Ці зьвязаны з гучнай справай прыватны мэдычны цэнтар, да якога мае дачыненьне Віктар Лукашэнка, наколькі эфэктыўныя беларускія і расейскія эндапратэзы, якія цяпер будуць прапаноўваць пацыентам? Пра гэта гаворым з артапэдам-траўматолягам Рустамам Айзатуліным, анколягам Надзеяй Пятроўскай і гастраэнтэролягам і эндаскапістам Лідзіяй Тарасенкай.
- Артапэд-траўматоляг, каардынатар Беларускага фонду мэдычнай салідарнасьці Рустам Айзатулін — унікальны спэцыяліст з 12-гадовым досьведам працы ў РНПЦ траўматалёгіі і артапэдыі, вымушана пакінуў Беларусь у выніку чарады звальненьняў і палітычнага перасьледу. Працаваў ва Ўкраіне, праз вайну пераехаў у Польшчу.
- Анколяг Надзея Пятроўская, якая загадвала аддзяленьнем РНПЦ дзіцячай анкалёгіі, гематалёгіі і імуналёгіі, увосень 2020-га звольнілася на знак пратэсту, калі ў РПНЦ насуперак волі пэрсаналу зьмянілі кіраўніцтва. Цяпер Надзея працуе анколягам у Чэскім Крумлаве.
- Гастраэнтэроляг і эндаскапіст Лідзія Тарасенка, каардынатарка Фонду мэдычнай салідарнасьці, былая кіраўніца аднаго з прыватных мэдычных цэнтраў у Беларусі, былая загадчыца аддзяленьня эндаскапіі ў РНПЦ анкалёгіі і мэдычнай радыялёгіі. Працавала ва Ўкраіне, праз вайну пераехала ў Польшчу.
Глядзіце дыскусію на відэа цалкам
Тут фрагмэнты абмеркаваньня
Чаму затрыманы доктар парэзаў сабе шыю?
— Каротка падсумую афіцыйныя паведамленьні пра затрыманьні 35 артапэдаў-траўматолягаў па ўсёй Беларусі. Дзяржаўныя СМІ і чыноўнікі да рашэньня суду назвалі іх карупцыянэрамі, Лукашэнка абвясьціў, што дактарам прапанавана прызнаць віну, кампэнсаваць шкоду і пайсьці працаваць у мэдычную сфэру — куды пашлюць. Паведамлялі, што некалькіх дактароў, якія выканалі ўмовы ўладаў, адправілі працаваць у прыёмныя пакоі шпіталяў. Таксама была інфармацыя, што адзін з затрыманых мэдыкаў парэзаў сабе шыю ў ізалятары. Рустам, вы шмат гадоў працавалі ў РНПЦ траўматалёгіі і артапэдыі, установе, спэцыялісты якой найбольш пацярпелі ў «справе артапэдаў». Вы асабіста ведаеце многіх затрыманых. Што вам вядома на сёньня пра затрыманых, пра вызваленых на такіх умовах лекараў?
Рустам Айзатулін: Сьпіс затрыманых, іх імёны, званьні, месцы працы вядомыя. Усе ведаюць і разумеюць, што гэта ня проста агульныя спэцыялісты. Гэта штучныя спэцыялісты, якія выконваюць вельмі складаныя апэрацыі. Акрамя гэтых 35 чалавек, у Беларусі, напэўна, ніхто ня ўмее так добра працаваць з многімі артапэдычнымі вырабамі, з многімі пратэзамі і рабіць складаныя апэрацыі пры запушчаных выпадках (дэфармацыя сьцягна, дэфармацыя калена). Сярод невялікай колькасьці траўматолягаў Беларусі (каля 300 чалавек, можа, крыху меней), гэтыя людзі былі касьцяком, на іх усе раўняліся.
Ува ўсіх затрыманых дактароў былі пасьлядоўнікі, вучні. Усе яны пісалі навуковыя працы, удзельнічалі ў міжнародных праектах. Што цяпер будзе з навуковымі праектамі, што будзе зь якасьцю ўстаноўкі пратэзаў і з мэдыцынай увогуле, сказаць складана.
— Што вам вядома пра выпадак у сьледчым ізалятары, калі доктар парэзаў сабе шыю? Выглядае, гэта быў крок адчаю.
Рустам Айзатулін: Магчыма, гэта праўда. На многіх дзяржаўных каналах прагучала прозьвішча доктара, які спрабаваў ці нашкодзіць сабе, ці скончыць жыцьцё самагубствам. Я ведаю ўсіх 35 затрыманых дактароў, кагосьці болей, кагосьці меней. Калі мы ўявім апэрацыйную, то гэта тое асяродзьдзе, дзе трэба быць халаднакроўным, дзе ты працуеш з крывёй, дзе час адсейвае людзей, якія ня могуць трымаць сябе ў руках. Напрошваецца толькі адна выснова: на чалавека моцна націснулі, прыгразілі, магчыма, паставілі ўмовы, несувымерныя зь яго жыцьцёвымі прынцыпамі, што вымусіла яго зьдзейсьніць такі ўчынак. І гэта не прыкмета нейкай слабасьці.
Як робяцца закупы мэдычнага абсталяваньня
— Лідзія, я ведаю, што вы мелі досьвед удзелу ў закупах мэдычнага абсталяваньня ў іншай сфэры мэдыцыны, але сыстэма, напэўна, падобная. Сярод затрыманых і ўжо названых вінаватымі без суду і сьледзтва — дактары, загадчыкі аддзяленьняў, намесьнікі дырэктараў, але няма прадстаўнікоў «Мэдтэхнікі», уласна структураў, што займаюцца закупамі. Як бы вы маглі патлумачыць гэта? У чым вы бачыце сапраўдную прычыну арышту дактароў?
Лідзія Тарасенка: Чаму там няма прадстаўнікоў «Мэдтэхнікі» ці іншых структураў, якія ўдзельнічаюць у закупках, можна толькі здагадвацца. Як і пра ўсё, што адбываецца ўнутры сыстэмы. Скрыня робіцца ўсё цямнейшай і ўсё больш закрытай. Застаюцца толькі здагадкі. У гэтым і жах. І няма ніякай веры ў тое, што там кажуць пра справу траўматолягаў, чым яны была справакаваная. Мы можам ацэньваць толькі тое, што на выхадзе чорнай скрыні.
У 2018 годзе была справа лекараў, затрымалі вельмі шмат людзей з мэдычнага асяродку і з мэдычнага бізнэсу. Гэта стала для мяне апошняй кропляй, якая змусіла сысьці зь дзяржаўнай мэдыцыны, бо гэта быў трэш, паўтарэньне якога мы бачым зноў. Чым гэта справакавана, чаму — экзыстэнцыйнае пытаньне. Гэта выглядае проста як раскулачваньне. Людзей «закрываюць» зь нейкіх прычынаў, па нейкіх парамэтрах, нікому не вядомых. Пастулюецца адно, але адчуваньне, што насамрэч адбываецца іншае. Зь людзей патрабуюць грошы. Цяпер ідыятызм дасягнуў апагею — прапановы дактарам папрацаваць дзесьці, яшчэ і грошы за гэта заплаціць.
Што да таго, як адбываюцца закупкі. Я была загадчыцай аддзяленьня, адпаведна ўдзельнічала ў закупках як доктар, які афармляе заяўку, ацэньвае, што патрэбна аддзяленьню на наступны год працы, і перадае заяўку па этапах. З кожным годам гэтая сыстэма рабілася ўсё больш дзіўнай. Каб працаваць з тым, што патрэбна штодня (расходныя інструмэнты, абсталяваньне), трэба прайсьці сем кругоў пекла, атрымаць подпісы бухгальтараў, эканамістаў, якія ўвогуле да гэтага ня маюць дачыненьня, узгадніць зь імі закупку таго, што будзе патрэбна. Потым адправіць па этапах.
Гэта займала год у найлепшым выпадку. Быў выпадак, калі заяўку на абсталяваньне напісалі ўпершыню ў 2005 годзе, а атрымалі яго ў 2015 годзе. Кожны год даводзілася пісаць наноў, і 10 гадоў спатрэбілася, каб далі для РНПЦ відавочна патрэбнае абсталяваньне, а не касьмічны шатл. Гэта было пакутай, пакутай і застаецца. Правіла мяняюцца, часам задняй датай. Адчуваньне, што сыстэма пабудаваная так, каб ня даць доктару працаваць увогуле чым-небудзь. Існуюць структуры, у абавязак якіх уваходзіць ацэньваць гэтыя заяўкі, праводзіць тэндэры. У сьвеце такіх сыстэмаў няма, яны ўвогуле не патрэбныя. Яна расходуюць час і дзяржаўныя грошы.
— І вынікае, што той, хто паставіў свой подпіс у заяўцы, а загадчык аддзяленьня абавязаны быў яго ставіць, можа стаць фігурантам крымінальнай справы...
— Натуральна. І людзі ўсё больш баяцца гэта рабіць.
Мэдычныя «шарашкі» як будучыня мэдыцыны Беларусі
— Я нагадаю, што азначае тэрмін «шарашка». У сталінскія часы ўлады «выцягвалі» зь лягераў дасьведчаных спэцыялістаў у розных сфэрах і адпраўлялі іх у так званыя «шарашкі», закрытыя ўстановы, дзе яны мусілі прасоўваць навуку, працаваць бясплатна, за крыху лепшую ежу, чым на лесапавале, і ў крыху лепшых умовах, чым у лягеры. Надзея, які ваш погляд на такую схему «ўтрыманьня спэцыялістаў» і «фінансаваньня мэдыцыны»?
Надзея Пятроўская: Мабыць, самым яскравым гістарычным прыкладам была біяграфія вядомага вучонага, легенды савецкай авіяцыі і касманаўтыкі акадэміка Каралёва. Яго арыштавалі ў 1938 годзе па даносе, прыгаварылі да расстрэлу, але прысуд быў зьменены. Каралёў быў спачатку ў турме, потым у калёніі, а пазьней працаваў у «тупалеўскай шарашцы», закрытай установе КДБ. Вызвалены толькі ў 1944 годзе, а рэабілітаваны ў 1955. Іншы прыклад — акадэмік Вавілаў, які памёр ад зьнясіленьня ў турме НКВД.
Чаму дзяржаўная карная сыстэма так ненавідзіць інтэлектуалаў, чаму ў таталітарных рэжымах высокакваліфікаваных прафэсіяналаў заўсёды перасьледавалі, чаму ў 2020 годзе ў Беларусі АМАП з такім азьвярэньнем біў студэнтаў, чаму зараз арыштаваныя і цярпяць ад псыхалягічнага і фізычнага ціску высокаклясныя лекары?
Гэта адвечная зайздрасьць «сытай шэрасьці» да гуманістычнай таленавітасьці і спроба самасьцьвердзіцца коштам прыніжэньня і дыскрэдытацыі высакароднага пачатку.
Сярод затрыманых ёсьць доктар, які адзіны ў Беларусі робіць органазахавальныя апэрацыі дзецям са злаякаснымі пухлінамі косьці. Гэта асаблівая група пацыентаў. Апэрацыя эндапратэзаваньня — адзін з кампанэнтаў пратакольнага лячэньня. І парушэньне таймінгу і адкладваньне апэрацыі адбіваецца на выніках лячэньня ў цэлым. Калі доктар будзе змушаны працаваць па рашэньні міністра ў прыёмным пакоі, Дзіцячы цэнтар анкалёгіі страціць яшчэ аднаго высакакляснага адмыслоўца, якому няма замены.
У тым, што адбываецца, я бачу тыя ж НКВДшныя мэтады запалохваньня, шантажу і дыскрэдытацыі прафэсіяналаў і ўсёй мэдычнай грамадзкасьці. Наступствам уседазволенасьці, беззаконнасьці і беспакаранасьці дзеяньняў сілавых структураў будуць далейшыя злачынствы. Яскравым прыкладам такой стратэгіі ёсьць дзеяньні расейскіх вайскоўцаў зараз ва Ўкраіне.
Як справа зьвязаная з прыватным мэдычным цэнтрам, да якога мае дачыненьне Віктар Лукашэнка
— Рустам, што будзе далей з пастаўкамі замежных эндапратэзаў? Выглядае, што цяпер людзям будуць ставіць пратэзы беларускай вытворчасьці, баючыся ўлазіць у працэс закупак, які можа скончыцца турмой. Магчыма, і праз санкцыі закупкі замежных мэдычных кампанэнтаў увогуле спыняцца. Як вы бачыце пэрспэктыву ў гэтай сфэры?
Рустам Айзатулін: Магчыма, што санкцыі яны паспрабуюць неяк абысьці. Бо замежныя кампаніі не працуюць цяпер зь дзяржаўнымі закупкамі. Цалкам магчыма, што гэта будзе можна рабіць праз прыватных асобаў і прыватных пастаўнікоў.
У Беларусі, у Менску ёсьць адзін прыватны мэдычны цэнтар, у якім на платнай аснове робяць эндапратэзаваньне каленнага і сьцегнавога суставаў. Менавіта гэтая вялікая прыватная мэдычная арганізацыя мае права закупляць замежныя пратэзы. Такі цэнтар у Беларусі адзін, лічыце, ён манапаліст на рынку прыватных паслугаў. Адным зь людзей, якія ўклалі ў гэты цэнтар дастаткова грошай і паспрыялі яго адкрыцьцю, быў сын Аляксандра Рыгоравіча Віктар Лукашэнка.
Таму цалкам магчыма, што мы маем справу з выцісканьнем і пераразьмеркаваньнем рэсурсаў замежных кампаніяў, якія будуць вымушаныя працаваць толькі ў адным кірунку і прыносіць прыбыткі толькі адной асобе ў дзяржаве. Гэта адна вэрсія.
Другая вэрсія. Пратэзы замежнай вытворчасьці перастануць пастаўляць у Беларусь, празь некаторы час назапашаныя рэсурсы на складах і ў аптэках скончацца, і грамадзяне Беларусі будуць вымушаныя ставіць сабе пратэзы беларускай вытворчасьці. Або на рынак будуць пастаўляць пратэзы расейскай вытворчасьці. У Расеі ёсьць некалькі заводаў, якія робяць пратэзы, і, нягледзячы на ўсе высілкі дзеля паставак беларускай прадукцыі на расейскі рынак, яна там абсалютна не запатрабаваная, бо расейцы вырабляюць сваю.
Як будзе дзяржава выкручвацца з гэтай сытуацыі, невядома. Ці праз мэдычны цэнтар, да якога мае дачыненьне Віктар Лукашэнка, ці празь нейкіх расейскіх пастаўнікоў. Адназначна пацярпяць звычайныя грамадзяне, вымушаныя карыстацца невядома якой прадукцыяй — невядома якой якасьці і невядома якой выжывальнасьці.
Калі мы бяром працэнтныя суадносіны выжывальнасьці пратэза (гэта працягласьць яго знаходжаньня ў арганізьме), то ў беларускіх пратэзаў яна значна меншая, чым у замежных. Паводле сусьветнай статыстыкі, ёсьць 5-6% інтраапэрацыйных і пасьляапэрацыйных ускладненьняў, ёсьць і статыстыка, якая паказвае выжывальнасьць любога пратэза. На жаль, у Беларусі такую статыстыку ніхто не вядзе. Калі вы папросіце ў Міністэрстве здароўя ці ў нейкай клініцы статыстыку выжывальнасьці беларускіх пратэзаў, то вам ня скажуць — па-першае, бо ня ведаюць, а па-другое, бо пабаяцца.
— Ці былі сярод затрыманых дактары, якія працуюць у згаданым вамі прыватным мэдычным цэнтры? Ці там працуюць дактары высокай кваліфікацыі?
Рустам Айзатулін: Там працуюць свае дактары. Нягледзячы на тое, што яны таксама працавалі з замежнымі пратэзамі, удзельнічалі ў закупках і ўстаноўцы пратэзаў, ані сам мэдычны цэнтар, ані дактароў, якія там працуюць, не чапаюць. Я ведаю дактароў, якія працуюць у гэтым цэнтры. Гэта высокаклясныя спэцыялісты. Да іх прэтэнзіяў быць ня можа, яны сапраўдныя прафэсіяналы сваёй справы, прайшлі сур’ёзны адбор. Гэта таксама штучныя спэцыялісты, якія могуць зрабіць тое, чаго ня могуць зрабіць у іншых дзяржаўных клініках.
Гэтая прыватная клініка даўно працуе з замежнымі пратэзамі і працягвае працаваць. Там абслугоўваюцца дастаткова высокапастаўленыя людзі зь міністэрстваў, з пэўных вайсковых структураў, таму, хутчэй за ўсё, пытаньняў да гэтага цэнтру пакуль і не ўзьнікае. І закупкі працягваюцца.
— Выглядае, што гэты цэнтар ня зможа зрабіць пратэзаваньне ўсім людзям у Беларусі, якім яно патрэбнае...
Рустам Айзатулін: Мы гаворым пра цывільнае насельніцтва Беларусі — гэта адна група. І другая група — гэта дзяржаўныя чыноўнікі, якіх ня так шмат і якім у гэтай клініцы дапамогу акажуць практычна заўсёды.
Справа якіх дактароў можа быць наступнай
— Надзея, Лідзія, які ваш прагноз, ці стане гэта масавай зьявай у мэдыцыне, ці зьявяцца неўзабаве «справы афтальмолягаў» ці «справы трансплянтолягаў»? Што будзе з пацыентамі?
Лідзія Тарасенка: Зыходзячы з таго, што было ў 2018 годзе, і з таго, што адбываецца цяпер, цалкам лягічная думка, што гэта працягнецца. Але гэта бумэрангам прылятае да тых жа самых чыноўнікаў. Хай яны сябе не супакойваюць, што ў іх ёсьць клініка. У сваёй практыцы я пабачыла многіх чыноўнікаў, якія трапляюць у рукі да самых «надзейных» дактароў і што з гэтага бывае. Лепш ім ня будзе. І мы ўсе жыць будзем горш.
Надзея Пятроўская: Як паказвае гісторыя, рэпрэсіі, калі іх «праглынае» грамадзтва, нараджаюць яшчэ большыя рэпрэсіі. Таму ня выключана, што пад ударам можа апынуцца які-хаця дасьведчаны спэцыяліст. Пацярпяць як дактары, так і пацыенты. Карціна вельмі змрочная і рэалістычная. Адзінае, што неяк усяляе надзею, — тое, што такая няздольная сыстэма кіраваньня ў нейкі момант абрынецца пад цяжарам уласнай абсурднасьці.