Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што стаіць за масавым затрыманьнем артапэдаў-траўматолягаў. Тлумачаць мэдыкі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

На мінулым тыдні ў Беларусі прайшлі масавыя затрыманьні артапэдаў-траўматолягаў абласных і гарадзкіх лякарняў, большасьць зь іх — кіраўнікі аддзяленьняў. Паспрабавалі высьветліць, што стаіць за гэтым.

«Правал сыстэмы цэнтралізаваных закупак і ўскладнены доступ да рынку»

Свабодзе дапамог разабрацца мэдык, які абазнаны ў сытуацыі. Доктар пагадзіўся гаварыць на ўмовах ананімнасьці. Ягоная асоба вядомая рэдакцыі.

Паводле мэдыка, затрымалі толькі артапэдаў, якія працавалі паводле пазабюджэтных праграмаў з эндапратэзамі каленных і сьцегнавых суставаў сусьветна вядомых фірмаў Johnson and Johnson (марка De Pue) і Waldemar Link.

Паводле суразмоўцы, склалася такая сытуацыя, што цэнтралізаваныя дзяржаўныя закупкі пратэзаў не праводзіліся ў дастатковых аб’ёмах, былі вялікія чэргі на бясплатныя апэрацыі, таму бальніцы прапанавалі пацыентам без чаргі рабіць платныя апэрацыі (за пазабюджэтныя сродкі, з уласнай кішэні), што стварала прастору для карупцыі.

Мэдык мяркуе, што тут няма палітычнага складніку і, найхутчэй, мэдыкаў абвінавацяць у карупцыі, а падстава для яе — правал сыстэмы цэнтралізаваных закупак праз УП «Белмэдтэхніка» і занадта ўскладнены доступ да рынку іншых вырабнікоў (вельмі дарагая і складаная сыстэма рэгістрацыі мэдычных тавараў, асабліва ва ўмовах уніфікацыі мытнага заканадаўства ЭўрАзЭС).

Суразмоўца тлумачыць, чаму ня можа працаваць эфэктыўна сыстэма цэнтралізаваных закупак:

— Кожны сустаў мае свой памер. Дакладна прагназаваць, якія суставы будуць ужытыя, які пацыент прыйдзе, проста немагчыма. Закупкі ажыцьцяўляліся, але ў выніку стала так, што крайнія памеры, нехадавыя, самыя малыя і самыя вялікія, якія былі закупленыя, засталіся на складах. Потым у іх выйшаў тэрмін стэрыльнасьці. Гэта таксама стала падставай для некалькіх крымінальных справаў. Людзі на высокіх пасадах у шпіталях, дзе займаюцца пратэзаваньнем, былі затрыманыя за тое, што марнавалі дзяржаўныя сродкі. Насамрэч немажліва ў рамках гэтай сыстэмы закупкі рабіць цэнтралізавана, немагчыма прагназаваць.

Мэдык нагадвае, што гэтая справа пачалася некалькі гадоў таму. Пра яе рабіў расьсьледаваньне незалежны тэлеканал «Белсат». А пачалося ўсё са скаргаў аднаго з пацыентаў, які сутыкнуўся з праблемай і пачаў пісаць скаргі ў «органы» і ў СМІ. І цяпер, паводле доктара, мы бачым наступствы, меркавана, пасьля пэўных сьледчых дзеяньняў.

«Рашэньні прымалі ня лекары»


Доктар Рустам Айзатулін, зь якім не працягнулі кантакт у РНПЦ траўматалёгіі і артапэдыі праз удзел у пратэстах, у інтэрвію Свабодзе патлумачыў, як ён бачыць сутнасьць праблемы.

Паводле яго, усе спэцыялісты скардзіліся на дзяржзакупкі, на тэндэры, на адсутнасьць статыстыкі, на аддзелы закупак у «Белмэдтэхніцы», але паколькі рашэньні прымаліся «наверсе», лекары з гэтым зрабіць нічога не маглі. Айзатулін кажа, што начальства шпіталяў і дырэкцыю «Белмэдтэхнікі» таксама задавальняла зьмяшаная сыстэма дзяржзакупак і пазабюджэтных паставак, бо першыя не задавальнялі патрэбаў пацыентаў і дактароў.

Што да розных памераў і складу пратэзаў, Айзатулін адзначае наступнае:

— Пратэз — гэта ножка пратэза, шыйка, галоўка, укладыш, часам супрацьпратрузійнае кальцо. Калі пратэз платны, то фірма старалася ўсё прывезьці па некалькі памераў. Рэшткі забіралі і рабілі новы камплект. Усё супэр. Але калі была дзяржаўная закупка, то ўсяго бралі пароўну. І вось пад канец году на складзе засталіся ножкі адны, шыйкі другія, кольцы трэція, сядзіш і не разумееш, што табе трэба будзе на наступны год. Бо статыстыкі няма. Яна як бы ёсьць, але яе няма...

Айзатулін тлумачыць, як фармуюцца закупкі:

— Канец году... Заяўкі спускаюцца на загадчыкаў аддзяленьняў. Ад галоўнага лекара, ад аддзела закупак і гэтак далей. І гэта робіцца часта такім чынам. Напрыклад, прыносіць сёньня галоўны лекар заяўку і кажа: «Выбачайце, усё ўсюды зноў прафукалі, трэба было яшчэ ўчора гэта зрабіць. Рабіце». І пішаш гэта на каленках паміж апэрацыямі, ці даеш напісаць доктару ў аддзяленьні, які ні ў зуб нагой у гэтым. А статыстыку ніхто дакладна не вядзе, у аптэцы і на складзе бардак. Аддзел закупак п’е каву... Вось і вінаватым застаесься ты. А тыя, хто вінаваты, чыстыя зноў. Прыходзяць новыя камплекты з тымі часткамі пратэзу, што рэдка выкарыстоўваюцца, а ў цябе яшчэ тых шмат. Вось і зьбіраецца на складзе.

Доктар Рустам Айзатулін добра ведае затрыманых лекараў:

— Ну, і гэтае рашэньне пацыента перад выпіскай — несьці пакуначак з каўбасой і каньяком ці ня несьці. Так, вядома, тыя, хто па платнай праграме гэта рабілі, былі больш удзячныя, чым тыя, хто стаяў у чарзе 5 гадоў. Але ніхто і ніколі за гэта грошай не вымагаў. Сытуацыя, хутчэй за ўсё, такая — ператрэсьлі фірмы-пастаўшчыкі і знайшлі чорную бухгальтэрыю, па якой раз на месяц ці квартал плацілі працэнт з пратэзаў, набытых міма дзяржаўных закупак. Але тут таксама няма злачынства.

Паводле доктара, затрымліваць за гэта нават загадчыкаў аддзяленьняў — гэта проста яшчэ раз даказаная «тупасьць нашай сыстэмы пакараньня, закупак і ўсяго астатняга».

— Калі мы бяром сапраўды дарагі пратэз, у клініку ён пройдзе не па рэцэпце лекара. Пішацца заяўка, падпісвае галоўны лекар або начмэд. Пасьля праз аддзел закупак і платныя паслугі. Ня ўсё так проста, але ўсё больш-менш празрыста. І грошы там сапраўды ёсьць. Але і пратэз, прабачце, каштуе больш за 3000 даляраў.

Потым пацыент плаціць аддзелу закупак канкрэтнай клінікі, і яны далей на фірму. Кожны атрымлівае працэнт. І клініка таксама. За месяц такіх праходзіла, дапусьцім, 2–3. Ну, атрымліваў доктар за гэта дадаткова колькі там даляраў. І што? Каму стала зайздросна? І за гэта трэба браць? Празь «Белмэдтэхніку», галоўных лекараў і аддзелы закупак з тэндэрамі праходзіць у разы больш. Да іх пытаньняў няма чамусьці.

Доктар Рустам Айзатулін прагназуе, што пасьля затрыманьняў такой вялікай колькасьці спэцыялістаў будзе катастрафічная сытуацыя з пратэзаваньнем у Беларусі, бо проста ня будзе каму праводзіць апэрацыі. Да гэтага дадаецца яшчэ сталая праблема нястачы дактароў празь іх ад’езд ці звальненьне ва ўмовах рэпрэсій у Беларусі.

У некаторых дзяржаўных кансультатыўных цэнтрах і так не хапае адмыслоўцаў. І ніхто не жадае туды ісьці працаваць. Кансультуюць тыя, хто ня мае належнага досьведу, практыкі ў працы. У многіх прыёмных аддзяленьнях дзяжурства часам «закрываюць» ардынатары або ўрачы першага году...

  • Паводле зьвестак сайта Zerkalo.io, па ўсёй краіне затрымалі ад 25 да 50 мэдыкаў. Іх падазраюць па артыкуле 430 КК «Атрыманьне хабару». Пра масавае затрыманьне лекараў са спасылкай на свае крыніцы паведаміла і «Наша Ніва».
  • Паводле выданьня, сярод затрыманых — супрацоўнік ВДМУ і галоўны няштатны траўматоляг-артапэд Віцебскай вобласьці Канстанцін Балабошка, загадчык траўматалягічнага аддзяленьня Віцебскай абласной клінічнай бальніцы Андрэй Крылоў і загадчык траўматалягічнага аддзяленьня Віцебскай бальніцы хуткай мэдычнай дапамогі Аляксандар Царкоўскі. У суботу, 26 сакавіка, у іх працоўных кабінэтах прайшлі ператрусы.
  • Выданьне «Флагшток» паведамляла пра затрыманьне двух загадчыкаў аддзяленьняў траўматалёгіі — у Гомельскай абласной клінічнай бальніцы і ў Гомельскай гарадзкой клінічнай бальніцы № 1, і трох траўматолягаў з Мазырскай ЦРБ. Верагодна, сярод іх загадчык аддзяленьня траўматалёгіі Яўген Кузьменка. Таксама, паводле зьвестак Zerkalo, затрымалі загадчыка траўматалягічнага аддзяленьня ЦРБ у Ваўкавыску Яўгена Саўко.
  • Родныя аднаго з затрыманых расказалі, што ён праходзіць па ч. 2 арт. 430 Крымінальнага кодэксу «Атрыманьне хабару паўторна, або шляхам вымаганьня, або групай асоб па папярэдняй змове, або ў буйным памеры». Максымальнае пакараньне паводле гэтага артыкула — 10 гадоў пазбаўленьня волі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG