Філёзаф Мацкевіч трымае галадоўку на «Валадарцы» восьмы дзень
Палітвязень Уладзімер Мацкевіч пачаў галадоўку 4 лютага, каб дамагчыся зьмены меры стрыманьня на падпіску аб нявыезьдзе, завяршэньня сьледчых дзеяньняў і прызначэньня даты суду.
З панядзелка 14 лютага ён абяцае адмовіцца і ад вады. Людзі, якія яго ведаюць, упэўненыя, што вязень пойдзе да канца, і дапускаюць, што ён можа памерці за кратамі.
Мацкевіча вінавацяць у арганізацыі групавых дзеяньняў, якія парушаюць грамадзкі парадак. Ён сядзіць на «Валадарцы». Яму 65 гадоў.
Асуджаным у «справе студэнтаў» блякуюць карэспандэнцыю
Як стала вядома «Задзіночаньню беларускіх студэнтаў», асуджаным, якія ўжо адбываюць пакараньне ў «справе студэнтаў», пачалі блякаваць усю карэспандэнцыю, за выключэньнем лістоў родных: ад астатніх яны проста не даходзяць. Дадатковы дзіўны факт — зьнішчаюць лісты з сэрцайкамі.
У Беларусі 9 новых палітвязьняў
11 лютага беларускія праваабаронцы паведамілі аб прызнаньні палітвязьнямі яшчэ 9 чалавек. Гэта:
- Валянцін Панасік, асуджаны паводле ч. 3 арт. 130, 342, ч.1 арт. 293 КК на 6 гадоў зьняволеньня за публікацыі ў сацсетках, што зьмяшчаюць заклікі да вулічных пратэстаў, актыўнага супраціву ў выпадку іх падаўленьня;
- Станіслаў Кажамякін, асуджаны паводле арт. 130 КК на 2 гады і 6 месяцаў зьняволеньня за камэнтары ў сацсетцы з заклікамі «да гвалту ў дачыненьні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў», якія не былі агучаныя ў судзе;
- Вадзім Нікалаеў, які працяглы час знаходзіцца пад вартай паводле абвінавачаньня ў распальваньні сацыяльнай варажнечы па арт. 130 КК;
- Маргарыта Зотава, узятая пад варту паводле абвінавачаньня ў распальваньні сацыяльнай варажнечы па арт. 130 КК;
- Валерыя і Іна Глінскія, узятыя пад варту паводле абвінавачаньня ў распальваньні сацыяльнай варажнечы па арт. 130 за перадачу зьвестак супрацоўнікаў МУС у Telegram-канал;
- Мікіта Старажэнка, узяты пад варту паводле абвінавачаньня ў распальваньні сацыяльнай варажнечы па арт. 130 КК за перадачу зьвестак супрацоўнікаў МУС і СК Telegram-каналу;
- Дзяніс Сальмановіч, узяты пад варту паводле абвінавачаньня ў дапамаганьні тэрарызму і ўдзеле ў тэрарыстычнай арганізацыі па арт. 289 КК за супрацоўніцтва з «дэструктыўнымі» Telegram-каналамі і стварэньне для іх графічнай прадукцыі;
- Сяргей Лісоўскі, узяты пад варту паводле палітычна матываванага адвольнага абвінавачаньня ў тэрарызьме па арт. 289 КК за негвалтоўную дзейнасьць: згодна з наяўнымі зьвесткамі, ён сустракаўся з супрацоўнікамі МУС і пераконваў іх адмаўляцца выконваць злачынныя загады, спрыяў рэлякацыі тых зь іх, хто звальняўся са службы і асьцерагаўся перасьледу.
Агулам на 11 лютага беларускія праваабаронцы ўжо прызналі палітвязьнямі 1049 чалавек.
Навіны ад зьняволеных анархістаў
Пасьля доўгага перапынку таварышы анархіста Ігара Аліневіча, асуджанага на 20 гадоў зьняволеньня, атрымалі ад яго невялікі ліст. Інфармацыяй пра гэта падзяліўся тэлеграм-канал «Право на восстание».
Стала вядома, што перад надыходзячым этапам Аліневіча перавялі ў іншую камэру з горшымі ўмовамі. Ігар піша, што камэрныя ўмовы на «Валадарцы» не спрыяюць пісаньню лістоў, бо цяжка засяродзіцца: стол вельмі вузкі, да таго ж увесь час заняты. А ў ляжачай пазыцыі на трэцім ярусе асабліва нічога не напішаш.
На пачатку лютага тэму ўмоваў у камэры баранавіцкага СІЗА змог закрануць у лісьце і анархіст Дзьмітры Разановіч, асуджаны на 19 гадоў пазбаўленьня волі (яго разам зь Сяргеем Раманавым зь СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага ў СІЗА № 6 перавялі празь некаторы час пасьля абвяшчэньня прысуду).
На той момант Разановіч пісаў, што ў Баранавічах сядзіць у камэры з рэцыдывістамі. Умовы ў ізалятары пакідаюць жадаць лепшага: халодна, ён сьпіць у куртцы. З харчаваньнем таксама праблемы. Паведаміў, што схуднеў. Дзьмітрыю Разановічу таксама не дазволілі атрымаць перадачу з разынкамі і чарнасьлівам — высыпалі ўсё ў у сьмецьце проста на ягоных вачах. Анархіст прасіў перадаць яму газэту «Беларусы і рынак», а таксама канвэрты.
Пазьней у чарговым лісьце знаёмай ён напісаў:
«У СІЗА-6 больш (закрэсьлена некалькі слоў)... Камэры розныя. У мяне цяпер ня склеп, не хвалюйся. На падлозе плітка керамічная, у камэры сьветла, нармальная вэнтыляцыя. Ты мяне ведаеш, я ня буду цябе падманваць у гэтых пытаньнях. Наконт крэслаў — у турмах для зьняволеных такой прыемнасьці не прадугледжана. У камэрах лаўкі, іх арыштанты называюць „трамвайкі“. А, (закрэсьлена) у СІЗА КДБ былі ў камэры па (закрэсьлена) умураваныя ў сьцяну табурэткі. Наконт шэрасьці і іншага — хутка да ўсяго прывыкаеш і потым ужо не зьвяртаеш увагі...»
22 сьнежня анархістаў Аліневіча, Дубоўскага, Разановіча і Раманава прызналі вінаватымі паводле артыкулаў ч. 2 арт. 289 («акт тэрарызму»), ч. 2 і ч. 4 арт. 295 («незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў» і ч. 1 арт. 333-1 Крымінальнага кодэксу («незаконнае перамяшчэньне празь мяжу забароненых рэчываў, агнястрэльнай зброі і выбуховых прыладаў» — вінаватымі прызнаныя толькі Дзьмітры Дубоўскі і Ігар Аліневіч) і асудзілі на наступныя тэрміны:
- Ігару Аліневічу прысудзілі 20 гадоў зьняволеньня,
- Дзьмітрыю Дубоўскаму — 18 гадоў,
- Дзьмітрыю Разановічу — 19 гадоў,
- Сяргею Раманаву —20 гадоў.
Суд над імі праходзіў у закрытым рэжыме, таму падрабязнасьці разгляду справы нават сваякам абвінавачаных засталіся невядомыя. Аднак палітзьняволеныя анархісты (акрамя Сяргея Раманава) нядаўна з-за кратаў змаглі перадаць тэксты свайго апошняга слова, агучанага на паседжаньнях 13 і 15 сьнежня. Іх прамовы апублікавалі тэлеграм-каналы «Право на восстание» і «АЧК-Беларусь».
На палітзьняволенага пчаляра-паэта Міколу Папеку ціснуць на «хіміі»
Як стала вядома Свабодзе, пчаляр-паэт Мікола Папека, які адбывае тэрмін у папраўчай установе адкрытага тыпу № 21 у Мазыры, трапіў у ШЫЗА пасьля таго, як у прэсе прайшла інфармацыя, што на яго цісьне адміністрацыя «хіміі».
Ён правёў у ШЫЗА 10 дзён, але ня выйшаў адтуль — яму дадалі яшчэ 15 сутак ШЫЗА.
Мянчанка, асуджаная за «цынічнае пазіраваньне» са сьцягам на плошчы Перамогі, пакінула Беларусь
Фонд BySol вывез зь Беларусі мянчанку Марыю Каванцаву, якую асудзілі на 2 гады «хіміі». Пра гэта 11 лютага паведаміў кіраўнік фонду Андрэй Стрыжак.
Марыю Каванцаву ў Беларусі абвінавацілі ў апаганьваньні помніка і хуліганстве за відэа, якое яна разам зь сяброўкамі здымала на знак пратэсту супраць гвалту і фальсыфікацый у Беларусі. У жніўні 2020 году яна села на плітку манумэнта Перамогі ля Вечнага агню, накінула на плечы бел-чырвона-белы сьцяг і запісала відэа для TikTok. За гэта ёй прысудзілі 2 гады «хіміі».