Як галоўнакамандуючы Пуцін нясе галоўную адказнасьць за ўварваньне ва Украіну, але ён заўсёды разьлічваў на надзвычай ляяльнае асяродзьдзе.
Многія з гэтых людзей таксама пачыналі кар'еру ў расейскіх службах бясьпекі. Пытаньне ў тым, хто цяпер мае найбольшы ўплыў на рашэньне Пуціна. У гэтым разьбіралася ВВС.
Сяргей Шайгу, міністар абароны
Шайгу — адна з найдаўнейшых давераных асобаў Пуціна. Шайгу паўтарае пуцінскія наратывы пра дэмілітарызацыю Ўкраіны і абарону Расеі ад так званай вайсковай пагрозы Захаду.
Разам з прэзыдэнтам ён езьдзіць на паляваньне і на рыбу ў Сібір, а ў мінулым яго разглядалі як патэнцыйнага пераемніка Пуціна.
Але гляньце на фота ніжэй, дзе Шайгу ніякавата сядзіць побач з галавой узброеных сілаў на супрацьлеглым баку даўжэзнага стала. Выглядае, што ён наўрад ці зможа дагрукацца да вуха прэзыдэнта.
Пуцін на сустрэчы зь міністрам абароны Сяргеем Шайгу і начальнікам Генэральнага штабу Ўзброеных сілаў Расеі Валерыем Герасімавым 27 лютага 2022 г.
Фота зроблена за дзень да пачатку ваеннай кампаніі, якая сустрэла неспадзявана моцны супраціў украінцаў пры нізкім баявым духу расейцаў.
Сяргею Шайгу прыпісваюць захоп Крыму ў 2014 годзе. Ён таксама ачольваў Службу вайсковай выведкі ГРУ, якую абвінавачваюць у атручэньні Сяргея Скрыпаля ў 2018 годзе і Аляксея Навальнага ў 2020 годзе.
Расейскі экспэрт у бясьпецы і пісьменьнік Андрэй Салдатаў лічыць, што міністар абароны па-ранейшаму застаецца самым уплывовым голасам, да якога прыслухоўваецца прэзыдэнт.
«Шайгу адказвае ня толькі за вайсковыя справы, але таксама часткова і за ідэалёгію, а ў Расеі ідэалёгія пераважна зьвязаная з гісторыяй, і ён кантралюе наратыў».
Валерый Герасімаў, начальнік Генэральнага штабу ВС РФ
Уварваньне ва Украіну і хуткае завяршэньне апэрацыі было яго задачай.
Герасімаў адыгрывае важную ролю ў ваенных кампаніях Пуціна з таго часу, як ён камандаваў арміяй у Чачэнскай вайне 1999 году. Ён таксама меў галоўную ролю ў стратэгічным плянаваньні ўварваньня, назіраючы за вайсковымі вучэньнямі ў Беларусі ў мінулым месяцы.
Герасімаў, якога брытанскі палітоляг Марк Галеоці назваў «пахмурым чурылам», таксама адыграў ключавую ролю ў ваеннай кампаніі анэксіі Крыму.
Паводле некаторых зьвестак, ён страціў уплыў з прычыны адкладу ўварваньня ва Ўкраіну і паведамленьняў пра нізкі маральны дух войскаў.
Але міністар абароны, як бы яму ні падабалася ягоная вайсковая форма, ня мае вайсковай падрыхтоўкі і павінен спадзявацца на прафэсіяналаў.
Мікалай Патрушаў, сакратар Савету Бясьпекі
«Патрушаў — самы ваяўнічы ястраб у атачэньні Пуціна, ён упэўнены, што Захад гадамі марыць зьнішчыць Расею», — кажа Бэн Ноўбл, дацэнт Унівэрсытэцкага каледжу ў Лёндане, які спэцыялізуецца на расейскай палітыцы.
Ён адзін з трох паплечнікаў Пуціна, якія служылі зь ім з 1970-х гадоў у Ленінградзе.
Двое іншых - гэта дырэктар ФСБ Аляксандар Бортнікаў і кіраўнік вонкавай выведкі Сяргей Нарышкін. Усё блізкае кола прэзыдэнта складаецца зь сілавікоў, але гэтае трыо — яго апірышча.
Мала хто мае такі ўплыў на прэзыдэнта, як Мікалай Патрушаў. Ён працаваў зь ім у савецкім КГБ, а затым зьмяніў яго на пасадзе кіраўніка ФСБ з 1999 па 2008 год.
Менавіта падчас хімэрнага паседжаньня Савету бясьпекі Расеі за тры дні да ўварваньня Патрушаў заявіў, што «канкрэтнай мэтай» Злучаных Штатаў ёсьць развал Расеі.
Паседжаньне выглядала надзвычай тэатральна. Прэзыдэнт старшыняваў за сталом на вялікай адлегласьці ад дарадцаў, якія па чарзе падыходзілі да катэдры і выказваліся аб прызнаньні незалежнасьці «ДНР» і «ЛНР».
Мікалай Патрушаў здаў залік. «У яго быў найгучнейшы баявы кліч, і адчуваецца, што менавіта ён падштурхнуў Пуціна да радыкальных дзеяньняў», — сказаў Бэн Ноўбл.
Аляксандар Бортнікаў, дырэктар ФСБ
Назіральнікі кажуць, што прэзыдэнт давярае інфармацыі ад службаў бясьпекі больш, чым усякай іншай крыніцы, а Аляксандра Бортнікава лічаць часткаю ўнутранага сьвяцілішча Пуціна.
