1 лістапада, у дзень Усіх сьвятых, беларусы, што жывуць у Літве, ушанавалі памяць Кастуся Каліноўскага на могілках Росы ў Вільні.
Беларусы Літвы сёньня наведалі капліцу на могілках Росы і паклалі кветкі да труны Каліноўскага.
«Мы прыйшлі з нашым бел-чырвона-белым сьцягам. Такім чынам мы хочам падзякаваць яму і паказаць, што мы яго памятаем», — сказала Польскаму радыё беларуская опэрная сьпявачка Маргарыта Ляўчук.
У паведамленьні Польскага радыё зь Вільні сьцьвярджаецца, што дзякуючы Каліноўскаму ў паўстанцкіх аддзелах у Беларусі быў самы высокі адсотак сялян сярод усіх паўстанцаў. Захоплены ў студзені 1864 году, ён быў пакараны сьмерцю на Лукіскім пляцы ў Вільні. Напярэдадні пакараньня сьмерцю Каліноўскі напісаў «Лісты з-пад шыбеніцы» на беларускай мове, якія сталі яго палітычным запаветам. Беларуская апазыцыя, сьцьвярджае Польскае радыё, прызнае Каліноўскага нацыянальным героем, які змагаўся за незалежнасьць і беларускую мову, а таксама сымбалем супраціву Расеі.
Некалькі гадоў таму на Замкавай гары ў Вільні былі знойдзеныя парэшткі Канстанціна Каліноўскага, Зыгмунта Серакоўскага і іншых паўстанцаў. Летась у лістападзе адбылося іх урачыстае пахаваньне прайшло з удзелам найвышэйшых прадстаўнікоў Літвы і Польшчы, а таксама дзяржаўных дэлегацый Беларусі, Латвіі і Ўкраіны.
У цырымоніі прынялі ўдзел і тысячы беларусаў, якія прыехалі з гэтай нагоды ў Вільню.
Што важна ведаць пра перапахаваньне Кастуся Каліноўскага
Цырымонія перапахаваньня парэшткаў удзельнікаў антырасейскага паўстаньня 1863-64 гадоў адбылася 22 лістапада на віленскіх могілках Росы.
- Цягам 2016 году на гары Гедзіміна ў Вільні двойчы здарыліся апоўзьні, паўстала пагроза славутай вежы.
- У 2017 годзе падчас раскопак на гары Гедзіміна ў Вільні літоўскія археолягі выявілі парэшткі 21 паўстанца, у тым ліку іхніх лідэраў Кастуся Каліноўскага і Зыгмунта Серакоўскага.
- У сакавіку 2019 году літоўскія дасьледнікі пацьвердзілі ідэнтыфікацыю парэшткаў Каліноўскага мэтадам выключэньня астатніх, а таксама праз супастаўленьне ўзросту, мэтаду сьмяротнага пакараньня і параўнаньня чэрапу з фатаздымкам.
- У ліпені 2019 году для параўнаньня ДНК эксгумавалі магілу брата Кастуся Каліноўскага Віктара ў Сьвіслачы на Горадзеншчыне (у лідэра паўстаньня не засталося нашчадкаў па мужчынскай лініі). Але вынікі экспэртызы дагэтуль не апублікаваныя.
- Дзяржаўную камісію ў справе перапахаваньня ўзначаліў прэм’ер-міністар Літвы Саўлюс Сквярняліс. Польскія ўлады актыўна супрацоўнічалі ў перамовах пра мэмарыялізацыю, а вось афіцыйны Менск асаблівага зацікаўленьня ня выявіў.
- Беларуская грамадзкасьць дамаглася таго, каб на кожным надмагільлі апроч надпісаў па-літоўску і па-польску была і беларуская мова.
- У канцы верасьня шэраг беларускіх інтэлектуалаў зьвярнуліся да літоўскіх уладаў з просьбай перадаць парэшткі аднаго з галоўных нацыянальных герояў для перапахаваньня ў Беларусі. Літоўцы не адрэагавалі, бо не атрымалі афіцыйнага звароту ад беларускіх уладаў.
- У Вільні перапахаваюць парэшткі 20 з 21 знойдзеных паўстанцаў — навукоўцы ня здолелі ідэнтыфікаваць ксяндза Станіслава Ішору. Ёсьць генэтычныя дадзеныя нашчадкаў, якія жывуць у Літве і Польшчы, але аналіз паказаў, што сярод пахаваных яго няма.
Публікацыі на тэму
- Што важна ведаць пра Кастуся Каліноўскага
- Каліноўскі і палітычнае нараджэньне Беларусі
- Як расейцы пахавалі Кастуся Каліноўскага: рукі зьвязаныя за сьпінай, цела засыпанае вапнай. ФОТА
- «Гэта страшная праўда». Як шукалі і «знайшлі» магілу брата Кастуся Каліноўскага
- 40 мясьцінаў у Беларусі, дзе можна ўшанаваць паўстанцаў Каліноўскага. МАПА