Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз заклікаў вызваліць палітвязьня Мацкевіча, які другі дзень трымае сухую галадоўку


Палітвязень Уладзімер Мацкевіч
Палітвязень Уладзімер Мацкевіч

Зьняволены філёзаф і мэтадоляг Уладзімер Мацкевіч галадае з 3 лютага ў сьледчым ізалятары №1 у Менску. 15 лютага ён пачаў сухую галадоўку, бо ўлады ня выканалі ягоных патрабаваньняў.

Уладзімер Мацкевіч галадае ў турме трынаццаты дзень, другі зь іх — без вады.

Ён пачаў галадоўку, патрабуючы зьмены меры стрыманьня на не зьвязаную са зьняволеньнем, завяршэньня сьледзтва ў ягонай справе і прызначэньня даты суду. Мацкевіч паведамляў, што першыя 10 дзён «будзе галадоўка на вадзе», а калі па сканчэньні гэтага тэрміну патрабаваньні ня выканаюць, тады гатовы перайсьці да «сухой галадоўкі».

Паводле апошняй інфармацыі, цяпер Уладзімер Мацкевіч «адчувае сябе кепска». Учора яго двойчы агледзеў лекар СІЗА. Мацкевіч адчувае слабасьць, страціў больш за 7 кіляграмаў вагі з моманту пачатку галадоўкі. Пастара і лекара (не з сыстэмы МУС) да палітвязьня не дапусьцілі. Ад «кансультацыі» турэмнага псыхоляга Ўладзімер Мацкевіч адмовіўся: лічыць, што няма прычын зь ёй размаўляць, бо ад яе не залежыць выкананьне ягоных патрабаваньняў.

Прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі сёньня заклікала вызваліць Уладзімера Мацкевіча, падкрэсьліваючы, што «асноўныя свабоды павінны быць забясьпечаныя».

Беларуская нацыянальная плятформа Форуму грамадзянскай супольнасьці «Ўсходняга партнэрства», якая аб'ядноўвае больш за 90 грамадзкіх арганізацый краіны, прыняла заяву ў падтрымку Ўладзімера Мацкевіча і заклікала міжнародныя СМІ і журналістаў своечасова і дакладна асьвятляць сытуацыю, а ўсіх неабыякавых грамадзян падпісаць пэтыцыю за выкананьне патрабаваньняў Мацкевіча (яна сабрала больш за 6,7 тысячы подпісаў).

Грамадзянская супольнасьць Армэніі таксама выступіла ў падтрымку патрабаваньняў Мацкевіча. На сытуацыю галадоўкі Мацкевіча ў сваіх заявах зьвяртаюць увагу і амбасады Швэцыі, Латвіі і Вялікай Брытаніі ў Беларусі.

Хто такі Ўладзімер Мацкевіч

Уладзімер Мацкевіч паходзіць зь сям’і рэпрэсаваных беларусаў, якія былі высланыя ў Сібір пасьля Другой сусьветнай вайны. Нарадзіўся ў 1956 годзе ў Іркуцкай вобласьці Расеі. Празь дзесяць гадоў сям’я пераехала ў Горадню, дзе хлопец і скончыў школу.

Мацкевіч працаваў фрэзэроўшчыкам на заводзе карданных валоў у Горадні. Потым служыў у войску ў Закарпацкай вобласьці Ўкраіны.

Пасьля паступіў у Ленінградзкі дзяржаўны ўнівэрсытэт на псыхоляга, у час вучобы зблізіўся з Маскоўскім мэтадалягічным гуртком.

Да 1994 году Мацкевіч жыў то ў Ленінградзе (Санкт-Пецярбургу), то ў Вільні, то ў Рызе, то ў Маскве. Затым прыехаў у Беларусь, дзе праз год атрымаў беларускае грамадзянства.

У 1990-я гады шчыльна супрацоўнічаў зь Міністэрствам адукацыі. У пэрыяд між 1997 і 2001 гадамі ўзначальваў цэнтар мэтадалёгіі Рэспубліканскага інстытуту прафэсійнай адукацыі (РІПА). У 1999–2000 гадах Мацкевіч браў актыўны ўдзел у дыялёгу грамадзка-палітычных сілаў, які адбываўся пад эгідай АБСЭ. Пасьля гэтага ён страціў працу ў сыстэме дзяржаўнай адукацыі.

Аднак у 2003 годзе Мацкевіча нечакана запрасілі весьці ток-шоў «Выбар» на тэлеканале АНТ. Яго праца доўжылася там толькі 9 выпускаў, і пасьля тэмы пра беларускую мову, дзе многія гледачы выказаліся за больш шырокі ўжытак нацыянальнай мовы, Мацкевіча звольнілі.

Мацкевіч падтрымаў стварэньне аргкамітэту Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі. Адной з апошніх палітычных ініцыятываў стала кампанія ў падтрымку незалежнасьці Беларусі «Сьвежы вецер». Яна ўзьнікла ў адказ на актыўнае абмеркаваньне і падпісаньне інтэграцыйных «карт» паміж Расеяй і Беларусьсю. У сьнежні 2019 году падчас масавых акцый супраць інтэграцыі актывісты кампаніі «Сьвежы вецер» ініцыявалі жывыя ланцугі ў цэнтры Менску.

Мацкевічу належыць ідэя Лятучага ўнівэрсытэту — некалькі дзясяткаў курсаў лекцый ад вядомых у Беларусі мысьляроў.

Актыўны вернік, пратэстант кальвінісцкага толку. У 2006 годзе філёзаф далучыўся да посту-галадоўкі вернікаў царквы «Новае жыцьцё», у якіх забіралі будынак. Тады ўлады пакінулі іх у спакоі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG