З тэрыторыі Беларусі расейцы абстрэльваюць Кіеў, Чарнігаў, Жытомір і іншыя гарады, зь беларускіх аэрадромаў ляцяць на Ўкраіну расейскія самалёты і верталёты.
Лукашэнка раней прызнаў факт прынамсі некалькіх ракетных удараў зь беларускай зямлі.
Лукашэнка 4 сакавіка, апраўдваючы агрэсію супраць Украіны, сказаў, што беларускае войска нібыта «прыкрывае паўднёвую мяжу».
«З дня ў дзень пачынаю пераконваць, што мы нікуды ня пойдзем, што мы будзем абараняць сваю зямлю. Калі вы мяне ня чуеце, то вам трэба выбіраць новага прэзыдэнта. Займайцеся сваёй справай. У мяне няма ні неабходнасьці, ні жаданьня пасылаць нашых дзяцей на вайну. Мы мусім абараніць нашу дзяржаву», — сказаў Лукашэнка.
Тым часам беларуская прапаганда з пачатку вайны вядзе антыўкраінскую кампанію ва ўнісон з расейскай.
Сам Лукашэнка ня выказаў спачуваньня ўкраінскаму народу з прычыны шматлікіх ахвяраў і разбурэньняў, прынесеных расейскай вайной і саўдзелам у ёй уладаў Беларусі.
5 сакавіка Лукашэнка прыняў удзел у традыцыйнай “Менскай лыжні” ў Раўбічах і “перамог” іншых удзельнікаў у эстафэце.