Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны палітвязьняў: на Папеку ціснуць на «хіміі»; Стэфановічу працягнулі тэрмін утрыманьня; родным Івашына пачалі вяртаць ягоныя рэчы


Ілюстрацыйнае фота: турма ў Горадні
Ілюстрацыйнае фота: турма ў Горадні

Па стане на 4 лютага беларускія праваабаронцы прызналі палітычнымі зьняволенымі 1035 чалавек. Свабода працягвае цікавіцца лёсамі палітвязьняў.

На палітзьняволенага пчаляра-паэта Міколу Папеку ціснуць на «хіміі»

На думку знаёмых палітвязьня, адміністрацыя папраўчай установы адкрытага тыпу № 21 у Мазыры хоча адправіць Міколу Папеку ў калёнію, таму супраць яго ладзяць розныя правакацыі.

Вось што перадаюць «Белсату» з Мазыра: «На нас пачалі сур’ёзна ціснуць. Папеку зачынілі на 10 сутак за электрапліту на працы, потым дадалі 15 сутак, сказалі, што на „хімію“ ён ня вернецца. Астатнім таксама пагражаюць, кажуць, што з усімі разьбяруцца».

Міколу Папеку асудзілі на 2 гады «хіміі» па «карагоднай справе». Сваёй віны ён не прызнаў і назваў судовы працэс «цыркам», а тое, што там адбывалася, — «дзікасьцю і сярэднявеччам».

Валянціну Стэфановічу працягнулі тэрмін утрыманьня пад вартай

У лісьце намесьнік старшыні «Вясны» і віцэ-прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянцін Стэфановіч піша, што расьсьледаваньне па «справе Вясны» можа быць скончанае да траўня.

«У мяне асаблівых зьменаў няма. Дні ідуць за днямі, тыдні за тыднямі. Працягнулі меру стрыманьня мне да 14 сакавіка. Сьледчы сказаў, што да траўня, можа, справу закрыюць і я пачну азнаямленьне з матэрыяламі. Увогуле, сядзець мне тут яшчэ доўга, можа да чэрвеня-ліпеня — каля году. Гэта з усімі працэдурамі — судамі і інш. Так што час ідзе ўжо на зьмяншэньне, ну, а што будзе на судзе — час пакажа», — напісаў Валянцін Стэфановіч.

Сьледчыя пачалі вяртаць рэчы зьняволенага журналіста Дзяніса Івашына

Дзяніса Івашына трымаюць у горадзенскай турме з сакавіка 2021 году. Паводле сваякоў, ніякіх сьледчых дзеяньняў у дачыненьні да яго не праводзяць, і яны дасюль ня ведаюць нічога пра справу Дзяніса.

Як расказала Вольга Івашына БАЖ, «адзіная навіна, зьвязаная зь Дзянісам, — што 2 лютага нам вярнулі частку рэчаў, якія забралі летась у сакавіку». Паводле яе, вопісу вяртаньня рэчаў не было, а маці правярала паводле таго пратаколу выманьня рэчаў, які быў складзены падчас ператрусу ў сакавіку 2021 году.

«Дзяніс аддаў непатрэбнае зараз яму і пакінуў сабе тое, што спатрэбіцца на так званым „судзе“. Сярод рэчаў, якія вярнулі, мой ноўтбук і некалькі тэлефонаў, у тым ліку тэлефон, падораны Дзянісам мне незадоўга да яго затрыманьня», — кажа Вольга.

Дзяніса Івашына затрымалі 12 сакавіка 2021 году ў Горадні па падазрэньні ў парушэньні арт. 365 Крымінальнага кодэксу («Умяшаньне ў дзейнасьць супрацоўніка органаў унутраных спраў»). У яго дома і ў сваякоў сілавікі правялі ператрусы, адабралі кампутары, тэлефоны, лічбавыя носьбіты. Напярэдадні журналіст апублікаваў у газэце «Новы час» расьсьледаваньне пра байцоў расфармаванага ва Ўкраіне спэцпадразьдзяленьня «Беркут», якія перайшлі на службу ў беларускую міліцыю. Інфармацыю для публікацыі Дзяніс браў з агульнадаступных крыніц. 19 сакавіка Івашына зрабілі абвінавачаным па гэтай справе.

2 верасьня 2021 году стала вядома, што Дзянісу Івашыну выставілі новае абвінавачаньне — у «здрадзе дзяржаве» (ч. 1 арт. 356 КК РБ).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG