Асноўныя намаганьні расейскіх войскаў на сёньняшні дзень засяроджаныя на тым, каб акружыць Кіеў і аслабіць супраціўленьне ў заблякаваных населеных пунктах, паведаміў Генштаб Узброеных сіл Украіны.
- «Групоўкі УС РФ вычарпалі асноўную частку апэратыўных рэзэрваў і пачалі падрыхтоўку перакідваньня дадатковых сіл і сродкаў з Паўднёвай і Ўсходняй вайсковых акруг. Другія эшалёны і большая частка апэратыўных рэзэрваў груповак акупантаў уведзены ў апэрацыю», – гаворыцца ў паведамленьні.
- У Валынскім кірунку войскі РФ сіламі дзьвюх батальённа-тактычных груп (БТГр) перайшлі да абаронных дзеяньняў у раёнах населеных пунктаў Палескае і Кухары. Ня выключаны ўзброеныя правакацыі на мяжы для ўцягваньня Беларусі ў вайну супраць Украіны;
- На Палескім кірунку ваенныя часткі Ўсходняй вайсковай акругі РФ сіламі да пятнаццаці БТГр праводзяць наступальную апэрацыю ў паласе Казаравічы, Вышгарад, Кухары, Фастаў, Абухоў, засяроджваньне намаганьняў на напрамку Бышаў, Украінка.
- У барацьбе за межы ў раёне населеных пунктаў Палескае, Кухары, Барадзянка, Бышаў, Гарэнічы, Дзямідаў войскі РФ часткова страцілі наступальны патэнцыял. Асноўныя сілы суперніка блякаваны і спынены ў раёне Макарава, войскі РФ адышлі ад Бучы і аэрадрома Гастомеля;
- На Северскім напрамку групоўка войскаў Цэнтральнай вайсковай акругі сіламі да чатырнаццаці БТГр, а таксама 14 вайсковай акругі Паўночнага флёту праводзіць наступальную апэрацыю ў паласе Астэр, Зазім'е; Беразань, Вішанькі, засяроджваючы намаганьні ў кірунках Кіева. Адначасова робіцца перагрупаваньне з мэтай працягнуць наступ у кірунку Бравароў;
- На Слабажанскім кірунку групоўка войскаў Заходняй вайсковай акругі сіламі да шаснаццаці БТГр праводзіць наступальную апэрацыю, засяроджваючы намаганьні ў кірунку Навамаскоўску. Блякуе Харкаў з поўначы. Захапіў Балаклею. Войска РФ не атрымала посьпеху ў раёне Ахтыркі і засяродзілі асноўныя сілы ў раёне Гадзяча і Зянькова;
- На Данецкім кірунку групоўкі войскаў РФ сіламі 1-га і 2-га армейскіх карпусоў, узмоцненыя сямю БТГр са складу 8-й арміі, працягваюць наступальныя дзеяньні для разьвіцьця тактычнага посьпеху на Новаайдарскім, Валнаваскім і Марыюпальскім напрамках, выйшаў у населены пункт Новааляксандраўка. Маючы значную перавагу ў тэхніцы, атачыў Марыюпаль;
- На Луганскім кірунку – баявыя дзеяньні ў напрамку на Старабельск;
- На Таўрычным кірунку сіламі да пятнаццаці БТГр войскі РФ засяродзілі намаганьні на напрамку Мікалаеў – Вазьнясенск. Пасьля перагрупаваньня і ўводу часткі апэратыўных рэзэрваў у складзе да БТГр працягваецца наступ у кірунку Запарожжа, часткай сіл – на Марыюпаль.
- Адзначаны ўвод у апэрацыю дэсантна-штурмавых падразьдзяленьняў УС РФ у напрамку Мікалаева.
«Акупанты былі спыненыя на Мікалаеўскім кірунку, але мелі частковы посьпех на кірунку Вазьнясенску. Адзначана перамяшчэньне вялікай колькасьці аўтамабільнай тэхнікі з часова акупаванай тэрыторыі Крыму, у якой акупанты ажыцьцяўляюць перавозку злачынцаў зь месцаў выкананьня пакараньняў для арганізацыі беспарадкаў у Мікалаеўскай вобласьці. У Чорным моры марскую групоўку расейскіх акупантаў вывелі з марскіх баз з заданьнем паражаць надводныя сілы групоўкі разнастайных сіл украінскіх УМС. Адначасова супернік працягвае падрыхтоўку да высадкі марскога дэсанту ў раёнах Заліва, Чарнаморску. Прыкрыцьцё груп робіць атрад караблёў агнявой падтрымкі і ракетная катэрная ўдарная група», – гаворыцца ў паведамленьні.
Паведамляецца, што для зьнішчэньня сыстэмы супрацьдэсантнай абароны Ўкраіны на чарнаморскім узьбярэжжы адзначана прыцягненьне бамбавікоў Су-24М і зафіксавана скідваньне касэтных бомбаў РБК-500. Прыкрыцьцё забясьпечвалі зьнішчальнікамі Су-30СМ.
Генштаб падсумоўвае: па ўсіх кірунках войскі РФ маюць страты, дэматываваныя расейскія вайскоўцы здаюцца ў палон і кідаюць тэхніку.
Напад Расеі на Ўкраіну
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.