Музыкі былі на пераходзе Выступовічы. На 14 лютага ў іх заплянаваны канцэрт у Кіеве.
Ад 11 лютага беларусы, якія ехалі ці ляцелі ва Ўкраіну, сутыкнуліся з пэўнымі праблемамі на мяжы. Іх ці не пускалі ва Ўкраіну, ці пільна надглядалі і задавалі шмат пытаньняў.
У тэматычных групах Telegram пра паездкі ці пераезд ва Ўкраіну зь Беларусі пісалі, што пільны надгляд беларусаў зьвязаны з вайсковымі вучэньнямі.
«Адмаўляюць тым, хто выклікаў падазрэньні. Хутчэй за ўсё, у іх ёсьць нейкі плян. Вучэньні да 20 лютага. Бяз панікі», — напісала ўкраінская кампанія, якая дапамагае беларусам з выездам на аздараўленьне.
Пазыцыя памежнай службы Ўкраіны
У Дзяржаўнай памежнай службе Ўкраіне Свабодзе патлумачылі, што памежнікі дзейнічаюць на падставе ўкраінскага заканадаўства.
«Памежнікі кіруюцца выключна нормамі заканадаўства, якое вызначае перасячэньне дзяржаўнай мяжы Ўкраіны, у тым ліку і для іншаземцаў», — сказаў Свабодзе прэсавы сакратар Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка.
На пытаньне, чаму некаторых грамадзян Беларусі запісвалі на відэа і фатаграфавалі або капіявалі дакумэнты, Андрэй Дземчанка дадаў:
«Гэта адбываецца, калі ёсьць неабходнасьць правесьці дадатковыя захады кантролю. Гэтая норма таксама выконвалася і раней. Гэта таксама прапісана ў заканадаўстве».
У Дзяржаўнай памежнай службе Ўкраіны не ўдакладнілі, ці зьвязаныя больш пільныя захады кантролю грамадзян Беларусі з правядзеньнем супольных расейска-беларускіх вучэньняў на тэрыторыі Беларусі.
«Мне невядомыя абставіны кожнага іншаземца, які перасякае дзяржаўную мяжу, у тым ліку і ўсіх грамадзян Беларусі. Але ў заканадаўстве адзначаецца, што іншаземцы мусяць пацьвердзіць мэту свайго падарожжа, мець наяўную неабходную суму грошай, што таксама прапісана заканадаўствам. І калі памежнікам неабходна, яны могуць праводзіць дадатковыя захады для ўдакладненьня дэталяў мэты паездкі замежнікаў ва Ўкраіну. І гэта датычыць ня толькі беларусаў, а ўсіх іншаземцаў».
У час эпідэміі, паводле пастановы ўкраінскага ўраду, іншаземцы, у тым ліку і грамадзяне Беларусі, для ўезду ва Ўкраіну павінны мець поліс абавязковага страхаваньня, а таксама адмоўны вынік ПЦР-тэсту на COVID-19 або сэртыфікат аб вакцынацыі.
Апроч таго, замежныя грамадзяне павінны пацьвердзіць дастатковае фінансавае забесьпячэньне свайго знаходжаньня ва Ўкраіне з разьліку 43 780 грыўняў на месяц (1 даляр = 28,02 грыўні). Пры гэтым у пастанове ўкраінскага ўраду адзначаецца, што памежнікі могуць правяраць фінансавае забесьпячэньне выбарачна.
Украінскія памежнікі таксама могуць праверыць дамову на турыстычнае абслугоўваньне, дакумэнты на браняваньне гатэлю ці жыльля, гарантыйны ліст (запрашэньне) прымаючага боку, а таксама квіток на вяртаньне.
Офіс Ціханоўскай: «Празь дзеяньні рэжыму да беларусаў пачынаюць ставіцца як да магчымых акупантаў і ворагаў»
У Офісе Сьвятланы Ціханоўскай пракамэнтавалі сёньняшнюю ўзмоцненую праверку беларусаў пры перасячэньні мяжы з Украінай.
«Нам пацьвердзілі, што зараз узмоцнілі меры кантролю на ўезд ва Ўкраіну з прычыны вайсковых вучэньняў, якія праходзяць на тэрыторыі Беларусі з удзелам войскаў РФ.
Офіс падкрэсьлівае, што празь дзеяньні рэжыму да беларусаў пачынаюць ставіцца як да магчымых акупантаў і ворагаў. Усё гэта адбываецца празь Аляксандра Лукашэнку, які на сёньняшні дзень сам ня можа гарантаваць незалежнасьць і сувэрэнітэт краіны, прэзыдэнтам якой ён быў», — гаворыцца ў заяве.
У Офісе паведамілі, што знаходзяцца на сувязі з МЗС Украіны ў гэтым пытаньні і «робяць усё магчымае, каб разьвязаць гэтую сытуацыю».
Калі яшчэ былі абмежаваньні
Украіна толькі аднойчы ўводзіла абмежаваньні на ўезд на сваю тэрыторыю іншаземцам-мужчынам ва ўзросьце ад 16 да 60 гадоў, і тады яно тычылася выключна грамадзян Расеі. Гэта адбылося ў 2018 годзе ў час ваеннага становішча, абвешчанага пасьля канфлікту ў Керчанскай пратоцы.
За час ваеннага становішча ў 2018 годзе Ўкраіна адмовіла ва ўезьдзе 12 мужчынам-беларусам ва ўзросьце ад 16 да 60 гадоў, але афіцыйнай прычынай такога рашэньня тады таксама называлі тое, што яны не змаглі пацьвердзіць мэту сваёй паездкі.
Украінскія памежнікі больш пільна правяралі іншаземцаў, у тым ліку і грамадзян Беларусі, летась у час правядзеньня супольных беларуска-расейскіх вучэньняў «Захад-2021».