Што казаў Зяленскі пра Лукашэнку да вайны
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі сустракаўся з Аляксандрам Лукашэнкам толькі аднойчы. Іхная сустрэча адбылася ў кастрычніку 2019 году ў Жытоміры, і ўкраінскі прэзыдэнт быў ёю вельмі задаволены.
Сустрэчы папярэднічаў абмен так званымі «шпіёнамі» — беларускага грамадзяніна Юрыя Палітыку памянялі на ўкраінскага журналіста Паўла Шаройку. На самой сустрэчы Зяленскі і Лукашэнка неаднойчы згадвалі Расею і некалькі разоў падкрэсьлівалі, што не зьбіраюцца «сябраваць супраць Пуціна».
Лукашэнка абяцаў, што Ўкраіна ніколі ня мела праблемаў з тэрыторыяй Беларусі і зь Беларусьсю і ніколі іх ня будзе мець, а Зяленскі дзякаваў Лукашэнку за тое, што украінска-беларуская мяжа ва ўмовах расейскай агрэсіі застаецца «мяжой міру і супрацы» і за наданьне пляцоўкі для перамоваў аб Данбасе. На той сустрэчы Ўладзімір Зяленскі нават адзначыў «добрае пачуцьцё гумару» ў Лукашэнкі.
Праз два з паловай гады з тэрыторыі Беларусі пачалі ляцець расейскія ракеты, якія зьнішчаюць украінскія гарады і забіваюць цывільных жыхароў Украіны.
«Будзьце Беларусьсю, а не Расеяй»
Упершыню Ўладзімір Зяленскі зьвярнуўся да Беларусі і беларусаў на чацьвёрты дзень вайны. Ён пашкадаваў, што Беларусь на цяперашняй вайне не на адным баку з Украінай, і заклікаў адмовіцца ад саюзных дачыненьняў з Расеяй.
«Будзьце Беларусьсю, а не Расеяй. Гэты выбар вы робіце менавіта цяпер, менавіта сёньня. Цяпер шмат гавораць пра перамовы, якія маглі б пакласьці канец гэтай вайне. І называюць пляцоўкай вашу сталіцу. Пляцоўку, якую выбіралі ня мы, і насамрэч ня вы. І зараз зноў прапанова сустрэцца ў вас. Чатыры дні таму менавіта з вашай тэрыторыі пайшлі крылатыя ракеты, самалёты, верталёты, тэхніка. Білі па нашых дамах, білі па нашых жыцьцях. Кіеў атакавалі а 4-й раніцы. У кагосьці такое „пачуцьцё гумару“. Вы спалі, браты-беларусы. А мы з таго часу не засыналі», — сказаў Зяленскі.
Прэзыдэнт Украіны пажадаў беларусам зрабіць «правільны выбар» у палітыцы: «Зрабіце правільны выбар — я ўпэўнены, гэта галоўны выбар вашага вялікага народу». У адказ на гэты зварот Лукашэнка назваў Зяленскага «неадэкватным» і «напалеончыкам», але гэта не перашкодзіла яму ў той жа дзень патэлефанаваць Зяленскаму і прапанаваць правесьці перамовы з Расеяй на беларускай тэрыторыі.
«Я не хачу, каб войскі зь Беларусі ішлі ва Ўкраіну»
Пазьней Зяленскі паведаміў, што першая за апошнія два гады тэлефонная размова з Лукашэнкам была працяглай і прадметнай.
«Я яму дэталёва патлумачыў наконт немагчымасьці нашага сутыкненьня. Я не хачу, каб ракеты, самалёты, верталёты ляцелі ва Ўкраіну зь Беларусі. Я не хачу, каб ішлі войскі ва Ўкраіну зь Беларусі», — сказаў Зяленскі і дадаў, што Лукашэнка яго «пераканаў у гэтым».
Але абстрэлы зь беларускай тэрыторыі прадоўжыліся. Перамовы пасьля трох раўндаў перайшлі ў відэафармат, а наступныя перанесьлі ў Турэччыну.
«Расея, Украіна і Беларусь — тры канфліктныя бакі»
У інтэрвію расейскім СМІ Ўладзімір Зяленскі заявіў, што перамовы ў Менску выявіліся беспрадметнымі і, падобна, былі арганізаваныя для легітымізацыі Аляксандра Лукашэнкі.
«Расейскі бок адчувае сваю перамогу у тым, што гэтая сустрэча адбылася, што гэта дадае нейкую суб’ектнасьць Аляксандру Рыгоравічу Лукашэнку... Ды няхай сабе. Калі мы можам скончыць вайну, а Аляксандар Рыгоравіч ад гэтага будзе адчуваць, што ён зноў ў доме гаспадар, — ды няхай сабе. Мне, шчыра кажучы, усё адно. Гэта ўвогуле выбар беларусаў, а дакладна ня наш», — адзначыў Уладзімір Зяленскі.
У іншай частцы размовы з расейскімі журналістамі прэзыдэнт Украіны падкрэсьліў, што ня бачыць мэтазгоднасьці працягваць перамовы з Расеяй на тэрыторыі Беларусі, Украіны ці Расеі:
«Каб дамовіцца, яму (расейскаму прэзыдэнту. — РС) трэба сваімі нагамі выходзіць адтуль, дзе ён там ёсьць, і прыйсьці на сустрэчу да мяне ў любы пункт сьвету, апроч... Лічу беспрадметнаю сустрэчу ў Беларусі, Расеі, Украіне. І сустрэчы нашых дэлегацыяў гэта яшчэ раз падкрэсьлівае. Яны больш палітычныя, беспрадметныя. Гэта тры бакі канфлікту на сёньня, так ці інакш».
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы пачалі бамбаваць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Прэзыдэнт ЗША абнавіў свае патрабаваньні да эўрапейскіх краінаў-сяброў NATO павялічваць выдаткі на абарону. Таксама палітык заявіў, што хоча, каб Украіна дала Злучаным Штатам кантроль за сваімі радовішчамі рэдказямельных выкапняў у абмен на фінансавую падтрымку яе ваенных дзеяньняў супраць Расеі.
- У ноч на 14 лютага Расея бесьпілётнікам атакавала Чарнобыльскую АЭС, на саркафагу над разбураным у 1986-м пры чарнобыльскай катастрофе энэргаблёку пачаўся пажар, які ня могуць патушыць некалькі дзён.
- 12 лютага 2025 Трамп пагутарыў па тэлефоне з Пуціным, і 18 лютага 2025 году ў Эр-Рыядзе (Саудаўская Арабія) пачалася двухбаковая сустрэча з удзелам дзяржаўнага сакратара ЗША Марка Рубіё і кіраўніка МЗС Расеі Сяргея Лаўрова. Украіна на перамовы не запрошаная. Перад гэтым у Мюнхэне (Нямеччына) і Парыжы (Францыя) адбыліся, адпаведна, канфэрэнцыя па бясьпецы і саміт вядучых краінаў ЭЗ, але на іх так і ня выпрацавалі пляну доўгатэрміновай падтрымкі Ўкраіны. Акрамя таго, Вугоршчына — сябра Эўразьвязу, NATO і пры гэтым ляяльная да Расеі — дыстанцыявалася ад абмеркаваньня далейшай вайсковай дапамогі Кіеву, абвінаваціўшы іншыя краіны ў падбухторваньні далейшай вайны.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.