Палітзьняволены анархіст Ігар Аліневіч, якога напрыканцы сьнежня асудзілі на 20 гадоў калёніі, кранальна павіншаваў сваю сям’ю з Новым годам, піша «Вясна».
У лісьце бацькам ён напісаў:
«Горача любімыя мама і тата! Віншую вас з надыходзячым 2022 годам! Усё роўна, якая там атмасфэра, вы ведаеце, як я веру ў прагрэс, і не без аб’ектыўных падстаў! Цяпер ужо немагчыма адмаўляць ультрахуткую дынаміку ўсіх сфэр, у тым ліку сацыяльнай. Няхай яна супярэчлівая, але яна ёсьць, а яе накіраванасьць мяняецца ў вокамгненьне. Але галоўнае ня ў гэтым, а ў тым, што застаецца канстантай у любыя часы пры любых абставінах — нашы сямейныя адносіны.
У нас цудоўная сямʼя, і ўсялякія выпрабаваньні, якія здараліся ў розны час, мы пасьпяхова пераадольвалі, і я адчуваю, як наша сямейная сувязь умацоўвалася з гадамі. Менавіта таму я абраў такую паштоўку. Гэта тое, што я адчуваю ўсё больш і больш, і якраз тое, чаго мне не хапала на глыбіні. Людзі розныя, усе выбіраюць сваю дарогу па душы ў розныя пэрыяды свайго жыцьця.
Я сапраўды хацеў вярнуцца дадому. Канечне, атрымалася як атрымалася. Але бяз гэтага ўнутранага жаданьня не атрымалася б увогуле ніяк. Мы разам, у тым ліку геаграфічна; вы самыя клясныя і крутыя! Усё будзе добра! Зь любоўю, ваш сын Ігар».
22 сьнежня анархістаў Аліневіча, Дубоўскага, Разановіча і Раманава прызналі вінаватымі паводле артыкулаў ч. 2 арт. 289 («акт тэрарызму»), ч. 2 і ч. 4 арт. 295 («незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў» і ч. 1 арт. 333-1 Крымінальнага кодэксу («незаконнае перамяшчэньне празь мяжу забароненых рэчываў, агнястрэльнай зброі і выбуховых прыладаў» — прызналі вінаватымі толькі Дзьмітрыя Дубоўскага і Ігара Аліневіча) і асудзілі на наступныя тэрміны:
- Ігару Аліневічу прысудзілі 20 гадоў зьняволеньня,
- Дзьмітрыю Дубоўскаму — 18 гадоў,
- Дзьмітрыю Разановічу — 19 гадоў,
- Сяргею Раманаву —20 гадоў.