Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эколягі заявілі, што вайсковыя вучэньні пашкодзяць флёры і фаўне Нацыянальнага парку «Прыпяцкі»


Нацыянальны парк «Прыпяцкі»
Нацыянальны парк «Прыпяцкі»

Вучэньні з баявой стральбой пройдуць у непасрэднай блізкасьці ад ахоўных тэрыторый, а часткова нават у самім Нацпарку. Прыродазнаўцы б’юць трывогу — страляніна і мадэляваньне баявых дзеяньняў у гэтай зоне прынясе вялікую шкоду прыродзе.

Пра вучэньні на тэрыторыі былога палігону паведаміла лельчыцкая раённая газэта «Светлае жыццё». Выданьне папярэдзіла мясцовых жыхароў, што знаходзіцца ў зоне баявых вучэньняў небясьпечна для жыцьця. Акрамя таго, дзяржаўная газэта падкрэсьліла, што ў зоне вучэньняў «катэгарычна забараняецца збор мэталічнага лому і асабліва неразарваных набояў».

Як адзначаюць абаронцы прыроды, саюзныя вайсковыя вучэньні пройдуць на тэрыторыі, якая мае асаблівы ахоўны статус. На мапе, паказанай «Зялёным парталам», Нацыянальны парк пазначаны цёмна-зялёным колерам.

Прыродаахоўнікі сьцьвярджаюць, што вайсковыя вучэньні ў гэтым месцы «несумненна паўплываюць на флёру і фаўну Нацыянальнага парку».

Факты пра нацыянальны парк «Прыпяцкі»

  • 1969. Заснаваны запаведнік.
  • 1994. Запаведнік плошчай больш за 65 тысяч га перададзены ў кіраваньне Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта.
  • 1996. Рэарганізаваны ў Нацыянальны парк «Прыпяцкі» з галоўным офісам у вёсцы Ляскавічы. Непадалёк — адна з рэзыдэнцыяў Лукашэнкі.
  • Нацыянальны парк займаецца лясной дрэваапрацоўкай, турыстычнай дзейнасьцю, прапаноўвае паслугі паляваньня і рыбалкі.
  • Плошча нацпарку — 236,6 тысячы гектараў.
  • Эколягі неаднаразова адзначалі парушэньні закону з боку нацпарку. У 2010 годзе італьянскія паляўнічыя і егер палявалі на качак у пэрыяд забароны.
  • Паводле ініцыятывы «Захаваем прыпяцкія дубровы», гаспадарчая дзейнасьць нацыянальнага парку пагражае зьнішчэньнем унікальных прыродных ляндшафтаў.
  • У 2019 годзе парк пажадаў далучыць да сваіх угодзьдзяў возера Чырвонае ў Жыткавіцкім раёне, трэцяе па плошчы ў Беларусі пасьля Нарачы і Асьвейскага. Мясцовыя жыхары паўсталі супраць гэтых плянаў, уладам давялося скіроўваць дэлегацыю зь Менску, каб залагодзіць канфлікт.

Вучэньні «Саюзная рашучасьць — 2022»

З афіцыйных паведамленьняў вядома, што расейскія войскі ў Беларусі разьмесьцяцца на шэрагу палігонаў ля межаў Беларусі з Украінай, Польшчай і Літвой. Гэта Обуз-Лясноўскі, Берасьцейскі, Гожаскі, Асіповіцкі і Даманаўскі палігоны. Акрамя іх, для правядзеньня вучэньняў плянуюць выкарыстаць чатыры вайсковыя аэрадромы — у Мачулішчах, Лідзе, Баранавічах і Лунінцы. Гэтак вынікае з паведамленьняў Міністэрстваў абароны Беларусі і Расеі.

У той жа час відавочцы паведамляюць, што зборы расейскай вайсковай тэхнікі і салдатаў заўважалі і ў іншых месцах Беларусі. Нават там, дзе вайсковых палігонаў няма і ніколі не было. Найбольш такіх паведамленьняў з Рэчыцы, што за некалькі дзясяткаў кілямэтраў ад мяжы з Украінай. Паводле сьведчаньняў жыхароў гораду, расейцы ў Рэчыцы ня толькі разгружаюць зброю з чыгуначных плятформаў, але і занялі як мінімум два закінутыя заводы.

Беларуска-расейскія манэўры ля ўкраінскай мяжы пачнуцца 10 лютага. Да іх прыцягнуць частку сіл і сродкаў Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь, а таксама органы вайсковага кіраваньня, шэраг воінскіх частак і падразьдзяленьняў Усходняй вайсковай акругі Ўзброеных сіл Расеі. Манэўры будуць цягнуцца дзесяць дзён.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG