Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мама, гэта няпраўда. Ніякі гэта не пажар». Што расказаў маці ацалелы матрос-«тэрміновік» з крэйсэра «Москва»


Журналісты праекту «Схемы» (Радыё Свабода) знайшлі сваякоў яшчэ аднаго прызыўніка з патанулага крэйсэра «Масква». Матрос уцалеў пасьля выбуху і пажару на караблі. Журналісты паразмаўлялі зь ягонай маці. Рэдакцыя не называе яе імя зь меркаваньняў бясьпекі.

Жанчына расказала, што вечарам 14 красавіка ёй патэлефанаваў сын і ўсё, што ён ёй паведаміў, ішло ўразрэз з афіцыйнымі заявамі расейскіх уладаў. У прыватнасьці, ён пацьвердзіў, што ў карабель трапілі ўкраінскія ракеты «Нэптун», і паведаміў аб 40 загінулых мараках. Па словах маці тэрміновай службы, крэйсэр «Москва» з 24 лютага ўжо выконваў шэраг баявых задач, у тым ліку на востраве Зьмяіны, а падчас апошняга паходу расейскія войскі плянавалі апэрацыю па высадцы марскіх пяхотнікаў у Адэсе.

«Сын мне патэлефанаваў па тэлефоне 14-га ў сьлязах і сказаў: „Мама, ты разумееш, што адбылося? У нас запусьцілі тры ракеты!“ (Па дадзеных украінскіх уладаў, па крэйсэры „Москва“ былі выпушчаныя дзьве крылатыя ракеты „Нэптун“. — НВ)», — расказвае жанчына. — Частку хлопцаў эвакуіравалі на фрэгат «Макаров». Усіх, хто выжыў, даставілі ў Севастопаль. Ім далі тэлефоны, таму што яны былі, прабачце, толькі ў трусах і цяльняшках. У іх усё там засталося — і тэлефоны, і дакумэнты. Яны без усяго«.

Да таго моманту жанчына ўжо бачыла паведамленьні аб «пажары на караблі» і спытала аб гэтым у сына.

«Ён мне сказаў: «Не, мама, гэта няпраўда. Ніякі гэта не пажар». Ён ня проста так гэта сказаў, не з галавы ўзяў. Расказвае мне і плача ад перажытага жаху. Ну пагадзіцеся, проста так ён бы гэта не прыдумаў. І гэта не драўляная шлюпка, якая б так лёгка ўспыхнула. Ніхто нічога не тлумачыць. Я проста не разумею, чаму радары на крэйсэры, які быў усім абсталяваны, не распазналі гэтыя ракеты «Нэптун».

Таму жанчына ня верыць у афіцыйную вэрсію Мінабароны РФ аб узгараньні крэйсэра «Москва» у выніку дэтанацыі боепрыпасу.

Усяго на «Москве», паводле слоў маці матроса, знаходзіліся каля 510 чалавек. Сын расказаў ёй, што ведае пра 40 загінулых. «Па яго словах, загінулі ўсе, хто быў на палубе, у рубцы, хто кіраваў крэйсэрам, хто быў на вахце, таму што ўдар адбыўся якраз па палубе. Ёсьць параненыя з адарванымі канечнасьцямі», — кажа жанчына.

Маці матроса расказала, што яе сын на караблі праходзіў тэрміновую службу. «Ён тэрміновец. А як ён апынуўся на крэйсэры, які выконваў заданьне, — гэта вялікае пытаньне. Крэйсэр удзельнічаў у баявых дзеяньнях: востраў Зьмяіны, Адэская вобласьць. І мой сын там жа ўдзельнічаў як тэрміновец. Гэта азначае што? Невыкананьне загадаў? Невыкананьне законаў? Што?» — кажа маці матроса.

Пра тое, што ані вайскоўцы тэрміновай службы, ані рэзэрвісты ня будуць задзейнічаны ў вайне ва Ўкраіне, у пачатку сакавіка заяўляў прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін. У Мінабароны Расеі таксама заяўлялі, што гэта выключана.

Пры гэтым маці матроса ўпэўнена: служба яе сына была «мірнай».

«Вы зразумейце мяне як маці. Я пасівела ад жаху. Тое, што я ад яго пачула, тое, што я паглядзела ў інтэрнэце, — гэта страшна, і ворагу не пажадаеш такога лёсу. І гэта ў мірны час», — заявіла яна.

Паводле яе слоў, карабель не ішоў на баявы выхад, калі ў яго патрапілі ракеты.

«Ніякага баявога выхаду не было. Яны проста ішлі ў бок Адэсы. Гэта не баявы выхад», — сказала яна.

Аднак на ўдакладняючае пытаньне журналіста жанчына адзначыла, што ў Адэсе ўсё ж плянавалі высадзіць дэсант. «Яны ішлі ў бок Адэсы для высадкі марскіх пяхотнікаў. Можа, я няправільна гэта разумею, але павінны былі „высадзіцца“», — адзначыла маці расейскага матроса.

Па словах жанчыны, у сакавіку яе сына пачалі змушаць падпісаць кантракт на службу, але ён адмовіўся. Цяпер ён знаходзіцца ў Севастопалі, і, паводле яго слоў, таварышаў па службе матроса, якія пагадзіліся падпісаць кантракт, неўзабаве адправяць ва Ўкраіну: «А салдат тэрміновай службы, наколькі я зразумела з навін і з таго, што сказаў мне сын, адпраўляюць у запас».

«Усіх хлопцаў раскідалі па розных частках. Колькі прапалі бязь вестак — невядома, а ўлічваючы, што крэйсэр затануў, там наогул лічбаў ужо няма. Як іх палічыць, калі яны раскіданыя? Такое адчуваньне, што гэта зрабілі спэцыяльна, каб не змаглі палічыць», — кажа маці матроса.

У кіраўніцтве Чарнаморскага флёту РФ бацькам падрабязнасьцяў не расказваюць. «З тымі сваякамі, з якімі я падтрымліваю сувязь, таксама нейкай канкрэтнай інфармацыі няма. Я ведаю тое, што ведаюць яны. Якіх-небудзь падрабязнасьцяў няма», — кажа жанчына.

Паводле зьвестак выданьня «Медуза», 37 членаў экіпажа патанулага судна загінулі, каля 100 атрымалі раненьні, колькасьць зьніклых бязь вестак невядомая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG