Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская вайсковая форма


(эфір 4 Студзеня 2001 г.)

Удзельнік — гісторык Віктар Астрога.
Аўтар і вядучы — Вячаслаў Ракіцкі.

(Ракіцкі: ) “Кожная сувэрэнная дзяржава мае дзеяздольнае, добра забясьпечанае войска як гарант нацыянальнае бясьпекі й незалежнасьці краіны. Моц войску складаецца ня толькі з забесьпячэньня яго эфэктыўнай зброяй, амуніцыяй, харчаваньнем. Моц войску ў значнай, калі не ў галоўнай ступені, залежыць ад маральнага духу вайскоўца, што грунтуецца на патрыятызме, на слаўных вайсковых традыцыях, здабытых на полі бою падчас абароны бацькаўшчыны.

Баявая мінуўшчына войску павінна адбівацца на зьнешнім выглядзе жаўнераў ды афіцэраў. Нацыянальныя збройныя сілы маюць адмысловую вайсковую форму і адзнакі, якія адпавядаюць гістарычным традыцыям гэтага народу. Але што ёсьць адмысловай вайсковай уніформай?”

(Астрога: ) “Вайсковая форма адзеньня, альбо інакш, уніформа, асабліва адзнакі на ёй — квінтэсэнцыя нацыянальных ваярскіх традыцыяў, іх вонкавае ўвасабленьне, моцны псыхалягічны выхаваўчы фактар як уласна для вайскоўцаў, так і для цывільных. Свайго кшталту пляст нацыянальнае культуры.

Калі, напрыклад, будзённыя ці палявыя варыянты даволі зьменлівыя і залежаць ад асаблівасьцяў вайсковай тактыкі, зьменаў узбраеньня ды нават моды, то парадны строй — гэта жывая традыцыя. Як, прынамсі, клятчастыя спадніцы шатляндзкіх стральцоў, альбо пунсовыя мундзіры ці мядзьведжыя шапкі ангельскіх каралеўскіх гвардэйцаў”.

(Ракіцкі: ) “Спадар Астрога, ці можна сказаць, што ў розных народаў, на розных этапах іхнае гісторыі і, перадусім, падчас рэвалюцыяў, пры кардынальных зьменах палітычных сыстэмаў ішла барацьба за адметны выгляд вайскоўца?”

(Астрога: ) “Шмат краінаў прашлі ў той ці іншай ступені праз гэта. Вельмі паказальным можа быць польскі прыклад. Па другой сусьветнай вайне Міністэрства нацыянальнае абароны Польшчы доўгі час узначальваў савецкі генэрал Канстанцін Ракасоўскі. Палякі тады пачалі пазбаўляцца сваёй знакамітай рагатулкі, традыцыйнае фуражкі з квадратным верхам, замяняючы яе на савецкую круглую.

Аднак, як толькі Польшча аднавіла сваю незалежнасьць, дык адразу польскіх вайскоўцаў зноў упрыгожыла ўсё тая ж рагатулка”.

(Ракіцкі: ) “А калі ж паглядзець на гэтыя ж працэсы ў нашае гісторыі?”

(Астрога: ) “Беларусь тут не выключэньне. У розныя пэрыяды сучаснае гісторыі, калі не было жорсткага панаваньня чужынцаў, адначасова са спробамі стварэньня нацыянальнага войску, беларускія дзеячы рупіліся і пра адметную іх абмундзіроўку й адзнакі. Яшчэ 5 жніўня 1917 году на сэсіі Беларускай Цэнтральнай Рады, быў прыняты статут беларускіх нацыянальных культурна-прасьветных гурткоў у войску, дзе ўпершыню паказвалася адзнака беларускіх вайскоўцаў:

"Кожны член беларускай грамады ў войску павінен насіць беларускі нацыянальны знак — белая стужка з чырвонай палоскай пасярэдзіне. Усе тры палоскі — белая, чырвоная і белая — аднэй шырыні".

Першы поўны арыгінальны камплект беларускай вайсковай уніформы быў распрацаваны ў лютым 1919 году вядомым вайсковым дзеячом Кастусём Езавітавым. Дарэчы, ён быў славуты зьбіральнік беларускіх народных строяў. Ён прадставіў на імя старшыні Рады БНР Луцкевіча ўласны праект формы адзеньня беларускага войску францускага кшталту, які быў зацьверджаны 20 сакавіка таго ж году.

Між іншым, Езавітаў быў аўтарам і першай дзеючай беларускай вайсковай узнагароды — беларускага крыжа Сьвятой Эўфрасіньні Полацкай. У кастрычніку таго ж году і беларуская вайсковая камісія распрацавала свой ня менш дасканалы мундзір. Адметнасьцю яго быў шэры колер, наплечнікі з “Пагоняю”, бел-чырвона-белыя каўняровыя нашыўкі і невялічкая акуратная фуражка з прыгожаю цэшкаю. Спрабавалі таксама стварыць сваю ўніформу й слуцкія паўстанцы, але з-за цяжкасьцяў адзінаю адзнакаю іх стала бел-чырвона-белая нарукаўка”.

(Ракіцкі: ) “Але ж не з 1917 году пачынаецца нашая гісторыя. Былі ж і ў ранейшыя часы спробы стварэньня нацыянальнае вайсковае формы? Ці падключыліся на пачатку ХХ стагодзьдзя дзеячы беларускага адраджэньня да тых даўніх досьведаў і якімі яны былі?”

(Астрога: ) "Яшчэ ў ХVІ стагодзьдзі некаторая частка войску ВКЛ апранала так званую “бару” — кунтушы аблачыстага шэра-блакітнага колеру. Гэта была пэўная запазычанасьць у Эўропы. Пазьней у ХVІІІ стагодзьдзі жаўнераў ВКЛ, апранутых у прыгожыя каляровыя эўрапейскага крою мундзіры, было лёгка пазнаць па скураных адмысловых торбах, на якіх была прымацавана вялікая срэбная “Пагоня”. Менавіта з гэтых сівых часоў у нашую мову ўвайшлі такія прыгожыя вайсковыя словы як "пэндэнт" — вайсковая дзяга, "клям" — распражка на ёй, "тарністар" — плячак ды іншыя.

На пачатку ХХ стагодзьдзя беларускія дзеячы, на жаль, мала што маглі ўзяць з гэтае раскошы. Хіба што колеры, срэбную фурнітуру і саму “Пагоню”".

(Ракіцкі: ) “Гэта традыцыя ўсясьветная ці толькі эўрапейская — ужываць у форме колеры нацыянальнага сьцягу, нейкім чынам пазначаць гістарычную сымболіку ва ўніформе?”

(Астрога: ) “Натуральна, гэтая традыцыя ўсясьветная. Таму што войска — гэта дзяржаўны інстытут. Ён павінен адлюстроўваць менавіта тую дзяржаву, якую ён прэзэнтуе. І таму на цэшках, у колерах, на наплечніках, на разнастайных нарукаўных знаках адлюстроўваюцца менавіта дзяржаўная прыналежнасьць: колеры, сымбалі”.

(Ракіцкі: ) “А што да крою? Напэўна, улічваюцца пэўныя тэндэнцыі моды, якія існуюць тут, на гэтым кантынэнце?”

(Астрога: ) “Вайскоўцы таксама людзі, яны павінны сачыць за модай, хаця, канешне, яны больш кансэрватыўныя. Ужо амаль 100 гадоў існуе такі стандартны крой, які ўвялі яшчэ на пачатку першае сусьветнае вайны французы, а пасьля падхапілі брытанцы. Фрэнчы — гэта якраз з тых часоў, з тых краёў”.

(Ракіцкі: ) “Вось калі зірнуць на такі даволі цікавы пэрыяд нашае гісторыі пачатку ХХ стагодзьдзя як беларусізацыя — ці былі тады спробы беларусізаваць уніформу тэрытарыяльных частак Чырвонае арміі?”

(Астрога: ) “На жаль, не. Увогуле, савецкія ўлады былі адзіныя ў Беларусі, якія не дазвалялі ствараць нацыянальныя ўзброеныя фармаваньні з адметнымі мундзірамі. Хаця, магчыма, нейкай кволай такой спробаю можна лічыць прапановы старшыні Саўнаркаму БССР Адамовіча, які яшчэ ў 1926 годзе, на пачатку беларусізацыі, раіў выкарыстаць бел-чырвона-белыя колеры пры распрацоўцы гербу й сьцягу БССР. Гэта, несумненна, адбілася б пэўным чынам і ў форме тэрытарыяльных частак”.

(Ракіцкі: ) “Напэўна, самы заблытаны і дасюль яшчэ самы цьмяны, з гледзішча гістарычнае праўды — пэрыяд другой усясьветнай вайны на тэрыторыі Беларусі. Па-сёньняшні дзень мы шмат чаго ня ведаем, шмат што хаваецца ад нас. Напэўна, у другую ўсясьветную вайну беларускасьць была пэўнаю картаю, на якую ставілі фашыстоўская Нямеччына і Савецкі Саюз — у тым ліку і ў войску. Але ведама, што была яшчэ й трэцяя сіла, якую мы калі-небудзь усё ж назавем першай. Нацыянальная, уласна беларуская сіла, якая ставіла сабе мэту — выйсьці з вайны, маючы ўтвораную нацыянальную дзяржаву. Ці былі там спробы стварэньня войску і — для нас гэта можа найбольш важна ў кантэксьце нашае размовы — ці адбывалася тады спроба стварыць уніформу?”

(Астрога: ) “Стварэньне адметнай беларускай уніформы мела моцнае ідэалягічнае, палітычнае гучаньне. Гэта праявілася падчас утварэньня Беларускай Краёвай Абароны. На аб’яднаным паседжаньні БЦА і кіраўніцтва БКА 28 сакавіка 1944 году гутарка йшла менавіта пра псыхалягічна-прапагандычнае значэньне вайсковага строю. Вось вытрымка з гэтага пратаколу:

"…Народ зьявіўся ў рады Краёвай Абароны. Але ён недаверліва глядзіць, што польскія легіёны, казацкія і іншыя вайсковыя аддзелы маюць абмундзіраваньне і зброю, а нашы гэтага пакуль што ня маюць. Такое становішча адбіваецца на настроі змабілізаваных. Мы ўпэўненыя, што… наша БКА можа быць забясьпечана ня горш польскіх легіёнаў".

У тым жа месяцы вайскоўцы Краёвай Абароны атрымалі адмысловыя адзнакі. Цэшку “Пагоня” і чырвоныя каўняровыя нашыўкі з срэбным крыжом Ярылы”.

(Ракіцкі: ) “Шмах хто з тых, хто за другой усясьветнай вайной змагаўся за беларускасьць, за магчымасьць стварэньня ўласнага войску, за магчымасьць пабудовы дзяржавы, пасьля вайны аказаліся ў эміграцыі. Ці былі там спробы зноў працаваць над беларускай уніформай?”

(Астрога: ) “Беларускія вайсковыя традыцыі якраз-такі перазахоўваліся ў эміграцыі, і таму мы шмат ведаем пра беларускую вайсковую форму з эмігранцкіх выданьняў, у тым ліку пра яе вонкавы выгляд. Я думаю, цікавы той факт, што 1984 годзе ў Аўстраліі Ўладзімерам Шнэкам быў выдадзены памятны альбом "Уніформы й адзнакі БКА". Там былі адноўленыя ўсе праекты, распрацаваныя ў 1944 годзе групаю вайскоўцаў на чале з генэрал-маёрам Кастусём Езавітавым. Ня менш цікава й тое, што ў 1993 годзе падчас першага Зьезду беларусаў сьвету ў Менск прыяжджаў сам Шнэк. І, як кажуць, увесь час насіў з сабой у дыплямаце мундзір афіцэра БКА. Але хацелася б зноў вярнуцца да другой усясьветнае вайны.

Тут хацелася б зноў пазначыць спробы нацыянальнага беларускага ўніфармаваньня ўжо на савецкім баку, супрацьлеглым. У 1942 годзе, наколькі вядома з архіўных дакумэнтаў, на прапанову Панамарэнкі спрабавалі стварыць дзьве асобныя беларускія арміі агульнай колькасьцю каля 170 000 чалавек. І апрануць хоць у звычайныя савецкія гімнасьцёркі, але з адрознымі каляровымі аблямоўкамі й нагрудзёвым адмысловым знакам "БАА". Аднак Сталін адмовіўся падпісаць ужо падрыхтаваны загад”.

(Ракіцкі: ) “У 1990 гадох, пасьля здабыцьця незалежнасьці нашае краіны, мы пачалі ствараць уласнае беларускае войска. Зрэшты мы яго маем. І на нашых вачох зьмяняецца пакрысе то ў адзін, то ў другі бок форма беларускіх вайскоўцаў. Гэта сьцьвярджае праблемнасьць існаваньня і войску, і дзяржавы як сувэрэнных. Дык усё ж, калі спыніцца вось гэтая барацьба ці пошук новай уніформы? Калі ж беларускае войска ўсё ж будзе мець сваю прыгожую і адметную ўніформу?”

(Астрога: ) “Працэс зьменаў вонкавага выгляду беларускіх вайскоўцаў здаецца пэрманэнтным і сапраўды выглядае на барацьбу. У 1992 годзе ў Беларусі пачалася праца над арыгінальным вайсковым мундзірам. Прынамсі, у гэтай рабоце прыняў удзел такі вядомы гісторык як Міхась Ткачоў, колькі мадэльераў, іншыя спэцыялісты. Урэшце, у 1993 годзе была выраблена першая партыя вопраткі прыгожага шэра-зялёнага колеру. Але генэралы амаль адразу адмовіліся ад яе і перадалі міліцыі, якая носіць гэтую вайсковую распрацоўку й па сёньняшні час. Для вайскоўцаў запатрабавалі зялёную хакі.

Першая беларуская ўніформа мела даволі выразны эўрапейскі выгляд, таму што рабілася па польскіх і францускіх кшталтах. Срэбныя гузікі, зоркі. На жаль, у самы апошні момант адмовіліся ад традыцыйнай зьнічкі на карысьць пяціканцовай, савецкага ўзору, зоркі. Эўрапейскасьць падкрэсьлівалі наплечнікі й хлясьцікі. Беларусы адразу пачалі вылучацца сярод іншых вайскоўцаў новых краінаў СНД.

Але з 1996 году вайскоўцы зноў набылі амаль ранейшы савецкі выгляд. Жоўтыя гузікі, зоркі, наплечнікі, цэшкі — усё пачало нагадваць савецкае войска. Калі спыняцца гэтыя рэфармаваньні і ўсталюецца нарэшце адзіная адметная беларуская вайсковая ўніформа? Гэта будзе напэўна тады, калі ў нас запануе трывалая моцная нацыянальная дзяржава. І вось тады, безумоўна, вернецца ў войска адметны беларускі мундзір, распрацаваны няхай не на вельмі вялікім, але ўсё ж такі на ўласным практычным гістарычным досьведзе”.

Вячаслаў Ракіцкі

XS
SM
MD
LG