Гэта яшчэ адзін прадстаўнік старой чэкісцкай гвардыі, які ўзяў на сябе кіраўніцтва ФСБ пасьля таго, як Патрушаў пайшоў далей.
Вядома, што абодва блізкія да прэзыдэнта, але, як адзначае Бэн Ноўбл, «мы ня можам дакладна сказаць, хто менавіта аддае загады і прымае рашэньні».
Бортнікаў — фігура важная, але наўрад ці ён здольны кінуць выклік расейскаму лідэру або даваць яму парады — гэтаксама, як і іншыя, кажа Андрэй Салдатаў.
Сяргей Нарышкін, дырэктар вонкавай выведкі
Трыё старых ленінградзкіх прывідаў завяршае Сяргей Нарышкін, які большую частку сваёй кар'еры правёў побач з прэзыдэнтам.
Але што тады значыць прачуханка, якую ён атрымаў падчас паседжаньня Савету Бясьпекі?
У адказ на просьбу ацаніць сытуацыю кіраўнік выведкі зьбянтэжыўся і пачаў блытацца, але прэзыдэнт яго абарваў — «мы гэта не абмяркоўваем».
Зьбянтэжаны Нарышкін перад вялікай тэлевізійнай аўдыторыяй, выглядае, быў часткаю сцэнару спэктаклю.
Паводле Андрэя Салдатава, Пуцін проста атрымліваў асалоду ад моманту: «Пуцін любіць гуляць у гульні з сваім атачэньнем, і выставіць Нарышкіна дурнем таксама было часткаю гульні».
Сяргей Нарышкін заставаўся ценем Пуціна ў Санкт-Пецярбургу ў 1990-х гадах, затым у канцылярыі прэзыдэнта ў 2004 годзе і ўрэшце стаў сьпікерам парлямэнту. Але ён таксама ўзначальвае Расейскае гістарычнае таварыства і, на думку Салдатава, адыгрывае важную ролю ў забесьпячэньні ідэалягічнай падставы дзеяньняў Пуціна.
Сяргей Лаўроў, міністар замежных справаў
71-гадовы Сяргей Лаўроў — яшчэ адзін доказ таго, што Ўладзімір Пуцін шмат у чым пакладаецца на постаці з свайго мінулага.
Ён хітры маніпулятар. У мінулым месяцы ён намагаўся высьмеяць міністра замежных справаў Вялікай Брытаніі Ліз Трас за веданьне расейскай геаграфіі, а год таму спрабаваў зьняважыць кіраўніка замежнай палітыкі Эўразьвязу Жузэпа Бурэля.
Але доўгі час яго думкі пра Ўкраіну не пыталіся. Нягледзячы на свае грубыя манеры і рэпутацыю, ён заклікаў да далейшых дыпляматычных перамоваў наконт Украіны, і прэзыдэнт Расеі вырашыў ігнараваць яго.
Наўрад ці ён засмуціўся, калі бальшыня чальцоў Рады правоў чалавека ААН выйшла, калі ён спрабаваў апраўдаць уварваньне Расеі.
Валянціна Матвіенка, старшыня Савету Фэдэрацыі
Адно зь нямногіх жаночых абліччаў у атачэньні Пуціна. Матвіенка вяла галасаваньне ў верхняй палаце парлямэнту за ўвод расейскіх войскаў за мяжу, што адкрыла шлях уварваньню.
Матвіенка — яшчэ адна паплечніца Пуціна з Санкт-Пецярбургу, якая таксама ўдзельнічала ў анэксіі Крыму ў 2014 годзе.
Але гэта ня тая фігура, што прымае рашэньні.
Віктар Золатаў, дырэктар Расгвардыі
Былы ахоўнік прэзыдэнта, цяпер узначальвае нацыянальную гвардыю Расеі, сфармаваную Пуціным усяго шэсьць гадоў таму. Гэта свайго роду асабістае войска ў стылі прэтарыянскай гвардыі рымскіх імпэратараў.
Абраўшы асабіста кіраўніка гвардыі, Пуцін пераканаўся ў яго ляяльнасьці, а Віктар Золатаў павялічыў колькасьць ахоўнікаў да 400 тысяч.
Вера Міронава лічыць, што пачатковы план Расеі быў завяршыць уварваньне за некалькі дзён. А калі вайскоўцы зазналі няўдачы, вядучую ролю ўзяла на сябе Расгвардыя.
Праблема ў тым, што кіраўнік Нацыянальнай гвардыі ня мае вайсковай падрыхтоўкі, а паколькі ў яго войскаў няма танкаў, яны таксама ўразьлівыя для нападу.
Каго яшчэ слухае Пуцін?
Прэм'ер-міністар Міхаіл Мішусьцін мае няпростае заданьне выратаваць эканоміку, але яго роля не зьвязаная з вайной.
З словаў палітоляга Яўгена Мінчанкі, блізкія да прэзыдэнта таксама мэр Масквы Сяргей Сабянін і кіраўнік дзяржаўнага нафтавага гіганта «Роснефть» Ігар Сечын.
Блізкімі даверанымі асобамі Пуціна доўгі час заставаліся і браты-мільярдэры Барыс і Аркадзь Ротэнбергі, якія былі яго сябрамі дзяцінства. У 2020 годзе часопіс Forbes назваў іх найбагацейшай сям’ёй Расеі.
Напад Расеі на Ўкраіну
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.