На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказвае расейскі палітык, былы палітвязень, удзельнік дасьледчага праекту «Ці хочуць расейцы вайны» Аляксей Міняйла.
- Дасьледаваньне праводзілася ў канцы лютага — на пачатку сакавіка, выбарка 1807 рэспандэнтаў, узважаная паводле полу, узросту і тэрытарыяльнага разьмеркаваньня.
- Мы рады, што вынікі нашага дасьледаваньня супадаюць з вынікамі іншых дасьледчых цэнтраў. Нашае дасьледаваньне ня проста тэлефоннае апытаньне, нашая кампанія-партнэр Tazeros зрабіла дасьледаваньне больш як 2,7 млн запісаў пра вайну ў расейскіх сацыяльных сетках.
- Тэлефоннае апытаньне ў спалучэньні з дасьледаваньнем выказваньняў у сацсетках дазваляе нам сказаць, што людзі падтрымліваюць не вайну, людзі падтрымліваюць сымулякр, які дзяржава сканструявала ў іх галовах.
- Больш за 70% тых, хто падтрымлівае вайну, гавораць пра давер да афіцыйных крыніц інфармацыі. Яны бяруць інфармацыю пра вайну з прапаганды. А прапаганда кажа, што вайны ніякай няма, што мы не ваюем з украінскім народам, што няма абстрэлаў цывільных грамадзянаў, а ідзе спэцапэрацыя па ліквідацыі невялікай банды нацыстаў, якая незаконна захапіла ўладу ва Ўкраіне. І гэтая карціна ў галовах у большай часткі тых, хто выказваўся ў падтрымку вайны.
- Дамінуючая эмоцыя ў сацыяльных сетках ня радасьць з прычыны вайны, не нянавісьць да ўкраінцаў (толькі 2% пастоў у сацсетках зьмяшчаюць варожасьць да ўкраінцаў і Ўкраіны). Дамінуючая эмоцыя — гэта спачуваньне ўкраінцам. І гэтае стаўленьне ўласьцівае як антываенным, так і праваенным пастам.
- Людзі, якія за вайну, ладнай часткай спачуваюць украінцам і лічаць, што «мы іх вызваляем от нацыстаў».
- Зараз мы аналізуем другую хвалю тэлефоннага апытаньня, якую мы правялі на мінулым тыдні. І па гэтых дадзеных мы бачым, што большая частка тых, хто падтрымлівае вайну, ня вельмі ведае, што там адбываецца. Расейцы не падтрымліваюць бамбаваньняў мірных гарадоў; яны падтрымліваюць тое, чаго папраўдзе няма.
- На стаўленьне да вайны ўплывае камбінацыя фактараў. Самы важкі — гэта ўсё ж прапаганда. Але прысутнічае і фэномэн «кансалідацыі вакол сьцяга», і фэномэн адмаўленьня.
- Адна з галоўных расейскіх «скрэпаў» — «абы не было вайны». Адзін з галоўных страхаў расейцаў — гэта страх перад вайной. Год таму «Левада-цэнтар» праводзіў вялікае дасьледаваньне аб страхах. Паводле яго, Трэцяй сусьветнай вайны баяліся больш за 60%.
- У людзей сутыкненьне супрацьлеглых імпульсаў. Людзям страшна, што іх карціна сьвету можа разбурыцца. Іх выхоўвалі на тым, што вайны не павінна быць. І пры гэтым іхная краіна нападае на іншую краіну. Карціна сьвету можа разбурыцца ўшчэнт. Таму ахоўная рэакцыя — а не, гэта не вайна.
- Ну і трэці чыньнік, які мы навукова даказалі ў апошняй хвалі апытаньня, — людзі баяцца даваць шчырыя адказы. У дыктатурах сацыялягічныя апытаньні вельмі абмежавана дэманструюць грамадзкую думку. Нават у дэмакратыях на вострыя пытаньні людзі даюць сацыяльна прымальныя адказы. А ў дыктатурах шчырыя адказы часам успрымаюцца і як небясьпечныя. Праўда, невядомыя выпадкі, каб некага прыцягвалі да адказнасьці за непажаданы ўладам адказ. Але людзі ўспрымаюць гэта як небясьпеку. Паводле апытаньняў, больш за палову расейцаў асьцерагаюцца рэпрэсіяў.
- У другой хвалі дасьледаваньня мы далі магчымасьць рэспандэнтам адмовіцца ад адказу. І гэта істотна зьнізіла колькасьць антываенных адказаў.
- Некаторыя рэспандэнты адказвалі: калі я вам адкажу шчыра, мяне могуць пасадзіць. У Расеі ўведзена ваенная цэнзура, уведзена адказнасьць за заклікі да спыненьня вайны.
- У стаўленьні да вайны жанчыны настроеныя менш праваенна.
- Самая распаўсюджаная эмоцыя ў сацсетках (30%) — спачуваньне ўкраінцам, на другім месцы — занепакоенасьць станам расейскай эканомікі, на трэцім — зьнявагі ў адрас Уладзіміра Пуціна. Дзьве апошнія эмоцыі — прыкладна па 15%. Відавочна, што тыя, хто зьневажае Пуціна, супраць вайны.
- Вядомая схема эвалюцыі стаўленьня: адмаўленьне — гнеў — торг — дэпрэсія — прыманьне. І расейцам давядзецца прайсьці гэты шлях. Мы ўжо бачым, што адмаўленьне паступова пераходзіць у гнеў.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.