Разам зь іншымі валянтэрамі і валянтэркамі я распаўсюджваю па розных уцякацкіх чатах памятку, на што ўцякачкам варта зьвяртаць увагу, каб зьменшыць свае шанцы стаць жывым таварам. Людзі, што валянтэраць на памежных пунктах і цэнтрах разьмеркаваньня ўцекачоў і ўцякачак, гавораць пра сутэнэраў з самых першых дзён масавай эвакуацыі. Гэта ня фэйкі-страшылкі і не прынцыпова новая зьява — у крызісныя часы заўжды знаходзяцца тыя, хто зарабляе на чужым горы. А для людзей, якія гандлююць жанчынамі і дзецьмі і ўцягваюць іх у прастытуцыю, вайна і эвакуацыя — увогуле залаты час.
Вядома ж, ёсьць жанчыны, што бягуць да знаёмых і родных. У такіх уцякачак ёсьць плян, яны ў кантакце зь людзьмі, якія, калі што, хутка заявяць пра зьнікненьне чалавека ўжо пасьля выезду з Украіны. Але вельмі шмат і тых, хто ўцякае ў поўную невядомасьць, у каго страчаны амаль усе кантакты і не засталося людзей, якія б прыглядалі за імі, хай і дыстанцыйна. На такіх уцякачак — самых разгубленых і напружаных — і палююць сутэнэры.
Але праблема не абмяжоўваецца ўцягваньнем у прастытуцыю. Акрамя такога адкрытага злачынства, ёсьць і іншыя формы сэксуальнай эксплюатацыі, зь якімі сутыкаюцца жанчыны. Зусім нядаўна зьявілася навіна, што ў Фэйсбуку польскія мужчыны стварылі суполку, каб шукаць там сабе ўкраінскіх жонак, бо польскія жанчыны іх не задавальняюць — яны нібыта «лянівыя і разбэшчаныя». У адрозьненьне ад украінак — «верных і сымпатычных». Перакладаю з хамскай на беларускую: польскія жанчыны ня хочуць браць на сябе ўсю хатнюю працу і быць шчасьлівымі проста ад таго, што побач зь імі ёсьць мужчына. А ўкраінкі быццам і гатаваць будуць, і прыбірацца, і вока цешыць.
Навіна пра гэтую высокаінтэлектуальную суполку разьляцелася з такім пасылам, нібыта мужчыны стварылі яе акурат у сувязі з наплывам украінскіх уцякачак. Гэта няпраўда — суполка створана яшчэ год таму, а цяпер яна проста трапілася на вочы журналістам. Чаму яна так прыцягнула да сябе ўвагу? Бо вельмі выразна паказвае рэаліі, у якіх жывуць жанчыны ў эўрапейскіх краінах дваццаць першага стагодзьдзя. У гэтай суполцы 6 тысяч чалавек, і пераважная большасьць зь іх — мужчыны. Гіпатэтычна там павінны быць і ўкраінкі, якія мараць пра мужа-паляка, але жанчыны добра разумеюць, што такое насамрэч мужчыны, якія скардзяцца, што жанчыны ў іх краіне — лянівыя.
Саму па сабе гэтую суполку я не лічу небясьпечнай — у тым пляне, што наўрад ці ў ёй жанчыны і праўда будуць шукаць сабе партнэраў. Яе ўдзельнікі надта ўжо яскрава дэманструюць, дзеля чаго на самой справе яны шукаюць менавіта ўкраінак. Але такая суполка ў прыватнасьці і экзатызацыя ўкраінак — гэта культурная зьява, якая паказвае, што дагэтуль нямала мужчын ставяцца да жанчын як да тавару. І праблема, вядома ж, не абмяжоўваецца Польшчай. Проста ўсё цяпер склалася так, што Польшча пад пільнай увагай журналістак і журналістаў празь вялікі наплыў уцякачак менавіта ў гэтую краіну.
Але ў любым выпадку высновы ў мяне даволі пэсымістычныя. Ці будуць у найбліжэйшыя месяцы і гады выпадкі няшчасных польска-ўкраінскіх шлюбаў, зь якіх жанчыны будуць уцякаць хоць як і хоць куды, абы выжыць? Канечне. Напачатку хтосьці пойдзе замуж, бо закахаецца, хтосьці будзе шукаць хоць якой стабільнасьці. Цяжарныя ўцякачкі будуць пагаджацца на шлюб, абы разам зь дзіцем выжыць у краіне, дзе забаронены аборты.
Будуць таксама крымінальныя гісторыі са згвалтаваньнямі, у тым ліку партнэрскімі, і з рознага кшталту запалохваньнямі. Прычын, чаму жанчына аказваецца і застаецца ў стасунках, ад якіх яна пакутуе, — безьліч. Зрэшты, ня ўсе будучыя агрэсары і эксплюататары ад самага пачатку паказваюць сваю сутнасьць. Шмат хто доўга прытрымліваецца вобразу клапатлівага і добрага мужчыны.
І калі ў жанчын у мірным жыцьці бывае безьліч прычын аказацца ў нездаровых і небясьпечных стасунках, дык ва ўцякачак гэтых прычын яшчэ больш. І мужчыны, якія шукаюць сабе «сымпатычных і не лянівых украінскіх жонак», выдатна гэта разумеюць.
І сутэнэры, і такія жаніхі — гэта другі, прыхаваны бок міжнароднай падтрымкі жанчын, што ўцякаюць ад вайны. Ён не такі прыгожы, як валянтэрства, але ня менш рэальны.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.