Пра гэта блогера паведаміў у сваім тэлеграм-канале. Здымак адмовы ва ўзьедзе Мелказёраў пракамэнтаваў выразам: «Найлепшыя шэсьць гадзінаў ва Ўкраіне».
11 лютага беларусы, якія ехалі ці ляцелі ва Ўкраіну, сутыкнуліся з пэўнымі праблемамі на мяжы. Іх ці не пусьцілі ва Ўкраіну, ці пільна надглядалі і задавалі шмат пытаньняў.
У Дзяржаўнай памежнай службе Ўкраіне Свабодзе патлумачылі, што памежнікі дзейнічаюць на падставе ўкраінскага заканадаўства.
«Памежнікі кіруюцца выключна нормамі заканадаўства, якое вызначае перасячэньне дзяржаўнай мяжы Ўкраіны, у тым ліку і для замежнікаў», — сказаў Свабодзе прэсавы сакратар Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка.
На пытаньне, чаму некаторых грамадзян Беларусі запісвалі на відэа і фатаграфавалі або капіявалі дакумэнты, Андрэй Дземчанка дадаў:
«Гэта адбываецца, калі ёсьць неабходнасьць правесьці дадатковыя захады кантролю. Гэтая норма таксама выконвалася і раней. Гэта таксама прапісана ў заканадаўстве».
У Дзяржаўнай памежнай службе Ўкраіны не ўдакладнілі, ці зьвязаныя больш пільныя захады кантролю грамадзян Беларусі з правядзеньнем супольных расейска-беларускіх вучэньняў на тэрыторыі Беларусі.
Украінскія памежнікі таксама могуць праверыць дамову на турыстычнае абслугоўваньне, дакумэнты на браняваньне гатэлю ці жыльля, гарантыйны ліст (запрашэньне) прымаючага боку, а таксама квіток на вяртаньне.