Паводле Арастовіча, ва Ўкраіне добра разумеюць розьніцу паміж уладамі Беларусі і беларускім народам. Ён лічыць, што перамога ў гэтай вайне будзе азначаць і вызваленьне Беларусі. Бацька Арастовіча са Слуцка, палову дзяцінства Аляксей правёў у Беларусі.
Глядзіце размову на відэа цалкам
Сьцісла
- Пакуль гэта не перамовы, а папярэднія кансультацыі, але сам факт іх правядзеньня ўтрымлівае беларускі бок ад уступленьня ў вайну непасрэдна.
- Калі вы, беларускія вайскоўцы, не захочаце выконваць злачынныя загады, мы зможам забясьпечыць вам пераход на наш бок, гарантыі бясьпекі, падтрымку і абарону ЭЗ.
- Адмова выконваць злачынныя загады і ёсьць найвышэйшым маральным выбарам чалавека.
- Мы ўдзячныя, што беларусы ўключыліся ў барацьбу за свабоду Ўкраіны, але ж гэта папраўдзе і барацьба за свабоду Беларусі. Калі Пуцін пацярпіць тут паразу, то і вы там вызваліцеся.
- Мы ўстрымліваемся ад удараў па Беларусі, хоць даўно маем на іх поўнае маральнае і міжнароднае права.
«Нават Лукашэнка ня хоча ўцягваць Беларусь у вайну ў літаральным сэнсе і хацеў бы застацца ў якасьці палітычнага пасярэдніка»
— Давайце пагаворым пра адказнасьць беларускай дзяржавы за ўдзел у агрэсіі супраць Украіны. Часам у навінах гучыць фармулёўка «вайна Расеі і Беларусі супраць Украіны». Хто нясе адказнасьць за гэта?
— Пакуль мы ня можам прывесьці рэальных доказаў, хоць ёсьць асобныя сыгналы, але яны не такога ўзроўню, каб ад імя Офісу прэзыдэнта гаварыць, што беларускі бок удзельнічае ў агрэсіі супраць Украіны. Мы правяраем гэтыя зьвесткі, але мы дакладна ведаем, што бясконцыя авіяцыйныя і артылерыйскія ўдары і войскі Расеі ідуць з тэрыторыі Беларусі. Такім чынам Беларусь выкарыстоўваецца як тэрыторыя вайны.
З другога боку, Аляксандар Лукашэнка, які, з пункту гледжаньня заходняй паліталягічнай тэрміналёгіі, «ажыцьцяўляе эфэктыўны кантроль над дзяржаўным апаратам і тэрыторыяй Беларусі», займае крыху адасобленую пазыцыю. І ў ягонай рыторыцы і дзеяньнях (на розную аўдыторыю яны розная) прамільгнула такая рэч, як прапанова тэрыторыі Беларусі для правядзеньня перамоваў. Гэта ня можа не абнадзейваць, бо відаць, што нават ён ня хоча ўцягваць Беларусь у вайну ў літаральным сэнсе і хацеў бы застацца ў якасьці палітычнага пасярэдніка.
Зразумела, што ён ня можа супрацьстаяць велізарнаму ціску з боку Крамля і Расейскай Фэдэрацыі. Тэрыторыя Беларусі выкарыстоўвалася і будзе выкарыстоўвацца. Тое, што беларуская ўзброеныя сілы не ўступаюць у вайну, гэта ўжо пазытыўны момант, як і тое, што прапанавана тэрыторыя для перамоваў, дзе ён служыць свайго роду пасярэднікам. Мы хацелі б, каб Беларусь захавала гэту сваю асобную пазыцыю, бо страляць па беларусах у нас няма ніякага жаданьня.
«Мы нават ня лічым гэта перамовамі, называем гэта кансультацыямі»
— Што вядома пра наступны этап перамоваў?
— Я ў спэцыфічным становішчы. Усё, што я скажу, будзе трактавацца як пазыцыя Офісу. І тут трэба аддзяліць маю пазыцыю як вайсковага і палітычнага аглядальніка і як дарадцы Офісу. Як дарадца Офісу я нічога не магу сказаць. Украіна на ўсіх перамовах строга трымаецца дыпляматычнага Венскага і Капэнгагенскага прынцыпу, які забараняе паведамляць пра хаду і зьмест перамоваў да таго, які бакі выйдуць з сумесным камюніке.
Расейскі бок любіць гэты прынцып парушаць, робіць інфармацыйныя ўкіды, а мы так не працуем. З самага пачатку перамоваў мы трымаемся прынцыпу нават у ваенных мэтах не скажаць інфармацыі (хоць цяпер усе гавораць пра інфармацыйную барацьбу) і гаварыць толькі чыстую праўду. Магу сказаць толькі, што другі раўнд намечаны. Калі і дзе адбудзецца, не магу сказаць, бо няма афіцыйнага дазволу на гэта. А як палітычны і вайсковы аглядальнік з асабістага гледзішча магу сказаць, што ў адкрытай прэсе праходзіла інфармацыя, што найхутчэй яны адбудуцца сёньня, прыкладна ў тым жа месцы, як мне здаецца.
Мы нават ня лічым гэта перамовамі, называем гэта кансультацыямі. Пра перамовы не ідзецца, бо перамовы прадугледжваюць узгадненьне пазыцыяў бакоў і пачатак тэхнічнага вырашэньня пытаньняў, пра якія дамовіліся. Пакуль гэта папярэднія кансультацыі, але сам факт іх правядзеньня стрымлівае беларускі бок ад уступленьня ў вайну непасрэдна, і для нас гэта моцны момант.
Гэта таксама паказвае сапраўдны расклад сілаў у процістаяньні з Расейскай Фэдэрацыяй, бо ў ваеннай гісторыі сьвету яшчэ ніколі не было сытуацыі, калі праціўнік, які пераўзыходзіць, напаўшы на кагосьці, на другі дзень апэрацыі выходзіць з ініцыятывай правядзеньня перамоваў. Само ў сабе гэта шмат пра што гаворыць, у тым ліку пра тое, што апэрацыя з самага пачатку пайшла ня так, як чакалася, і паламала іхныя пляны.
«Ня трэба ваяваць з украінцамі, мы ня хочам у вас страляць»
— Цяпер многія вядомыя і невядомыя беларусы заклікаюць беларускіх вайскоўцаў, калі іх накіруюць ва Ўкраіну, здацца ў палон, перайсьці на бок украінскага войска. Як бы вы зьвярнуліся да беларускіх вайскоўцаў?
— Паважаныя генэралы, салдаты, афіцэры! Мы цэнім вас як войска суседзяў, зь якімі ў нас заўсёды былі добрыя адносіны, лічым прафэсійнымі і сумленнымі людзьмі. Мы лічым, што задача беларускага войска, усіх вайсковых падразьдзяленьняў — абарона Беларусі, а не агрэсія супраць іншых краінаў. Галоўная функцыя любога войска — перадухіленьне вайны. Калі армія ня здолела перадухіліць вайну, яна ня справілася з сваёй галоўнай функцыяй.
Я думаю, што беларуская армія, беларускі народ зь яго слаўнымі традыцыямі барацьбы супраць замежных захопнікаў павінны супрацьстаяць спробам захапіць Беларусь, а не нападаць на суседзяў, зь якімі мы блізкія, нават братнія народы сапраўды. У дачыненьні да расейскага народу, думаю, пасьпешліва так гаварыць пакуль, але зь беларусамі мы дакладна братнія народы.
Я этнічны беларус, я да вас зьвяртаюся. Калі вам будуць аддаваць злачынныя загады, як любы вайсковы чалавек вы цудоўна ведаеце, як іх можна сабатаваць. «Рацыя села», заблудзілі, не туды прыехалі і гэтак далей. Калі раптам давядзецца зайсьці на тэрыторыю Ўкраіны (ува што я, шчыра кажучы, ня веру), памятайце, што Ўкраіна ад 1 сакавіка — афіцыйны кандыдат у сябры Эўразьвязу і мы маем самую поўную міжнародную падтрымку. Так што, калі вы не захочаце выконваць злачынных загадаў, мы зможам забясьпечыць вам пераход на наш бок, гарантаваньне вашай бясьпекі і падтрымку і абарону ЭЗ. Папярэднія перамовы з гэтай нагоды праведзены.
І калі вы зробіце гэты ўчынак, гэта ня будзе ўчынкам супраць вайсковага гонару, ня будзе ўчынкам баязьлівасьці, а наадварот мужным выбарам чалавека, які знайшоў афіцэрскі і салдацкі гонар, які здолеў зрабіць так, каб перадухіліць вайну.
І тут ёсьць момант, калі асабісты выбар можа супярэчыць прысязе. Але і Нюрнбэрскі трыбунал, і міжнароднае права (гэта ацэнка найлепшых юрыстаў сьвету і найлепшых адмыслоўцаў у маральным складніку) гавораць пра тое, што адмова выконваць злачынныя загады і ёсьць найвышэйшы маральны выбар чалавека. Да чаго я вас і заклікаю.
Ня трэба ваяваць з украінцамі. Мы ня хочам у вас страляць. Але, калі вы будзеце выконваць злачынныя загады, нам давядзецца зрабіць гэта. Гэтай чорнай кропкі, гэтай старонкі паміж беларускім і ўкраінскім народам дакладна не павінна быць. Вы ж не расейскія вайскоўцы, вы не павінны рабіцца закладнікамі крамлёўскага рэжыму, які ненавідзіць насамрэч як мінімум палова Расеі і ўжо палова расейскага войска, страты якога ўжо дасягнулі калясальных памераў. Не паўтарайце іхных памылак, ня трэба.
«Гэта сапраўдныя патрыёты Беларусі, якія са зброяй у руках змагаюцца за нашу і вашу свабоду»
— Ці вядома вам, колькі беларусаў цяпер абараняюць Украіну, колькі беларускіх мэдыкаў у шпіталях лечаць людзей цяпер, як шмат валянтэраў?
— Ёсьць беларуская рота ў складзе тэрытарыяльнай абароны Кіева, учора яна запісала афіцыйны зварот да беларусаў і беларускіх вайскоўцаў. Многія не хавалі сваіх твараў, бо ваююць з 2014 году за Ўкраіну. Гэта сапраўдныя патрыёты Беларусі, якія са зброяй у руках змагаюцца за нашу і вашу свабоду. Хапае і беларускіх ІТ-спэцыялістаў, і беларускіх мэдыкаў, і беларускіх журналістаў, людзей усіх спэцыяльнасьцяў, якіх дзясяткі тысяч знаходзяцца ва Ўкраіне, якіх мы сапраўды лічым братнім народам.
І гэта не перабольшаньне, не прапаганда, не для гучнага слова. Гэта сапраўды братні народ, і мы ім вельмі ўдзячныя, што яны ўключыліся ў барацьбу за свабоду Ўкраіны, але ж гэта папраўдзе і барацьба за свабоду Беларусі. Калі Пуцін пацярпіць тут паразу, то і вы там вызваліцеся. Ціск на Беларусь спыніцца, адпаведна ў Беларусі зьявяцца шанцы правесьці рэформы, зьмяніць уладу і стаць сапраўды свабоднай, дэмакратычнай, эўрапейскай краінай. І мы ўвесь час на ўсіх міжнародных пляцоўках згадваем Беларусь і неабходнасьць паклапаціцца і пра лёс беларускага народу і дзяржавы.
«Старыя добрыя традыцыі беларускай рэйкавай вайны працуюць як ніколі добра»
— Цяпер у сацыяльных сетках у адрас беларусаў гучыць даволі шмат папрокаў, што яны на баку агрэсара, што не паўсталі супраць Лукашэнкі. І гэтыя папрокі крыўдзяць тых, хто пад пагрозай турмы выходзіць на антываенныя акцыі, у каго сэрца баліць за Ўкраіну. Як вам здаецца, ці добра разумеюць ва Ўкраіне розьніцу паміж уладамі і народам, рэпрэсаваным, але не зламаным?
— Я вам больш скажу. Асабіста я праводжу разьдзел паміж Расеяй і расейскім народам, народамі Расеі ўсіх нацыянальнасьцяў. Мы цудоўна разумеем, што большасьць грамадзянаў Расеі сталі закладнікамі вар’яцкага пуцінскага рэжыму, зь якім час даўно пакончыць самому расейскаму народу, бо ён яго бясконца бярэ ў закладнікі ўжо дваццаць гадоў запар і перашкаджае гэтаму вялікаму народу і цывілізацыі разьвівацца ў дружнай сям’і ўсіх народаў.
ХХІ стагодзьдзе. Час на Марс сумесна ляцець і ажыцьцяўляць вялікія праекты, а не ваяваць адзін з адным на вуліцах родных гарадоў. Таму рэжым — гэта рэжым, народ — гэта народ, культура — гэта культура. Што тычыцца беларускага народу, то тут увогуле ўсё зразумела. Зразумела, што існуе спэцыфічная палітычная сытуацыя, якая стваралася дзесяцігодзьдзямі. Зразумела, што былі беларускія пратэсты і мы адмовілі Аляксандру Лукашэнку ў праве прадстаўляць беларускі народ, хоць узаемадзейнічаем зь ім як з пасярэднікам, як з чалавекам, які ажыцьцяўляе «эфэктыўны кантроль над дзяржаўнай машынай Беларусі» ў цяперашні момант.
Гэта ўжо real politic, даводзіцца гэта рабіць, улічваючы стан вайны. Мы гатовы дапамагаць беларусам ва ўсіх адносінах. На кожнай міжнароднай пляцоўцы мы гаворым і пра лёс Беларусі, далі і даём дзяржаўную і грамадзкую абарону беларусам як у сьвеце, так і тым, якія знаходзяцца ва Ўкраіне.
Тыя беларусы, якія хочуць працягнуць барацьбу, могуць прыехаць ва Ўкраіну. На найвышэйшым дзяржаўным узроўні забясьпечаныя спосабы, мэтады і схемы залучэньня, пачынаючы ад магчымасьці афіцыйна ўступіць ва ўкраінскае войска, тэрытарыяльную абарону, заканчваючы грамадзкім жыцьцём, валянтэрствам, мэдыцынай і гэтак далей. Хто хоча прыехаць, можа гэтым заняцца. Да таго ж зь Беларусі пачалі паступаць паведамленьні аб сабатажы на чыгунцы, які не дае рухацца расейскім вайсковым эшалёнам. Старыя добрыя традыцыі беларускай рэйкавай вайны працуюць як ніколі добра.
«Нам ёсьць чым ударыць, але мы трымаемся да апошняга, не жадаючы пераносіць вайну на тэрыторыю Беларусі»
— Ці добра ўсьведамлялі ва Ўкраіне, зь якой беларускай уладай яны маюць справу ўжо 27 гадоў? Бо сутнасьць гэтай уладынасамрэч не мянялася. Ці былі ўлады Ўкраіны гатовыя да таго, што Аляксандар Лукашэнка прапануе тэрыторыю Беларусі для агрэсіі супраць Украіны?
— Мы думаем, што ён на гэта ня пойдзе. Нягледзячы на калясальны ціск з боку Расеі, ён трымаецца. Але 1 сакавіка наш кіраўнік Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Аляксей Данілаў заявіў, што калі зь беларускай тэрыторыі працягнуцца пускі ракетаў, мы пакідаем за сабой права ўдару ў адказ. З паўднёва-ўсходніх раёнаў Беларусі па нас рэгулярна наносяцца ўдары апэратыўна-тактычнымі комплексамі «Іскандэр». Паколькі б’юць па аб’ектах цывільнай інфраструктуры і па вайсковых, тэрыторыя Беларусі робіцца законнай ваеннай цэльлю.
Мы маем чым ударыць, але трымаемся да апошняга, не жадаючы пераносіць вайну на тэрыторыю Беларусі. Думаю, што Аляксандар Лукашэнка, беларуская эліта, беларускі народ ацэняць наш жэст, што мы ўстрымліваемся ад удараў, хаця даўно маем на іх поўнае маральнае і міжнароднае права. Найлепшае, што можна цяпер зрабіць, — ня ўмешвацца, выступаць пасярэднікам на перамовах і не дапусьціць уцягваньня Ўзброеных сіл Беларусі і іншых сілавых структураў у канфлікт з Украінай.
«Памятайце, што мы браты, і не дапусьціце ўступленьня Беларусі ў вайну»
— Да беларусаў зьвярталіся прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон, кіраўнік замежнай палітыкі Эўразьвязу Жузэп Бурэль падзякаваў сотням беларусаў, якіх арыштавалі за антываенныя акцыі, за сьмеласьць. Як бы вы як этнічны беларус зьвярнуліся да беларусаў?
— Паважаныя беларускія браты! Я як этнічны беларус проста зьяўляюся вам кроўным братам, і ўсе ўкраінцы ўспрымаюць вас як братоў. І якая ні была б палітычная сытуацыя, мы разумеем, што гэты канфлікт ня вечны. Памятайце, што мы заўсёды клапоцімся пра вас, памятаем пра вас, мы далі прытулак дзясяткам тысяч беларусаў, згадваем Беларусь на кожнай міжнароднай пляцоўцы, разумеючы, што яе лёс трэба абараніць і забясьпечыць, і Ўкраіна тут мае адыграць вялікую ролю. Прэзыдэнт зьвяртаўся да вас наўпрост. Мы кожны дзень кантактуем з вамі, многія беларусы стаяць на абароне Ўкраіны.
Памятайце, што гэта барацьба за вашу і нашу свабоду, і час рэжыму будзе скарочаны ці ён увогуле падзе, і вы вызваліцеся. Не было б дня, каб мы не ўспаміналі Беларусь, бо зь яе тэрыторыі ляцяць ракеты па нас і накіроўваюцца войскі. І нават гэта, як бачыце, не парушала ўкраінска-беларускіх стасункаў, нашага стаўленьня да вас, да вашай культуры, да вашай мовы, да незалежнасьці Беларусі, да беларускага грамадзтва і народу.
Памятайце, што мы браты, і не дапусьціце ўступленьня Беларусі ў вайну. Апошняе, што мы хочам рабіць, — гэта страляць у беларусаў. Мы ня хочам страляць у беларусаў. Мы можам страляць, можам біць пра тэрыторыі Беларусі, але мы ня будзем гэтага рабіць да апошняга моманту. Калі ласка, не дазвольце ўцягнуць вашы ўзброеныя сілы ў барацьбу супраць Украіны, бо скончыцца гэта крывавай лазьняй для беларусаў найперш. І гэта найгоршае, што можа адбыцца паміж нашымі народамі. Не дапусьціце ўварваньня беларускай арміі ва Ўкраіну!