Эўразьвяз пагадзіўся на крокі дзеля забесьпячэньні часовай абароны сотням тысяч уцекачоў, якія прыбываюць у краіны ЭЗ, ратуючыся ад расейскага ўварваньня і бамбаваньня гарадоў па ўсёй Украіне.
«Гістарычнае рашэньне... проста цяпер; ЭЗ забясьпечыць часовую абарону тым, хто ўцякае ад вайны ва Ўкраіне», — напісала Камісар унутраных спраў ЭЗ Ільва Югансан ў Twitter.
Дырэктыва аб часовай абароне распаўсюджваецца на ўкраінцаў і людзей, якія пражываюць ва Ўкраіне, а таксама іх сямейнікаў, перамешчаных у выніку канфлікту.
Неграмадзяне Ўкраіны і асобы без грамадзянства, якія легальна пражываюць ва Ўкраіне і ня могуць вярнуцца ў сваю краіну або рэгіён, такія, як асобы, якія шукаюць прытулку або атрымальнікі міжнароднай абароны, і іх сямейнікі, таксама атрымаюць абарону ў ЭЗ, гаворыцца ў дырэктыве.
Пасьля падзеяў 2020 году ва Ўкраіну пераехалі шмат грамадзянаў Беларусі, ратуючыся ад перасьледу за ўдзел у пратэстах і за палітычныя погляды.
- На жнівень 2021 году, паведамляла DW са спасылкай на Дзяржаўную міграцыйную службу Ўкраіны, дазвол на жыхарства ва Ўкраіне атрымалі больш за 3,5 тысячы грамадзянаў Беларусі. З жніўня 2020-га па ліпень 2021 году часовы дазвол на жыхарства аформілі 3042 чалавекі, яшчэ 487 атрымалі дазвол на сталае жыхарства. Пачынаючы з 2020 году да жніўня 2021-га ва Ўкраіне прызналі ўцекачамі дзевяць беларускіх грамадзян, яшчэ двое атрымалі статус асобаў, якія маюць патрэбу ў дадатковай абароне. Для параўнаньня, у 2019 годзе ва Ўкраіне выдалі для беларусаў 2175 часовых дазволаў на жыхарства, а ў 2020-м — 2537.
Часовая абарона будзе прымененая неадкладна і будзе доўжыцца адзін год. Згодна з дырэктывай, яе можна падоўжыць.
3 сакавіка Арганізацыя Абʼяднаных Нацый заявіла, што ў пачатку восьмага дня канфлікту з Украіны ўцяклі больш за мільён чалавек, амаль 600 000 зь якіх апынуліся ў Польшчы, якая ўваходзіць у ЭЗ.