«Відавочна, ёсьць чаканьне, што Расея тым ці іншым чынам дапаможа часткова забясьпечыць аднаўленьне Ўкраіны, і мы павінны гэтага дамагацца», — так міністарка фінансаў ЗША Джанэт Елен адказала на пытаньне аб магчымасьці накіраваць частку замарожаных расейскіх актываў на адбудову Ўкраіны. Пытаньне прагучала на прэс-канфэрэнцыі ў чацьвер.
«Відавочна, што выдаткі на адбудову Ўкраіны будуць велізарнымі», — сказала Елен, паведамляе «Голас Амэрыкі».
У рамках санкцыйнага рэжыму ЗША і эўрапейскія краіны замарозілі значную частку золатавалютных рэзэрваў Расеі, якія перавышаюць 600 мільярдаў даляраў.
Елен адмовілася раскрываць дэталі варыянтаў магчымага выкарыстаньня сродкаў і дапусьціла, што ў гэтай галіне можа спатрэбіцца рашэньне Кангрэсу ЗША. Яна таксама падкрэсьліла важнасьць міжнароднай каардынацыі ў гэтай сфэры.
У чацьвер Елен сустрэлася з прэм’ер-міністрам Украіны Дзянісам Шмыгалём, які знаходзіцца зь візытам у Вашынгтоне. Елен агучыла гатоўнасьць ЗША аказаць Украіне эканамічнай падтрымкі дадаткова на 500 мільёнаў даляраў.
Гэтыя сродкі дазволяць Украіне выплачваць заробкі, праводзіць сацыяльныя выплаты, «каб не пагаршаць гуманітарную сытуацыю ва Ўкраіне», дадала міністарка. Яна падкрэсьліла, што патрэба тэрміновая і сродкі паступяць як мага хутчэй.
Елен падкрэсьліла, што ЗША і міжнародная супольнасьць падтрымліваюць Украіну. «Расейская вайна выклікала хуткі міжнародны адказ, якога не бывала дзесяцігодзьдзямі», — дадала яна.
У кааліцыю ў падтрымку Ўкраіны ўваходзяць больш за 30 краін, на долю якіх прыпадае больш за палову сусьветнай эканомікі, чые канвэрсавальныя валюты найшырэй выкарыстоўваюцца і дзе ствараюцца самыя сучасныя тэхналёгіі, зазначыла Елен.
Напярэдадні міністарка фінансаў ЗША, украінская дэлегацыя і дэлегацыі іншых краін выйшлі з паседжаньня міністраў фінансаў «Вялікай дваццаткі», паведамляюць СМІ са спасылкай на прысутных.
Такім чынам яны выступілі супраць удзелу расейскай дэлегацыі на чале зь міністрам фінансаў Антонам Сілуанавым у G-20. Супраць Сілуанава дзейнічаюць санкцыі ЗША.
Прэзыдэнт ЗША Байдэн раней заяўляў аб неабходнасьці выключыць Расею з G-20.