Галоўнае на гэты момант
- Расейскія войскі пакінулі горад Славуціч, што ля ЧАЭС.
- Ва Ўкраіне абстрэламі і бамбаваньнямі пашкоджана звыш 730 навучальных установаў.
- У акупаваным расейцамі Генічаску, паводле дэпутата Херсонскай абласной рады, падпалілі вайсковы камісарыят.
- У Львове толькі пад раніцу зьліквідавалі пажар на нафтабазе, куды 26 сакавіка пацэліла расейская ракета.
- Уладзімір Зяленскі лічыць, што для бясьпекі ўсёй Эўропы NATO павінна даць самалёты і супрацькарабельную зброю Ўкраіне.
- Украінцы вызвалілі горад Трасьцянец.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.
Што адбываецца 28 сакавіка
Мэр Марыюпалю Вадзім Бойчанка заявіў аб неабходнасьці поўнай эвакуацыі гораду
«У Марыюпалі даволі шмат людзей, дакладна больш за 100 тысяч чалавек. Каля 160 тысяч, па словах вядомых людзей, якія жывуць у Марыюпалі, у якім немагчыма жыць, таму што ўвогуле нічога няма: ні сьвятла, ні цяпла», — сказаў ён на маратоне UA.
Працягваецца блякаваньне і абстрэл Чарнігава і Харкава
Генэральны штаб Узброеных сіл Украіны заявіў, што расейскія войскі канцэнтруюць сваю дзейнасьць на ўтрыманьні акупаваных рубяжоў і падрыхтоўцы да аднаўленьня наступальных дзеяньняў.
Расейская армія цяпер найбольш нарошчвае сілы на лініі адміністратыўных межаў Данецкай і Луганскай абласьцей, і працягвае наносіць ракетна-бомбавыя ўдары па вайсковай і цывільнай інфраструктуры.
Паводле Генштабу, на валынскім напрамку каля мяжы з Украінай знаходзяцца да чатырох баявых тактычных груп Узброеных сіл Беларусі. «Цалкам выключаць удзел Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь у баявых дзеяньнях на тэрыторыі Ўкраіны немагчыма», — адзначаецца ў паведамленьні.
«Для аднаўленьня баяздольнасьці праціўнік перагрупоўвае войскі і адводзіць асобныя падразьдзяленьні на тэрыторыю Беларусі. У Гомельскай вобласьці зафіксавалі рух пускавых установак „Іскандэр-М“ у напрамку мяжы з Украінай», — дадалі ў Генштабе.
У той жа час на паўночным напрамку расейцы не вядуць наступальных дзеяньняў, канцэнтруючыся на ўтрыманьні пазыцый у раней захопленых межах.
Працягваецца блякаваньне і абстрэл Чарнігава і Харкава, у раёне гораду Сумы актыўныя баявыя дзеяньні не вядуцца.
Міністэрства эканомікі Ўкраіны абнавіла аб’ём страт эканомікі ад расейскай агрэсіі
«564,9 мільярда даляраў. Гэта сума разавых страт Украіны ў выніку расейскага ўварваньня», — паведаміла віцэ-прэм’ер-міністар, міністар эканомікі Ўкраіны Юлія Сьвірыдзенка. Раней міністар фінансаў Сяргей Марчанка казаў папярэдне аб 500 мільярдах даляраў страт. «Дакладна можна будзе падлічыць толькі пасьля вайны», — сказаў ён.
Ракеты прыляцелі ў Луцк, праўдападобна, зь Беларусі
Крылатая ракета, якая 27 сакавіка пацэліла ў нафтабазу ў Луцку, прыляцела з боку Беларусі, кажуць украінскія вайскоўцы. Пра гэта паведаміў у відэазвароце кіраўнік Валынскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі Юрый Пагуляйка.
Расейскія вайскоўцы пакінулі горад Славуціч
Пра гэта заявіў мэр Славуціча Юрый Фамічоў. Ён зьняпраўдзіў ранейшую інфармацыю захопнікаў аб тым, што мясцовыя ўлады нібыта супрацоўнічаюць з расейцамі і просяць у іх гуманітарную дапамогу.
«Мы не супрацоўнічаем з акупантамі, яны зрабілі тое, што хацелі. Яны праверылі горад, сёньня скончылі і пакінулі яго. Іх цяпер няма ў горадзе. Усе свае праблемы мы вырашаем уласнымі сіламі. Нам не патрэбна нічыя гуманітарная дапамога, у нас усяго хапае. Нам дапамагаюць з усіх гарадоў і пасёлкаў Украіны», — сказаў Фамічоў у відэазвароце.
Ён падкрэсьліў, што Славуціч «жыве пад украінскім сьцягам і паводле ўкраінскага заканадаўства».
Пашкоджана звыш 730 навучальных установаў
З пачатку поўнамаштабнага ўварваньня расейскія войскі пашкодзілі больш за 730 навучальных установаў Украіны. Пра гэта паведаміў міністар адукацыі і навукі Сяргей Шкарлет тэлеканалу ТСН.
«Больш за 730 установаў адукацыі атрымалі пашкоджаньні, 74 зь іх цалкам разбураныя. 139 дзяцей, на жаль, загінулі», — сказаў ён.
У 2022 годзе ўлады Ўкраіны праз вайну скасавалі шэраг іспытаў, у тым ліку адзіны ўступны экзамэн і адзінае прафэсійнае ўступнае выпрабаваньне.
Уцекачы ад вайны
Міністэрства замежных спраў Украіны заклікала ўкраінцаў, якіх прымусова вывезьлі ў Расею, зьвяртацца ў амбасады Ўкраіны ў іншых краінах сьвету.
Кантакты амбасадаў разьмешчаныя ў тэлеграм-канале МЗС Украіны.
«У сувязі з масавым прымусовым вывазам расейскімі вайскоўцамі грамадзян Украіны на тэрыторыю Расеі рэкамэндуем суайчыньнікам, якія сталі ахвярамі такіх незаконных дзеяньняў расейскага рэжыму і жадаюць вярнуцца ва Ўкраіну, паведаміць свае дадзеныя бліжэйшай амбасадзе Ўкраіны ў суседніх дзяржавах або дзяржавах магчымага транзытнага праезду», — паведамілі ў МЗС Украіны.
Паводле Офісу Вярхоўнага камісара ААН у справах уцекачоў, з пачатку расейскай агрэсіі з Украіны выехалі больш за 3 мільёны 862 тысячы чалавек. Зь іх больш за 271 тысячу цяпер знаходзяцца ў Расеі.
Найбольш — 2 мільёны 293 тысячы — знайшлі прытулак у Польшчы. 354 тысячы грамадзян выехалі ў Вугоршчыну, 272 тысячы — у Славаччыну, 383 тысячы — у Малдову, 595 тысяч — у Румынію, 9075 чалавек — у Беларусь.
Што адбываецца ў Расеі
Міжнароднае рэйтынгавае агенцтва Fitch Ratings адклікала рэйтынгі Расеі з прычыны санкцый
Пра гэта паведамляе прэс-служба агенцтва. Сувэрэнны крэдытны рэйтынг — гэта меркаваньне рэйтынгавага агенцтва аб крэдытаздольнасьці краіны. Ён паказвае, наколькі імаверны дэфолт у канкрэтнай дзяржаве.
Тры дні таму Fitch Ratings абвясьціла аб ануляваньні рэйтынгаў усіх расейскіх кампаніяў, на якія Эўразьвяз наклаў санкцыі. Рэйтынгі адклікаюць да заканчэньня ўстаноўленага ЭЗ крайняга тэрміну — 15 красавіка 2022 году.
Аб прыпыненьні камэрцыйнай дзейнасьці ў Расеі кампанія Fitch Ratings заявіла на пачатку сакавіка. Раней аналягічнае рашэньне прыняла карпарацыя Moody’s, а рэйтынгавае агенцтва S&P Global Ratings абвясьціла аб адкліканьні крэдытных рэйтынгаў усіх расейскіх кампаніяў.
Heineken пакідае Расею
Нідэрляндзкі піваварны канцэрн Heineken спыняе дзейнасьць на тэрыторыі Расеі і перадае бізнэс іншаму ўладальніку з прычыны расейскага ўварваньня ва Ўкраіну. Пры гэтым у Heineken адзначылі, што ў любых абставінах гарантуюць захаваньне заробку 1800 расейскім супрацоўнікам да канца 2022 году.
Да зьяўленьня новага ўладальніка ўсе сем расейскіх заводаў, якія належаць Heineken, прадоўжаць працу, гаворыцца ў паведамленьні кампаніі 28 сакавіка.
16 сакавіка пра выхад з расейскага рынку абвясьціла іншая буйная піваварная кампанія Anheuser-Busch InBev. Дацкі канцэрн Carlsberg, які валодае кампаніяй «Балтика» ў Расеі, паведаміў, што спыняе інвэстыцыі ў гэтай краіне і пастаўкі імпартнага піва.
Удзел Беларусі ў вайне
Беларусь дазволіла Расеі скарыстаць сваю тэрыторыю для нападаў на Ўкраіну з поўначы; расейцы выкарыстоўваюць беларускія аэрадромы для палётаў і беларускія пляцоўкі для ракетных абстрэлаў гарадоў Украіны. Разам з гэтым на баку Ўкраіны ў розных злучэньнях ваююць беларусы. Створаны батальён імя Кастуся Каліноўскага.
З 24 сакавіка сэрвіс грашовых пераводаў Western Union недаступны для беларусаў
Прычына — у заходніх санкцыях за вайну супраць Украіны. Цяпер можна атрымаць толькі грошы, адпраўленыя з-за мяжы да 21 сакавіка. Ад сёньня немагчыма адправіць грошы ні ў Беларусь, ні зь яе. Аналягічная сытуацыя і ў Расеі.
Як рэагуе сьвет
Брытанія перадасьць Украіне яшчэ 6000 ракет
На тэрміновай сустрэчы лідэраў краін NATO і «Вялікай сямёркі», якая адбудзецца ў Брусэлі ў чацьвер, Борыс Джонсан абвесьціць пра перадачу ўкраінскай арміі яшчэ шасьці тысяч ракет, паведамляе ВВС. Акрамя таго, брытанскі прэм’ер мае намер выдзеліць 25 млн фунтаў (33 млн даляраў) на плату ўкраінскім салдатам і лётнікам.
Сусьветная служба BBC атрымае ад брытанскага ўраду дадатковыя 4,1 млн фунтаў на падтрымку ўкраінскай і расейскай моўных службаў.
Пратэст Баўгарыі і Польшчы
Баўгарыя адклікае свайго амбасадара з Масквы для кансультацыяў, пра што паведамляюць Vesti.bg, спасылаючыся на прэм’ер-міністра краіны Кірыла Петкава. Польшча заблякавала банкаўскія рахункі расейскай амбасады. Падставай названае «фінансаваньне тэрарызму», паведаміў амбасадар Расеі.
Тры краіны ЭЗ прапанавалі «плян выратаваньня Ўкраіны» з 10 пунктаў
Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі расказаў аб пляне з 10 дзеяньняў, якія, на думку польскіх уладаў, павінна выканаць Эўропа для выратаваньня Ўкраіны ад расейскай агрэсіі. Як сьцьвярджае Маравецкі, гэта сумесная прапанова Польшчы, Чэхіі і Славеніі.
- Адключэньне ад сыстэмы SWIFT усіх расейскіх банкаў
- Палітыка наданьня прытулку расейскім салдатам, якія адмовіліся ваяваць ва Ўкраіне
- Поўнае спыненьне расейскай прапаганды ў Эўропе
- Блякаваньне расейскіх караблёў у эўрапейскіх партах
- Закрыцьцё аўтамабільнага перамяшчэньня з Расеі і ў Расею
- Увядзеньне санкцыяў супраць бізнэс-атачэньня расейскіх алігархаў
- Прыпыненьне выдачы эўрапейскіх візаў для ўсіх расейскіх грамадзянаў
- Увядзеньне санкцыяў супраць усіх членаў «Единой России»
- Забарона на экспарт у Расею любых тэхналёгіяў, якія магчыма скарыстаць у ваенных мэтах
- Выключэньне Расеі з усіх міжнародных арганізацыяў.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.