Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка — «выбар беларусаў»? Ці справядлівыя папрокі на адрас Зяленскага


Уладзімір Зяленскі. Кіеў, 26 сакавіка
Уладзімір Зяленскі. Кіеў, 26 сакавіка

Беларускі сюжэт з інтэрвію прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага расейскім мэдыя 27 сакавіка выклікаў бурлівую дыскусію у сацыяльных сетках.

Сьцісла:

  • Спыненьне вайны для ўкраінскага кіраўніцтва ёсьць несумненным прыярытэтам, дзеля якога можна ахвяраваць шмат чым.
  • Для Кіева вяртаньне Лукашэнкам кантролю над краінай было б пазытыўным крокам, які даваў бы шанец вывесьці Беларусь з вайны.
  • У папроках на адрас Украіны падсьвядома праглядаецца перабольшаны спадзеў на нейкія вонкавыя сілы, нібыта чымсьці абавязаныя беларускай дэмакратыі.

Разважаючы пра пачатак расейска-украінскіх перамоваў на тэрыторыі Беларусі, Уладзімір Зяленскі заявіў: «Расейскі бок адчувае перамогу ў тым, што гэтая сустрэча адбылася, што гэта дадае нейкую суб’ектнасць Аляксандру Рыгоравічу Лукашэнку... Ды на здароўе. Калі мы можам скончыць вайну, а Аляксандр Рыгоравіч будзе адчуваць ад гэтага, што ён зноў у доме гаспадар — ды на здароўе. Мне, шчыра кажучы, усё роўна. Гэта ўвогуле выбар беларусаў, а дакладна ня наш. Таму я пагадзіўся, калі будзе прадметная ў іх сустрэча».

Праз што распаліліся жарсьці?

Беларускі сюжэт з інтэрвію прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага расейскім мэдыя 27 сакавіка выклікаў бурлівую дыскусію у сацыяльных сетках.

Тое, што для Зяленскага несумненым прыярытэтам, галоўнай праблемай сёньня ёсьць спыненьне вайны, здаецца, павінна быць зразумела. Усё астатняе цяпер няважна і адступае на другі плян. Вайна робіць сытуацыю чорна-белай, спрашчае многія нюансы і адценьні. Дзеля яе спыненьня Зяленскі размаўляў з Лукашэнкам, якога Ўкраіна афіцыйна не прызнае прэзыдэнтам, пагадзіўся, каб перамовы з РФ ішлі на беларускай тэрыторыі, хоць, паводле міжнароднага права, Беларусь ёсьць агрэсарам. Цяпер украінскага прэзыдэнта менш за ўсё хвалюе, як ён выглядае ў вачах беларускіх дэмакратаў. Не да таго.

Найбольшае абурэньне палітызаванай публікі выклікала тое, што Зяленскі згодны, каб Лукашэнка быў гаспадаром у Беларусі. Але ж тут варта разумець кантэкст. Разважаючы пра суб’ектнасьць Лукашэнкі, Зяленскі мае на ўвазе суб’ектнасьць Беларусі як дзяржавы. Бо сярод палітычнай клясы Ўкраіны дамінуе ўпэўненасьць, што такой суб’ектнасьці няма, гаспадаром Беларусі зьяўляецца Пуцін, які выкарыстоўвае яе дзеля нападу на ўкраінскую тэрыторыю. Таму для Кіева вяртаньне Лукашэнкам кантролю над краінай было б пазытыўным крокам, які даваў бы шанец вывесьці Беларусі з вайны. То бок Зяленскі будуе сваю тактыку, зыходзячы з рэальнай сытуацыі (Лукашэнка трымае ўладу), а не з ідэальнай (перамога дэмакратычных сілаў і разрыў саюзу Беларусі з Расеяй).

Тут можна спрачацца наконт матывацыі Масквы праводзіць перамовы ў Беларусі. Маўляў, з гледзішча Крамля гэта дадае лукашэнкаўскай Беларусі нейкую суб’ектнасць. Але навошта Расеі падвышаць статус васала? Зрэшты, гэта дробязь.

Публіка таксама абураная, што панаваньне Лукашэнкі Зяленскі лічыць выбарам беларусаў. Зноў жа гэта варта чытаць не літаральна, а ў межах кантэксту. А ён такі, што менавіта беларусы (а не расейцы, украінцы ці яшчэ нехта) павінны вырашаць, якой быць уладзе ў іхнай краіне.

Асаблівыя папрокі на адрас Украіны гучаць з нагоды таго, што калі б Кіеў у 2020 годзе падтрымаў беларускія дэмакратычныя сілы, спыніў гандаль з Беларусьсю, то рэжым Лукашэнкі рухнуў бы з усімі пазытыўнымі для ўкраінцаў наступствамі.

Але, па-першае, тут ускосна, падсьвядома праглядаецца спроба ўнікнуць сваёй уласнай адказнасьці за лёс краіны, перабольшаны спадзеў на нейкія вонкавыя сілы, нібыта чымсьці абавязаныя беларускай дэмакратыі.

Па-другое, нагадаю, Украіна не прызнала Лукашэнку прэзыдэнтам, дала прытулак беларускім палітычным уцекачам, увяла пэрсанальныя санкцыі супраць чыноўнікаў, адказных за рэпрэсіі, закрыла сваю паветраную прастору для кампаніі «Белавія».

Па-трэцяе, галоўны папрок на адрас Украіны палягае ў тым, што яна працягвала гандаль зь Беларусьсю, не спыніла яго на шкоду сабе. Але з чаго вынікае, што спыненьне гандлю абрынула б рэжым Лукашэнкі? Хачу нагадаць, дарэчы, што ў 2021 годзе экспарт Беларусі ў краіны ЭЗ вырас прыкладна ўдвая, у ЗША — утрая. Гэта пасьля ўводу эканамічных санкцыяў.

Увогуле варта адзначыць, што ў палітычных ацэнках спрашчэньне сытуацыі часта вядзе да пасьпешлівых высноваў.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG