Журналіста беларускага выданьня «Комсомольской правды» Генадзя Мажэйку затрымалі пры нявысьветленых абставінах 1 кастрычніка 2021 году. Паводле неафіцыйнай вэрсіі, гэта адбылося ў маскоўскім аэрапорце «Шарамецьева», адкуль Мажэйка спрабаваў вылецець у Варшаву. Беларускія сілавікі пры гэтым настойваюць, што затрымалі Мажэйку, які ёсьць грамадзянінам Беларусі, у Менску пасьля яго прылёту з Масквы.
Больш за месяц пасьля затрыманьня ад Генадзя Мажэйкі не было ніякіх зьвестак. Яго адвакат і зараз пад падпіскай аб невыдаваньні. У чым менавіта вінавацяць журналіста, невядома. Вядомыя толькі артыкулы абвінавачаньня — 369 (абраза прадстаўніка ўлады) і 130 (распальваньне варожасьці ці варажнечы). Найбольш імаверна, што арышт журналіста зьвязаны з публікацыяй на сайце kp.by кароткай размовы з былой аднаклясьніцай Андрэя Зельцара, загінулага ў перастрэлцы з супрацоўнікамі КДБ, якія штурмавалі яго кватэру. У апублікаваным на kp.by артыкуле аднаклясьніца станоўча характарызавала Зельцара. Сайт выданьня неўзабаве заблякавалі ў Беларусі, праз пэўны час перастала выходзіць і папяровая вэрсія беларускага выданьня «КП».
1 красавіка спаўняецца роўна шэсьць месяцаў, як Генадзь Мажэйка за кратамі. Свабода пагаварыла з маці журналіста Ірынай, а таксама публікуе ўрыўкі лістоў, якія палітвязень шле калегам з-за кратаў.
«Адваката да Гены не пускалі паўтара месяца»
«Так, Генадзь ужо паўгода за кратамі, — гаворыць маці журналіста Ірына. — Акалічнасьці затрыманьня 1 кастрычніка мінулага году вядомыя з публікацыяў і з тэлебачаньня, але да канца нам ніхто так нічога і не раскрыў. Мы нічога ня ведаем. Пасьля таго як Гену перавялі ў Менск, стала, вядома, прасьцей (спачатку Генадзя Мажэйку трымалі ў сьледчай турме Жодзіна, зараз ён на „Валадарцы“. — РС). У Жодзіне быў арганізаваны, можна сказаць, каранцін. Паўтара месяца мы ня мелі магчымасьці ні перадачы перадаваць, ні адваката не дапускалі да яго. Зусім нічога. Цэлыя паўтара месяца».
З словаў маці Генадзя Мажэйкі Ірыны, зараз адвакат журналіста можа сустракацца зь ім амаль кожны тыдзень. Настрой у самога Генадзя цяпер больш-менш бадзёры.
«Ён нас саміх падтрымлівае зь першых лістоў, — расказвае Ірына. — Кажа, што нічога страшнага не адбылося. Ён малайчына, трымаецца. Вядома, не прызнае ніякай віны ні ў чым. Гэта наколькі мы разумеем. Бо што тычыцца будучага суда альбо ходу сьледзтва ў справе сына — мы нічога ня ведаем. Адвакат ня можа нам нічога расказваць. Чаму так усё зацягваецца? Хутчэй за ўсё яны проста ня могуць нічога знайсьці. Сына затрымалі выключна за тую публікацыю. І, падобна, гэтага ім не хапае, каб скласьці абвінавачаньне, каб неяк асудзіць Гену».
«У мяне ў цэлым усё па-ранейшаму. Першы сьнег мы тут пабачылі 1 сьнежня на шпацыры — было добра. Калі заплюшчыць вочы, то як у Букавелі 😊 На шпацыры ходзім, але ня кожны дзень. Глядзім на надвор’е і на час — калі клічуць рана ранкам, то лянуемся. Але шпацырамі стараемся ня грэбаваць. Праўда, неба ўсё адно ў краткі. А яшчэ бачны сьцяг на даху нашай установы. Па ім маніторым сытуацыю ў краіне 😊»
З словаў Ірыны, зараз сувязь з сынам у яе і іншых родных ідзе пераважна праз адваката. Генадзь можа нешта папрасіць празь яго, даведацца навіны. Але часьцей, як кажа маці, Мажэйка праз абаронцу перадае родным зьвесткі пра тое, чаго яму ня трэба перадаваць у перадачах.
«Першы час пераводзілі з камэры ў камэру, — расказвае Ірына пра прыгоды сына. — Але зараз, здаецца, пастаяннае месца ў яго ўжо. Праўда, там шмат людзей. Але яны дамаўляюцца адзін з адным. Лісты ідуць да яго вельмі нерэгулярна. Ад сяброў і былых калег часьцей за ўсё зусім не прыходзяць. Нашыя яшчэ больш-менш, а вось ад іншых людзей — з праблемамі. Цяжка сказаць, з чым гэта зьвязана — са сьвятамі альбо з пэрыядам хваробаў супрацоўнікаў СІЗА. Але шмат якія лісты да яго не дайшлі».
«Як ты ўжо ведаеш, у ноч на каталіцкія Каляды мяне этапавалі ў Менск. Працэс гэты — адзін у адзін як у сэрыялах пра бандытаў. У Менску весялей, «зручней у побыце». У нас ёсьць тэлек і чалавечы унітаз. Так што мы цэлы дзень глядзім пра музыку, фільмы-сэрыялы і, вядома, навіны. «Што там у «хахлоў» зьмянілася на «што там у казахаў».
«Перажываў, што „КП“ пра яго забыла»
Ірына гаворыць, што ў лістах сын ня скардзіцца на здароўе і ўмовы ўтрыманьня. Піша, што мае «трохразовае харчаваньне» і ў яго ўсё добра. Шмат жартуе. Пасьля пераводу на «Валадарку» пісаў, што наведаў нарэшце «менскі замак» (СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Менску гістарычна завецца «Пішчалаўскім замкам». — РС).
«Перажываў, што, здаецца, „Камсамольская праўда“ яго прызабыла, — прызнаецца Ірына. — Вы ж ведаеце, што напачатку і высокія начальнікі гаварылі пра яго, і пытаньні падымалі. Спрабавалі выказаць думку, што журналістаў нельга затрымліваць за іх прафэсійную дзейнасьць. Зараз усё сьціхла. Але і падзеі іншыя важныя адбываюцца, гэта таксама зразумела».
З маціных словаў, за час зьняволеньня Генадзя яго сям’я страціла некалькі родных, якія пайшлі з жыцьця. Пра іх сьмерць палітвязень даведаўся не адразу. Затое змог павіншаваць бацьку з днём народзінаў. У самаго Генадзя дзень народзінаў у траўні, 11 траўня яму споўніцца 40 гадоў.
«Асноўная праблема ў Гены — голад на інфармацыю, перажывае праз гэта, — расказвае маці журналіста. — Не хапае яму там яе, для журналіста гэта самая вялікая праблема там. Але ў камэры ёсьць тэлевізар. У Гены выдатныя сябры, турбуюцца пра яго. Яму спачатку перадалі адзін тэлевізар, але яго не прынялі. Тады сябры купілі іншы. Там у яго 9 каналаў, глядзіць іх. У Жодзіна газэты дастаўлялі, калі карантын скончыўся. А на Валадарскага нельга выпісваць з волі, там толькі тыя, што самі выпісваюць».
«Маю сякія-такія кніжкі. Напрыклад, з Жодзіна я прывёз кніжку „Рамонт японскага аўтамабіля“ 2001 году выданьня. Так што яшчэ пару тыдняў, і змагу напісаць табе пра рамонт карбюратара на старым „лэнд крузэры“, напрыклад. Яшчэ пачаў чытаць кніжкі пра маркетынг. Усяляк лепш, чым кніжкі пра бандытаў і злодзеяў. Агулам — камандзіроўка мая працягваецца. Назіраем далей...»
З словаў маці, Генадзь зараз нават кажа, што яму моцна пашанцавала быць затрыманым падчас ад’езду. Таму ён ад пачатку меў большасьць неабходных рэчаў, бо вёз іх з сабой. Яго сукамэрнікаў, як правіла, забіралі «як ёсьць». У родных Генадзь папрасіў перадаць яму за краты гадзіньнік, лекі і вітаміны.
«Паведаміў нядаўна, што пачаў вывучаць ангельскую мову, — расказвае маці Генадзя Ірына. — Дакладней, узгадваць яе. Ён некалі вучыў, але ведаў недасканала. Цяпер не губляе часу дарэмна. Трымаецца. Радаваўся, калі сьнег выпадаў. Яны тады падчас шпацыраў у сьнежкі гулялі. Зараз крыху сумуе. Але нас усё адно падбадзёрвае, падтрымлвіае ўсяляк».
Напісаць ліст Генадзю Мажэйку можна на адрас СІЗА-1. 220030, Менск, вуліца Валадарскага, 2
Генадзь Мажэйка. Таямнічае затрыманьне журналіста
- У канцы верасьня на сайце «Комсомольской правды в Беларуси» зьявілася нататка, дзе адна з аднаклясьніц забітага супрацоўнікамі КДБ праграміста Андрэя Зельцара добра выказалася пра яго. Аўтарам нататкі быў журналіст Генадзь Мажэйка.
- Мажэйку затрымалі ў ноч на 2 кастрычніка, пасьля чаго зьмясьцілі ў ізалятар на Акрэсьціна ў Менску, у яго дома правялі ператрус.
- Пры гэтым дакладна невядома, у якой краіне затрымалі Мажэйку. Беларускія сілавікі сьцьвярджаюць, што зрабілі гэта ў Менску, але ёсьць таксама інфармацыя пра тое, што журналіста «КП» выкралі з Масквы.
- Галоўны рэдактар «Комсомольской правды» Ўладзімір Сунгоркін сказаў, што Генадзя Мажэйку будуць абараняць два адвакаты.
- 4 кастрычніка прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Пуціна Дзьмітрый Пяскоў заявіў, што Крэмль апавясьціў Лукашэнку аб тым, што выступае супраць блякаваньня СМІ на беларускай тэрыторыі, але беларускі бок ня чуе пазыцыі Масквы.
- 5 кастрычніка прадстаўнік «Комсомольской правды» Валянцін Алфімаў паведаміў, што Генадзь Мажэйка застаўся ў ізалятары пасьля 72 гадзін утрыманьня за кратамі, што азначае тое, што да яго ўжытая мера стрыманьня ў выглядзе заключэньня пад варту. Пры гэтым абвінавачаньняў яму ня выставілі.
- 11 кастрычніка Мажэйку выставілі абвінавачаньні ў распальваньні сацыяльнай варажнечы (арт. 130 КК) і абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369). Да яго ў жодзінскае СІЗА не пускаюць адваката, спасылаючыся на карантын, а таксама не прымаюць перадачы.