Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто будзе лячыць? Дактары — пра звальненьні мэдыкаў паводле сьпісаў спэцслужбаў


Які маштаб палітычна матываваных звальненьняў мэдыкаў у Беларусі? Ці ёсьць у кіраўніцтва мэдустановаў магчымасьць адстаяць сваіх супрацоўнікаў?

Што страчвае беларуская мэдыцына ў сувязі з ад’ездам і звальненьнем мэдыкаў? Зь якім пачуцьцём сілавікі прыходзяць на прыём да мэдыкаў, якіх білі ці адпраўлялі за краты? Абмеркаваньне ў эфіры Свабоды Premium.

Удзельнічаюць:

  • Анколяг Надзея Пятроўская, якая загадвала аддзяленьнем РНПЦ дзіцячай анкалёгіі, гематалёгіі і імуналёгіі, увосень 2020-га звольнілася на знак пратэсту, калі ў РПНЦ насуперак волі пэрсаналу зьмянілі кіраўніцтва. Цяпер Надзея працуе анколягам у Чэскім Крумлаве.
  • Гастраэнтэроляг і эндаскапіст Лідзія Тарасенка, каардынатарка Фонду мэдычнай салідарнасьці, былая кіраўніца аднаго з прыватных мэдычных цэнтраў у Беларусі, былая загадчыца аддзяленьня эндаскапіі ў РНПЦ анкалёгіі і мэдычнай радыялёгіі. Цяпер працуе ва Ўкраіне.
  • Імуноляг і алерголяг Ганна Барушка, якая таксама цяпер працуе ва Ўкраіне. Раней выкладала ў Беларускай мэдычнай акадэміі пасьлядыплёмнай адукацыі. У сакавіку 2021-га Ганну затрымалі і асудзілі на 15 сутак, яна сядзела ў Жодзіне і на Акрэсьціна.

Цалкам дыскусію глядзіце на відэа

Тут фрагмэнты размовы


«Кагосьці звальняюць бяз права на прафэсію, кагосьці могуць паўшчуваць, запатрабуюць уступіць у прафсаюз»

— Які маштаб палітычна матываваных звальненьняў і хто трапляе пад іх найперш, паводле дадзеных Фонду мэдычнай салідарнасьці? Паводле якіх крытэраў складаюцца гэтыя сьпісы? Якія шпіталі, РНПЦ, паліклінікі найбольш пацярпелі, у якіх гарадах?

Лідзія Тарасенка
Лідзія Тарасенка

Лідзія Тарасенка: Зразумела, што такой статыстыкі няма. У нас ёсьць ускосныя зьвесткі, па якім мы можам меркаваць. Ёсьць каля 10 тысяч вакансій для мэдычных работнікаў на афіцыйных сайтах. Фонд мэдычнай салідарнасьці актыўна зьбірае статыстыку. На сёньня ў нас каля 200 гісторый ад людзей, якія адгукнуліся на наш збор інфармацыі. Я думаю, што рэальная лічба як мінімум на парадак большая. Натуральна, што афіцыйнага пацьверджаньня гэтаму ў нас няма. Мы дакладна ведаем, што сьпісы існуюць.

Кагосьці звальняюць бяз права на прафэсію, кагосьці могуць паўшчуваць, патрабуюць уступіць у прафсаюз. Гэта татальная сытуацыя па ўсёй краіне. У многім сытуацыя залежыць ад актыўнасьці адміністрацыі — недзе актыўна звальняюць, недзе спрабуюць сваіх калі не адстаяць, то як мінімум «адмазаць». Сытуацыя характэрная як для Менску, для розных РНПЦ, так і для мэдустановаў у невялікіх раённых гарадах, дзе ўсе адзін аднаго знаюць.

Як сьпісы фармуюцца, ніхто ня ведае, можна толькі здагадвацца. Але сьпісы дакладна ёсьць. Кагосьці па сьпісах трэба звольніць зусім, кагосьці прыстрашыць і пакінуць, кагосьці звольніць па заканчэньні кантракту. У сьпісах на звальненьне — тыя, хто ставіў подпісы за альтэрнатыўных кандыдатаў, хто пакідаў нейкія камэнтары ў сацсетках, хто быў затрыманы за ўдзел у мірных маршах. Рэпрэсіі набіраюць абарот, гэта чакана. Трапіць пад звальненьне проста.

«Ёсьць прыклады, калі адміністрацыя адстойвала сваіх супрацоўнікаў»

— Надзея, як вам падаецца, ці ёсьць у кіраўніцтва мэдустановаў магчымасьць адстаяць сваіх супрацоўнікаў? Натуральна, што адкрыты пратэст КДБ ня выкажаш у цяперашняй сытуацыі, але ці ёсьць нейкія іншыя формы, каб захаваць прафэсіянала, калегу?

Надзея Пятроўская
Надзея Пятроўская

Надзея Пятроўская: Прыклады, калі адміністрацыя адстойвала сваіх супрацоўнікаў, безумоўна, ёсьць. Не магу сказаць, што так паўсюль. Калі браць за прыклад дзіцячы онкагематалягічны цэнтар, то там адміністрацыя нікога ня звольніла. У сувязі з тым, што звольнілася калясальная колькасьць лекараў, мэдсёстраў, работнікаў аховы здароўя, то калі б прыйшлося звальняць кагосьці яшчэ па сьпісах, гэта быў бы каляпс. Там і так праца разьмеркавалася на тых, хто застаўся.

Першым эшалёнам пайшлі людзі, якія звольніліся праз пратэсты. Калі нагрузка стала вялікая, звольніўся другі эшалён — людзі, якія прызвычаіліся да камфортнай працы, якім падобныя ўмовы падаюцца таксычнымі і невыноснымі (а так і ёсьць). Безумоўна, у дзіцячым цэнтры зьявіліся такія сьпісы на звальненьне, бо прафіляктычныя гутаркі зь людзьмі праводзіліся з выкарыстаньнем шантажу і пагрозаў, усяго арсэналу энкавэдэшных трукаў. Тым ня менш ніхто ня быў звольнены.

У некаторых мэдустановах адміністрацыя актыўна ўступаецца за сваіх супрацоўнікаў — бярэ на парукі, бярэ на ўласную адказнасьць, але ўсё роўна з гэтымі людзьмі праводзіцца дастаткова жорсткая размова, маюць месца ў тым ліку прыніжэньне, зьнявагі і пагрозы. Мы можам толькі здагадвацца пра рычагі, якія выкарыстоўвае адміністрацыя, каб захаваць сэнс працы. Цяпер у мэдыцыне недастаткова быць проста ляяльным, асяродзьдзе ў дзяржаўнай мэдыцыне вельмі таксычнае. Так кажуць калегі, зь якімі я кантактую.

«Беларуская мэдыцына згубіла канкурэнтаздольных лекараў»

— Ганна, давайце згадаем гісторыю Максіма Ачарэтняга, былога галоўнага лекара 3 дзіцячай бальніцы, які спачатку ўзяў на працу мэдыкаў, якіх звольнілі зь іншых мэдустановаў, а потым і зь ім не працягнулі кантракт, пасьля таго як ён адмовіўся звальняць сваіх супрацоўнікаў. Ён зьехаў ва Ўкраіну і, як і вы, і Лідзія, працуе ў гэтай краіне, дапамагаючы ўкраінскім пацыентам. Як бы вы ацанілі, што страчвае беларуская мэдыцына ў сувязі з адʼездам, звальненьнем мэдыкаў?

Ганна Барушка
Ганна Барушка

Ганна Барушка: Беларуская мэдыцына найперш губляе якасьць. На жаль, пахваліцца вялікімі посьпехамі ў некаторых галінах і ў мірны час было складана. Найлепшы ўзровень мэдыцыны, безумоўна, эўрапейскі ці амэрыканскі. Некаторыя лекары ў пэўных мэдустановах маглі на высокім узроўні аказваць дапамогу і мець тэхнічныя магчымасьці для выкананьня пэўных апэрацый ці іншых маніпуляцый, але немагчыма казаць, што наша мэдыцына сапраўды мае добры ўзровень. Ва Ўкраіне вельмі добра ставяцца да беларускіх лекараў і лічаць узровень беларускай мэдыцыны вельмі высокім. А ў мяне, наадварот, было адчуваньне, што ва Ўкраіне ёсьць болей магчымасьцяў — і тэхнічных, і для падвышэньня кваліфікацыі.

Беларуская мэдыцына згубіла лекараў, якія канкурэнтаздольныя, якія маглі сябе «прадаць» ня толькі ў Беларусі. Мноства лекараў са студэнцкай лавы рыхтаваліся, вучылі замежныя мовы, магчыма, і марылі пра пераезд, але некаторы час атрымливалі досьвед у Беларусі. Гэта найперш маладыя лекары з патэнцыялам, прагай да ведаў, да ўдасканальваньня, і іх вельмі шмат уцякло з краіны.

Гэта былі людзі зь вельмі актыўнай пазыцыяй, бо лекар, які хоча лячыць добра, ня можа быць абыякавы, бо ён у першую чаргу — асоба. На жаль, менавіта беларуская мэдыцына страціла вялікі кавалак менавіта гэтай часткі. Мэдыцына, перш за ўсё, гэта людзі. Якое б абсталяваньне ні мела клініка, калі няма людзей, якія могуць на ім працаваць, дык сэнсу няма ў такой мэдыцыне і такой клінічнай установе.

І гэта вялікае гора і бяда для пацыентаў. Калі мяне толькі вызвалілі з турмы, адна знаёмая зьвярталася ў розныя мэдычныя ўстановы, шукала доктара для свайго дзіцяці, і ёй адказвалі: гэты зьехаў, гэты зьехаў і гэты зьехаў. І гэта было амаль год таму. Гэта падзеньне ўзроўню аказаньня кваліфікаванай мэдычнай дапамогі.

Яшчэ застаюцца вельмі добрыя і высокапрафэсійныя дактары, але на іх павялічваецца нагрузка, яны павінны рабіць болей, чым могуць, і гэта вядзе да росту памылак праз стомленасьць, эмацыйнае выгараньне, дэпрэсію. Восеньню 2020 году было некалькі суіцыдаў сярод мэдыкаў. Калі цябе паставілі ва ўмовы, што ня можаш працягнуць сваю прафэсійную дзейнасьць праз маральныя прынцыпы і ня можаш нічога зьмяніць, на жаль, суіцыд можа падавацца выйсьцем.

«Ёсьць і такія лекары, якіх не дазволена браць на працу нават у прыватныя мэдцэнтры»

— Лідзія, вядома, што пасьля звальненьня зь дзяржаўных мэдустановаў мэдыкі атрымліваюць так званы «чорны білет», яны ня змогуць уладкавацца ў дзяржаўныя мэдустановы, дзе патрабуецца цяпер анкета, у якой трэба даказваць сваю ляяльнасьць. Паводле вашай інфармацыі, наколькі гэта тычыцца прыватных мэдычных цэнтраў? Ці не губляюць звольненыя мэдыкі ў выніку проста права на прафэсію?

Лідзія Тарасенка: Ёсьць і такія, якіх не дазволена браць на працу нават у прыватныя цэнтры. Мы можам толькі здагадвацца, якія выдадзеныя распараджэньні, але агульнае ўражаньне, што па прыватных цэнтрах пакуль што не такая жорсткая сытуацыя. Хаця, улічваючы, што адбываецца, ня варта спадзявацца, што да іх больш ляяльна ставяцца. Найхутчэй, проста не дайшла да іх чарга.

«Пасьля чарговага маршу я прыйшла на працу і запытала: „Дык гэта вы нас разганяеце па нядзелях?“»

— Мне расказвалі гісторыі, што сілавікі, калі ім даводзіцца класьціся ў шпіталі, спачатку кажуць, што ім не патрэбны бальнічны, каб дактары не пабачылі месца працы, а потым, калі выпісваюцца, кажуць, што ўсё ж бальнічны патрэбны, бо лячэньне атрымалі, можна не хавацца. Надзея, як вам падаецца, зь якім пачуцьцём цяпер зьвяртаюцца па мэдычную дапамогу тыя, хто чыніць рэпрэсіі, супраць мэдыкаў у тым ліку, — сілавікі, сьледчыя, судзьдзі, пракуроры, тыя, хто складае сьпісы на звальненьне?

Надзея Пятроўская: Скажу толькі, што спэцслужбам удалося стварыць у краіне невыносныя ўмовы, калі квітнее стукацтва, калі павылазілі шарыкавы, якім Швондэр даў ліцэнзію на хамства, грубасьць і ўсё, што магчыма. У бясьпецы сябе не адчувае ніхто. Гэта тычыцца ня толькі мэдыкаў, але і сілавікоў, і службоўцаў сыстэмы правасудзьдзя. Гэта ўмовы 1937 году. Нейкім чынам калектыўная памяць не адпрацавала гэты досьвед, і мы паўтараем гэтыя жорсткія ўрокі ўжо ў сучасных умовах, дзякуй Богу, зь меншай колькасьцю фізычных ахвяраў. Тым ня менш людзі, якія страцілі працу, пачуцьцё ўпэўненасьці, — гэта таксама ахвяры.

І сюжэт, калі кат прыйшоў на прыём да сваёй ахвяры, — гэта зь цяперашняга рэпэртуару. У Салтыкова-Шчадрына ў «Горадзе» людзі пасьля сьмерці дыктатара не маглі глядзець адзін аднаму ў вочы. Цяпер мы перажываем нешта падобнае. Частка людзей спрабуе выкарыстаць сытуацыю, гэта не шырока распаўсюджаная зьява, але гэта заахвочваецца. Усё заточана на тое, каб людзі ператвараліся ў ворагаў.

Восеньню 2020 году ў мяне былі на прыёме бацькі майго малога пацыента. Яны былі вайскоўцамі. Пасьля чарговага маршу я прыйшла на працу, і калі даведалася, хто яны, запытала: «Дык гэта вы нас разганяеце па нядзелях?». Я пабачыла шчыры спалох на твары ў абодвух бацькоў. Я нічога дрэннага ня мела на ўвазе, проста запытала, ці гэта яны нас разганялі. Пры гэтым для іх дзіцяці рабілася ўсё магчымае і будзе рабіцца. Я тады яшчэ не ўсьведамляла маштабы трагедыі. Але я і не пазайздросьціла б прадстаўнікам праваахоўных органаў, якія вымушаныя зьвяртацца да лекараў.

«Беларускія мэдыкі, калі звальняюцца, могуць папрасіць дапамогі»

— Ганна, вы, як Надзея і Лідзія, пачалі практычна з нуля прафэсійнае жыцьцё ў іншай краіне. Якая ваша парада тым, хто цяпер губляе працу? У якіх выпадках адʼезд — неабходная опцыя?

Ганна Барушка: Няма парады, якая б была добрая для ўсіх. Раіць у такой сытуацыі немагчыма, бо ў кожнага свой пералік фактараў, якія ўплываюць на канчатковыя рашэньні. У маім выпадку не было іншай магчымасьці, я ня бачыла будучыні. Пасьля звальненьня мне прапанавалі ўладкавацца ў камэрцыйны цэнтар. Я хадзіла па выходных на маршы і не ўяўляла, як буду працаваць. Навошта, каб усё, што буду зарабляць, аддаваць на дапамогу пацярпелым, параненым, на розныя справы беларускай салідарнасьці...

Сярод мэдыкаў добрая камунікацыя, і калі нехта трапіў у цяжкую сытуацыю, ці пацыент складаны, заўсёды раяцца з калегамі, выходзяць на той жа Беларускі фонд мэдычнай салідарнасьці. Беларускія мэдыкі, калі звальняюцца, могуць папрасіць дапамогі. І гэта вельмі вялікая падтрымка, бо можаш пэўны час супакоіцца. Калі пераехаў, гэта вялікі стрэс. Некаторыя псыхолягі параўноўваюць яго са сьмерцю кагосьці з блізкіх. Пераезд — вялікая колькасьць неспадзяванасьцяў, да якіх ты не гатовы і ніколі ня будзеш гатовы. Гэта вельмі марудны адміністрацыйны працэс, каб пацьвердзіць свой дыплём. Вельмі шмат нэрваў, сілаў, рэсурсаў. Патрэбны апастыль для ўсіх дакумэнтаў. Калі мне родныя ў Беларусі рабілі апастыль, яны казалі, што неверагодная колькасьць людзей стаяла ў чарзе, каб атрымаць апастыль...

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG