У этэры навіновай праграмы «Время» ў гэты час была вядомая прапагандыстка Кацярына Андрэева. Андрэева расказвала пра сустрэчу ў Маскве расейскага і беларускага прэм’ер-міністраў.
Пазьней стала вядома, што антываенную акцыю зладзіла супрацоўніца «Первого канала». Як паведамляюць СМІ, гэта Марына Аўсяннікава, у праграме «Время» яна працуе рэдактарам. Адзначаецца таксама, што ў яе двое дзяцей. Пасьля акцыі Аўсяннікаву затрымалі супрацоўнікі паліцыі. На дадзены момант яна знаходзіцца на допыце ў пастарунку. Перад акцыяй жанчына запісала заяву, якую падае тэлеграм-канал ОВД-Инфо.
У пачатку сакавіка ў Расеі ўвялі крымінальную адказнасьць за распаўсюд «фэйкаў аб расейскай арміі». Яна прадугледжвае пакараньне да 5 млн рублёў або пазбаўленьне волі на тэрмін да 10 гадоў (а калі згаданая правіна пацягнула цяжкія наступствы, тэрмін пазбаўленьня волі можа скласьці ад 10 да 15 гадоў). У прыватнасьці, адказнасьць пагражае тым, хто называе расейскае ўварваньне ва Ўкраіну вайной, а не «спэцапэрацыяй».