Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны палітвязьняў: Цурпанава зьмясьцілі ў ШЫЗА, Мядзьведзкі ўцёк з «хіміі»

абноўлена

Арцём Мядзьведзкі
Арцём Мядзьведзкі

Па стане на 10 лютага ў Беларусі 1040 палітвязьняў.

З «хіміі» ўцёк палітвязень Арцём Мядзьведзкі

З папраўчай установы адкрытага тыпу № 45 (Камянецкі раён) некалькі дзён таму зьбег асуджаны на 3 гады «хіміі» за «грубае парушэньне парадку» 24-гадовы Арцём Мядзьведзкі.

Мядзьведзкі ўцёк зь лякарні ў Камянцы, куды трапіў зь лёгкім страсеньнем мазгоў пасьля таго, як пасьлізнуўся і ўпаў у будынку ПУАТ. Дзе ён цяпер, невядома.

Уладзімера Цурпанава зьмясьцілі ў ШЫЗА

Па інфармацыі «Mayday Team», адміністрацыя калёніі № 3 цісьне на палітвязьня Ўладзімера Цурпанава. Яго пакаралі «суткамі» ў штрафным ізалятары, але дакладны тэрмін і прычыны невядомыя. Акрамя гэтага, сваякі Ўладзімера каля двух месяцаў не атрымліваюць ад яго лістоў і тэлефанаваньняў.

Цурпанава, асуджанага раней на «хімію», адправілі ў калёнію на 2 гады. Падставай для новай крымінальнай справы супраць палітвязьня, асуджанага на 3 гады «хіміі», стала «парушэньне правілаў унутранага распарадку ва ўстанове». Нібыта супрацоўнікі неаднойчы бачылі, як ён сядзеў і ляжаў на ложку ў недазволены час, не засьцілаў належным чынам сваё спальнае месца, а на ім і на тумбачцы трымаў асабістыя рэчы.

Адрас палітвязьня: ПК №3. 211322, Віцебская вобласьць, г.п. Віцьба, Уладзімеру Іванавічу Цурпанаву.

Калесьнікава і Знак атрымліваюць толькі заказныя лісты

У ліставаньні з палітвязьнямі Марыяй Калесьнікавай і Максімам Знакам паўсталі вялікія праблемы — лісты перадаюць толькі заказныя, прычым практычна ўсе яны толькі ад сваякоў. Зрэшты, Марыя Калесьнікава не атрымлівала ніводнай вестачкі ўжо два тыдні.

Максім Знак сумна жартуе з гэтай нагоды: чаму замест зьніжкі на перапіску ён атрымлівае цану 2,60 рубля за ліст?

«Мне здавалася, што разам мы нямала зрабілі для «Белпошты». 7300 маіх лістоў, пад 6000 лістоў, якія дайшлі да мяне ад усіх — гэта шмат грошай. А колькі грошай змарнавалі на тыя, што не дайшлі? А колькі там чырвоных канвэртаў, марак, паштовак зьнікла? І тут раптам ня зьніжка, ня помнік неймаверным пісальнікам лістоў, а 2,60 руб. за ліст. Дзякуй вам, што вы шануеце. Цяпер кожны з поўным правам можа пісаць «дарагі Максім», — жартуе ў лісьце з-за кратаў Максім Знак, яго ліст цытуе «Новы час».

6 верасьня Менскі абласны суд асудзіў Марыю Калесьнікаву на 11 гадоў калёніі агульнага рэжыму, а Максіма Знака, юрыста штабу Віктара Бабарыкі, — на 10 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму за нібыта спробу дзяржаўнага перавароту.

Што такое «хімія» і «хатняя хімія»

«Хімія» — адбыцьцё пакараньня абмежаваньнем волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Выраз зьявіўся ў СССР у пасьляваенныя часы, калі працу асуджаных пачалі актыўна выкарыстоўваць на будоўлях і шкодных вытворчасьцях (у тым ліку на хімічных прадпрыемствах). У Беларусі 29 папраўчых установаў адкрытага тыпу, або «хіміяў».

Праз пакараньне «хіміяй» прайшоў шмат хто зь беларускіх апазыцыянэраў.

«Да мяне маглі прыяжджаць наведнікі, мы сустракаліся і размаўлялі ў дворыку спэцкамэндатуры. Карыстаўся мабільным тэлефонам, даходзілі лісты, я пісаў з „хіміі“ нататкі... Некалькі разоў дазвалялі зьезьдзіць да бацькоў», — згадваў Павал Севярынец пра сваю «хімію» ў Пружанскім раёне, дзе працаваў на складзе мясцовай гаспадаркі.

«Хіміяй» часта заканчваюцца адседкі вязьняў, якія былі асуджаныя на вялікія тэрміны зьняволеньня, але праз добрыя паводзіны заслужылі палёгку.

Пакараньне «абмежаваньнем волі» магчыма адбыць і на так званай «хатняй хіміі» — калі ў прысудзе выкарыстоўваецца фармулёўка «без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу». Фактычна гэта сумесь «хіміі», якая прадугледжвае абавязковую прымусовую працу, і адбыцьця пакараньня з адтэрміноўкай, калі асуджаны знаходзіцца дома, але пад рэгулярным пільным кантролем міліцыі.

10 відаў няволі: гід па беларускіх турмах

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG