Аляксандар выехаў зь Менску пасьля перасьледу ў 2020 годзе. Адразу паехаў у Санкт-Пецярбург. Потым перабраўся ва ўкраінскі Ірпень.
«Я там адкрыў свой бізнэс — станцыю тэхнічнага агляду. Мне там вельмі падабалася. Я знайшоў ва Ўкраіне шмат сяброў. Я разумею, што не змагу знайсьці больш такой добрай кампаніі, сяброў, знаёмых. Таму я хачу за гэта ваяваць», — кажа суразмоўца.
Ад пачатку вайны беларусы Ірпяня сабраліся і вырашылі, што мужчыны пойдуць у тэрытарыяльную абарону. На Аляксандру была задача вывезьці ў Польшчу «жаночае насельніцтва». Шлях у Польшчу быў цяжкі, як і ва ўсіх уцекачоў. У цягніку, які звычайна едзе паўтары гадзіны з Львова ў Перамышль, ехалі дзевяць гадзін стоячы.
«У Польшчы знайшоў аднадумцаў і ня толькі — яшчэ і грошы. Уявіце — мы за чатыры гадзіны сабралі 30 тысяч эўра! Частку даў швайцарскі банк, частку накідалі дыяспары Беларусі і Ўкраіны, якія жывуць у Эўропе. На гэтыя грошы мы купілі неабходны для вайскоўцаў рыштунак, у тым ліку пашэнціла раздабыць пласьціны для бронекамізэлек — іх вельмі цяжка знайсьці. Цяпер накіроўваемся ва Ўкраіну, дамовіліся па некаторых каналах, што нас прапусьцяць», — дадаў Аляксандар. Ён чуў пра нэгатыўнае стаўленьне да беларусаў, але кажа, што «вінаваціць ахвяру ня мае сэнсу». «Беларусы самі ахвяры вусатага гвалтаўніка», — лічыць ён.
Яшчэ адзін беларус Андрэй (імя зьмененае на просьбу суразмоўца) даўно жыве ў Бэльгіі. Ён знайшоў прыяцеля з Украіны, які цяпер у тэрытарыяльнай абароне, і пералічыў яму 5 тысяч эўра на рыштунак.
«Я асабліва не дапамагаю — ну толькі грошы пералічыў. Наконт рэпутацыі я не перажываю, лічу, ня трэба ні перад кім выбачацца, калі сам не запэцкаўся. А дурняў з наездамі на беларусаў — пасылаць. Разумныя самі ўсё разумеюць», — патлумачыў беларус.
Яшчэ адзін беларус Сяргей (імя зьмененае на просьбу суразмоўца) трапіў пад моцныя абстрэлы Бучы, што пад Кіевам.
«Я тут не адзін, нас восем беларусаў. Зьнялі тут жытло, бо таньней, чым у Кіеве. І трапілі ў самае пекла. Бучу бамбяць без супынку. Ляцяць „Грады“, ідуць вулічныя баі. Ворагі разьбілі рэтрансьлятар, не было сувязі, сьвятла. Цяпер няма ацяпленьня, але жывыя», — кажа мужчына. Ён верыць у перамогу Ўкраіны. «Украінцы — патрыёты, вельмі моцна матываваныя, яны не здадуцца і не скарацца. Яны ў любым выпадку, пры любым раскладзе ня будуць падпарадкоўвацца расейцам», — дадаў беларус.
Напад Расеі на Ўкраіну
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.