Сьцісла:
- У беларускай мове клясычнае традыцыі расейскаму военный часьцей адпавядае вайсковы — калі пра войска. Слова ваенны пра вайну.
- военная подготовка — вайсковая падрыхтоўка, военный комиссариат — вайсковы камісарыят, военная служба — вайсковая служба, военнослужащий — вайсковец
- У 1933 годзе ў рамках барацьбы з „нацдэмаўшчынай“ памянялі вайсковы на „ваенны“ — там, дзе ў расейскай „военный“.
- У мовах зашытыя сацыяльныя і мэнтальныя коды. У расейскай група словаў з асновай войн- азначае і паняцьці, зьвязаныя з войскам, — пэўна, у той карціне сьвету войска мусіць увесь час ваяваць, інакш нашто яно.
- Расейская мова як бы падводзіць навабранца да непазьбежнае вайны. Ён „военнообязанный“, яго выклікалі ў „военкомат“. І рыштунак дзяржавы служыць вайне: военно-промышленный комплекс, военная техника.
- Па-беларуску мае быць вайскова-прамысловы, вайсковая тэхніка; вайсковая база.
- У нашай традыцыйнай мове войска не сынонім вайны: яно мусіць умець ваяваць, але гэта каб на нас не ішлі вайной і ў вайну ня ўцягвалі.
Словы з коранем „вайна“ пануюць у стужках навін. Але па-беларуску і па-расейску рэаліі, зьвязаныя з вайной і войскам, называюцца розным чынам.
У беларускай мове клясычнае традыцыі расейскаму прыметніку военный часьцей адпавядае беларускае слова вайсковы. Правіла простае: словам ваенны мы апісваем толькі вайну, а словам вайсковы — усё іншае, зьвязанае з інстытуцыяй пад назваю войска.
Справа — беларускія тэрміны з моўнай практыкі і слоўнікаў 1920-х (у савецкай частцы падзеленай Беларусі):
(па-расейску — па-беларуску)
военная подготовка — вайсковая падрыхтоўка
военный комиссариат — вайсковы камісарыят
военно-врачебная комиссия — вайскова-лекарская камісія
военная служба — вайсковая служба
военнослужащий — вайсковец
Але пачынаючы з 1930-х гадоў у БССР словам ваенны амаль татальна выціснулі традыцыйны беларускі прыметнік вайсковы. Ня ў выніку натуральных моўных працэсаў, не на параду лінгвістаў-тэрмінолягаў, а паводле рашэньня камуністычных ідэолягаў. Мэханічна памянялі вайсковы на ваенны ўсюды, дзе слова военный ужываецца ў расейскай.
Мы нават дакладна ведаем, калі гэта адбылося.
Яшчэ ў 1927 годзе Вайсковая Камісія пры Інстытуце беларускае культуры выдала „Практычны беларускі вайсковы слоўнік“. Яго ўкладалі мовазнаўцы Мікола Байкоў і выкладчык Аб’яднанай беларускай вайсковай школы Андрэй Бараноўскі, дарадцамі былі Язэп Лёсік, Янка Купала.
А ў 1933 годзе выйшаў ужо „Ваенны руска-беларускі слоўнік“, сярод укладальнікаў якога не было аўтараў ранейшага слоўніка, а адказным рэдактарам быў сумнавядомы камісар над мовазнаўцамі Я. Мацюкевіч. Гэты слоўнік, як сказана ў прадмове, „пазбаўлены архаізмаў, палянізмаў, што імкнуліся ўкараняць у армію нацдэмы, выходзячы з клясавых буржуазна-рэстаўратарскіх тэндэнцый, сваім «Практычным беларускім вайсковым слоўнікам»“.
Справа Мацюкевіча жыве дагэтуль. Праблема ўжываньня прыметнікаў вайсковы — ваенны ня зьнікла, у афіцыйных слоўніках тут нічога не памянялася з 1933 году.
Але мовазнаўцы намагаюцца вярнуць словам іх прыродны сэнс. Яшчэ ў 2003 годзе Юрась Бушлякоў у сваёй рубрыцы на Свабодзе „Жывая мова“ запіс „Вайсковы й ваенны“ (ёсьць і ў ягонай кнізе) даступна тлумачыў, дзе трэба казаць вайсковы, а дзе — ваенны; зьвяртаўся да тэмы ў сваіх рэкамэндацыях у культуры мовы праф. Павал Сьцяцко.
Моўныя зьявы ўплываюць на сьветаўспрыманьне.
А часам, у сваю чаргу, вынікаюць з нацыянальнага вобразу сьвету. У мовах зашытыя сацыяльныя і мэнтальныя коды. Вось жа ў расейскай група словаў з асновай войн-/воен- азначае і паняцьці, зьвязаныя з войскам, — пэўна, у расейскай карціне сьвету войска мусіць увесь час ваяваць, інакш нашто яно.
Расейская мова ўсімі сваімі рэсурсамі падводзіць навабранца да непазьбежнае вайны. Ён „военнообязанный“, яго выклікалі ў „военкомат“. І рыштунак дзяржавы служыць вайне: военно-промышленный комплекс, военная техника.
Па-беларуску мае быць вайскова-прамысловы, вайсковая тэхніка; вайсковая база. У нашай традыцыйнай мове войска не сынонім вайны: так, яно мусіць умець ваяваць, але гэта каб на нас не ішлі вайной і ў вайну ня ўцягвалі.
Прыметнік ваенны ў беларускай мове лягічна ўжываць толькі ў дачыненьні да вайны: ваенная пагроза, апэрацыя, кампанія; ваенна-палявы шпіталь. А „воинская доблесть“ — ваярская адвага.
Старабеларуская ваеншчына — гарантыя міру
І ў старабеларускай мове словы, аднакаранёвыя з назоўнікам вайна, былі пра вайну: „Пачата біць у бубны і трубы ваенныя“ („Александрыя“). Выраз „служба ваенная“ — пра абавязак шляхціча менавіта ваяваць: абы шляхціч кожды ку службе ваеннай меў конь (1563).
Ваеншчына — ня тое, што вы ведаеце з савецкай прапаганды, а асобны падатак на вядзеньне вайны (ясна, што пры такой празрыстай сыстэме фінансаваньня дзяржава вяла вайну толькі пры згодзе падаткаплатнікаў).
Быў яшчэ прыметнік войскі, але ён даўно стаў назваю пасады адказнага за парадак у павеце, калі шляхта ішла ваяваць, а потым ганаровым тытулам. Калярытны вобраз войскага Грачэхі вывеў у паэме „Пан Тадэвуш“ Адам Міцкевіч:
Схапіў тады Войскі к тасьме прывязаты
свой туравы рог, пакручасты, даўгі, рабаваты,
як боа-вужака; аберуч да губаў прыціснуў,
ўздуў шчокі, як бомбы, крывёй у вачох аж забліснуў,
прыплюшчыў павекі, ўцягнуў у нутро так з паўбруха
і выслаў зь яго тады к лёгкім запас увесь духа —
й заграў. Як віхор, яго рог, надзіманы, бы мехам,
нясе тую музыку ў пушчу, падвойвае рэхам.
(пераклад Браніслава Тарашкевіча)