Папярэдняе выязное паседжаньне праводзіць Лефортаўскі суд Масквы.
На слуханьні пусьцілі жонку палітыка Юлію Навальную, якая раней запатрабавала гэтага публічна. Суд праходзіць у актавай залі калёніі. Туды пускаюць толькі журналістаў з нататнікам і асадкай. Тэлефоны праносіць забаронена. Але СМІ ўдалося атрымаць відэазапіс з паседжаньня.
У сваёй прамове Аляксей Навальны некалькі разоў згадаў Беларусь.
«Як толькі я прызямліўся, у мяне толькі выязныя паседжаньні. Чаму вы ўсё езьдзіце да мяне, чаму ўсё вакол мяне? Ведаеце, дзе так робяць? У Беларусі! Лукашэнка робіць усю гэтую сваволю, там гэта вынайшлі, і зараз пачынаецца такая практыка. Яф безумоўна абураны».
Навальны заявіў, што хоча быць звычайным вязьнем, якога судзяць у звычайным парадку. Ён запатрабаваў арганізаваць адкрыты працэс, каб зайшлі слухачы, каб усе маглі глядзець трансьляцыю.
«Проста гэтыя людзі, якія заказалі гэтую справу, вельмі баяцца мяне. Справа відавочна сфабрыкаваная. Нельга праводзіць працэс проста ў турме. Нельга парушаць ну ўсе законы на сьвеце. Ведаеце, адкуль гэта да нас прыйшло? Зь Беларусі. Вось там такое беззаконьне дзеецца. І ўсе гавораць, што Пуцін — духоўны бацька Лукашэнкі. Але не, усё наадварот. Лукашэнка — духоўны бацька Пуціна. І Пуцін пераймае ў яго ўсе зьверскія практыкі. Я патрабую, каб мяне судзілі, як звычайнага чалавека».
Справу аб махлярстве ў асабліва буйным памеры завялі на Навальнага і яго паплечнікаў у сьнежні 2020 году. Па вэрсіі сьледзтва, яны патрацілі 356 мільёнаў рублёў ахвяраваньняў, сабраных на працу фондаў апазыцыйнага палітыка.
Справу аб абразе судзьдзі завялі пасьля разгляду справы аб паклёпе на вэтэрана Вялікай Айчыннай вайны Ігната Арцёменку. Тады падчас працэсу Навальны абвінавачваў судзьдзю ў прадузятасьці і атрымаў больш за дзесяць заўваг.
Пазьней справу аб махлярстве і аб абразе судзьдзі аб’ядналі ў адну. Навальнаму пагражае да 10 гадоў пазбаўленьня волі.
- Год там Аляксей Навальны вярнуўся ў Маскву зь Нямеччыны, дзе некалькі месяцаў лячыўся і праходзіў рэабілітацыю пасьля атручэньня ў Расеі баявым хімічным рэчывам з групы «Навічок». З таго часу ён пазбаўлены волі: спачатку Навальнага арыштавалі, а затым суд адправіў яго ў калёнію ў крымінальнай справе ад 2014 году.
- Зь сярэдзіны сакавіка Аляксей Навальны знаходзіцца ў папраўчай калёніі № 2 у Пакрове Уладзімірскай вобласьці, дзе адбывае пакараньне ў справе аб махлярстве. Ён, ягоныя прыхільнікі і многія праваабарончыя арганізацыі лічаць крымінальную справу палітычнай.
- Згодна з прысудам палітык павінен выйсьці на волю не пазьней за восень 2023 году. Аднак супраць яго заведзена яшчэ некалькі крымінальных спраў.