Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У музыкі гурта «Стары Ольса» згарэла майстэрня, ён таксама пацярпеў


Алесь Чумакоў
Алесь Чумакоў

Удзельнік вядомага гурта сярэдневяковай музыкі «Стары Ольса» Алесь Чумакоў распавёў, што прычынай здарэньня стала ўзгараньне праводкі. Спыніць агонь, і выратаваць хоць што-небудзь з інструмэнтаў не атрымалася, таму музыка зьвяртаецца па дапамогу, каб працягваць займацца сваёй справай.

«Увечары 5 красавіка загарэлася праводка ў маёй майстэрні gusli.by. Пакуль я бегаў з вогнетушыцелямі — атрымаў апёкі 3-й ступені, але ўсё марна: спыніць агонь, і выратаваць хоць што-небудзь не атрымалася. Імгненьні — і зьніклі 20-гадовыя запасы музычнага дрэва, некалькі гатовых інструмэнтаў, прафэсійныя станкі і электра-інструмэнт, стубцыны, сотні дробных каштоўных прыладаў, што майстар назапашвае гадамі, хімія, чарцяжы, шаблёны, занатоўкі...», — напісаў Алесь Чумакоў.

Пацярпеў падчас пажару і ён сам. Аднак музыка падкрэсьліў, што са шпіталю яго ўжо адпусьцілі, толькі апёкі яшчэ трэба далячыць.

«Хуткая дапамога прывезла мяне ў шпіталь хуткай мэдыцынскай дапамогі, суткі ў рэанімацыі, тэрміновая бронхаскапія (чыстка лёгкіх), потым у стацыянар на паўтары тыдні: лекі, перавязкі, кісларод, штодзённыя баракамэры і — дзякуючы нашым мэдыкам — вось я дома. Рукі, галава — яшчэ некалькі тыдняў і скура цалкам адновіцца.
Шчасьлівы, што жывы... Але заплюшчваю вочы — і я зноў там, пасярод вогненнай стыхіі, у паніцы спрабую, хоць нешта разумнае пасьпець зрабіць у гэтыя сэкунды».

Алесь Чумакоў зазначыў для таго, каб ён мог працягваць займацца сваёй справай трэба аднавіць майстэрню.

«20 гадоў я займаўся вывучэньнем, вырабам і папулярызацыяй беларускіх гусьляў. Зроблена больш за 150 інструмэнтаў, на якіх граць па ўсім сьвеце. Я вызваліў сваё жыцьцё ад іншых заняткаў і прафэсійна займаюся толькі гэтым. У мяне ёсьць дакладнае разуменьне, якімі былі беларускія гусьлі ў раньнім Сярэднявеччы, якіх гусьлі гралі ў Полацку й Тураве, Гародні, Наваградку й Віцебску, на якіх гусьлях гралі ў Старым Менску, якія гусьлі бачыў Кірыла Тураўскі. Як зьмяніліся гусьлі са стагоддзямі: якімі гусьлямі натхняўся Францыск Скарына, якія гусьлі прынесьлі этнографам сяляне ў XIX — пачатку XX стагодзьдзя... Галоўнае што атрымалася ўратаваць з вогнішча — гэта веды.

Я хачу працягваць сваю працу — аднавіць і рэарганізаваць майстэрню ў лепшым і больш бясьпечным выглядзе. Хачу, каб беларускія гусьлі працягвалі граць па ўсім сьвеце.

Было б лёгка апусьціць рукі і здрадзіць сваёй мары. Толькі я ўпэўнены, што з дапамогай такіх добрых, верных і чульлівых сяброў з усяго сьвету, аднавіць гэтую важную працу рэальна. Хутка. І мы з вамі яшчэ зайграем і сьпяём!»

Дапамагчы можна некалькімі спосабамі па гэтай спасылцы:

  • даслаць ахвяраваньні,
  • замовіць у гусьлі,
  • набыць музыку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG