Ва Украіне 58000 дамоў застаюцца бяз газу, большасьць — у Харкаўскай вобласьці
Ва Ўкраіне колькасьць хатніх гаспадарак, дзе няма газу, вырасла за суткі да 58 тысяч. Больш за ўсё спажыўцоў бяз газазабесьпячэньня ў Харкаўскай вобласьці.
Паводле інфармацыі ўрадавага парталу, па стане на 20:00 5 сакавіка аднавілі газазабесьпячэньне амаль у 1500 дамах. Найбольшая колькасьць хатніх гаспадарак, у якія ўдалося вярнуць газ у Харкаўскай вобласьці — больш за 1100, яшчэ 300 — у Жытомірскай.
Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьвярнуўся да народу Расеі
«Я ня веру, што вы хочаце крывавай, разбуральнай вайны супраць Украіны — краіны і народу, зь якім вас зьвязваюць настолькі глыбокія сямейныя, гістарычныя і культурныя сувязі», — гаворыцца ў кароткім звароце, апублікаваным у Twitter Дзярждэпартамэнту ЗША.
Пуцін спрасьціў уезд у Расею з Украіны і тэрыторыяў так званых «ДНР» і «ЛНР», паведамілі ў Крамлі
Паводле паведамленьня ТАСС, яны змогуць заяжджаць на тэрыторыю Расеі ня толькі бязь візы, але і з пратэрмінаванымі дакумэнтамі.
Зяленскі заклікаў украінцаў на акупаваных тэрыторыях пратэставаць
«Украінцы, ва ўсіх нашых гарадах, куды ўвайшоў вораг, адчуйце гэта, ідзіце ў наступ! — заявіў Зяленскі. — Данбас, цяпер самы час. Зьвяртаем да ўсіх людзей на часова акупаваных тэрыторыях: да ўсіх, хто нас чуе, каму ня сьцерлі памяць прапагандай, каму не заплюшчылі вочы страхам, каму не скалечылі душу цынізмам: Змагайцеся! Змагайцеся за свае правы, за сваю свабоду, за Ўкраіну!»
Белтэлерадыёкампанія адмовілася трансьляваць матчы гэтага туру ангельскай Прэм’ер-лігі праз «палітычныя акцыі»
БТРК прыняла рашэньне не паказваць матчы чарговага туру АПЛ, паколькі «спорт па-за палітыкай». Раней на матчах турніру і іншых ліг Эўропы неаднаразова выказвалася падтрымка Ўкраіне з заклікамі спыніць вайну.
У Пецярбургу і Ўладзіміры да актывістаў, праваабаронцаў і журналістаў прыйшлі зь ператрусамі
У расейскіх Пецярбургу і Ўладзіміры праходзяць масавыя ператрусы ў актывістаў, муніцыпальных дэпутатаў, журналістаў і праваабаронцаў, якія баранілі ў судах удзельнікаў мітынгаў.
Як паведамляе «Настоящее время» са спасылкай на праваабаронцу Дынару Ідрыс, ператрусы ў Пецярбургу праводзяцца больш чым па 80 адрасах.
Уладзімірскае выданьне «Довод» і тэлеграм-канал «Резонанс» паведамляюць пра ператрусы ў пяці чалавек.
«Фонтанка» паведамляе, што масавыя ператрусы ў актывістаў і праваабаронцаў у Пецярбургу прайшлі па крымінальнай справе па артыкуле аб заведама ілжывым паведамленьні аб падрыхтоўцы выбуху на аб’екце сацыяльнай інфраструктуры. Паводле зьвестак выданьня, ператрусы ўжо адбыліся ў 40 чалавек, сярод якіх муніцыпальныя дэпутаты, праваабаронцы і актывісты.
Прэм’ер Ізраілю Бэнэт сустрэўся з Пуціным у Маскве
Паводле Reuters, кіраўнік ізраільскага ўраду абмеркаваў з расейскім прэзыдэнтам сытуацыю ва Ўкраіне. Падрабязнасьці размовы пакуль невядомыя.
Гэта першы візыт замежнага лідэра ў Маскву пасьля пачатку ваенных дзеяньняў ва Ўкраіне, адзначае РБК.
Арахамія: трэці раўнд украінска-расейскіх перамоваў мае адбыцца ў панядзелак
У панядзелак, 7 сакавіка, мае адбыцца трэці раўнд перамоваў Украіны і Расеі, паведаміў старшыня фракцыі «Слуга народа» ў Вярхоўнай Радзе Ўкраіны Давід Арахамія.
Кітай заклікае Расею і Украіну да прамых перамоваў
Пра гэта ў тэлефоннай размове з дзяржаўным сакратаром ЗША Энтані Блінкенам заявіў міністар замежных спраў Кітаю Ван І.
Як паведамляе кітайскае англамоўнае выданьне Global Times, Ван І заявіў, што сытуацыя ва Украіне дайшла да такога стану, якога не хацеў бачыць кітайскі бок.
У Кіеўскай вобласьці «кадыраўцы» захапілі псыханэўралягічны інтэрнат
Чачэнскія вайскоўцы расейскага войска (таксама вядомыя як «кадыраўцы» паводле прозьвішча кіраўніка Чачэнскай рэспублікі Рамзана Кадырава) захапілі псыханэўралягічны інтэрнат у Барадзянцы ў Кіеўскай вобласьці, заявіла ўпаўнаважаная Вярхоўнай Рады Ўкраіны па правах чалавека Людміла Дзянісава са спасылкай на зьвесткі Міністэрства сацыяльнай палітыкі.
Паводле яе, ва ўстанове знаходзяцца 600 чалавек з устойлівымі інтэлектуальнымі або псыхічнымі парушэньнямі. Яны патрабуюць догляду і лячэньня.
Мінабароны Расеі: Мы аднавілі наступленьне
Міністэрства абароны Расеі завіла: «У сувязі зь нежаданьнем Украіны ўзьдзейнічаць на нацыяналістаў або працягваць "рэжым цішыні" наступальныя дзеяньні з 18.00 адноўленыя».
Раней кіраўнік Данецкай абласной вайсковай адміністрацыі Павал Кірыленка паведаміў, што, нягледзячы на дамоўленасьці з Расеяй пры пасярэдніцтве Чырвонага Крыжа, расейскі бок працягваў абстрэлы, і таму эвакуацыю насельніцтва з Марыюпалю вырашылі перанесьці.
Літоўскія СМІ: Зь Беларусі ў Літву выяжджаюць поўныя аўтобусы. Большасьць пасажыраў — мужчыны
На КПП Мядзінінкай апошнім часам павялічылася колькасьць ахвочых пакінуць Беларусь. За дзень тут прапусьцілі каля 200 чалавек.«У апошнія дні назіраецца павелічэньне прыкладна на 30 працэнтаў», — сказаў начальнік аддзела памежнага кантролю Віленскай памежнай службы Гедрус Маткявічус.
Большасьць з тых, хто прыбывае зь Беларусі, — мужчыны, паведамляюць літоўскія СМІ.
Жыхары горада Ірпень пад Кіевам пакідаюць горад праз разбураны мост
Першапачаткова мірных жыхароў павінны былі эвакуіяваць цягніком, але раніцай 5 сакавіка мэр горада паведаміў, што чыгуначныя шляхі падарвалі расейскія вайскоўцы, якія бамбуюць горад ужо некалькі дзён. Эвакуацыю давялося праводзіць аўтобусамі, для гэтага жыхарам горада трэба было перайсьці мост, узарваны раней, каб ня даць расейскім войскам зайсьці ў горад.
Ад коміка да лідэра нацыі. Гісторыя Ўладзіміра Зяленскага. ВІДЭА
Уладзімеру Зяленскаму выпала кіраваць Украінай падчас расейскага нападу. У 2019 годзе Зяленскі без палітычнага досьведу стаў прэзыдэнтам Украіны. Падчас вайны ва Ўкраіне падтрымка Зяленскага вырасла да 91%. Які шлях прайшоў Уладзімер Зяленскі ад гульца ў Клюбе вясёлых і дасьціпных да лідэра нацыі.
СБУ: у Івана-Франкоўскай вобласьці затрымалі арганізатараў сеткі па стварэньні «Фэдэратыўнай рэспублікі Украіна»
Паводле інфармацыі ведамства, у склад «фэдэратыўнай рэспублікі Украіна» павінны былі ўвайсьці Івана-Франкоўская, Закарпацкая, Львоўская, Цярнопальская, Чарнавіцкая вобласьці.
Расею і Беларусь выключылі з удзелу ў Міжнародным саюзе чыгунак
2 сакавіка Міністэрства інфраструктуры Ўкраіны разаслала афіцыйныя лісты 11 найбуйнейшым і найбольш ўплывовым арганізацыям сьвету ў сфэры паветранага, марскога, чыгуначнага транспарту, а таксама будаўніцтва і турызму.
Сёньня атрыманы афіцыйны адказ Міжнароднага саюза чыгунак (UIC) аб прыпыненьні ўдзелу Расейскіх чыгунак і Беларускай чыгункі ў арганізацыі — да аднаўленьня мірнай сытуацыі ва Ўкраіне. У UIC заявілі, што сочаць за сытуацыяй і выказалі салідарнасьць з Украінскімі чыгункамі ў цяжкія часы.
- Міжнародны саюз чыгунак (Union internationale des chemins de fer) — сусьветнае аб’яднаньне гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва паміж асноўнымі субʼектамі міжнароднай чыгуначнай галіны. Ён быў заснаваны ў 1922 годзе са штаб-кватэрай у Парыжы і налічвае 204 чальцоў UIC.
Сьвятлана Ціханоўская падтрымала заклік прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага аб закрыцьці неба над Украінай
«Гэта пытаньне бясьпекі Ўкраіны, Беларусі і ўсёй Эўропы. Гэта таксама дапаможа спыніць расейскія ракеты і вайсковыя самалёты, якія запускаюць з тэрыторыі Беларусі кожны дзень», — сказала Сьвятлана Ціханоўская ў звароце да ўкраінцаў.
Лідэр гурту «Океан Ельзи» Вакарчук: Беларусы, ня бойцеся, змагайцеся, мы дапаможам вам
У эфіры Свабоды Premium легендарны ўкраінскі музыка, вакаліст і лідэр гурту «Океан Ельзи», грамадзкі дзяяч Сьвятаслаў Вакарчук заклікаў беларускіх вайскоўцаў ня ўдзельнічаць у вайне Расеі супраць Украіны, а беларускі народ — «перайсьці Рубікон» і змагацца за вольную незалежную Беларусь.
— Калі вас выйдзе мільён, улада ня зможа ўсіх забраць у турму. Пагатоў цяпер расейскія салдаты занятыя вайной ва Ўкраіне, і яны дакладна ня будуць займацца яшчэ і пратэстамі ў Беларусі.
Украінскія распрацоўнікі ўклалі інтэрактыўную мапу з абстралянымі цывільнымі аб’ектамі
Яна напаўняецца зьвесткамі з розных крыніц, у тым ліку зь Вярхоўнай Рады Украіны. Большасьць пацярпелых цывільных аб’ектаў у Кіеўскай, Харкаўскай і Чарнігаўскай абласьцях.
Ва Ўкраіне стварылі адмысловы сайт для іншаземцаў, якія хочуць далучыцца да абароны краіны ад Расеі
На сайце Fight for Ukraine апісаная працэдура, паводле якой іншаземцы могуць далучыцца да абароны Ўкраіны ад расейскіх войскаў.
Для гэтага яны могуць зьвярнуцца ў амбасады Ўкраіны на тэрыторыі дзяржаваў свайго грамадзянства.
Беларусы ўжо далучыліся да батальёнаў тэрытарыяльнай абароны ў Кіеве, Бучы і Львове.