Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Філёзаф Уладзімер Мацкевіч у СІЗА перайшоў на сухую галадоўку. Ён схуднеў на 7 кіляграм, адчувае слабасьць


Уладзімер Мацкевіч. Архіўнае фота
Уладзімер Мацкевіч. Архіўнае фота

Уладзімер Мацкевіч галадае з 3 лютага ў сьледчым ізалятары №1 у Менску.

Пра пераход Мацкевіча на сухую галадоўку з 15 лютага напісалі на старонцы філёзафа ў Facebook.

Паплечнікі Мацкевіча, якія вядуць прысьвечаную яму старонку ў Фэйсбуку пад хэштэгам #философ_в_тюрьме, расказалі апошнія навіны пра стан здароўя палітвязьня.

Паводле іх, Уладзімер Мацкевіч «адчувае сябе кепска». Ён перастаў піць ваду з учорашняга дня. Ад «кансультацыі» турэмнага псыхоляга Ўладзімер Мацкевіч адмовіўся: лічыць, што няма прычын зь ёй размаўляць, бо ад яе не залежыць выкананьне ягоных патрабаваньняў.

Сёньня яго двойчы агледзеў лекар СІЗА. Мацкевіч адчувае слабасьць, страціў больш за 7 кіляграмаў вагі з моманту пачатку галадоўкі.

Увечары 3 лютага палітвязень пачаў галадоўку, патрабуючы зьмены меры стрыманьня на не зьвязаную са зьняволеньнем, завяршэньня сьледзтва ў ягонай справе і прызначэньня даты суду. Ён паведамляў, што першыя дзесяць дзён «будзе галадоўка на вадзе», а калі па сканчэньні гэтага тэрміну патрабаваньні ня выканаюць, тады гатовы перайсьці да «сухой галадоўкі».

Як вядома ягоным паплечнікам, 15 лютага Ўладзімер Мацкевіч перайшоў на сухое галадаваньне, перастаў піць ваду.

Пэтыцыя за выкананьне патрабаваньняў Мацкевіча сабрала больш за 5 тысяч подпісаў.

Беларус накіраваў зварот у Генэральную пракуратуру з просьбамі забясьпечыць Уладзімеру Мацкевічу мэдычны нагляд, візыты пастара, натарыюса і адваката, прызначыць дату судовага разьбіральніцтва і вызваліць яго з-пад арышту. 15 лютага мужчына атрымаў адказ з пракуратуры, дзе пра Мацкевіча напісалі, як пра «асуджанага». Хаця, наколькі вядома грамадзкасьці, суду над філёзафам яшчэ не было.

65-гадовага Ўладзімера Мацкевіча затрымалі ў жніўні 2021 году. Яго вінавацяць у арганізацыі групавых дзеяньняў, якія парушаюць грамадзкі парадак. Ён сядзіць у СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Менску.

Праваабаронцы прызналі яго палітычным вязьнем.

Хто такі Ўладзімер Мацкевіч

Уладзімер Мацкевіч паходзіць зь сям’і рэпрэсаваных беларусаў, якія былі высланыя ў Сібір пасьля Другой сусьветнай вайны. Нарадзіўся ў 1956 годзе ў Іркуцкай вобласьці Расеі. Празь дзесяць гадоў сям’я пераехала ў Горадню, дзе хлопец і скончыў школу.

Мацкевіч працаваў фрэзэроўшчыкам на заводзе карданных валоў у Горадні. Потым служыў у войску ў Закарпацкай вобласьці Ўкраіны. Пасьля паступіў у Ленінградзкі дзяржаўны ўнівэрсытэт на псыхоляга, у час вучобы зблізіўся з Маскоўскім мэтадалягічным гуртком.

Да 1994 году Мацкевіч жыў то ў Ленінградзе, то ў Вільні, то ў Рызе, то ў Маскве. Затым прыехаў у Беларусь, дзе праз год атрымаў беларускае грамадзянства.

У 1990-я гады шчыльна супрацоўнічаў зь Міністэрствам адукацыі. У пэрыяд між 1997 і 2001 гадамі ўзначальваў цэнтар мэтадалёгіі Рэспубліканскага інстытуту прафэсійнай адукацыі (РІПА). У 1999–2000 гадах Мацкевіч браў актыўны ўдзел у дыялёгу грамадзка-палітычных сілаў, які адбываўся пад эгідай АБСЭ. Пасьля гэтага ён страціў працу ў сыстэме дзяржаўнай адукацыі.

Аднак у 2003 годзе Мацкевіча нечакана запрасілі весьці ток-шоў «Выбар» на тэлеканале АНТ. Яго праца доўжылася там толькі 9 выпускаў, і пасьля тэмы пра беларускую мову, дзе многія гледачы выказаліся за больш шырокі ўжытак нацыянальнай мовы, Мацкевіча звольнілі.

Мацкевіч падтрымаў стварэньне аргкамітэту Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі. Адной з апошніх палітычных ініцыятываў стала кампанія ў падтрымку незалежнасьці Беларусі «Сьвежы вецер». Яна ўзьнікла ў адказ на актыўнае абмеркаваньне і падпісаньне інтэграцыйных «карт» паміж Расеяй і Беларусьсю. У сьнежні 2019 году падчас масавых акцый супраць інтэграцыі актывісты кампаніі «Сьвежы вецер» ініцыявалі жывыя ланцугі ў цэнтры Менску.

Мацкевічу належыць ідэя Лятучага ўнівэрсытэту — некалькі дзясяткаў курсаў лекцый ад вядомых у Беларусі мысьляроў.

Актыўны вернік, пратэстант кальвінісцкага толку. У 2006 годзе філёзаф далучыўся да посту-галадоўкі вернікаў царквы «Новае жыцьцё», у якіх забіралі будынак. Тады ўлады пакінулі іх у спакоі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG