У беларускім войску пануе расейская мова. Гэта пры тым, што і афіцэры і шарагоўцы ў беларускай арміі збольшага беларусы. Што перашкаджае войску перайсьці на беларускую мову? Наколькі распрацаваная беларуская вайсковая лексыка, тэрміналёгія? Арыгінал публікацыі 16 кастрычніка 2007 г.
«Прыказаньні беларускаму жаўнеру» склаў Зьмітрок Бядуля
Першыя беларускія вайсковыя слоўнікі пачалі выдавацца на пачатку 20-х гадоў мінулага стагодзьдзя. У 1920 годзе «Беларуская вайсковая камісія» выдала «Падарунак беларускаму жаўнеру», які атрымліваў кожны, хто запісаўся ў нацыянальнае войска. Там былі 10 прыказаньняў для беларускага жаўнера, складзеных Зьмітраком Бядулям. Зьявіліся «Вайсковая стылістыка», «Каманды па-беларуску», «Практычны беларускі вайсковы слоўнік» М. Байкова і А. Бараноўскага. Выходзілі і падручнікі па вайсковай справе («Стралкова-тактычная падрыхтоўка кулямётнага аддзяленьня», «Дзействы асабнай палкавой гарматы», «Тэорыя і практыка стральбы куляй і шротам». Апошняе, што было зроблена ў даваенныя гады — «Беларуская краёвая абарона», дзе ўжо была сыстэма каманд.
Станіслаў Суднік: «Калі ў Беларусі будзе сваё войска, як жа камандаваць?»
Потым, з 30-х гадоў і да канца 80-х было зацішша. Але беларускія афіцэры, якія служылі тады яшчэ на неабсяжных прасторах СССР, пачалі задумвацца, што будзе далей, калі беларуская дзяржава атрымае незалежнасьць. Падпалкоўнік Станіслаў Суднік служыў тады ў Казахстане:
«Узьнікла пытаньне: калі ў нас будзе сваё войска, як жа камандаваць? „Шагом марш“ не скамандуеш, бо „шагом“ — слова расейскае, а „марш“ — нямецкае. Калі яшчэ „марш“ куды ні ішло, то „шаг“ — ніяк. Пачалі вывучаць гэту праблему, наколькі яна ў Беларусі разьвязаная. Аказалася, што існавала шэраг кніг, дапаможнікаў на беларускай мове па розных аспэктах вайсковай справы».
Пасьля развалу Савецкага Саюзу, Станіслаў Суднік вярнуўся ў Беларусь і пачаў ствараць «Кароткі расейска-беларускі вайсковы слоўнік». Да яго далучыўся старшы лейтэнант Сяргей Чыслаў, якія вярнуўся з Забайкальля. Разам пачалі рыхтаваць больш грунтоўнае выданьне, бо не задавальнялі калькі з расейскай мовы. Да таго ж, вайсковая справа таксама разьвіваецца, зьявіліся новыя тэрміны. Стваралі новатворы, да прыкладу, у расейскай мове «Пол-оборота направо, налево» — «права-скос», «лева-скос».
Адначасова над расейска-беларускім слоўнікам ішла праца і ў Міністэрстве абароны. Слоўнік выйшаў у 1996 годзе пад рэдакцыяй кандыдата вайсковых навук Уладзімера Язэпчыка і кандыдата філялягічных навук Міколы Крыўка.
У 1997 годзе быў выдадзены і грунтоўны слоўнік Судніка і Чыслава, у якім 8 тысяч словаў і словазлучэньняў вайсковай і побытавай лексыкі.
Мікола Статкевіч: Усё пытаньне толькі ў волі...
Меркаваньне падпалкоўніка запасу, кандыдата вайсковых навук Міколы Статкевіча:
«Вайсковая тэрміналёгія створаная, ёсьць нават два варыянты тэрміналёгіі. Пры Казлоўскім і Кебічу ў войску ўжо пачалі вучыць мову і пераходзіць на яе. А потым Лукашэнка пачаў публічна дыстанцыявацца ад беларускай мовы... Усё пытаньне толькі ў волі, каб у войску была беларуская мова».
Праўда, прэтэнзіі адзін да аднаго ёсьць у абодвух творчых калектываў. 43% словаў і словазлучэньняў у слоўніках адрозьніваюцца. Да таго ж, у слоўніку Судніка і Чыслава ёсьць сыстэма вайсковых шыхтовых і пазашыхтовых каманд. Гаворыць Станіслаў Суднік.
«Мы складалі, абапіраючыся на нармальную, сапраўдную беларускую мову без аглядкі на стэрэатыпы, на традыцыі. У нашым слоўніку няма ніводнага суфікса „уч“, „юч“. Напрыклад „конвоируемый“ — слова, якое па-беларуску немагчыма вымавіць. Новая форма — „падканвойны“, чалавек, які знаходзіцца пад канвоем. Замест трох суфіксаў ужытая прыстаўка і беларускі суфікс „н“, і так па ўсім слоўніку».
Праверана практыкай
Станіслаў Суднік кажа, што бальшыня тэрмінаў, камандаў зь ягонага слоўніка прайшла праверку на практыцы:
«Я камандаваў паўтара года дывізіёнам у Мастах і Росі. Дывізіён служыць чыста на беларускай мове, усе гэтыя каманды апрабаваныя, усё яны жыцьцяздольныя, усе яны зразумелыя, усе яны выконваліся і лёгка засвойваліся».
Пазьней зьявіўся і «Шыхтовы статут» («Строевой устав»). Ішлі напрацоўкі іншых статутаў. Але паступова беларуская мова ў войску зьнікла. Праўда, лінгвісты перакананыя, што лягчэй за ўсё мова можа вярнуцца менавіта ў войска і міліцыю. Па-першае, камандзіры — даволі адукаваныя людзі, з вышэйшай адукацыяй. Па-другое, там вельмі хутка выконваюцца загады, кажа Станіслаў Суднік:
«Паступае каманда пераходзіць на беларускую мову, і лінгвістычны аспэкт практычна гатовы для гэтага. Невялікая праца — і будуць статуты на беларускай мове. На сёньня, калі гаварыць, то за аснову трэба браць наш слоўнік і той слоўнік. Магчыма, мы дзесьці дапусьцілі залішнюю радыкалізацыю, а яны кансэрватызм. І напэўна, каб зараз гэтым займацца, выпрацавалася б штосьці агульнае».
Каманды і камандныя словы паводле слоўніка Станіслава Судніка
- Автоматы на - грудь! — Аўтаматы на - фронт!
- Автоматы на грудь по разделениям, делай - раз, делай - два, делай - три! — Аўтаматы на фронт па раздзелах, чынь - раз, чынь - два, чынь - тры!
- Бегом! — Бягом!
- Бегом - марш! — Бягом - руш!
- Взвод, в колонну по три, шагом - марш! — Звяз, у калону па тры, крокам - руш!
- Взвод, под Знамя - смирно! — Звяз, на Штандар - зважай!
- Взвод, под Знамя - смирно, на караул! — Звяз, на Штандар - зважай, зброю на фронт!
- В колонну по одному (по два, по три, по четыре) - становись! — У калону па адным (па два, па тры, па чатыры) - зборка!
- Внимание! — Увага!
- Внимание, делай, что я! — Увага, чынь, што я!
- В одну шеренгу (В две шеренги) - становись! — У адну шарэнгу (У дзве шарэнгі) - зборка!
- Вольно! — Спачні!
- Вперёд! — Наперад!
- В ружьё! — За зброю!
- Все кругом! — Усе тыл - фронт!
- Встать! — Устаць!
- Встать, смирно! — Устаць, зважай!
- Выйти из строя! — Выйсці з шыхту!
- Выйти из строя на три шага! — Выйсці з шыхту на тры крокі!
- Глуши мотор! — Глушы матор!
- Головные уборы - надеть! — Галаўныя ўборы - надзець!
- Головные уборы - снять! — Галаўныя ўборы - зняць!
- Два шага вперёд (назад), шагом - марш! — Два крокі наперад (назад), крокам - руш!
- Два шага вправо (влево), шагом - марш! — Два крокі ўправа (ўлева), крокам - руш!
- Дежурные на линию! — Дзяжурныя на лінію!
- Для встречи справа (слева, с фронта), на караул! — Для спаткання справа (злева, з фронту), зброю на фронт!
- До свидания, товарищи! — Да пабачэння, спадарства!
- Есть! — Рэй!
- Заводи! — Заводзь!
- За мной! — За мною!
- За мной - марш! — За мною - руш!
- За мной, шагом - марш! — За мною, крокам - руш!
- Заправиться! — Рыштунак да ладу!
- Заряжай! — Набівай!
- За спину! — За плечы!
- Здравия желаем (желаю)! — Вітаем (Вітаю)!
- Здравия желаем, товарищ полковник! — Вітаем спадара палкоўніка!
- Здравствуйте, товарищи! — Вітаю спадарства!
- Знаменный взвод - вперед! — Штандарны звяз - наперад!
- Знаменщик, за мной, шагом - марш! — Штандарнік, за мною, крокам - руш!
- Идти в ногу! — Роўны крок!
- Идти не в ногу! — Вольны крок!
- К бою! — Да бою!
- К машинам! — Да машынаў!
- К ноге! — Зброю - стаў!
- Ко мне! — Да мяне!
- Ко мне, шагом - марш! — Да мяне, крокам - руш!
- Короче шаг! — Дробны крок!
- К оружию! — Да зброі!
- Кругом! — Тыл - фронт!
- Кругом - марш! — Тыл - фронт - руш!
