Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гуманітарная катастрофа ў Марыюпалі, абстрэлы Кіева, Харкава, Дніпра. 20-ы дзень вайны Расеі супраць Украіны

абноўлена

Аточаны расейскімі войскамі паўднёваўкраінскі горад Марыюпаль, які два тыдні застаецца пад абстрэламі і ў блякадзе. 14 сакавіка 2022
Аточаны расейскімі войскамі паўднёваўкраінскі горад Марыюпаль, які два тыдні застаецца пад абстрэламі і ў блякадзе. 14 сакавіка 2022

Свабода працягвае сачыць за падзеямі расейскага ўварваньня ва Ўкраіну. Вайна ідзе з 24 лютага, загінулі тысячы цывільных і вайскоўцаў, больш за 2 мільёны чалавек сталі ўцекачамі, разбураны аб'екты інфраструктуры. Авіяналёты і баі працягваюцца.

Галоўнае на гэты момант

  • Пачаўся першы візыт замежных кіраўнікоў у Кіеў падчас расейскай агрэсіі ва Ўкраіне. Палітыкі Польшчы, Чэхіі і Славеніі едуць у Кіеў цягніком.
  • Краіны Эўразьвязу ўхвалілі чацьвёрты пакет санкцый супраць Расеі пасьля яе ўварваньня ва Ўкраіну.
  • Мінфін Украіны палічычыў папярэднія страты эканомікі ад расейскай вайны — ня менш за 500 млрд даляраў.
  • Расейскія войскі два тыдні трымаюць аблогу паўднёва-ўкраінскага гораду Марыюпалю, абстрэльваюць будынкі і аб’екты інфраструктуры, упершыню за 13 дзён блякады дазволілі выехаць з Марыюпалю ў Запарожжа калёне з 160 прыватных аўтамабіляў.
  • Гуманітарны груз з Запарожжа ў аточаны Марыюпаль зноў не прапусьцілі. Паводле Марыюпальскай рады, у горадзе загінулі 2 357 мірных жыхароў. Баі працягваюцца.
  • 14 сакавіка пачаўся чацьвёрты раўнд перамоў паміж Расеяй і Ўкраінай. Украіна патрабуе «міру, спыненьня агню, тэрміновага вываду Расеяй усіх войскаў». Перамовы ў відэафармаце будуць прадоўжаныя 15 сакавіка.
  • Ноччу і раніцай 15 сакавіка расейцы абстралялі спальныя раёны Кіева і Харкава.
  • Паводле мясцовых уладаў у Харкаве расейскія ракеты і бомбы разбурылі 600 дамоў.
  • Ад пачатку вайсковай агрэсіі Расеі ва Ўкраіне загінулі 97 дзяцей і больш як 100 атрымалі раненьні. Расейскія войскі абстрэламі пашкодзілі больш за 400 школ, 59 зь іх – цалкам зруйнавалі.
  • За 14 сакавіка з Луганскай і Кіеўскай вобласьцяў эвакуавалі 4 тысячы чалавек.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.

Што адбываецца 15 сакавіка

Упершыню асбстралялі горад Дніпро

У Дніпры расейскія войскі абстралялі аэрапорт, паведамілі мясцовыя ўлады. У выніку зруйнавалі ўзьлётна-пасадачную паласу. У аэрапорт пацэлілі дзьве ракеты. Моцна пашкоджаны яго будынак: сьцены, вокны, тэрмінал. Ніхто не загінуў. Паводле папярэдняй вэрсіі, аэрапорт абстралялі з ракетнага комплексу «Іскандэр».

Абстрэлы Кіева, Харкава працягваюцца

Раніцай расейскія войскі ўчынілі чарговае бамбаваньне сталіцы Ўкраіны. У Кіеве пакуль не паведамляюць пра ахвяры. Вядома, што аднаго чалавека шпіталізавалі пасьля бамбаваньня раёну Баршчагоўка. Таксама там загарэўся жылы дом.

Акрамя таго, выбуховай хваляй пашкоджаны фасад станцыі мэтро «Лук’янівська» і службовыя памяшканьні. Цягнікі перасталі спыняцца на гэтай станцыі.

Украіна ўзгадніла 9 калідораў для эвакуацыі з гарадоў, якія найбольш цярпяць ад расейскіх абстрэлаў

Віцэ-прэм’ерка Ўкраіны Ірына Верашчук паведаміла аб узгадненьні на 15 сакавіка пры пасярэдніцтве Чырвонага Крыжа маршрутаў для 9 гуманітарных калідораў. Мірных жыхароў будуць эвакуаваць з Кіеўскай, Сумскай і Данецкай абласьцей. Найбольшай праблемай застаецца эвакуацыя жыхароў з заблякаванага Марыюпалю.

«Зь Бярдзянску ў Марыюпаль едзе гуманітарны груз, які давязе дзясяткі тон вады, прадуктаў, мэдыкамэнтаў для людзей, якія вельмі іх чакаюць у Марыюпалі. На зваротным шляху ён забярэ жанчын, дзяцей і ўсіх, хто патрабуе дапамогі, у Запарожжа», — паведаміла Ірына Верашчук. Гэтая гуманітарная калёна выехала з Запарожжа два дні таму.​

Украіна пачала нацыяналізацыю расейскіх вагонаў, беларускіх гэта ня тычыцца

Кіраўнік прадпрыемства «Укрзалізниця» Аляксандар Камышын заявіў, што на падставе закону аб прымусовай канфіскацыі расейскіх аб’ектаў права ўласнасьці пачалі працэс нацыяналізацыі грузавых вагонаў, якія належаць юрыдычным асобам Расеі.

«Цяпер 15 тысяч расейскіх вагонаў стаіць на чыгуначных шляхах Украіны. Яны належаць 250 кампаніям. Працуем у рамках закону. На працэдуру спатрэбіцца час, але ўжо пачынаем», – паведаміў Аляксандар Камышын.

Мэрыя Марыюпалю: 80% жылога фонду непрыдатныя для жыцьця, абстрэлы працягваюцца

Праз інтэнсіўнасьць абстрэлаў Марыюпаля людзі ня могуць выйсьці на вуліцу і пахаваць сваіх блізкіх. У горадзе няма ежы, вады, сьвятла і цяпла. 80% жылога фонду непрыдатныя для жыцьця. У мэрыі ўпэўненыя, што расейскія войскі наўмысна заблякавалі горад і сьвядома зьнішчаюць насельніцтва. Афіцыйна пацьверджана 2 357 загінулых ад расейскіх абстрэлаў.

Блякада гораду працягваецца, зь яго за два тыдні змаглі выехаць у Запарожжа 160 машын, а гуманітарны караван з харчамі, лекамі і вадой каторы дзень ня можа трапіць у горад, расейцы абстрэльваюць дарогу. Караван спыніўся ў Бярдзянску.

Зяленскі абвясьціў радыкальную падатковую рэформу і адмену праверак

Украінскі ўрад адмяніў падатак на даданую вартасьць і падатак на прыбытак. Замест гэтага ён уводзіць адзіную стаўку падатку з абароту — 2% — і спрошчаную справаздачнасьць, а для малога бізнэсу — добраахвотную выплату падатку. Прэзыдэнт Зяленскі заявіў:

«Скасоўваем усе праверкі для ўсіх бізнэсаў, каб усе працавалі нармальна, каб гарады ажывалі, каб паўсюль, дзе няма баявых дзеяньняў, працягвалася жыцьцё».

Уцекачы ад вайны

Паводле Офісу Вярхоўнага камісара ААН у справах уцекачоў з Украіны выехалі 2 мільёны 824 тысяч грамадзян. Найбольш — 1 мільён 791 тысяча — знайшлі прытулак у Польшчы. 263 тысяч грамадзян выехалі ў Вугоршчыну, 213 тысячы — у Славаччыну, 337 тысяч — у Малдову, амаль 143 тысячы — у Расею (пераважна з так званых «ЛДНР»), 453 тысячы — у Румынію, 1226 чалавек — у Беларусь.

Небясьпека на акупаванай расейцамі ЧАЭС

Увечары 14 сакавіка ўкраінскія службы энэргазабесьпячэньне ЧАЭС чарговы раз аднавілі, раней Лукашэнка казаў Пуціну, што электрычнасьць на станцыю падалі нібыта зь Беларусі, але ў Кіеве гэта абверглі.

У зоне адчужэньня каля Чарнобылю зафіксавалі пажары. Галоўнае ўпраўленьне выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны заявіла пра намер Расеі справакаваць новую тэхнагенную катастрофу на захопленай расейскімі войскамі Чарнобыльскай АЭС і ўскласьці адказнасьць за гэта на ўкраінскую ўладу.

Што адбываецца ў Расеі

У Расеі зьявіўся ценявы валютны рынак

Удзельнікі груп продажу і абмену валюты ў сацсетках звычайна дамаўляюцца аб сустрэчы ў цэнтры гораду ў аддзяленьні банку. Цана даляра і эўра ў такіх дамовах значна перавышае афіцыйны курс і дасягае 200 расейскіх рублёў.

Пратэст у эфіры расейскай тэлевізіі

«Спыніце вайну, не — вайне!» — пасьпела пракрычаць жанчына некалькі разоў, пакуль кадар зь вядоўцай і пратэстоўкай перабілі сюжэтам на мэдычную тэму.

У этэры навіновай праграмы «Время» ў гэты час была вядомая прапагандыстка Кацярына Андрэева. Андрэева расказвала пра сустрэчу ў Маскве расейскага і беларускага прэм’ер-міністраў.

14 сакавіка на тэрыторыі Расеі заблякавалі Instagram

Па дадзеных Netblocks і Globalcheck, правайдэры запусьцілі працэс блякаваньня доступу да папулярнай сацыяльнай сеткі ў ноч на 14 сакавіка. Блякаваньне тлумачаць тым, што «кіраўніцтва сацыяльнай сеткі насуперак міжнароднаму праву ўпершыню ў гісторыі і толькі ў адносінах да расейцаў дазволіла заклікі да гвалту».

Удзел Беларусі ў вайне

Беларусь дазволіла Расеі скарыстаць сваю тэрыторыю для нападаў на Ўкраіну з поўначы; расейцы выкарыстоўваюць беларускія аэрадромы для палётаў і беларускія пляцоўкі для ракетных абстрэлаў гарадоў Украіны.

13 сакавіка жыхары Лунінца Берасьцейскай вобласьці зьнялі чарговы вылет ракет на ўкраінскую тэрыторыю.

Сьмерць яшчэ аднаго беларускага байца ўкраінскага войска

Ва Ўкраіне дзейнічае беларускі добраахвотніцкі батальён імя Кастуся Каліноўскага, які зьбіраецца ваяваць супраць расейскіх акупантаў.

13 сакавіка ў баі загінуў адзін з беларусіх байцоў з псэўданімам «Тур», намесьнік камандзіра групы. Як даведалася Радыё Свабода, «Тур» ваяваў на баку Ўкраіны з 2014 году, уваходзіў у Тактычную групу «Беларусь». Яго сапраўднае імя Аляксей Скобля, яму быў 31 год, родам зь Менску.

Генштаб Украіны: у Смаленску і двух беларускіх гарадах ствараюць цэнтры падрыхтоўкі наймітаў

Генэральны штаб Узброеных сіл Украіны заявіў, што неаднаразова атрымліваў інфармацыю аб арганізацыі ў расейскім Смаленску і беларускіх Гомелі і Бабруйску цэнтраў падрыхтоўкі наймітаў для ўдзелу ў вайне Расеі супраць Украіны.
Апроч таго, ва ўкраінскім генштабе адзначылі, што на Валынскім кірунку Расея ўтрымлівае групоўку на ахове ўкраінска-беларускай мяжы. Пры гэтым захоўваецца імавернасьць правакацый, накіраваных на ўцягваньне беларусаў у склад расейскіх войскаў.

Як рэагуе сьвет

Байдэн: «Мы дамо Ўкраіне зброю і прымем уцекачоў з адкрытымі рукамі»

Прэзыдэнт ЗША заявіў, што амэрыканскі ўрад накіруе Ўкраіне ўсю патрэбную дапамогу, каб выратаваць жыцьці людзей:

«Мы паклапоцімся аб тым, каб ва Ўкраіны была зброя для абароны ад уварваньня расейскіх войскаў. Мы адправім грошы, ежу і дапамогу, каб выратаваць жыцьці ўкраінцаў. Мы сустрэнем украінскіх уцекачоў з адкрытымі рукамі», – напісаў Джо Байдэн.

Чацьвёрты пакет санкцый Эўразьвязу

Краіны Эўразьвязу, Вялікая Брытанія, ЗША, Канада, Японія ўвялі санкцыі супраць Расеі і Беларусі як саўдзельніцы ваеннай агрэсіі супраць Украіны. Сотні замежных кампаній заявілі пра вывад свайго бізнэсу з Расеі і Беларусі.

15 сакавіка краіны Эўразьвязу ўхвалілі чацьвёрты пакет санкцый супраць Расеі пасьля яе ўварваньня ва Ўкраіну. Паведамляецца, што часткай пакета стане адмена гандлёвага статусу Расеі як «нацыі найбольшага спрыяньня». Гэты крок можа дазволіць ЭЗ забараніць расейскія тавары або ўвесьці на іх санкцыі і паставіць Расею ў адзін шэраг з Паўночнай Карэяй або Іранам.

NATO папярэджвае

Пра магчымасьць хімічнага нападу з боку Расеі папярэдзіў генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг. На яго думку, заявы Масквы аб тым, што ва Ўкраіне нібыта працуюць лябараторыі па вытворчасьці хімічнай і біялягічнай зброі, могуць быць падрыхтоўкай да такога кроку з боку самой Расеі. Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда заявіў, што NATO перагледзіць сваю пазыцыю аб неўмяшаньні ў канфлікт ва Ўкраіне ў выпадку, калі Расея прыменіць хімічную зброю.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG