спазьненьнем, а таксама шмат паведамленьняў чакаюць пацьвярджэньня.
208 дзяцей загінулі ва Ўкраіне з пачатку вайны
Больш за 594 дзіцяці пацярпелі ў выніку вайны Расеі супраць Украіны. Па стане на раніцу 22 красавіка 208 дзяцей загінулі, 387 параненыя, паведамляе Офіс Генпракурора Ўкраіны 23 красавіка.
Лічбы не канчатковыя, бо ідзе праца па іх устанаўленьні ў месцах вядзеньня актыўных баявых дзеяньняў, на часова акупаваных і вызваленых тэрыторыях.
З прычыны бамбардаваньняў і абстрэлаў узброенымі сіламі РФ пашкоджаная 1141 навучальная ўстанова, зь іх 99 разбураныя цалкам.
Зяленскі: Марыюпаль зьнішчаны на 98%
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ў інтэрвію францускаму тэлеканалу BFMTV заявіў, што акупанты зьнішчылі ў Марыюпалі 95-98% будынкаў.
«Гэта больш падобна не да вайны, а да тэрарыстычнай апэрацыі Расеі супраць Марыюпалю і жыхароў гэтага гораду. Там усё зьнішчана — 95-98% усіх будынкаў, усё, што ёсьць. Мы з вамі гаворым пра школы, дзіцячыя садкі, звычайныя жылыя кварталы, заводы, набярэжную — гэта прыморскі горад. Усё!» — падкрэсьліў Зяленскі.
Са словаў прэзыдэнта, горад увесь час пад абстрэламі, таму многія баяцца нават выходзіць з схованкі. Разам з тым частка людзей рушыла на падкантрольную Ўкраіне тэрыторыю, але частку «эвакуавалі» на падкантрольныя Расеі тэрыторыі. Зяленскі адзначыў, што тысячы людзей, якія выехалі ў Расею або на часова акупаваную частку Ўкраіны, проста зьніклі.
У Марыюпалі больш за 400 параненых украінскіх вайскоўцаў, паведаміў сёньня Ўладзімір Зяленскі.
На спадарожнікавых здымках зафіксавалі 300-мэтровую брацкую магілу ў акупаванай войскамі РФ вёсцы Мангуш каля Марыюпалю
Згодна са спадарожнікавымі здымкамі, выкапаная тут траншэя зьявілася арыенціровачна ў канцы сакавіка. На здымку ад 23 сакавіка яе яшчэ не было. На наступным здымку гэтай мясцовасьці ад 29 сакавіка ўжо бачна выкапаная траншэя даўжынёй больш за 300 мэтраў і, верагодна, тэхніка, якая яе зрабіла.
У захопленай Херсонскай вобласьці расейскія войскі абвясьцілі мабілізацыю і анансавалі рэфэрэндум
У Херсонскай вобласьці, якая знаходзіцца пад кантролем расейскіх войскаў, абвешчана аб мабілізацыі мужчын, паведамляе прэс-служба Генштабу Ўзброеных сіл Украіны.
Апэратыўнае камандаваньне «Поўдзень» Узброеных сіл Украіны паведаміла, што расейскія войскі пры дапамозе ўкраінскіх калябарантаў рыхтуюць на 27 красавіка фальшывы рэфэрэндум у акупаванай Херсонскай вобласьці.
У Харкаве разбураныя 1929 жылых дамоў, а каля 30% харкаўчан пакінулі горад
Цяпер з гораду можна выехаць цягніком ці машынай, усе ахвочыя маюць такую магчымасьць, кажа гарадзкі галава Харкава Ігар Церахаў. «Прыкладна 30% харкаўчан — гэта ў асноўным жанчыны, дзеці, пажылыя людзі — выехалі з гораду», — паведаміў ён.
Ваеннае становішча ва Ўкраіне падоўжылі да 25 траўня
Дэпутаты Вярхоўнай Рады Ўкраіны ўхвалілі працяг у краіне рэжыму ваеннага становішча яшчэ на 30 дзён. Ваеннае становішча было ўведзена 24 лютага, у дзень расейскага ўварваньня, рэжым яго дзеяньня працягваўся да 26 сакавіка. Цяпер ваеннае становішча ў краіне будзе дзейнічаць да 25 траўня.
Ваеннае становішча азначае магчымасьць увядзеньня шэрагу абмежаваньняў, у тым ліку — камэнданцкай гадзіны, абмежаваньняў на ўезд або выезд з гораду і іншых.
Расейцы захапілі 22 аб’яднаныя тэрытарыяльныя грамады ў Харкаўскай вобласьці з 56
Расейскія вайскоўцы захапілі 22 абʼяднаныя тэрытарыяльныя грамады ў Харкаўскай вобласьці, 34 надалей кантралююцца ўкраінскімі ўладамі, паведаміў кіраўнік Харкаўскай абласной вайсковай адміністрацыі Алег Сінягубаў.
Паводле яго, расейцы выкарыстоўваюць іх як транзытныя зоны.
З пачатку расейскага ўварваньня ў горадзе Папасная Луганскай вобласьці загінула больш за 100 чалавек
Гэта сьцьвярджае кіраўнік аблдзяржадміністрацыі Сяргей Гайдай, спасылаючыся на зьвесткі гарадзкой вайскова-цывільнай адміністрацыі. Паводле яго, у горадзе застаюцца больш за 2,5 тысячы жыхароў, эвакуацыя «ўскладненая», «цяпер расейцы кантралююць каля паловы гораду».
«Вулічныя баі ідуць бесьперапынку, людзі жывуць у бамбасховішчах, выйсьці на вуліцу ня маюць магчымасьці праз шчыльнасьць абстрэлаў», — піша Гайдай. Ён адзначае, што ў Папаснай няма ацалелых дамоў.
Ва Ўкраіне з прычыны вайны пацярпелі 347 мэдычных установаў
У выніку вайны ва Ўкраіне на 21 красавіка пашкоджаныя 347 установаў аховы здароўя, 36 зь іх разбураныя; выйшлі з ладу 78 машын хуткай дапамогі, паведаміў міністар аховы здароўя Віктар Ляшко. «Паводле папярэдніх падлікаў, на поўнае аднаўленьне працы з абсталяваньнем гэтым 36 аб’ектам неабходна 13 млрд. грыўняў», — дадаў ён.
Уцекачы ад вайны
Паводле зьвестак ААН, з пачатку вайны па 21 красавіка Ўкраіну пакінулі ўжо больш за 5 мільёнаў 133 тысячы чалавек. Зь іх:
- 2 млн 867 тысяч прыехалі ў Польшчу,
- 769,6 тысячы — у Румынію,
- 578,3 тысячы — у Расейскую Фэдэрацыю,
- 480,9 тысячы — у Вугоршчыну,
- 430,2 тысячы — у Малдову,
- 349,3 тысячы — у Славаччыну,
- 23,9 тысячы — у Беларусь.
Насельніцтва Ўкраіны (уключаючы кантраляваную Расеяй тэрыторыю) складае каля 44 мільёнаў чалавек.
Што адбываецца ў Расеі
Расея ўвяла новыя пэрсанальныя санкцыі супраць грамадзян ЗША і Канады
21 красавіка МЗС Расеі ўвёў пэрсанальныя санкцыі супраць 29 грамадзян ЗША. Сярод іх галоўны рэдактар англамоўнай вэрсіі «Медузы» Кевін Ротрак, сузаснавальнік Фэйсбуку — Марк Цукербэрг, LinkedIn — Раян Расланскі, віцэ-прэзыдэнт ЗША Камала Гарыс з мужам і яшчэ шэраг чыноўнікаў, прадпрымальнікаў і журналістаў.
Таксама МЗС Расеі абвясьціў аб пэрсанальных санкцыях супраць 61 грамадзяніна Канады. У сьпісе — дзяржаўныя службоўцы, вайсковыя камандзіры, кіраўнікі грамадзкіх арганізацый і супрацоўнікі СМІ.
Міністэрства абароны Расеі вырашыла абмежаваць доступ да зьвестак аб сваяках вайскоўцаў, якія загінулі ва Ўкраіне
Зьвесткі пра вайскоўцаў, што загінулі пры правядзеньні «спэцапэрацыяў», яшчэ з 2015 году сталі дзяржаўнай таямніцай, але льготы іхным сем’ям афармляюць цывільныя чыноўнікі раённых адміністрацыяў. Цяпер Міністэрства абароны РФ просіць урад перадаць гэтыя паўнамоцтвы вайсковым камісарыятам, што зробіць больш закрытай інфармацыю пра загінулых удзельнікаў вайны супраць Украіны, піша ВВС.
Кампанія Henkel абвясьціла, што сыходзіць з Расеі з прычыны вайны
Нямецкая кампанія — вытворца бытавой хіміі Henkel вырашыла спыніць дзейнасьць у Расеі. Пра гэта гаворыцца ў заяве кампаніі. У кампаніі паабяцалі, што 2500 яе супрацоўнікаў пакуль працягнуць працаваць і атрымліваць заробак, а плян выхаду Henkel з расейскага рынку яшчэ рыхтуецца.
У Henkel дадалі, што асуджаюць вайну Расеі супраць Украіны і гвалт над бязьвіннымі мірнымі жыхарамі.
Пуцін падпісаў закон аб арыштах да 15 «сутак» за адмаўленьне «вырашальнай ролі» СССР «у разгроме нацысцкай Нямеччыны»
Пакараньне для фізычных асобаў — штраф да 2 тысяч рублёў або адміністрацыйны арышт да 15 дзён. Для юрыдычных асобаў — штраф да 50 тысяч рублёў, пры паўторным парушэньні ім пагражае прыпыненьне дзейнасьці на тэрмін да 90 дзён.
Удзел Беларусі ў вайне
Беларусь дазволіла Расеі скарыстаць сваю тэрыторыю для нападаў на Ўкраіну з поўначы; расейцы выкарыстоўваюць беларускія аэрадромы для палётаў і беларускія пляцоўкі для ракетных абстрэлаў гарадоў Украіны. Разам з тым на баку Ўкраіны ў розных злучэньнях ваююць беларусы. Створаны батальён імя Кастуся Каліноўскага.
Расейская тэхніка масава пакідае Беларусь
Тэлеграм-канал «Беларускі Гаюн» паведаміў, што 85% расейскай тэхнікі ўжо вывезена зь Беларусі. Жыхары беларускага Палесься таксама заўважылі, што вайскоўцаў з Расеі ў гарадах усё менш. Жыхары Гомля кажуць, што наогул не заўважаюць цяпер на сваіх вуліцах расейскіх вайскоўцаў.
Як рэагуе сьвет
МЗС Вялікай Брытаніі рэкамэндуе сваім грамадзянам пакінуць Украіну
«Расейскае ўварваньне ва Ўкраіну працягваецца з нападамі на шэраг буйных гарадоў. Існуе рэальная небясьпека для жыцьця. Мы рэкамэндуем грамадзянам Вялікай Брытаніі неадкладна пакінуць Украіну, калі вы думаеце, што гэта бясьпечна. Паветраная прастора Ўкраіны закрытая», — гаворыцца ў паведамленьні.
Аўстралія ўвяла новыя санкцыі супраць Расеі
Аўстралійскі ўрад зацьвердзіў новыя санкцыі 22 красавіка. На гэты раз пад іх трапілі 144 чальцы Савету Фэдэрацыі РФ (з двухсот), Кацярына Ціханава і Марыя Варанцова — іх аўстралійскі ўрад называе дочкамі Ўладзіміра Пуціна (раней санкцыі супраць іх увялі ЗША і Вялікая Брытанія). Пад санкцыі трапіла і дачка кіраўніка МЗС Расеі Сяргея Лаўрова — Кацярына Вінакурава.
Усяго ў аўстралійскім санкцыйным сьпісе ўжо каля 750 расейцаў. Таксама забаронены экспарт у Расею, у прыватнасьці, алюмінію і прадметаў раскошы.
Вялікая Брытанія ўвядзе эмбарга на пастаўкі срэбра і ікры з Расеі і павялічыць мыта на некаторыя беларускія тавары
У рамках новых санкцый, пра якія Вялікая Брытанія паведаміла 21 красавіка, уводзіцца забарона на імпарт з Расеі срэбра, лесаматэрыялаў, ікры і іншай прадукцыі. На шэраг тавараў з Расеі і Беларусі, уключаючы алмазы і каўчук, на 35% павялічаць мыта. Таксама Брытанія ўнесла ў санкцыйныя сьпісы 26 фізычных асобаў і арганізацый з Расеі, у тым ліку — чыноўнікаў Мінабароны і МНС, кіраўніка Расейскай чыгункі, канцэрн «Калашнікаў», ракетна-касьмічны цэнтар «Прагрэс» і інш.
Эстонія і Латвія аднымі зь першых у сьвеце прызналі ваенную агрэсію Расеі генацыдам украінскага народу
Адпаведныя заявы дзяржавы прынялі 21 красавіка. Таксама сёньня Сойм Латвіі прыняў папраўкі ў закон, якія прадугледжваюць магчымасьць пазбаўляць грамадзянства за падтрымку ваенных злачынстваў.
Літва заканадаўча забараніла дэманстрацыю сымбаляў «Z» і «V», а таксама аранжава-чорную стужку
Асобна ў дакумэнце адзначана забарона на аранжава-чорную («георгіеўскую») стужку, літары «Z» і «V». За дэманстрацыю такой сымболікі прадугледжаны штраф у памеры 300–700 эўра, а для юрыдычных асоб ён будзе даходзіць да 1200 эўра. Паўторнае парушэньне пацягне за сабой штраф у памеры 500–900 эўра для фізычных асоб або 800–1500 эўра — для юрыдычных асоб.
Раней сымбалі, якія асацыююцца з расейскімі акупантамі, забаранілі ва Ўкраіне, Малдове і Нямеччыне.
Канада ўвяла новыя санкцыі супраць 14 расейцаў
19 красавіка Канада ўвяла санкцыі супраць старшыні расейскага Цэнтрабанку Эльвіры Набіулінай, бізнэсоўцаў Пятра Авэна і Міхаіла Гуцэрыева, сэнатара Аляксандра Торшына, віялянчэліста Сяргея Ралдугіна, дачок Пуціна Кацярыны Ціханавай і Марыі Варанцовай, а таксама яшчэ семярых расейцаў.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.