Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Горад Белая Цэрква пад Кіевам пасьля авіяўдару. 4 сакавіка
Горад Белая Цэрква пад Кіевам пасьля авіяўдару. 4 сакавіка

Расейцы абяцалі гуманітарны калідор для эвакуацыі жыхароў Марыюпалю і Валнавахі, але не далі. Дзясяты дзень вайны Расеі супраць Украіны

абноўлена

Ужо дзясяты дзень ідзе вайна, якую Расея вядзе супраць Украіны. Свабода адсочвае падзеі дзень за днём.

  • Няглядзячы на дамову аб магчымасьці часовага спыненьня агню для арганізацыі гуманітарных калідораў, эвакуацыі мірных жыхароў з Марыюпалю і Валнавахі не адбылося.
  • Кіраўнік Данецкай абласной вайсковай адміністрацыі Павал Кірыленка заявіў, што расейскі бок працягваў абстрэлы, і таму эвакуацыю насельніцтва з Марыюпалю вырашылі перанесьці.
  • Служба бясьпекі Ўкраіны паведаміла, што ў Івана-Франкоўскай вобласьці затрымалі арганізатараў сеткі па стварэньні «Фэдэратыўнай рэспублікі Украіна».
  • Кіеў: з пачатку расейскай агрэсіі загінулі больш як 2000 мірных жыхароў.
  • ААН: за тыдзень вайны Ўкраіну пакінуў мільён чалавек.
  • У Расею пайшлі першыя «пахаронкі». Маці палоннага расейскага салдата напісала Лукашэнку.
  • Беларусы робяць дывэрсіі на чыгунцы, каб не дапусьціць прыезду расейскіх вайсковых эшалёнаў ва Ўкраіну.
  • Расейскія ўлады блякуюць сайты недзяржаўных СМІ за тое, што тыя прыводзяць колькасьць ахвяр не з афіцыйных крыніц і называюць баявыя дзеяньні вайной, а не спэцапэрацыяй.
  • 4 сакавіка пацьвердзілася інфармацыя пра тое, што забілі першага расейскага генэрала.
  • Увечары 3 сакавіка расейцы пачалі абстрэльваць Запароскую АЭС і выклікалі на ёй пажар, што можа прывесьці да буйной экалягічнай катастрофы. Вядома, што расейцы захапілі пляцоўку перад АЭС.
  • Падчас абароны АЭС загінулі 3 украінскіх вайкоўцаў, 2 параненыя, 1 зь іх у цяжкім стане. Пажар ліквідавалі ўкраінскія ратавальнікі. Сытуацыя вакол АЭС імкліва зьмяняецца.
  • Міністэрства абароны Ўкраіны заявіла, што за восем дзён вайны страты расейцаў перавысілі 10 тысяч асобаў.
  • 5 сакавіка расейскі бок паабяцаў гуманітарныя калідоры для жыхароў аточаных Марыюпалю і Валнавахі. Мясцовыя ўлады пачалі падрыхтоўку.
  • Пажар на Запароскай АЭС патушылі, яе пляцоўку захапілі расейцы. Дзявяты дзень вайны Расеі супраць Украіны​
07:35 5.3.2022

Кіеў: У Валынскай вобласьці затрымалі дэсантніка зь Беларусі

На Шацкім кірунку затрымалі беларускага вайскоўца. Пра гэта ў фэйсбуку паведаміў начальнік патрульнай паліцыі Яўген Жукаў.

«Людзей затрымлівалі, выклікалі памежнікаў. Ён кажа, што перайшоў на бок Украіны, бо ня хоча з намі ваяваць. Кажа пра пазыцыі, пра колькасьць войскаў на мяжы», — сказаў Жукаў.

Фота затрыманага начальнік патрульнай паліцыі паабяцаў выкласьці пазьней.

07:54 5.3.2022

S&P панізіла рэйтынг Беларусі

Рэйтынгавае агенцтва Standard & Poor’s у пятніцу панізіла доўгатэрміновы крэдытны рэйтынг Беларусі з «B» да «CCC». Гэта азначае, што, з гледзішча агенцтва, Беларусь адчувае значныя цяжкасьці з выплатамі ў даўгавых абавязаньнях.

«Міжнародныя санкцыі, уведзеныя супраць Беларусі празь яе ўдзел у расейскім ваенным уварваньні ва Ўкраіну, дастаткова жорсткія, і мы чакаем, што яны надалей будуць узмацняцца», — тлумачыць агенцтва, якое цытуе ВВС.

08:22 5.3.2022

ААН: Звыш 1,2 млн сталі ўцекачамі пасьля расейскага нападу на Ўкраіну

Управа Высокага камісара ў справах уцекачоў ААН таксама зьвяртае ўвагу, што многія іншыя ўкраінцы «пераяжджаюць унутры краіны», многія сем’і зьехалі ў поўным складзе.

08:39 5.3.2022

Расейцы дзясяты дзень трымаюць пэрсанал Чарнобыльскай АЭС у закладніках

На станцыі дагэтуль застаюцца людзі, якія працавалі на Чарнобыльскай АЭС у першы дзень расейскага ўварваньня. Пра гэта паведаміў мэр Славуціча Юры Фамічоў у этэры «Суспільне», перадае Укрінформ.

«Мы ня можам замяніць людзей, яны 10 дзён адпрацоўваюць сваю зьмену. Іх падзялілі на дзьве групы, што зьмяняюць адна адну, але яны стаміліся маральна, фізычна, эмацыйна», — сказаў Фамічоў. Ён дадаў, што людзі ядуць эканомна, маюць абмежаваную колькасьць лекаў, і ім вельмі цяжка.

«Мы казалі, што кадры павінны працаваць стабільна. Акрамя таго, усе транспартныя сродкі, якія праяжджаюць праз Чарнобыльскую зону, развозяць радыеактыўны пыл на колах на ўсю тэрыторыю Ўкраіны далей у кірунку Кіева, і яна не спыняецца соднямі», — сказаў мэр.

Ён адзначыў, што зносіны з «тымі людзьмі абмежаваныя», няма гарантаванага «зялёнага калідору», які замяніў бы ўсю зьмену на станцыі.

«Акрамя таго, вібрацыя, якая ўзьнікае пры перамяшчэньні тэхнікі і, ня дай бог, калі ідуць баявыя дзеяньні, можа паўплываць і на 4-ы энэргаблёк, які мае няўстойлівыя канструкцыі. Маю на ўвазе той, які пацярпеў у аварыі ў 1986 годзе», — сказаў Фамічоў.

Паводле яго, абвал няўстойлівых канструкцыяў можа прывесьці да выкіду вялікай колькасьці радыяактыўнага пылу.

Украіна афіцыйна падала пазоў супраць Расеі ў Міжнародны суд ААН у Гаазе.

Таксама дзеяньні расейскіх агрэсараў пагражаюць Запароскай АЭС, у выпадку аварыі там экалягічныя праблемы адчуе і Беларусь.

09:07 5.3.2022

Наступствы расейскага нападу на сяло Мархалёўка на Кіеўшчыне

09:17 5.3.2022

Пуцін даў званьне «героя Расеі» афіцэру з Прыморя за напад на Ўкраіну

Губэрнатар расейскага Прыморʼя Алег Кажамяка расказаў пра афіцэра, які атрымаў званьне «героя Расеі» за дзеяньні ў вайне супраць Украіны.

Указам Пуціна званьне «героя Расеі» прысвоена камандзіру брыгады марской пяхоты, палкоўніку Аляксею Бернгарду.

«Найвышэйшую воінскую ўзнагароду Аляксей атрымаў за ўмелыя дзеяньні пры выкананьні баявых задачаў у ходзе спэцыяльнай ваеннай апэрацыі на ўсходзе Ўкраіны», — напісаў губэрнатар.

Ці атрымаў палкоўнік гэтае званьне жывым або пасьмяротна, не ўладкладняюць.

09:26 5.3.2022

У Львове помнікі засьцерагаюць ад магчымага бамбаваньня

Пра гэта паведаміў дэпутат Вярхоўнай Рады Ўкраіны Аляксей Ганчарэнка.

09:27 5.3.2022

Апытаньне: 74% амэрыканцаў падтрымліваюць увядзеньне беспалётнай зоны над Украінай

Паводле апытаньня Reuters / Ipsos, праведзенага ў чацьвер і пятніцу, у ЗША расьце абурэньне ўварваньнем Расеі ва Ўкраіну, якое суправаджаецца бамбаваньнямі жылых раёнаў.

09:30 5.3.2022

У выніку расейскага авіяўдару ў вёсцы Мархалёўка паблізу Кіева загінулі шэсьць чалавек, у тым ліку дзіця

Пра гэта паведаміла рэгіянальная паліцыя. Паводле яе зьвестак, яшчэ двое дарослых і двое дзяцей атрымалі раненьні, іх даставілі ў лякарню.

