Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На спадарожнікавых здымках зафіксавалі 300-мэтровую брацкую магілу ў акупаванай войскамі РФ вёсцы Мангуш каля Марыюпалю


Спадарожнік зафіксаваў 300-мэтровую брацкую магілу ў акупаванай расейскімі войскамі вёсцы Мангуш, што менш як за 20 кілямэтраў ад Марыюпалю.

Пра гэта піша праект «Схемы» ўкраінскай службы Радыё Свабода, журналісты якога атрымалі спадарожнікавыя здымкі, што паказваюць верагоднае месца масавага пахаваньня.

Раней дарадца мэра Марыюпалю Пётр Андрушчанка паведаміў, што ў гэтай вёсцы расейскія вайскоўцы ўчынілі масавае пахаваньне загінулых марыюпальцаў.

Згодна са спадарожнікавымі здымкамі, выкапаная тут траншэя зьявілася арыенціровачна ў канцы сакавіка. На здымку ад 23 сакавіка яе яшчэ не было. На наступным здымку гэтай мясцовасьці ад 29 сакавіка ўжо бачна выкапаная траншэя даўжынёй больш за 300 мэтраў і, верагодна, тэхніка, якая яе зрабіла.

Журналісты пішуць, што на больш сьвежым спадарожнікавым здымку ад 9 красавіка можна заўважыць, што траншэя ўжо часткова прыкрыта зямлёй і пашырана.

Дарадца гарадзкога галавы Пётр Андрушчанка расказаў журналістам «Схем», што целы загінулых людзей з вуліц Марыюпалю расейскія вайскоўцы спачатку звозяць у розныя прамзоны гораду, дзе ёсьць вялікія халадзільныя камэры, а затым складаюць у пакеты і вывозяць у месцы масавых пахаваньняў.

"Я так разумею, што яны масава туды звозяць. Ужо цёпла — і вы разумееце, што з трупамі... Пачаць (транспартаваньне. — РС) яны павінны былі з канца сакавіка, — дадаў Андрушчанка. — Колькі і як іх зьлічыць — мы ня ведаем. Там тысячы павінны быць... Але нарэшце мы высьветлілі, куды вывозяць хаця б частку загінулых з Марыюпалю».

Даўжыня траншэі ў Мангушы — 300 мэтраў. Для параўнаньня: у брацкай магіле каля царквы ў Бучы — 14 мэтраў. Там знайшлі целы 70 чалавек.

Марыюпаль быў ачэплены войскамі РФ яшчэ ў першыя некалькі сутак уварваньня Расеі ва Ўкраіну, якое пачалося 24 лютага. Украінскія падразьдзяленьні супраціўляюцца ў прыазоўскім горадзе ўжо другі месяц.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG