Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адміністрацыйны будынак Запароскай АЭС пашкоджаны падчас расейскага ўварваньня ва Украіну 4 сакавіка.
Адміністрацыйны будынак Запароскай АЭС пашкоджаны падчас расейскага ўварваньня ва Украіну 4 сакавіка.

Пажар на Запароскай АЭС патушылі, яе пляцоўку захапілі расейцы. Дзявяты дзень вайны Расеі супраць Украіны

абноўлена

Расея дзявяты дзень вядзе агрэсію супраць Украіны. Ідуць баі каля Запароскай АЭС, інтэрвэнты страляюць па мірным насельніцтве. Больш за мільён жыхароў Украіны за першы тыдзень вайны вымушана пакінулі тэрыторыю дзяржавы.

  • Украіна і Расея правялі другі раўнд перамоваў. Дамовіліся аб магчымасьці часовага спыненьня агню для арганізацыі гуманітарных калідораў.
  • Кіеў: з пачатку расейскай агрэсіі загінулі больш як 2000 мірных жыхароў.
  • ААН: за тыдзень вайны Ўкраіну пакінуў мільён чалавек.
  • У Расею пайшлі першыя «пахаронкі». Маці палоннага расейскага салдата напісала Лукашэнку.
  • Беларусы робяць дывэрсіі на чыгунцы, каб не дапусьціць прыезду расейскіх вайсковых эшалёнаў ва Ўкраіну.
  • Расейскія ўлады блякуюць сайты недзяржаўных СМІ за тое, што тыя прыводзяць колькасьць ахвяр не з афіцыйных крыніц і называюць баявыя дзеяньні вайной, а не спэцапэрацыяй.
  • Увечары 3 сакавіка расейцы пачалі абстрэльваць Запароскую АЭС і выклікалі на ёй пажар, што можа прывесьці да буйной экалягічнай катастрофы. Вядома, што расейцы захапілі пляцоўку перад АЭС.
  • Падчас абароны АЭС загінулі 3 украінскія вайкоўцаў, двое параненыя, адзін зь іх у цяжкім стане. Пажар зьліквідавалі ўкраінскія ратавальнікі. Сытуацыя вакол АЭС імкліва зьмяняецца.
  • Украінцы вярнулі Бучу, расейцы абстрэльваюць Чарнігаў і Марыюпаль, магчымыя гуманітарныя калідоры. Хроніка восьмага дня вайны ва Ўкраіне
07:18 4.3.2022

Лякалізавалі пажар на Запароскай АЭС

Увесь вечар і ноч ішлі баі за Запароскую АЭС у Энэргадары. Расейскім інтэрвэнтам удалося падпаліць вучэбна-трэнавальны корпус, пажар на ім лякалізавалі сіламі ДСНС Украіны. Папярэдне ахвяр і пацярпелых няма.

07:28 4.3.2022

Тэрміновы зварот Зяленскага па сытуацыі на Запароскай АЭС

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі зьвярнуўся да міжнароднай супольнасьці наконт сытуацыі на Запароскай АЭС, што знаходзіцца ў Энэргадары. Зяленскі адзначыў, што расейцы абстрэльваюць атамную электрастанцыю з танкаў, абсталяваных цеплавізарамі, што яскрава сьведчыць аб тым, што яны рыхтаваліся да гэтай апэрацыі. АЭС мае 6 энэргаблёкаў.

«Выбух на Запароскай АЭС — гэта эвакуацыя Эўропы. Крычыце сваім палітыкам, расейскія войскі трэба спыніць неадкладна. Не дапусьціце катастрофы на атамнай станцыі».

Запароская АЭС — найвялікшая атамная электрастанцыя Эўропы.

08:02 4.3.2022

Вялікая Брытанія запатрабуе скліканьня экстранага пасяджэньня Рады бясьпекі ААН

Брытанцы абяцаюць зрабіць гэта «ў бліжэйшыя гадзіны» з-за сытуацыі вакол Запароскай АЭС, заявіў у ноч на 4 сакавіка пасьля перамоў з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Борыс Джонсан.

«Абодва лідэры пагадзіліся з тым, што Расея павінна неадкладна спыніць атаку на электрастанцыю і дазволіць бесьперашкодны доступ аварыйных службаў да электрастанцыі. Прэм’ер-міністар заявіў, што неабдуманыя дзеяньні прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна цяпер могуць пагражаць бясьпецы ўсёй Эўропы. Паводле яго слоў, Вялікая Брытанія зробіць усё магчымае, каб сытуацыя не пагоршылася», — гаворыцца ў заяве офісу брытанскага прэм’ер-міністра.

Пакуль невядома, калі адбудзецца пасяджэньне Рады бясьпекі ААН і якія рашэньні прапануюць на ім. Расею дагэтуль не пазбавілі права вета ў арганізацыі.

08:07 4.3.2022

Airbnb больш не працуе ў Беларусі

Пляцоўка для пошуку жытла ў арэнду Airbnb прыпыняе дзейнасьць у Расеі і Беларусі. Пра гэта напісаў выканаўчы дырэктар кампаніі Браян Чэскі. Гэта, відавочна, зьвязана з вайной, якую вядзе супраць Украіны Расея, а рэжым Лукашэнкі прадаставіў сваю тэрыторыю для ракетных абстрэлаў суседняй дзяржавы.

08:15 4.3.2022

«Свободный Идель-Урал» рыхтуе перадумовы да прызнаньня незалежнасьці некалькіх нацыянальных рэспублік Расеі

Грамадзкая плятформа «Свободный Идель-Урал», якая абараняе нацыянальныя правы народаў Паволжа, заявіла, што ў вайне, якая цяпер ідзе на тэрыторыі Ўкраіны, Татарстану браць удзелу ня варта і што рэспубліка, «скарыстаўшыся шанцам, павінна разарваць адносіны з маскоўскім рэжымам», піша спэцпраект Радыё Свабода Idel.Realii.

«Напаўшы на Ўкраіну, Пуцін аб’яднаў супраць дзяржавы ўвесь сьвет, Расея ня вытрымае такога ціску. Гэтую краіну, хворую на „імпэрыялізм“, цяпер ненавідзіць увесь сьвет. Наша дзяржава ня мае ніякага дачыненьня да гэтай агрэсіўна распачатай вайны. Гэта ня наша вайна! Прыйшоў час парваць адносіны з маскоўскім рэжымам і ўзяць свой лёс у свае рукі, для гэтага ў нас рэсурсаў дастаткова. Акрамя таго, такім чынам нам будзе лягчэй дамовіцца аб зьняцьці катастрафічных санкцый, уведзеных супраць нас», — гаворыцца ў заяве руху.

У лютым Генэральная пракуратура Расеі прызнала рух «Свободный Идель-Урал» непажаданай арганізацыяй.

«Падазраем, што ў Крамлі знаюць нашу палітычную кампанію, праведзеную ва Ўкраіне і некалькіх краінах Эўропы. Не раскрываючы імёнаў палітыкаў, зь якімі трымаем сувязь, можам пра гэта заявіць адкрыта. Калі Масква прызнае незалежнасьць так званых „ЛНР“ і „ДНР“ , то „Свободный Идель-Урал“ рыхтуе перадумовы да прызнаньня незалежнасьці некалькіх нацыянальных рэспублік Расеі», — заяўлялі ў руху.

Грамадзкая плятформа «Свободный Идель-Урал» створана ў сакавіку 2018 году ў Кіеве. Сябра праўленьня Ўсетатарскага грамадзкага цэнтру Рафіс Кашапаў і прадстаўнікі ўкраінскай грамады эрзя Баляень Сырась (Аляксандар Болькін) і Ажамасінь Кірдзя (Расьціслаў Мартынюк) аб’ядналіся з мэтай прыцягненьня ўвагі да праблем карэнных народаў Паволжа і Ўралу. Асноўныя прынцыпы плятформы — негвалтоўныя дзеяньні ў рамках міжнароднага права з мэтай дамагчыся рэалізацыі дзяржаўнага сувэрэнітэту татараў, башкір, удмуртаў, марыйцаў, чувашоў, эрзян і макшан.

08:39 4.3.2022

МАГАТЭ: пажар на Запароскай АЭС не закрануў асноўнага абсталяваньня

Міжнароднае агенцтва атамнай энэргетыкі паведаміла, што пажар, які ўзьнік на АЭС ва ўкраінскім Энэргадары, не пашкодзіў абсталяваньня, якое магло б выклікаць атамную катастрофу.

09:06 4.3.2022

Зьявіліся кадры ракетнай атакі Запароскай АЭС

Здымкі зроблены зь відэакамэры назіраньня, на іх відаць момант, як ракета ўпала на Запароскую АЭС падчас абстрэлу ў Энэргадары, Запароская вобласьць, 4 сакавіка 2022 года.

Горад Энэргадар Запароская вобласьць, 4 сакавіка 2022 года
Горад Энэргадар Запароская вобласьць, 4 сакавіка 2022 года
Момант патрапляньня ракеты на Запароскую АЭС, 4 сакавіка 2022 года.
Момант патрапляньня ракеты на Запароскую АЭС, 4 сакавіка 2022 года.

09:44 4.3.2022

Баі за Запароскую АЭС. Расею заклікаюць спыніць баявыя дзеяньні

Да раніцы 4 сакавіка баі каля АЭС спыніліся, але існуе небясьпека іх аднаўленьня.

Вялікая Брытанія на 4 сакавіка склікае экстранае паседжаньне Рады Бясьпекі ААН з прычыны падзей на Запароскай АЭС. Неадкладна прыпыніць баі каля Энэргадару, дзе знаходзіцца АЭС, Расею заклікалі ў Белым доме.

09:51 4.3.2022

Што адбываецца на франтах расейскай вайны супраць Украіны

Генштаб Украіны падсумоўвае: па ўсіх кірунках войскі РФ маюць страты, дэматываваныя расейскія вайскоўцы здаюцца ў палон і кідаюць тэхніку.

09:55 4.3.2022

Тры замахі на Зяленскага

Супрацоўнікі расейскага ФСБ, якія выступаюць супраць вайны, сарвалі тры замахі на Ўладзіміра Зяленскага за тыдзень. Пра гэта паведамляе The Times. На забойства ўкраінскага прэзыдэнта Пуцін адправіў наймітаў групоўкі Вагнэра і чачэнскі спэцназ. Крыніца, блізкая да вагнэраўцаў, сказала выданьню, што інфармаванасьць украінскіх сілавікоў стала для іх «страшнай».

10:49 4.3.2022

Міністэрства абароны Ўкраіны: за восем дзён вайны страты расейцаў перавысілі 10 тысяч чалавек

Міністар абароны Ўкраіны Аляксей Рэзьнікаў лічыць, што сёньня і наступныя дні будуць пераломныя ў вайне з Расеяй.

Паводле яго, змагаюцца Чарнігаў, Сумы і Харкаў. На некаторых кірунках Узброеныя сілы Ўкраіны ажыцьцявілі пасьпяховы контранаступ.

«Складанай застаецца сытуацыя на поўдні, дзе вораг у апошнія гадзіны абстрэльваў Запароскую АЭС. Але баявы дух людзей у казацкім краі такі, што акупанты асуджаныя на паразу», – заявіў Аляксей Рэзьнікаў у сваім звароце да ўкраінцаў.
Міністар абароны Ўкраіны паведаміў, што за 8 дзён вайны зьнішчана больш як 10 тысяч расейскіх вайскоўцаў. «Пацьверджана зьнішчэньне мінімум аднаго расейскага генэрала. Расейскае грамадзтва пачынае адчуваць і ўсьведамляць гэтыя страты».
Аляксей Рэзьнікаў дадаў, што і ўкраінскае войска мае страты, але іх не дэталізаваў.

Расея напярэдадні прызнала страту на вайне ва Ўкраіне 498 сваіх вайскоўцаў і яшчэ 1597 параненых.

10:50 4.3.2022

Зьявіўся сайт «Застанься дома» для беларускіх вайскоўцаў

Аўтары сайту тлумачаць беларускім вайскоўцам неабходнасьць застацца ў Беларусі і не ваяваць за расейскія інтарэсы супраць незалежнасьці Ўкраіны.

11:34 4.3.2022

Расея звозіць на поўдзень Украіны жыхароў Крыму, каб паказаць, што яе дзеяньні нібыта падтрымлівабць мясцовыя жыхары

Дарадца Міністэрства ўнутраных спраў Украіны Вадзім Дзянісенка заяўляе пра шматлікія спробы Расеі выкарыстаць жыхароў з акупаваных тэрыторый Крыму і Данбасу для стварэньня прапагандысцкіх паведамленьняў аб тым, што на поўдні Ўкраіны з радасьцю сустракаюць расейскія войскі і просяць далучыць рэгіёны да Расеі.

«Напрыклад, учора (3 сакавіка) у Мелітопаль прывезьлі невялікую машын з прадуктамі харчаваньня, стварылі каля яе чаргу ў колькасьць 50-60 і фатаграфавалі, як «шчасьлівыя» нібыта жыхары Мелітопаля, а насамрэч – Крыму, дзякуюць «русскому миру» за тое, што ўратавалі ад украінскай хунты», – паведаміў Вадзім Дзянісенка.

Паводле яго, аналягічная сытуацыя зараз назіраецца ў Херсоне і іншых гарадах Украіны. «Расейцы не змаглі знайсьці сярод украінцаў здраднікаў, якія прыходзяць за таннай каўбасой і якія просяць у расейцаў троху паесьці, і за гэта шчасьліва ўсьміхаюцца. Таму яны вымушаныя і цяпер прывозяць вось гэтых пераапранутых, якія паказваюць, што яны нібыта ўкраінцы. Гэта хлусьня, і пра гэта будзе ведаць увесь сьвет».

11:37 4.3.2022

Незалежны расейскі сайт Znak.com прыпыніў працу

Рашэньне прынятае «ў сувязі зь вялікай колькасьцю абмежаваньняў, якія зьявіліся ў апошні час для працы СМІ ў Расеі». У рэдакцыі ня могуць працаваць так, як хоча «Роскомнадзор», і ня хочуць чакаць, пакуль іх заблякуюць.

Раней закрыліся радыё «Эхо Москвы» і тэлеканал «Дождь».

11:55 4.3.2022

Беларусы стварылі плятформу для ўкраінскіх уцекачоў па пошуку жыльля

Каманда ІТ-спэцыялістаў зь Беларусі распрацавала плятформу па пошуку жыльля для ўкраінцаў, якія ўцякаюць ад вайны — icanhelp.host.

11:58 4.3.2022

Генэральная пракуратура Беларусі завяла яшчэ адну справу супраць Ціханоўскай

Генэральная пракуратура Беларусі паведаміла, што завяла новую крымінальную справу супраць Сьвятланы Ціханоўскай за «заклікі да санкцый і іншых дзеяньняў, накіраваных да прычыненьня шкоды нацыянальнай бясьпецы Беларусі».

12:09 4.3.2022

Зяленскі: Мінулая ноч магла спыніць гісторыю Ўкраіны і ўсёй Эўропы

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі лічыць, што абстрэлы расейскімі войскамі Запароскай АЭС маглі прывесьці да ўсясьветнай трагедыі.

«Мы перажылі ноч, яка магла спыніць гісторыю Ўкраіны і гісторыю Эўропы. Расейскія войскі атакавалі Запароскую атамную электрастанцыю, найбольшую ў Эўропе. Яна адна магла быць як шэсьць Чарнобыляў», – заявіў Уладзімір Зяленскі ў сваім звароце да ўкраінцаў.

12:17 4.3.2022

У выніку абстрэлу ў Жытоміры разбурана школа

Раніцай у Жытоміры пры абстрэле разбураны будынак школы, паведаміла Дзяржслужба надзвычайных сытуацый.

«У 09:35 паступіла інфармацыя, што ў Жытоміры ў выніку абстрэлу і пападаньня боепрыпасу ў будынак школы на вуліцы Малая Бярдзічаўская адбылося разбурэньне ў будынку без наступнага гарэньня. Папярэдне ахвяр і пацярпелых няма. Эвакуавалі 5 чалавек», — гаворыцца ў паведамленьні.

1 сакавіка, у Жытоміры, на жылым масіве Багунія, прагрымеў авіяўдар. Па дадзеных мэрыі, было пашкоджана 10 жылых дамоў, 2 мэдустановы, 3 крамы. Улады паведамлялі аб ахвярах сярод насельніцтва.

12:27 4.3.2022

Украіна заклікала Чырвоны Крыж спрыяць стварэньню гуманітарных калідораў

Украіна зьвярнулася ў Міжнародны камітэт Чырвонага Крыжа тэрмінова дапамагчы ў стварэньні гуманітарных калідораў. Пра гэта паведаміў Офіс прэзыдэнта Ўкраіны.

У сваім звароце да ўкраінцаў Уладзімір Зяленскі заявіў, што працяг абстрэлаў украінскіх гарадоў з боку расейскай арміі сьведчыць пра тое, што Расея не выконвае дасягнутых у Беларусі дамоўленасьцяў.

12:44 4.3.2022

У Чарнігаве ад бамбаваньня расейскай авіяцыяй загінулі 47 чалавек

Сярод загінулых 38 мужчын і 9 жанчын. Пра гэта гаворыцца ў паведамленні абласной адміністрацыі.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG