Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Стаўка большая за жыцьцё». Што пісаў з турмы філёзаф Уладзімер Мацкевіч, які пачаў «сухую» галадоўку


Уладзімер Мацкевіч, архіўнае фота
Уладзімер Мацкевіч, архіўнае фота

Уладзімер Мацкевіч галадае ў турме трынаццаты дзень, другі зь іх — без вады. Прыводзім цытаты зь ягоных турэмных лістоў пра галадоўку, жыцьцё, малітву, узрост, новую кнігу, пажаўцелы лісток, мары і будучыню Беларусі.

Фрагмэнтамі лістоў падзяліліся ягоная паплечніца, сацыёляг Тацяна Вадалаская, а таксама іншыя людзі, зь якімі ён перапісваўся.

Пра галадоўку і жыцьцё

«Цяпер мне важныя ня проста філязофскія разважаньні і дыялёгі, а філязофскі ўчынак. Але ты ведаеш: этас і праксіс, топас і эрас. Ну і логас. Усё гэта ў адным учынку можа быць сабрана. З трох прастораў існаваньня філёзафа (жыцьцё, дзейнасьць, гульні) у нейкі момант я стаў цаніць жыцьцё. Трэба сказаць, што ў розныя часы я ставіўся да жыцьця дастаткова легкадумна і безадказна, больш цаніў гульню і дзейнасьць.

Але ў гульнях так бывае — „стаўка большая за жыцьцё“. І гэта ня толькі ў кіно» (3 лютага 2022 году, напярэдадні галадоўкі).

Пра малітву і зарадку

«Паветра, як пасьля навальніцы, на душы сьвята. Тое, што я стаў маліцца, цябе ня зьдзівіць. Але тое, што я пачаў рабіць зарадку, зьдзіўляе мяне самога. Я на ўсё забыўся. „Ойча наш“ успомніў хутка. Дыхальную гімнастыку ўспамінаў паступова, цела само ўспамінала. Практыкаваньні раблю самыя прымітыўныя: чаго цела просіць, тое і раблю».

Пра кнігі і перадачу

«Проста сёньня сьвята. Зранку чакаў перадачу, навёў чысьціню, вымыў падлогу, санвузел. Пакуль чакаў, прыйшоў бібліятэкар. Набраў 7 кніг. Набор выпадковы, але ацані: Дэн Браўн, Робэрт Хайнлайн, Барыс Акунін, Фёдар Нязнанскі, Карлас Кастанэда, томік Шэксьпіра з позьнімі творамі. І папрасіў Біблію. Аказаўся толькі Новы Запавет. Пакуль я радаваўся кнігам, прынесьлі перадачу. Куча радасьці».

Пра жоўты лісток і раскошу

«У каменным цесным мяшку, які тут адводзяць для прагулак, адзін раз знайшоў жоўты лісток, які аднекуль заляцеў, падабраў і выкарыстоўваў як закладку ў кнізе. У іншы раз трапілася лятучае семя якогасьці дрэва. Такое — з адным крылом і насеннай круглай каробачкай на тонкай доўгай ножцы. Таксама ўзяў яе ў кішэню, але яно памялася і зламалася, давялося выкінуць. Так што насалоджвайся ляндшафтам і пэйзажам; у такіх месцах, у якіх я цяпер знаходжуся, разумееш, якая гэта раскоша».

Пра «Чорнага лебедзя» Талеба

«Цяпер чытаю Насіма Талеба „Чорны лебедзь“ і, напэўна, дачытаю да канца. Ніколі бы не падумаў раней, што буду яго чытаць. Калі я пазнаёміўся зь ягонымі ідэямі, я палічыў іх банальнымі, і цешуся, што крыху памыліўся ў ім. Асноўная ідэя сапраўды банальная; здаецца, што я гэта ведаю ўжо гадоў 40. Але ён піша добра і захапляльна, рассыпае навокал асноўнай ідэі мноства дробных, але цікавых».

Пра сваю новую кнігу

«У мяне ўсё нармальна, наколькі дазваляюць умовы. Пішу шмат, будзе новая кніга» (12 лістапада 2021г.).

«Пакуль Альцгеймэр да мяне не дабраўся, я шмат магу выцягнуць з памяці і ўсё ідзе ў справу. Калі б тут быў кампутар, то напісаў бы ў 3-4 разы больш, а так „рука бойца колоть устала“ :) ».

«У пяці сшытках — новая кніга. Пакуль працоўная назва — „Сэміятычная тыпалёгія“. Тут я выкладаю на апэрацыях са схемамі свой погляд на філязофію і сацыяльную веду. Напэўна, у іншых умовах я б проста ня меў часу і натхненьня на гэта. Як на мой густ, атрымліваецца грунтоўна і цікава. Але ж вельмі не хапае абмеркаваньняў і дыскусій па асобных тэмах.

Але спадзяюся яшчэ выйсьці адсюль, і ўжо тады падыскутуем. Жыць можна паўсюль, і тут таксама, калі ёсьць дзеля чаго і што-нішто за душой» (23 лістапада 2021 году).

«З новага: я зноў стаў пісаць; ня кожны дзень, але пішу. Няма былога захапленьня тэкстам, хаця часам атрымліваецца зь дзясятак старонак у сшытку. Цяпер разьбіраюся з наратывам. Аналізую яго мэтадам сэміятычнай тапалёгіі, выбудоўваю каля наратыву сыстэму сацыяльных рэалізацый. Зьбіраю сыстэму ўяўленьняў са схемаў, старых і тых, што сам сканструяваў ужо тут».

Пра лісты

«Пішыце пасьля Новага года. Бо, кажуць, напярэдадні навагодніх і калядных сьвятаў пошта тут перагружаная. Я і так не пасьпяваю адказваць на лісты, якіх прыходзіць шмат. Трымайцеся! Усё будзе добра!» (12 лістапада 2021 году).

Пра зрок і шэсьць сьпісаных сшыткаў

Сябру, які страціў зрок:

«Сумую разам з табой і спачуваю. Уяўляю, як гэта цяжка — заўзятаму чытачу і пісьменьніку жыць без магчымасьці чытаць і пісаць.

Іншая справа — мае акалічнасьці. Як ніколі, маю час пісаць, і пішу кожны дзень. За дзень у сярэднім атрымліваецца старонак 9-10 у агульным сшытку. Ужо 6 тоўстых сшыткаў. Першы атрымаўся спавядальным. Гэткі дыялёг з Богам і разважаньні пра тэалёгію і мэтафізыку».

Пра ўзрост у турме і надзею

«Спадзяюся, што ўсё ў вас будзе добра, і шчыра зычу гэтага. Ну а я здолею. У 65 гадоў усё гэта пераносіцца лягчэй, чым больш маладым, якім выпала гэтая долю. Усё наладзіцца!».

«Я адаптыўны, шмат да чаго прызвычаіўся ў жыцьці, шмат што перажыў і бачыў. Так, турма ўпершыню, новы досьвед, але нічога экстраардынарнага. Даведаўся сёньня аб прысудзе Калесьнікавай і Знаку. Сурова. Таму гатовы да любога павароту ў лёсе, але надзеі на лепшы зыход ня страчваю. І ты ня страчвай!».

Пра мары і добрых людзей

«Марыць, вядома, ня шкодна, але цяжка. А я мару».

«Будзем рабіць гэты сьвет лепшым».

«Добрых людзей у сьвеце больш» (кастрычнік 2021 году).

Пра будучыню Беларусі і паражэньні

«Беларусь яшчэ чакае лепшае жыцьцё; цяперашнія цяжкасьці і непрыемныя рэчы — гэта часова. Трэба захаваць надзею, і трэба рабіць высновы, вучыцца на ўласных памылках, станавіцца больш разумнымі і не паўтараць памылак. Няўдачы і паражэньні — гэта вехі і паказальнікі на шляху да перамогі» (9 кастрычніка 2021 году).

Хто такі Ўладзімер Мацкевіч

Уладзімер Мацкевіч паходзіць зь сям’і рэпрэсаваных беларусаў, якія былі высланыя ў Сібір пасьля Другой сусьветнай вайны. Нарадзіўся ў 1956 годзе ў Іркуцкай вобласьці Расеі. Празь дзесяць гадоў сям’я пераехала ў Горадню, дзе хлопец і скончыў школу.

Мацкевіч працаваў фрэзэроўшчыкам на заводзе карданных валоў у Горадні. Потым служыў у войску ў Закарпацкай вобласьці Ўкраіны.

Пасьля паступіў у Ленінградзкі дзяржаўны ўнівэрсытэт на псыхоляга, у час вучобы зблізіўся з Маскоўскім мэтадалягічным гуртком.

Да 1994 году Мацкевіч жыў то ў Ленінградзе (Санкт-Пецярбургу), то ў Вільні, то ў Рызе, то ў Маскве. Затым прыехаў у Беларусь, дзе праз год атрымаў беларускае грамадзянства.

У 1990-я гады шчыльна супрацоўнічаў зь Міністэрствам адукацыі. У пэрыяд між 1997 і 2001 гадамі ўзначальваў цэнтар мэтадалёгіі Рэспубліканскага інстытуту прафэсійнай адукацыі (РІПА). У 1999–2000 гадах Мацкевіч браў актыўны ўдзел у дыялёгу грамадзка-палітычных сілаў, які адбываўся пад эгідай АБСЭ. Пасьля гэтага ён страціў працу ў сыстэме дзяржаўнай адукацыі.

Аднак у 2003 годзе Мацкевіча нечакана запрасілі весьці ток-шоў «Выбар» на тэлеканале АНТ. Яго праца доўжылася там толькі 9 выпускаў, і пасьля тэмы пра беларускую мову, дзе многія гледачы выказаліся за больш шырокі ўжытак нацыянальнай мовы, Мацкевіча звольнілі.

Мацкевіч падтрымаў стварэньне аргкамітэту Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі. Адной з апошніх палітычных ініцыятываў стала кампанія ў падтрымку незалежнасьці Беларусі «Сьвежы вецер». Яна ўзьнікла ў адказ на актыўнае абмеркаваньне і падпісаньне інтэграцыйных «карт» паміж Расеяй і Беларусьсю. У сьнежні 2019 году падчас масавых акцый супраць інтэграцыі актывісты кампаніі «Сьвежы вецер» ініцыявалі жывыя ланцугі ў цэнтры Менску.

Мацкевічу належыць ідэя Лятучага ўнівэрсытэту — некалькі дзясяткаў курсаў лекцый ад вядомых у Беларусі мысьляроў.

Актыўны вернік, пратэстант кальвінісцкага толку. У 2006 годзе філёзаф далучыўся да посту-галадоўкі вернікаў царквы «Новае жыцьцё», у якіх забіралі будынак. Тады ўлады пакінулі іх у спакоі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG