У аглядзе онлайн-канцэртаў клясычнай музыкі вядомае брытанскае выданьне Financial Times асобна згадала нядаўні выступ беларускага гурту сярэднявечнай музыкі «Стары Ольса».
Сярод дзясятка парадаў ад Financial Times былі выступы музыкаў да эўрапейскага Дня старадаўняй музыкі, а «для чагосьці крыху іншага» параілі выступ «Ольсаў», якія «прабіваюць сабе шлях у сярэднявечную музыку Вялікага Княства Літоўскага». Гэты выступ, як і іншыя ў межах Дня старадаўняй музыкі, даступны бясплатна на Youtube.
Гурту сёлета спаўняецца 21 год. З гэтай нагоды «ольсы» вырашылі стварыць свой інтэрнэт-музэй — просяць слухачоў дасылаць свае рарытэтыя фота і ўспаміны, як «пасьля наведваньня канцэрту „Старога Ольсы“ вы сталі размаўляць па-беларуску, альбо вы ці вам прапанавалі руку і сэрца, альбо вы танчылі так, што зламалі нагу, ды іншыя цікавосткі».
«Стары Ольса» грае ня толькі сярэднявечную музыку, але і сучасную ў «сярэднявечнай» апрацоўцы і на старажытных інструмэнтах. Нядаўна гурт выдаў на ўсіх асноўных лічбавых пляцоўках альбом «Medieval Classic Rock» 2016 году, на якім перасьпяваў гіты AC/DC, The Beatles, Metallica і іншых.