Бацькам паведамілі, што Сяргей прапаў бязь вестак. Карэспандэнт «Настоящего времени» Цімафей Ражанскі пагаварыў з маці марака Тамарай Грудзінінай.
«Мы адправілі СМС з дадзенымі сына, нам у адказ прыйшло: «Ваш сын зьнік бязь вестак, спачуваю». Потым нам пазваніў Вакула (Павел Вакула, намесьнік камандзіра карабля. — НВ). Сказаў, што сын наш застаўся на караблі. Я спытала: «Як жа так? Мы ж даверылі вам сына свайго. Як вы так маглі?» Ён кажа: «Вінаваты. Ён не адзін, іх там шмат».
Потым патэлефанаваў камандзір нашага Сярожы. Ён сказаў, што, калі пачалася гэтая ўся... пажар на караблі, ён іх нібы выводзіў, мой Сярожа стаяў у ланцугу, ланцужком ён іх выводзіў. Ланцуг разарваўся, і Сярожа і яшчэ некалькі хлопцаў засталіся там. Ён ня змог іх вывесьці.
Я кажу: «Як жа так, усе камандзіры выратаваліся, а хлапчукі-„тэрміновікі“ там засталіся?» — «Ну вось так». — «Ці ёсьць нейкая надзея, што маглі хлопцы выратавацца?» — «Ну ёсьць. 80%». Потым ён сказаў: 99 працэнтаў. Неяк так круціў і круціў. Неяк так яны з намі размаўляюць, ведаеце, быццам «ды што вы нам тут нейкія соплі разводзіце?» — апавядае Тамара Грудзініна.«А зь Міністэрства абароны нам тэлефануюць і кажуць: «Усё ў парадку. Ваш сын жывы, здаровы». Я званю зь першага дня, сёньня шосты ці сёмы дзень, я званю на гарачую лінію ў 10 гадзін па Маскве. Там жа ўвесь час абнаўляюцца сьпісы. Мне кажуць: «Жывы, здаровы, пры першай жа магчымасьці пазвоніць», — працягвае яна.
Сяргей, як і іншыя салдаты тэрміновай службы, з бацькамі якіх ужо паразмаўляла «Настоящее время», таксама не зьбіраўся падпісваць кантракт.
«Калі я яму апошні раз званіла 10 красавіка, я яму казала: „Толькі не кантракт!“ Ён і сам не хацеў, ён дадому ўжо вельмі хацеў. Ён не падпісваў ніякіх кантрактаў, гэта 100%. А пра вайну нічога не казаў. „Усё добра“, — ён заўсёды так нас супакойваў. „Мам, усё добра, усё нармальна, вярнуся дадому“. Ці разумела я, што ён са службы трапіў на вайну?.. Не», — кажа жанчына.
Тамара была ўпэўненая, што Сяргей ня будзе прымаць удзелу ў «спэцапэрацыі» ва Ўкраіне, і таму не патрабавала вярнуць яго з карабля ў порт: «Вось менавіта, што не спрабавала. Казалі, што „Масква“ ня ўдзельнічае ў ваенных дзеяньнях. Што гэта такі абаронены карабель і яны ня ўдзельнічаюць. І ўсюды ж пісалі, што салдаты тэрміновай службы ня ўдзельнічаюць у гэтым. Вось і не паспрабавала. Калі б я ведала, то вядома. Я ня ведаю, хто мае рацыю, а хто вінаваты. Гэта ў кожным разе дрэнна, вайна. Ну ці спэцапэрацыя. Тое, што там адбываецца. Я ня ведаю, шчыра вам скажу».
Сяргей Грудзінін — шосты чалец экіпажу крэйсэру «Масква», які лічыцца зьніклым бязь вестак і чыю асобу ўдалося пацьвердзіць. Паводле зьвестак выданьня «Медуза», 37 чальцоў экіпажу патанулага вадаплаву загінулі, каля 100 атрымалі раненьні, колькасьць зьніклых бязь вестак невядомая.
13 красавіка на крэйсэры «Масква» адбыўся пажар. Украінскія ўлады паведамілі, што атакавалі карабель ракетамі «Нэптун». 14 красавіка Міністэрства абароны РФ заявіла, што крэйсэр затануў з прычыны дэтанацыі боепрыпасаў ва ўмовах шторму. Афіцыйна расейскі бок не прызнае страты і сьцьвярджае, што ўвесь экіпаж выратаваны.