Пуцін як галоўнакамандуючы нясе галоўную адказнасьць за ўварваньне ва Ўкраіну. А хто яшчэ?
У арганізацыі агрэсіі яму дапамагае надзвычай ляяльнае да яго асяродзьдзе. Многія з гэтых людзей таксама пачыналі кар’еру ў расейскіх службах бясьпекі. Пытаньне ў тым, хто цяпер мае найбольшы ўплыў на рашэньні Пуціна.
А што робіць Лукашэнка, пакуль Беларусь выкарыстоўваюць для расейскага нападу на Ўкраіну?
Расейскія войскі, якія прыйшлі ва Ўкраіну ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, працягваюць аточваць Кіеў. З тэрыторыі Беларусі расейцы абстрэльваюць Кіеў, Чарнігаў, Жытомір і іншыя гарады, зь беларускіх аэрадромаў ляцяць на Ўкраіну расейскія самалёты і верталёты. Лукашэнка раней прызнаў факт прынамсі некалькіх ракетных удараў зь беларускай зямлі.
Чарговы зьбіты ўкраінцамі гелікоптэр агрэсараў. ВІДЭА
Украінскі бок паведаміў, што агулам зьбіў за 10 дзён вайны ўжо 39 самалётаў і 40 верталётаў расейцаў.
Алексіевіч: Лукашэнка ўжо не ўладарыць у Беларусі
Нобэлеўская ляўрэатка, пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч у эфіры Свабоды Premium назвала вайну Расеі супраць Украіны злом страшнейшым, чым Другая сусьветная вайна.
Алексіевіч называе героямі ўкраінцаў і беларусаў, якія змагаюцца ў вайне за свабоду; паводле яе, Лукашэнка ўжо не ўладарыць у Беларусі.
«Херсон — гэта Ўкраіна». На цэнтральную плошчу гораду супраць акупацыі выйшлі мірныя жыхары
Жыхары Херсону сёньня выйшлі на цэнтральную плошчу гораду, пратэстуючы супраць акупацыі расейскімі войскамі.
Людзі выйшлі бяз зброі, трымаючы дзяржаўныя ўкраінскія сьцягі і сьпяваючы гімн Украіны. Расейскія вайскоўцы спрабавалі іх спыніць папераджальнымі аўтаматнымі чэргамі ў паветра.
Мясцовыя жыхары выгукалі па-ўкраінску: «Херсон — гэта ўкраінскі горад», «Ганьба!», «Слава Ўкраіне! Героям слава!», «Фашысты, дадому!», «Акупанты!», «Слава ваярам Узброеных сілаў Украіны!».
Зяленскі: Пры дапамозе Польшчы, Румыніі і Славаччыны ўдалося пазьбегнуць гуманітарнага крызісу на межах
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі падзякаваў сумежным з Украінай дзяржавам за дапамогу і магчымасьць не дапусьціць на межах гуманітарнай катастрофы.
«Удалося арганізаваць працу так, каб тысячы ўкраінскіх жанчын і дзяцей атрымалі годнае стаўленьне. Ніхто не запытвае іх пра нацыянальнасьць і веру. У нас фактычна няма мяжы зь сяброўскай нам Польшчай», — сказаў Уладзімір Зяленскі ў звароце да ўкраінцаў.
«Упэўнены, што мы хутка зможам сказаць нашым людзям: вяртайцеся!», — дадаў ён.
Беларускіх лётнікаў у сьпісе ГУР Украіны няма
На старонцы ў facebook Галоўнае ўпраўленьне выведкі Ўкраіны выклала сьпіс лётнікаў, якія прылятаюць бамбіць Украіну зь беларускай Ліды.
«Выкарыстаны хэштэг „акупантыРФ“ не памылковы, хоць ідзецца пра беларускіх вайсковых злачынцаў, але дзяржавы РБ не існуе», — напісала ўкраінская выведка.
Свабода праверыла сьпіс лётнікаў. Выявілася, што лётнікі з такімі зьвесткамі існуюць. Але яны з расейскіх брыгадаў авіяцыі, дысьлякаваных на Ўрале і пад Санкт-Пецярбургам.
Наступствы расейскага авіяўдару па Белай Царкве
Выбітныя пісьменьнікі заклікаюць расейскамоўных казаць расейцам праўду пра вайну ва Ўкраіне
Выкарыстоўвайце «ўсе магчымыя сродкі сувязі» для непасрэднага кантакту з грамадзянамі Расеі, заклікаюць у звароце 17 вядомых пісьменьнікаў.
Сярод 17 падпісантаў звароту — беларуская пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч, якая атрымала Нобэлеўскую прэмію ў літаратуры ў 2015 годзе. Зварот падпісалі яшчэ больш за тузін знаных аўтараў, у тым ліку нобэлеўскі ляўрэат Джон Максвэл Кутсіе.
«Вы размаўляеце па-расейску. Гэта мае значэньне. Калі ласка, выкарыстоўвайце ўсе магчымыя сродкі сувязі. Тэлефоны. Мэсэнджары. Электронныя лісты. Зьвярніцеся да людзей, якіх вы ведаеце. Зьвяртайцеся да людзей, якіх вы ня ведаеце. Гаварыце праўду. Калі Ўладзімір Пуцін сьляпы і глухі, то, магчыма, расейцы прыслухаюцца да тых, хто гаворыць на адной зь імі мове. Гэтую супрацьпраўную вайну трэба спыніць», — гаворыцца ў звароце.
Акрамя Сьвятланы Алексіевіч, зварот падпісалі пісьменьнікі Ўладзімір Сарокін, Людміла Уліцкая, Аляксандар Геніс, Барыс Акунін, Дьзмітрый Глухоўскі, Віктар Шэндэровіч, Саша Філіпенка, Віктар Марціновіч ды іншыя.
У Херсоне хлопец з украінскім сьцягам пад воплескі жыхароў гораду залез на расейскі БТР
Ля Чарнігава зьбілі яшчэ адзін расейскі самалёт
Украінскі бок паведаміў, што агулам зьбіў за 10 дзён вайны ўжо 39 самалётаў і 40 гелікоптэраў расейцаў.
Conflict Intelligence Team: Паветрана-касьмічныя сілы РФ скінулі ў Адэскай вобласьці касэтную авіябомбу
Расьсьледная арганізацыя Conflict Intelligence Team прааналізавала інфармацыю пра расейскія авіяўдары ў раёне вёскі Беленькае і курортнага пасёлку Затокі Адэскай вобласьці Ўкраіны.
Conflict Intelligence Team спасылаецца на Галоўнае ўпраўленьне дэпартамэнту службы надзвычайных сытуацыяў у Адэскай вобласьці, якое апублікавала відэа, дзе відаць рэшткі разавай бомбавай касэты сямейства РБК-500 і процітанкавыя суббоепрыпасы, якія не разарваліся. Супрацоўнікі службы выносяць іх з будынку, зусім не падобнага на вайсковы аб’ект.
Расьсьледная арганізацыя зьвяртае ўвагу на тое, што хоць ні Расея, ні Ўкраіна не далучыліся да Канвэнцыі аб забароне касэтных боепрыпасаў, іх ужываньне ў паселішчах можна лічыць ваенным злачынствам.
Украінская армія перайшла ў контранаступ пад Харкавам
Пад Харкавам падразьдзелы Ўзброеных сілаў Украіны перайшлі ў контранаступ, паведамляе прэс-служба Сухапутных войскаў Узброеных сілаў Украіны 5 сакавіка.
«Гэта стала магчымым дзякуючы нязломнасьці ўкраінскага народу, адсутнасці падрыхтаваных рэзэрваў у расейцаў, дэмаралізацыі акупацыйных войскаў і не ў апошнюю чаргу дзякуючы адыходу падразьдзелаў так званай «ЛДНР», — гаворыцца ў паведамленьні.
«Баевікі пачалі пакідаць падразьдзелы расейскай арміі, каб вярнуцца ў свае дамы. Гэта іх кансалідацыя», — адзначаюць ва Ўзброеных сілах.
У Марыюпалі перанесьлі эвакуацыю. Расейскія войскі працягваюць абстрэльваць горад
Марыюпальская гарадзкая рада паведаміла аб пераносе эвакуацыі, бо расейскі бок не выконвае абавязаньня спыніць абстрэлы.
«У сувязі з тым, што расейскі бок не выконвае рэжыму цішыні і працягвае абстрэльваць як Марыюпаль, гэтак і ягоныя ваколіцы, у мэтах бясьпекі эвакуацыя пераносіцца», — паведамілі гарадзкія ўлады.
Усіх жыхароў заклікалі накіравацца ў сховішчы.
Эвакуацыя сарваная: расейцы парушылі дамоўленасьці
Нягледзячы на абяцаньні, дадзеныя Масквой Чырвонаму Крыжу і кіраўніцтву Ўкраіны, расейскія войскі працягваюць абстрэлы Валнавахі і Марыюпалю, акрамя таго, непадалёк Запарожжа вядуцца баі, што робіць немагчымым рух гуманітарнай калёны. У выніку эвакуацыю згарнулі, паведаміла віцэ-прэм’ер-міністар у пытаньнях часова акупаваных тэрыторыяў Ірына Верашчук.
Абмежаваньні на прадукты ў Расеі
Расейскія СМІ паведамляюць, што «Ашан», «Пятёрочка», «Перекрёсток» і іншыя вялікія сеткі крамаў у Расеі ўвялі абмежаваньні на продаж пэўных катэгорыяў тавараў у адны рукі. Абмежаваньні ўводзяць таксама на продаж прадуктаў у некаторых сэрвісах дастаўкі. У крамах пачаліся перабоі з цукрам і іншымі таварамі ў сувязі з ажыятажным попытам на іх. На цукар яшчэ і павысіліся цэны.
Курс расейскага рубля ўпаў на 50% пасьля вайсковай агрэсіі Пуціна супраць Украіны.
Жыхары Бярдзянску выйшлі на пратэст супраць расейскіх войскаў у горадзе. ВІДЭА
Марыюпаль у аблозе расейскіх войскаў ужо 5 дзён
Да вайны ў горадзе жылі 430 тысяч чалавек, тут важны для Ўкраіны порт на Азоўскім моры і буйны мэталюргічны камбінат.
Расейскія ракеты зруйнавалі горад Ірпень на поўнач ад Кіева
Да вайны Ірпень лічыўся добрым месцам для адпачынку і жыцьця непадалёк ад мэгаполісу Кіева.
Доўгія чэргі стаяць у абменьнікі Менску
Курс продажу эўра набліжаецца да 4 BYN, даляра — 3,6 BYN. Гэта паўплывала на ажыятаж сярод людзей.
За 10 дзён пасля нападу Расеі на Ўкраіну курс беларускага рубля ўпаў на 40%.