- К торжественному маршу, повзводно (поротно, побатальонно) на одного линейного (на двух, трёх линейных) дистанция, первый взвод (первая рота, первый батальон) прямо, остальные, направо! — Да ўрачыстага руху, пазвязна (паротна, пабатальённа) на аднаго лінейнага (двух, трох лінейных) водступ, першы звяз (першая рота, першы батальён) наўпрост, астатнія, права - фронт!
- Левее! — Лявей!
- Левое плечо вперёд - марш! — Права кірунак - руш!
- Левое плечо вперёд, шагом - марш! — Права кірунак, крокам - руш!
- Ложись! — Легчы!
- На - грудь! — На - фронт!
- Назад! — Назад!
- Налево! — Лева - фронт!
- Налево - равняйсь! — Лева - раўнуй!
- На месте! — На месцы!
- На месте шагом (бегом) - марш! — На месцы крокам (бягом) - руш!
- На первый и второй - рассчитайсь! — На першы і другі - лічы!
- На плечо! — На плячо!
- На пост шагом - марш! — На пост крокам - руш!
- Направо! — Права - фронт!
- Направо - равняйсь! — Права - раўнуй!
- На ремень! — На - пас!
- На руку! — На руку!
- На свои места, шагом - марш! — На свае месцы, крокам - руш!
- Начальник караула - ко мне, остальные - на месте! — Начальнік варты - да мяне, астатнія - на месцы!
- Никак нет! — Не!
- Оркестр, играй сбор! — Аркестр, іграй збор!
- Отбой! — Адбой!
- Отставить! — Зварот!
- Под Знамя - смирно, на караул! — На Штандар - зважай, зброю на - фронт!
- Подъём! — Пад'ём!
- Полк, под Знамя - смирно, для встречи справа (слева, с фронта) на караул! — Полк, на Штандар - зважай! Для спаткання справа (злева, з фронту) зброю на - фронт!
- Полк, под Знамя - смирно, равнение направо (налево, на средину)! — Полк, на Штандар - зважай, направа (налева, на фронт) - раўнуй!
- Полный шаг! — Поўны крок!
- Полоборота налево (направо)! — Лева - скос (Права - скос)!
- Положить оружие! — Палажыць зброю!
- Полшага! — Паўкрок!
- По местам! — Па месцах!
- По порядку - рассчитайсь! — Па парадку - лічы!
- Правее! — Правей!
- Правое плечо вперёд - марш! — Лева кірунак - руш!
- Правое плечо вперёд, шагом - марш! — Лева кірунак, крокам - руш!
- Принять влево! — Лева збоч!
- Принять вправо! — Права збоч!
- Приступить к проверке! — Прыступіць да праверкі!
- Противогазы - снять (надеть)! — Газаахоўнікі - зняць (надзець)!
- Прямо! — Наўпрост!
- Равняйсь! — Раўнуй!
- Равняйсь! Смирно! Для встречи справа (слева, с фронта) на караул! — Раўнуй! Зважай! Для спаткання справа (злева, з фронту) зброю на - фронт!
- Равняйсь! Смирно! На караул! — Раўнуй! Зважай! Зброю на - фронт!
- Разойдись! — Роскід!
- Разомкнись! — Росступ!
- Разряжай! — Выбівай!
- Реже! — Радзей!
- Слушай мою команду! — Слухай маю каманду!
- Слушайте все! (сигнал) — Слухайце ўсе!
- Смирно! — Зважай!
- Смирно, на караул! — Зважай, зброю на фронт!
- Смирно, равнение направо (налево, на середину)! — Зважай! Направа (Налева, На фронт) - раўнуй!
- Сомкнись! — Соступ!
- С поста шагом - марш! — З паста крокам - руш!
- Становись! — Зборка!
- Стать в строй! — Стаць у шыхт!
- Стой! — Стой!
- Стой! Кто идет? — Стой! Хто ідзе?
- Стой, назад! — Стой, назад!
- Стой, обойти вправо (влево)! — Стой, абысці ўправа (ўлева)!
- Стой, стрелять буду! — Стой, страляць буду!
- Строевым шагом - марш! — Вучэбным крокам - руш!
- Так точно! — Так!
- Товарищи офицеры! — Спадары афіцэры!
- Товарищ полковник! Во время моего дежурства происшествий не случилось. Дежурный по полку майор ... — Спадар палкоўнік! Пад час майго дзяжурства здарэнняў не адбылося. Дзяжурны па палку маёр ...
- Товарищ полковник, разрешите обратиться к капитану ... — Спадар палкоўнік, дазвольце звярнуцца да капітана ...
- Увеличить дистанцию! — Павялічыць водступ!
- Увеличить скорость! — Павялічыць хуткасць!
- Уменьшить дистанцию! — Паменшыць водступ!
- Уменьшить скорость! — Паменшыць хуткасць!
- Ура! — Рубон!
- Часовой, сдать пост! — Вартавы, здаць пост!
- Чаще шаг! — Часты крок!
- Шагом - марш! — Крокам - руш!
- Шире шаг! — Доўгі крок!
- Я! — Я!