Налёты расейскай авіяцыі не спыняюцца ў розных рэгіёнах Украіны. У Чарнігаве, паводле ўдакладненых зьвестак, у выніку бамбаваньня жылога масіву 3 сакавіка загінулі больш за 40 чалавек. Гэта перадало агенцтва УНІАН з спасылкай на прэс-службу абласной адміністрацыі.

Мархалёўка (Кіеўская вобласьць) пасьля авіяўдару, 4 сакавіка
Мархалёўка (Кіеўская вобласьць) пасьля авіяўдару, 4 сакавіка

09:36 5.3.2022

Ахвяры, кроў і разбурэньні

Расея працягвае наносіць удары па мірных гарадах Украіны.

09:40 5.3.2022

У Херсоне ўкраінцы кладуцца пад колы расейскай тэхнікі

09:58 5.3.2022

Расейскі бок паабяцаў гуманітарныя калідоры для жыхароў Марыюпалю і Валнавахі

Ад 10-й гадзіны (9-я па кіеўскім часе) 5 сакавіка абвешчаны рэжым цішыні.

Украінскія Валнаваха і Марыюпаль, якія трапілі ў аблогу расейскіх войскаў, атрымалі абяцаньне ў забесьпячэньні гуманітарнага калідору для мірных жыхароў. Ад 9-й гадзіны абвешчаны рэжым цішыні. Пра гэта паведамілі ў Міністэрстве абароны Расеі. Таксама гэтую інфармацыю пацьвердзіў дэпутат Вярхоўнай рады Ўкраіны Аляксей Ганчарэнка.

10:31 5.3.2022

У Харкаўскай вобласьці з пачатку вайны загінулі 188 чалавек, 394 атрымалі раненьні

З пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны ў Харкаве і вобласьці загінулі 188 чалавек, у тым ліку 122 мірныя жыхары, 394 параненыя і 290 мірных жыхароў, паведаміла паліцыя Харкаўскай вобласьці. Сярод загінулых пяцёра дзяцей, паведаміла паліцыя.

«З 24 лютага 35 вайскоўцаў Узброеных Сіл Украіны, 4 паліцыянты, 6 нацгвардзейцаў, 4 супрацоўнікі Дзяржаўнай памежнай службы, 2 супрацоўнікі Харкаўскага нацыянальнага ўнівэрсітэта ВПС, 1 супрацоўнік Службы бясьпекі Ўкраіны і 14 тэрытарыяльных байцоў загінулі пры абароне Харкаўскай вобласьці ад варожых войскаў»,– паведамілі ў паліцыі. Паводле яе зьвестак, у рэгіёне былі затрыманыя 12 расейскіх вайскоўцаў.

10:41 5.3.2022

Улады Марыюпалю абвясьцілі эвакуацыю насельніцтва

Мэр Марыюпалю Ўладзімір Бойчанка заявіў пра пачатак эвакуацыі насельніцтва з горада:

«Гэта няпростае рашэньне, але, як я заўсёды казаў, Марыюпаль – гэта ня вуліцы і не будынкі. Марыюпаль – гэта ягоныя жыхары, мы з вамі. І наша галоўная задача абараняць людзей», – заявіў Уладзімір Бойчанка.

Каардынацыйны цэнтар Данецкай абласной вайскова-цывільнай адміністрацыі паведаміў, што эвакуацыя пачнецца аб 11.00 па гуманітарным калідоры Марыюпаль–Нікольскае–Розаўка–Палогі–Арэхаў–Запарожжа.

10:59 5.3.2022

Пэрсанал ЧАЭС ужо 10 дзён у закладніках, ён ня можа гарантаваць бясьпеку

Мэр Славуціча Юры Фамічоў заявіў, што расейскія вайскоўцы, якія захапілі Чарнобыльскую АЭС, ужо 10 дзён трымаюць у закладніках пэрсанал, які выйшаў на зьмену 24 лютага. У сваю чаргу выконваючы абавязкі генэральнага дырэктара ЧАЭС Валерый Сейда адзначыў, што цяпер немагчыма арганізаваць ратацыю пэрсаналу.

«Мы ня можам гарантаваць бясьпеку, бо ўсе ж разумеюць, што маршрут праходзіць праз лінію фронту», – дадаў ён.

Валерый Сейда адзначыў, што пэрсанал забясьпечаны прадуктамі харчаваньня і мэдычнай дапамогай, але не хапае хлеба.

11:09 5.3.2022

Эвакуацыя і дапамога ўцекачам на Заходняй Украіне

На чыгуначны вакзал Ужгараду прыбываюць эвакуяваныя з Кіева, Харкава, Херсона і Лісічанска. У дзень прымаецца каля дзесяці цягнікоў. Наведвальнікаў сустракаюць некалькі груп валянтэраў, якія дапамагаюць з харчаваньнем, пражываньнем, інфармацыйнай і псыхалягічнай падтрымкай.

11:15 5.3.2022

Кіеў: украінскія войскі зьбілі 39 расейскіх самалётаў і 40 верталётаў

Міністэрства абароны Ўкраіны абнародавала страты расейскіх войскаў цягам 10 дзён іхнай агрэсіі супраць Украіны. Паводле ведамства агульныя страты Расеі склалі больш як 10 тысяч асабістага складу, 269 танкаў, 945 – баявых браняваных машын, 105 артылерыйскіх сыстэм, 50 ракетных сыстэм залпавага агню, 19 адзінак сродкаў супрацьпаветранай абароны, 39 самалётаў, 40 верталётаў, 409 вайсковых аўтамабіляў, 2 лёгкія катэры, 60 цыстэрнаў з палівам і тры бесьпілётнікі.

Аб сваіх стратах Міністэрства абароны не паведамляе.

Расея не прызнае вялікіх стратаў у вайне з Украінай, раней там заявілі, што загінула каля 500 іх салдат.

11:47 5.3.2022

Кіеў: расейцы кантралююць невялікую тэрыторыю Ўкраіну, украінцы перайшлі ў контрнаступ

Міністар абароны Ўкраіны Аляксей Рэзьнікаў заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны перайшлі ў контрнаступ, спрабуючы выціснуць праціўніка з накірункаў, на якіх яны былі ўстанавілі свой кантроль.

«Асноўныя намаганьні акупанты сканцэнтравалі на атачэньні Кіева і аслабленьні супраціву ў заблякаваных імі населеных пунктах. Абаронцы Кіева працягваюць адбіваць наступ ворага», – паведаміў Аляксей Рэзьнікаў.

На чарнігаўскім кірунку ўкраінскія войскі ўтрымліваюць пазыцыі. Каля 200 адзінак расейскай вайсковай тэхнікі спынілі ў раёне паселішча Міхайла-Кацюбінскае, бо там зруйнавалі мост.

«Так, вораг прасунуўся на асобных кірунках, але кантралюе толькі невялікую тэрыторыю», – паведаміў міністар.

Паводле яго слоў, Расея цяпер пачала больш актыўна выкарыстоўваць свой паветраны і ракетны патэнцыял.

12:02 5.3.2022

Украінскія ўлады плянуюць эвакуаваць больш як 200 тысяч грамадзян двума гуманітарнымі калідорамі

Віцэ-прэм’ер-міністар у пытаньнях часова акупаваных тэрыторыяў Ірына Верашчук заявіла, што прымусіць Расею забясьпечыць першыя два гуманітарныя калідоры дапамагла міжнародная арганізацыя Чырвонага Крыжа.

«Мы ўзгаднілі пры пасярэдніцтве камітэту Чырвонага Крыжа маршруты, якімі будзе адбывацца рух калёнаў, як будуць завозіць гуманітарныя грузы, і атрымалі пацьвярджэньне ад расейскага боку», — заявіла Ірына Верашчук.

Паводле яе, ідзецца пра адзін калідор для Марыюпалю і адзін для Валнавахі.

Ірына Верашчук удакладніла, што з Марыюпалю плянуюць вывезьці каля 200 тысяч грамадзян, а з Валнавахі — больш як 15 тысяч.

«Чырвоны Крыж забясьпечвае гарантыю рэжыму прыпыненьня агню. Чырвоны Крыж будзе прысутнічаць і ачольваць калёны, якія будуць рухацца вызначанымі маршрутамі», — падкрэсьліла Ірына Верашчук.

У той жа час, паводле яе, украінскія вайскоўцы паведамляюць, што ў раёнах заяўленых маршрутаў расейскія войскі выкарыстоўваюць рэжым цішыні і прасоўваюцца наперад. «Я хачу зьвярнуцца да расейскай улады. Мы дамовіліся пры пасярэдніцтве Чырвонага Крыжа, на падставе міжнародных канвэнцыяў, што будзе выконвацца рэжым цішыні. Там ня можа быць ніякага прасоўваньня расейскіх войскаў. І я зьвяртаюся да расейскай улады з патрабаваньнем спыніць прасоўваньне сваіх войскаў», — заявіла ўкраінская віцэ-прэм’ерка.

12:08 5.3.2022

Расейскія вайскоўцы стрэламі спрабуюць разагнаць мітынг пратэсту ў акупаваным Херсоне

Але людзі не разыходзяцца.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG