Ля Чарнігава зьбілі яшчэ адзін расейскі самалёт
Украінскі бок паведаміў, што агулам зьбіў за 10 дзён вайны ўжо 39 самалётаў і 40 гелікоптэраў расейцаў.
У Херсоне хлопец з украінскім сьцягам пад воплескі жыхароў гораду залез на расейскі БТР
Выбітныя пісьменьнікі заклікаюць расейскамоўных казаць расейцам праўду пра вайну ва Ўкраіне
Выкарыстоўвайце «ўсе магчымыя сродкі сувязі» для непасрэднага кантакту з грамадзянамі Расеі, заклікаюць у звароце 17 вядомых пісьменьнікаў.
Сярод 17 падпісантаў звароту — беларуская пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч, якая атрымала Нобэлеўскую прэмію ў літаратуры ў 2015 годзе. Зварот падпісалі яшчэ больш за тузін знаных аўтараў, у тым ліку нобэлеўскі ляўрэат Джон Максвэл Кутсіе.
«Вы размаўляеце па-расейску. Гэта мае значэньне. Калі ласка, выкарыстоўвайце ўсе магчымыя сродкі сувязі. Тэлефоны. Мэсэнджары. Электронныя лісты. Зьвярніцеся да людзей, якіх вы ведаеце. Зьвяртайцеся да людзей, якіх вы ня ведаеце. Гаварыце праўду. Калі Ўладзімір Пуцін сьляпы і глухі, то, магчыма, расейцы прыслухаюцца да тых, хто гаворыць на адной зь імі мове. Гэтую супрацьпраўную вайну трэба спыніць», — гаворыцца ў звароце.
Акрамя Сьвятланы Алексіевіч, зварот падпісалі пісьменьнікі Ўладзімір Сарокін, Людміла Уліцкая, Аляксандар Геніс, Барыс Акунін, Дьзмітрый Глухоўскі, Віктар Шэндэровіч, Саша Філіпенка, Віктар Марціновіч ды іншыя.
Наступствы расейскага авіяўдару па Белай Царкве
Беларускіх лётнікаў у сьпісе ГУР Украіны няма
На старонцы ў facebook Галоўнае ўпраўленьне выведкі Ўкраіны выклала сьпіс лётнікаў, якія прылятаюць бамбіць Украіну зь беларускай Ліды.
«Выкарыстаны хэштэг „акупантыРФ“ не памылковы, хоць ідзецца пра беларускіх вайсковых злачынцаў, але дзяржавы РБ не існуе», — напісала ўкраінская выведка.
Свабода праверыла сьпіс лётнікаў. Выявілася, што лётнікі з такімі зьвесткамі існуюць. Але яны з расейскіх брыгадаў авіяцыі, дысьлякаваных на Ўрале і пад Санкт-Пецярбургам.
Зяленскі: Пры дапамозе Польшчы, Румыніі і Славаччыны ўдалося пазьбегнуць гуманітарнага крызісу на межах
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі падзякаваў сумежным з Украінай дзяржавам за дапамогу і магчымасьць не дапусьціць на межах гуманітарнай катастрофы.
«Удалося арганізаваць працу так, каб тысячы ўкраінскіх жанчын і дзяцей атрымалі годнае стаўленьне. Ніхто не запытвае іх пра нацыянальнасьць і веру. У нас фактычна няма мяжы зь сяброўскай нам Польшчай», — сказаў Уладзімір Зяленскі ў звароце да ўкраінцаў.
«Упэўнены, што мы хутка зможам сказаць нашым людзям: вяртайцеся!», — дадаў ён.
«Херсон — гэта Ўкраіна». На цэнтральную плошчу гораду супраць акупацыі выйшлі мірныя жыхары
Жыхары Херсону сёньня выйшлі на цэнтральную плошчу гораду, пратэстуючы супраць акупацыі расейскімі войскамі.
Людзі выйшлі бяз зброі, трымаючы дзяржаўныя ўкраінскія сьцягі і сьпяваючы гімн Украіны. Расейскія вайскоўцы спрабавалі іх спыніць папераджальнымі аўтаматнымі чэргамі ў паветра.
Мясцовыя жыхары выгукалі па-ўкраінску: «Херсон — гэта ўкраінскі горад», «Ганьба!», «Слава Ўкраіне! Героям слава!», «Фашысты, дадому!», «Акупанты!», «Слава ваярам Узброеных сілаў Украіны!».
Алексіевіч: Лукашэнка ўжо не ўладарыць у Беларусі
Нобэлеўская ляўрэатка, пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч у эфіры Свабоды Premium назвала вайну Расеі супраць Украіны злом страшнейшым, чым Другая сусьветная вайна.
Алексіевіч называе героямі ўкраінцаў і беларусаў, якія змагаюцца ў вайне за свабоду; паводле яе, Лукашэнка ўжо не ўладарыць у Беларусі.
Чарговы зьбіты ўкраінцамі гелікоптэр агрэсараў. ВІДЭА
Украінскі бок паведаміў, што агулам зьбіў за 10 дзён вайны ўжо 39 самалётаў і 40 верталётаў расейцаў.
А што робіць Лукашэнка, пакуль Беларусь выкарыстоўваюць для расейскага нападу на Ўкраіну?
Расейскія войскі, якія прыйшлі ва Ўкраіну ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, працягваюць аточваць Кіеў. З тэрыторыі Беларусі расейцы абстрэльваюць Кіеў, Чарнігаў, Жытомір і іншыя гарады, зь беларускіх аэрадромаў ляцяць на Ўкраіну расейскія самалёты і верталёты. Лукашэнка раней прызнаў факт прынамсі некалькіх ракетных удараў зь беларускай зямлі.
Пуцін як галоўнакамандуючы нясе галоўную адказнасьць за ўварваньне ва Ўкраіну. А хто яшчэ?
У арганізацыі агрэсіі яму дапамагае надзвычай ляяльнае да яго асяродзьдзе. Многія з гэтых людзей таксама пачыналі кар’еру ў расейскіх службах бясьпекі. Пытаньне ў тым, хто цяпер мае найбольшы ўплыў на рашэньні Пуціна.
Расейскія вайскоўцы стрэламі спрабуюць разагнаць мітынг пратэсту ў акупаваным Херсоне
Але людзі не разыходзяцца.
Украінскія ўлады плянуюць эвакуаваць больш як 200 тысяч грамадзян двума гуманітарнымі калідорамі
Віцэ-прэм’ер-міністар у пытаньнях часова акупаваных тэрыторыяў Ірына Верашчук заявіла, што прымусіць Расею забясьпечыць першыя два гуманітарныя калідоры дапамагла міжнародная арганізацыя Чырвонага Крыжа.
«Мы ўзгаднілі пры пасярэдніцтве камітэту Чырвонага Крыжа маршруты, якімі будзе адбывацца рух калёнаў, як будуць завозіць гуманітарныя грузы, і атрымалі пацьвярджэньне ад расейскага боку», — заявіла Ірына Верашчук.
Паводле яе, ідзецца пра адзін калідор для Марыюпалю і адзін для Валнавахі.
Ірына Верашчук удакладніла, што з Марыюпалю плянуюць вывезьці каля 200 тысяч грамадзян, а з Валнавахі — больш як 15 тысяч.
«Чырвоны Крыж забясьпечвае гарантыю рэжыму прыпыненьня агню. Чырвоны Крыж будзе прысутнічаць і ачольваць калёны, якія будуць рухацца вызначанымі маршрутамі», — падкрэсьліла Ірына Верашчук.
У той жа час, паводле яе, украінскія вайскоўцы паведамляюць, што ў раёнах заяўленых маршрутаў расейскія войскі выкарыстоўваюць рэжым цішыні і прасоўваюцца наперад. «Я хачу зьвярнуцца да расейскай улады. Мы дамовіліся пры пасярэдніцтве Чырвонага Крыжа, на падставе міжнародных канвэнцыяў, што будзе выконвацца рэжым цішыні. Там ня можа быць ніякага прасоўваньня расейскіх войскаў. І я зьвяртаюся да расейскай улады з патрабаваньнем спыніць прасоўваньне сваіх войскаў», — заявіла ўкраінская віцэ-прэм’ерка.
Кіеў: расейцы кантралююць невялікую тэрыторыю Ўкраіну, украінцы перайшлі ў контрнаступ
Міністар абароны Ўкраіны Аляксей Рэзьнікаў заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны перайшлі ў контрнаступ, спрабуючы выціснуць праціўніка з накірункаў, на якіх яны былі ўстанавілі свой кантроль.
«Асноўныя намаганьні акупанты сканцэнтравалі на атачэньні Кіева і аслабленьні супраціву ў заблякаваных імі населеных пунктах. Абаронцы Кіева працягваюць адбіваць наступ ворага», – паведаміў Аляксей Рэзьнікаў.
На чарнігаўскім кірунку ўкраінскія войскі ўтрымліваюць пазыцыі. Каля 200 адзінак расейскай вайсковай тэхнікі спынілі ў раёне паселішча Міхайла-Кацюбінскае, бо там зруйнавалі мост.
«Так, вораг прасунуўся на асобных кірунках, але кантралюе толькі невялікую тэрыторыю», – паведаміў міністар.
Паводле яго слоў, Расея цяпер пачала больш актыўна выкарыстоўваць свой паветраны і ракетны патэнцыял.
Кіеў: украінскія войскі зьбілі 39 расейскіх самалётаў і 40 верталётаў
Міністэрства абароны Ўкраіны абнародавала страты расейскіх войскаў цягам 10 дзён іхнай агрэсіі супраць Украіны. Паводле ведамства агульныя страты Расеі склалі больш як 10 тысяч асабістага складу, 269 танкаў, 945 – баявых браняваных машын, 105 артылерыйскіх сыстэм, 50 ракетных сыстэм залпавага агню, 19 адзінак сродкаў супрацьпаветранай абароны, 39 самалётаў, 40 верталётаў, 409 вайсковых аўтамабіляў, 2 лёгкія катэры, 60 цыстэрнаў з палівам і тры бесьпілётнікі.
Аб сваіх стратах Міністэрства абароны не паведамляе.
Расея не прызнае вялікіх стратаў у вайне з Украінай, раней там заявілі, што загінула каля 500 іх салдат.
Эвакуацыя і дапамога ўцекачам на Заходняй Украіне
На чыгуначны вакзал Ужгараду прыбываюць эвакуяваныя з Кіева, Харкава, Херсона і Лісічанска. У дзень прымаецца каля дзесяці цягнікоў. Наведвальнікаў сустракаюць некалькі груп валянтэраў, якія дапамагаюць з харчаваньнем, пражываньнем, інфармацыйнай і псыхалягічнай падтрымкай.
Пэрсанал ЧАЭС ужо 10 дзён у закладніках, ён ня можа гарантаваць бясьпеку
Мэр Славуціча Юры Фамічоў заявіў, што расейскія вайскоўцы, якія захапілі Чарнобыльскую АЭС, ужо 10 дзён трымаюць у закладніках пэрсанал, які выйшаў на зьмену 24 лютага. У сваю чаргу выконваючы абавязкі генэральнага дырэктара ЧАЭС Валерый Сейда адзначыў, што цяпер немагчыма арганізаваць ратацыю пэрсаналу.
«Мы ня можам гарантаваць бясьпеку, бо ўсе ж разумеюць, што маршрут праходзіць праз лінію фронту», – дадаў ён.
Валерый Сейда адзначыў, што пэрсанал забясьпечаны прадуктамі харчаваньня і мэдычнай дапамогай, але не хапае хлеба.
Улады Марыюпалю абвясьцілі эвакуацыю насельніцтва
Мэр Марыюпалю Ўладзімір Бойчанка заявіў пра пачатак эвакуацыі насельніцтва з горада:
«Гэта няпростае рашэньне, але, як я заўсёды казаў, Марыюпаль – гэта ня вуліцы і не будынкі. Марыюпаль – гэта ягоныя жыхары, мы з вамі. І наша галоўная задача абараняць людзей», – заявіў Уладзімір Бойчанка.
Каардынацыйны цэнтар Данецкай абласной вайскова-цывільнай адміністрацыі паведаміў, што эвакуацыя пачнецца аб 11.00 па гуманітарным калідоры Марыюпаль–Нікольскае–Розаўка–Палогі–Арэхаў–Запарожжа.
У Харкаўскай вобласьці з пачатку вайны загінулі 188 чалавек, 394 атрымалі раненьні
З пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны ў Харкаве і вобласьці загінулі 188 чалавек, у тым ліку 122 мірныя жыхары, 394 параненыя і 290 мірных жыхароў, паведаміла паліцыя Харкаўскай вобласьці. Сярод загінулых пяцёра дзяцей, паведаміла паліцыя.
«З 24 лютага 35 вайскоўцаў Узброеных Сіл Украіны, 4 паліцыянты, 6 нацгвардзейцаў, 4 супрацоўнікі Дзяржаўнай памежнай службы, 2 супрацоўнікі Харкаўскага нацыянальнага ўнівэрсітэта ВПС, 1 супрацоўнік Службы бясьпекі Ўкраіны і 14 тэрытарыяльных байцоў загінулі пры абароне Харкаўскай вобласьці ад варожых войскаў»,– паведамілі ў паліцыі. Паводле яе зьвестак, у рэгіёне былі затрыманыя 12 расейскіх вайскоўцаў.
Расейскі бок паабяцаў гуманітарныя калідоры для жыхароў Марыюпалю і Валнавахі
Ад 10-й гадзіны (9-я па кіеўскім часе) 5 сакавіка абвешчаны рэжым цішыні.
Украінскія Валнаваха і Марыюпаль, якія трапілі ў аблогу расейскіх войскаў, атрымалі абяцаньне ў забесьпячэньні гуманітарнага калідору для мірных жыхароў. Ад 9-й гадзіны абвешчаны рэжым цішыні. Пра гэта паведамілі ў Міністэрстве абароны Расеі. Таксама гэтую інфармацыю пацьвердзіў дэпутат Вярхоўнай рады Ўкраіны Аляксей Ганчарэнка.