Генштаб Узброеных сіл Украіны пра страты Расеі: 70 самалётаў і верталётаў
Генэральны штаб Узброеных сіл Украіны паведаміў, што з пачатку агрэсіі Расеі ва Ўкраіне ўкраінскія войскі зьнішчылі 9 166 расейскіх вайскоўцаў.
Паводле папярэдніх зьвестак, зьнішчылі 33 самалёты і 37 верталётаў, а таксама 251 танк, 939 баявых браняваных машын, 105 артылерыйскіх сыстэм, 50 – ракетных сыстэм залпавага агню, 18 сродкаў супрацьпаветранай абароны, 404 вайсковыя аўтамабілі, 2 лёгкія катэры, 60 цыстэрнаў з палівам і тры бесьпілётнікі.
«Зьвесткі ўдакладняюцца, бо падлік ускладняецца высокай інтэнсіўнасьцю баявых дзеяньняў».
У той жа час страты ўкраінскага войска не паведамляюць. Вядома, што колькасьць ахвяр сярод цывільнага насельніцтва Ўкраіны перавысіла 2 тысячы асобаў.
У Расеі прызналі толькі каля 500 сваіх забітых на вайне супраць Украіны.
У Запароскай абласной вайсковай адміністрацыі расказалі, што адбываецца на ЗАЭС і чаго хочуць вайскоўцы Расеі
Па дадзеных экспэртаў Запароскай АВА, падзеі на Запароскай АЭС могуць сьведчыць, што расейскія вайскоўцы хочуць парушыць працу энэргасыстэмы ўсёй Украіны.
Пра гэта ў сваім відэазвароце паведаміў кіраўнік АВА Аляксандар Старух.
«Вораг спрабуе дэмаралізаваць нас, калі пачынае страляць па блёках АЭС. Гэта практычна паказвае нейкі ўзровень „неадэкватнасьці“ людзей. Але разам з тым сытуацыя лякалізаваная. Узьніклы пажар лякалізаваны нашымі падразьдзяленьнямі ДСНС. Адбыўся бой. Атамная станцыя пад кантролем расейскіх вайскоўцаў, якія нясуць адказнасьць за яе цяпер. Працуе 1 блёк АЭС, 2 — пад парамі. Сытуацыя ў ядзернай бясьпецы стабільная, бо своечасова адключылі адпаведны рэжым функцыянаваньня блёкаў. Згарэў найлепшы ў сьвеце навучальны цэнтар. Стралялі таксама ў адміністрацыйны будынак і корпус АЭС», — сказаў чыноўнік.
Аляксандр Старух таксама дадаў: «Цяпер станцыя працуе стабільна. Будуць глядзець, наколькі трэба 1 або 2 блёкі дадаваць у агульную электрасетку. Нашы экспэрты гавораць, што такія дзеяньні накіраваны на завал функцыянаваньня ўсёй электрасыстэмы краіны. Сытуацыя нядобрая ў тым, што людзі не жадаюць працаваць пад рулямі аўтаматаў. Значная колькасьць энэргадарцаў хоча пакінуць горад. Гэта можа прывесьці да таго, што будзе цяжка забясьпечыць функцыянаваньне атамнай электрастанцыі».
У цяперашні час «Енергоатом» паведамляе аб верагодным захопе ў палон мэра Энэргадара, побач з якім разьмешчана АЭС.
«Горад жыве ў рэжыме супрацьстаяньня зь „ветлівымі зялёнымі людзьмі“. Зварот гарадзкога галавы пра тое, што „ўсё добра“, хутчэй за ўсё, запісаны пад прымусам акупантаў. Аднак усё нядобра. Жыхары горада ноччу заварвалі і іншымі спосабамі надзейна зачынялі дзьверы ў пад’езды, каб расейцы ня мелі магчымасьці ўварвацца ў дамы і на верхнія паверхі дамоў, якія хочуць выкарыстоўваць як баявыя пазыцыі», — гаворыцца ў паведамленьні афіцыйнага каналу «Енергоатома».
Якія СМІ ў Расеі сутыкнуліся з абмежаваньнямі пасьля пачатку вайны з Украінай
24 лютага «Роскомнадзор» запатрабаваў ад СМІ публікаваць аб вайне з Украінай толькі «зьвесткі з афіцыйных расейскіх крыніц» і прыгразіў штрафамі да 5 млн расейскіх рублёў і блякаваньнем.
26 лютага ведамства запатрабавала выдаліць публікацыі аб вайне ва Ўкраіне ад «Эха Москвы», «ИноСМИ», «Медиазоны», New Times, «Дождя», «Свободной прессы», «Крым.Реалий», «Новой газеты», «Журналиста», «Лениздата». Журналістам забаранілі называць «расейскую спэцапэрацыю» нападам, уварваньнем альбо абвяшчэньнем вайны.
З моманту пачатку вайны былі заблякаваныя:
- «Настоящее время»
- «Крым.Реалии»
- New Times
- «Тайга.Инфо»
- DOXA
- «Эхо Москвы»
- «Дождь»
- «Медуза»
- Расейская служба BBC
- Радио Свобода
- «Голос Америки»
- Deutsche Welle
- Томское агентство ТВ2
- «Интерфакс. Украина»
- «Гордон»
- «Корреспондент»
- «Украинская правда»
- ТСН
- «Сегодня»
- «Укринформ»
- Zaxid
- «Зеркало недели»
- Сensor.net
- Vesti.ua
- Depo.ua
- Delo.ua
Аб прыпыненьні сваёй працы паведамілі:
- «Дождь»
- Znak.com
- DOXA (часткова прыпыніў працу рэдакцыі)
Аб спыненьні працы заявілі:
Томскае агенцтва ТВ2
Абмежаваная праца:
- TikTok
Аб закрыцьці абвесьціў таксама расейскі офіс The Village. Рэдакцыя працягне працаваць з Варшавы, гаворыцца ў заяве.
Кіеў узмацняе сваю абарону: блёк-пасты на ўезьдзе і выезьдзе, абмежавальныя блёкі і «вожыкі» на дарогах
У Кіеве цягам мінулай ночы некалькі разоў працавалі сыстэмы супрацьпаветранай абароны ў адказ на спробы расейскіх войскаў абстраляць украінскую сталіцу.
«Ноч прайшла адносна спакойна. Некалькі разоў спрацавалі сыстэмы СПА. Горад жыве ў ваенным становішчы. Машыны рухаюцца, працуюць прадуктовыя крамы і большасьць камунальных аптэк», – паведаміў мэр Кіева Віталь Клічко ў сваім звароце да жыхароў сталіцы.
Паводле яго, у сталіцы для праезду зь левага на правы бераг Дняпра з чатырох мастоў працуюць толькі два, іншыя перакрытыя ў мэтах бясьпекі.
У той жа час улады просяць грамадзян не выяжджаць у горад, калі для гэтага няма крайняй патрэбы. «Для ўласнай бясьпекі. І не ігнаруйце сыгналу трывогі. Адразу бяжыце ў сховішча».
Мясцовыя ўлады пераконваюць, што ўсе кіеўскія лякарні забясьпечаны неабходнымі мэдыкамэнтамі, а лекары знаходзяцца на баявым дзяжурстве.
У Кіеве за апошнія 8 дзён нарадзіліся 390 дзяцей, у тым ліку 199 хлопчыкаў і 191 дзяўчынка.
«Трымаемся і дапамагаем, чым можам, людзям, якія побач. Трымаем Кіеў. Разам яго адстаім», – заявіў Віталь Клічко.
Пасьля захопу Херсона ў горадзе адключылі ўкраінскіх апэратараў і трансьлююць расейскія каналы
Херсонская абласная дзяржаўная адміністрацыя паведаміла, што пасьля ўваходу расейскіх войскаў у Херсон ва ўсім рэгіёне адключылі паслугі двух украінскіх мабільных апэратараў і пачалі трансьляваць прапагандысцкую расейскую телевізію. Абласныя ўлады таксама паведамілі са спасылкай на Службу бясьпекі Ўкраіны, што расейскія войскі завезьлі ў Херсон 60-80 жыхароў Крыму, якіх пасялілі ў адным зь мясцовых гатэляў.
«Пэўна, сёньня цягам дня яны пад выглядам мясцовых жыхароў выйдуць на правакацыйную акцыю на цэнтральныя плошчы — з расейскімі сьцягамі і з „удзячнасьцю расейскім вызваліцелям“. Таксама маем інфармацыю, што акупанты захапілі склад з формай воднай паліцыі. І на мітынг могуць выйсьці пераапранутыя расейскія вайскоўцы, якія ў форме ўкраінскіх паліцыянтаў таксама будуць „дзякаваць“ захопнікам», — паведамілі ў Харкаўскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі.
Улады пераконваюць, што гэтыя мітынгі ня маюць нічога супольнага з рэальнымі настроямі мясцовых жыхароў, якія займаюць праўкраінскую пазыцыю. «Такія акцыі зьяўляюцца часткай інфармацыйнай вайны, як фэйкі і дэзынфармацыя», — заявілі мясцовыя ўлады.
Што такое «генацыд» і чаму на Данбасе яго няма
А таксама што ня так з фразай «Дзе вы былі 8 гадоў?», што такое «народ Данбасу» і чыё ўмяшаньне разьвязала вайну ў рэгіёне. Тлумачым.
У палон Украіне здаўся капітан, які ў 2014 годзе ў часе анэксіі Крыму перайшоў на бок Расеі
Служба бясьпекі Ўкраіны паведаміла, што ў Кахоўцы Херсонскай вобласьці ў палон здаўся былы ўкраінскі вайсковец, які ў 2014 годзе ў часе анэксіі Расеяй Крыму здрадзіў прысязе і перайшоў на расейскі бок.
Капітан Ігар Рудэнка паведаміў, што 24 лютага яго гаўбічна-артылерыйскі дывізіён атрымаў загад наступаць на Ўкраіну, высунуўся на Новую Кахоўку ў Херсонскай вобласьці, а потым мусіў ісьці на Мікалаеў і Адэсу.
На допыце ён паведаміў, што ягонае камандаваньне запэўніла, быццам з украінскай уладай пра ўсё дамоўлена, і яны, не абстрэльваючы мірных жыхароў, мусілі проста прайсьці рэйдам.
Паводле яго, у Кахоўцы супраць іх выйшлі простыя сяляне, і таму ён вырашыў скласьці зброю і здацца ў палон.
Пасьля допыту яму дазволілі зьвязацца з жонкай, якую ён папрасіў перадаць камандаваньню, што зь ім у палоне знаходзяцца яшчэ 11 вайскоўцаў, у тым ліку маёр.
Сусьветны банк спыніў усе праграмы ў Расеі і Беларусі
Сусьветны банк заявіў, што неадкладна спыняе ўсе праграмы ў Расеі і Беларусі пасьля расейскага ўварваньня ва Ўкраіну і „варожых дзеяньняў супраць народу Ўкраіны“.
Банк заявіў, што не ўхваляў новых крэдытаў Беларусі з 2020 году, калі ЗША увялі санкцыі супраць гэтай дзяржавы ў сувязі з спрэчнымі прэзыдэнцкімі выбарамі.
На сайце арганізацыі гаворыцца, што аб’ём крэдытных праграмаў Сусьветнага банку ў Беларусі ў 2020 годзе склаў 308 мільёнаў даляраў. Актыўныя праекты ўключаюць праект выкарыстаньня біямасы для ацяпленьня, работы ў галіне разьвіцьця лясной гаспадаркі і мадэрнізацыю сыстэмы адукацыі.
Генэральны штаб Украіны: на Данбасе падбілі расейскі штурмавік
Украінская чыгунка эвакуавала з «гарачых пунктаў» больш за адзін мільён грамадзян
Ад пачатку новай ваеннай агрэсіі Расеі супраць Украіны чыгунка вывезла з-пад абстрэлаў у розных украінскіх гарадах больш за адзін мільён грамадзян, у тым ліку 58 тысяч іншаземцаў.
«Працэс эвакуацыі не спыняецца ні ўдзень, ні ўначы. Для перавязеньня грамадзян залучаны ўвесь наяўны рухомы склад на захадзе Ўкраіны», — паведамілі на прадпрыемстве «Укрзалізниця». У асноўным эвакуацыя ідзе з Харкава, Запарожжа і Кіева ў памежныя вобласьці на захадзе Ўкраіны.
Садзяць у цягнікі бясплатнай і ў парадку прыярытэтнасьці — спачатку дзеці, жанчыны, старыя людзі і толькі потым іншыя пасажыры.
Адначасова Ўкраіна патрабуе ад Расеі забясьпечыць гуманітарныя калідоры для эвакуацыі цывільнага насельніцтва зь іншых гарадоў, якія фактычна трапілі ў атачэньне — Марыюпалю, Херсону і іншых.
Напярэдадні пра калідоры дамовіліся на кансультацыях у Беларусі, але Расея гэтых дамоўленасьцяў не выконвае. Украінскія ўлады мусілі зьвярнуцца ў Міжнародны камітэт Чырвонага Крыжа па тэрміновую дапамогу ў стварэньні гуманітарных калідораў.
Дарадца Офісу прэзыдэнта Ўкраіны Міхайла Падаляк паведаміў, што цяпер канцлер Нямеччыны Оляф Шольц вядзе перамовы з Уладзімірам Пуціным аб стварэньні гуманітарных калідораў.
Пяскоў: Пуцін «асабіста прымае рашэньні» пра дзеяньні расейскіх войскаў ва Ўкраіне
Прэзыдэнт Расіі Уладзімір Пуцін самастойна прымае рашэньне аб дзеяньнях расейскіх войскаў, якія ўварваліся ва Ўкраіну.
Пра гэта паведаміў ягоны прэс-сакратар Дзьмітрый Пяскоў, перадае расейскае дзяржаўнае агенцтва ТАСС.
Такім чынам Пяскоў нібыта пракамэнтаваў заклік прэзыдэнта Чачэнскай Рэспублікі Рамзана Кадырава да Пуціна аддаць загад аб «рашучым штурме» Украіны.
«Вярхоўны галоўнакамандуючы (Пуцін. — рэд.) атрымлівае інфармацыю, у тым ліку такія прапановы. І менавіта Вярхоўны галоўнакамандуючы вырашае, як і якімі сродкамі выконваць існыя задачы падчас гэтай апэрацыі», — сказаў прэс-сакратар Крамля.
Расейскія войскі рэгулярна абстрэльваюць цывільныя аб’екты ва ўкраінскіх гарадах, забіваючы і ранячы мірных жыхароў.
Эўразьвяз прыпыняе трансьмежнае і транснацыянальнае супрацоўніцтва зь Беларусьсю і Расеяй
Пасьля ваеннай агрэсіі Расеі супраць Украіны і паводле рашэньня Эўракамісіі аб поўным выкананьні ўсіх абмежавальных мераў ЭЗ Камісія прыпыніла супрацоўніцтва з Расеяй і яе хаўрусьнікам Беларусьсю ў рамках праграмаў трансьмежнага супрацоўніцтва.
Агульнае фінансаваньне ЭЗ для дзьвюх праграмаў зь Беларусьсю складала 257 мільёнаў эўра, а для васьмі праграмаў з Расеяй — 178 мільёнаў эўра.
Офіс прэзыдэнта Ўкраіны: пагрозы ўцягваньня беларускіх войскаў у наземную апэрацыю Расеі ва Ўкраіне няма
Дарадца Офісу прэзыдэнта Ўкраіны Міхайла Падаляк мяркуе, што Беларусь пакуль не гатовая залучаць сваё войска ва ўдзел у расейскай вайне супраць Украіны.
«Там няма мабілізацыі ў тым аб’ёме, каб Беларусь узяла ўдзел у баявых дзеяньнях. То бок Беларусь ня будзе ўдзельнічае, прынамсі на сёньня яна ня ўдзельнічае і ў нас няма інфармацыі, што яна гатовая ўдзельнічаць у баявых дзеяньнях на баку Расейскай Фэдэрацыі. Гэта афіцыйная інфармацыя», — сказаў Міхайла Падаляк на прэсавай канфэрэнцыі 4 сакавіка.
Але Падаляк нагадаў, што Беларусь надала Расеі сваю інфраструктурную тэрыторыю для войскаў Расеі ў межах саюзных дачыненьняў. «Але ня больш за тое», — дадаў ён.
«Пакуль што на сёньня пагрозы зь беларускага боку, наўпроставага ўварваньня, то бок уцягваньня іх у наземную апэрацыю няма», — кажа Міхайла Падаляк.
Краіны NATO не адправяць ва Ўкраіну вайскоўцаў і баявыя самалёты
Блёк NATO ня будзе пасылаць ва Ўкраіну сваіх вайскоўцаў, а таксама не адправіць у краіну баявыя самалёты. Аб гэтым заявіў генэральны сакратар арганізацыі Енс Столтэнбэрг у пятніцу пасьля нарады кіраўнікоў МЗС краін NATO ў Брусэлі.
Столтэнбэрг падкрэсьліў, што Паўночнаатлянтычны зьвяз не імкнецца да вайны з Расеяй, а простае ўмяшаньне NATO ў канфлікт ва Ўкраіне падвышае рызыку такой вайны.
Столтэнбэрг пацьвердзіў, што на сустрэчы абмяркоўвалі прапанову Кіева ўвесьці над краінай беспалётную зону — што азначала б, што расейскія самалёты і ракеты над Украінай будуць зьбіваць. Аднак краіны NATO заявілі, што ня будуць уводзіць такую зону — зноў-такі з прычыны рызыкі эскаляцыі канфлікту.
ААН: з пачатку вайны ва Ўкраіне загінуў як мінімум 331 мірны жыхар
Зь іх 19 — дзеці. Пры гэтым ААН удакладняе, што сапраўдныя лічбы могуць быць нашмат большыя, піша Reuters. Паводле зьвестак арганізацыі, яшчэ прынамсі 675 мірных жыхароў атрымалі раненьні. Прычынай сьмерцяў большасьці мірных жыхароў сталі артылерыйскія абстрэлы і выкарыстаньне рэактыўных сыстэмаў залпавага агню і авіяўдараў, лічаць у ААН.
Канцлер Нямеччыны заклікаў Пуціна вывесьці войскі з Украіны
Канцлер Нямеччыны Оляф Шольц правёў тэлефонную размову з Уладзімірам Пуціным. Пра гэта паведамляе DW.
Прадстаўнік нямецкага ўраду Штэфэн Гэбэштрайт паведаміў, што Шольц заклікаў «расейскае кіраўніцтва неадкладна спыніць усе баявыя дзеяньні» і запатрабаваў ад Пуціна забясьпечыць доступ гуманітарнай дапамогі ў раёнах баёў. Прэзыдэнт РФ у сваю чаргу паінфармаваў Шольца аб плянах правядзеньня трэцяга раўнду расейска-ўкраінскіх перамоваў «у канцы тыдня».
Канцлер Шольц выключыў магчымасьць удзелу бундэсвэру ў вайне ва Ўкраіне, распачатай Расеяй. Пра гэта ён заявіў, наведваючы апэратыўнае камандаваньне нямецкіх узброеных сілаў. «Мы не зьяўляемся часткай ваеннага канфлікту, які адбываецца там, і ня станем ёю. Для нас відавочна, што NATO і краіны-чальцы альянсу ня будуць удзельнічаць у гэтай вайне», — заявіў Шольц.
EРАМ пералічыла ў бюджэт Украіны $1,66 млн падаткаў авансам
Кампанія, заснаваная ў Беларусі, а цяпер найвялікшая IT-кампанія Ўкраіны, пералічыла ў дзяржаўны бюджэт падатак на прыбытак за першы квартал 2022 году авансам. Ідзецца пра 50 млн грывень ($1,66 млн).
«Сёньня мы разам робім усё магчымае, часам і немагчымае, каб наблізіць мір ва Ўкраіне. Каб зьберагчы краіну і яе людзей. Каб мець магчымасьць працягваць разьвіваць тут высокатэхналягічны бізнэс. Пазыцыя кампаніі ясная і празрыстая — асуджэньне вайны і дапамога краіне», — гаворыцца ў рэлізе.
«Новая газета» выдаліць шэраг матэрыялаў пра вайну ва Ўкраіне
Расейская «Новая газета» праз пагрозу крымінальнага перасьледу паводле новага закону аб «фэйках» выдаліць шэраг матэрыялаў пра вайну ва Ўкраіне. Дзяржаўная дума Расеі прыняла ў пятніцу адразу ў трох чытаньнях законапраект аб крымінальнай адказнасьці за так званыя «фэйкі» аб дзеяньнях расейскіх Узброеных сіл ва Ўкраіне. Людзям можа пагражаць да 15 гадоў турмы.
У Мікалаеве ўкраінскія вайскоўцы адбілі аэрапорт Кульбакіна
Пра гэта паведамляе UNIAN.
У Барадзянцы пад заваламі могуць быць каля 100 чалавек, — служба надзвычайных сытуацыяў Украіны
Пад заваламі дамоў у горадзе Барадзянка Кіеўскай вобласьці могуць знаходзіцца каля 100 чалавек, іх лёс пакуль невядомы. Пра гэта паведаміла прэсавая сакратарка Дзяржаўнай службы надзвычайных сытуацыяў (ДСНС) Украіны Вікторыя Рубан.
Паводле яе, на гэты момант доступу да пацярпелых ратавальнікі ня маюць. Рубан расказала, што 3 сакавіка група ратавальнікаў ДСНС выехала ў Барадзянку і была абстраляная.
Падчас расейскага ўварваньня некалькі жылых дамоў у Барадзянцы былі разбураныя ўдарамі расейскай авіяцыі.